Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

— Значыць, вы двое ехалі адной кампаніяй ад самога Кёльна? — сказаў Стэйн.

— Ну, я думаю, што ваша пляменніца больш сустракалася са мною, — умяшаўся ў размову містэр Сейвары.

Але Стэйн гаварыў сваё, не зважаючы на яго.

— Добра пазнаёміліся паміж сабой, га?

Джанет Пардаў злёгку раскрыла мякка акрэсленыя вусны і ціхенька сказала:

— О, у містэра Майета была там другая сяброўка, ён ведаў яе лепей за мяне.

Майет адвярнуўся, каб заказаць снеданне, а калі зноў пачаў услухоўвацца ў яе словы, яна гаварыла з цудоўнымі пяшчотнымі хітрыкамі:

— О, ведаеце, яна была яго палюбоўніцай.

Стэйн лагодна засмяяўся:

— Глядзіце, які гарэза. Гляньце на яго, ён нават пачырванеў.

— Уявіце сабе, яна ад яго збегла, — кпіла Джанет Пардаў з Майета.

— Збегла? Хіба ён яе біў?

— Ну, калі вы ў яго спытаеце, ён паспрабуе ахутаць усё тайнай. Калі паравоз зламаўся, ён паехаў на машыне назад да Субоціцы, каб яе знайсці. Яго вельмі доўга не было. А з якой таемнасцю распавядаў пра свае прыгоды! Ён дапамог нейкаму чалавеку ўцячы ад мытнікаў.

— Ну, а дзяўчына? — спытаў Стэйн, дурасліва паглядаючы ў бок Майета.

— Сапраўды, я адчуваю сябе няёмка з-за гэтага, — пагадзіўся Майет. — Патэлефаную консулу ў Белград.

— Тэлефануйце лепей сваёй бабулі! — весела ўсклікнуў містэр Сейвары і трывожна паглядзеў на таго і на другога.

Ён меў такую звычку: калі ён поўнасцю давяраў сваім субяседнікам, то дазваляў сабе які-небудзь прастамоўны выраз — у мінулым яму гэта дапамагала за прылаўкам крамы і сярод прыказчыкаў. Яму дагэтуль часам было прыемна адчуваць, што ён — знакаміты пісьменнік, што жыве ў лепшых гатэлях, гаворыць як роўня з людзьмі, з якімі некалі не асмельваўся нават загаварыць, хіба што цераз рулоны баўны ці груды абгортачнай паперы. Важныя дамы, што запрашалі яго на літаратурныя вечары, захапляліся гэтай яго манерай выказвацца. Які сэнс быў строіць з сябе пісьменніка, які ўзвысіўся ад гандлёвага прылаўка, калі не захаваць ледзь прыкметных рысаў характару сваіх продкаў, не нагадаць, што некалі праводзіў распрадажы?

Стэйн сярдзіта глянуў на яго.

— Думаю, што вы зусім правільна зробіце, — сказаў ён Майету.

Сейвары збянтэжыўся. Гэтыя людзі належалі да той меншасці, якая ніколі не чытала яго кніг, не ведала, што ён прэтэндуе на ўвагу да сваёй асобы. Яны проста палічылі яго вульгарным. Ён сеў глыбей у сваім крэсле і спытаў у Джанет Пардаў:

— А доктар? Хіба ваша сяброўка не цікавілася доктарам?

Аднак Джанет заўважыла, што астатнія ставяцца да яго зняважліва, і не захацела згадваць тую доўгую сумную гісторыю, якую ёй расказала місіс Уорэн. Яна рэзка яго абарвала:

— Я не магу ўспомніць усіх, кім цікавілася Мейбл. Нічога не памятаю пра гэтага доктара.

Стэйн быў толькі супраць вульгарных выразаў містэра Сейвары. Яму вельмі спадабалася лёгкая, у рамках прыстойнасці, балбатня пра нейкую дзяўчыну. Яна ўмацоўвала важную для яго дружбу з Майетам. Калі падалі першую страву, ён вярнуўся да гэтай размовы:

— А зараз раскажыце болей падрабязна пра тую, што захапіла ў палон сэрца Майета.

— Яна даволі міленькая, — сказала Джанет Пардаў, спрабуючы быць велікадушнай.

Сейвары глянуў на Майета, ці не пакрыўдзіўся той. Але Майет быў надта галодны, ён з асалодай еў сваё позняе снеданне.

— Яна танцуе на сцэне, здаецца? — спытаў яго Стэйн.

— Так. У вар'етэ.

— Я ж казала, што яна з вар'етэ, — заўважыла Джанет Пардаў. — Крыху праставатая. Вы яе і раней ведалі?

— Не, не, — паспешна адказаў Майет. — Чыста выпадковая сустрэча.

— Такое часта здараецца ў дальніх цягніках! — з палёгкай усклікнуў Стэйн. — А колькі яна вам каштавала?

Ён злавіў погляд пляменніцы і падміргнуў ёй. Калі яна ў адказ усміхнулася яму, ён узрадаваўся. Як было б сумна, калі б яна была адной з тых старамодных дзяўчат, пры якіх нельга гаварыць усё, што хочаш. Болей за ўсё яму падабаліся лёгкія непрыстойнасці ў прысутнасці жанчын, аднак, вядома, пры ўмове, каб гэта ўсё не выходзіла за пэўныя рамкі. Ён незадаволена глянуў на містэра Сейвары.

— Дзесяць фунтаў, — сказаў Майет, кіўнуўшы афіцыянту.

— Ох, напрамілы бог, як дорага! — усклікнула Джанет Пардаў і з павагай паглядзела на яго.

— Я пажартаваў, — сказаў Майет. — Я не даваў ёй ніякіх грошай. Проста купіў ёй білет. Дый наогул мы проста пасябравалі. Яна вельмі добры чалавек.

— Ха-ха, — засмяяўся Стэйн.

Майет асушыў свой келіх. Па блакітных плітках да іх набліжаўся афіцыянт, які каціў перад сабой столік на калёсіках.

Майет адчуваў сапраўдную асалоду ад натуральнай вольнай бесцырымоннай атмасферы і лёгкага паху розных страў. У адной з суседніх залаў ігралі канцэрт Рахманінава. Можна было ўявіць, што ты ў Лондане. Гукі музыкі навявалі ўспаміны: людзі высоўваліся з вокнаў цягніка, злосна кпілі са скрыпача, гаварылі паміж сабой.

— Яна закахалася ў мяне.

Ён ніколі не думаў, што вымавіць гэтыя словы ўголас у гэтым пустым блакітным рэстаране, ён быў крыху збянтэжаны і злёгку ўзрушаны, калі зразумеў, што вымавіў іх уголас. Гэтыя словы прагучалі недарэчна, а ён зусім не хацеў выхваляцца, дый чым тут асабліва выхваляцца, калі цябе пакахала дзяўчына з вар'етэ. Ён пачырванеў, калі ўсе пачалі з яго кпіць.

— Ах, ужо гэтыя дзяўчаты, — сказаў Стэйн, пакруціўшы галавой. — Ведаюць, як акруціць мужчыну. Гэта ўсё чароўнасць сцэны. Памятаю, калі я быў малады, часамі прастойваў каля артыстычнага пад'езда, каб толькі ўбачыць якую-небудзь распусніцу з кардэбалета. Шакалад. Вячэры. — Ён на імгненне прыпыніўся, убачыўшы добры кавалак дзікай качкі ў сябе на талерцы. А потым дадаў: — Агні Лондана.

— Калі ўжо размова пайшла пра тэатр, Джанет, я запрашаю вас сёння вечарам схадзіць са мной куды-небудзь, — сказаў Майет.

Ён назваў яе па імі, адчуваючы сябе з ёй вольна, калі даведаўся, што маці ў яе жыдоўка, а дзядзька ў яго ўладзе.

— Пайшла б з радасцю, але я ўжо абяцала містэру Сейвары паабедаць з ім.

— Мы маглі б пайсці ў начное кабарэ.

Але ён не збіраўся дазволіць ёй абедаць з містэрам Сейвары. Цэлы дзень ён быў заняты справамі і не змог пабыць з ёю. Яму давялося правесці ў канторы шмат гадзін, разблытваючы ўсе справы, якія Экман так адмыслова заблытаў. Дый яшчэ трэба было зрабіць пэўныя візіты. А палове чацвёртай, праязджаючы на машыне цераз іпадром, ён убачыў, як акружаны дзецьмі містэр Сейвары фатаграфуе, ён рабіў здымкі хутка, паспеў тры разы націснуць грушу, пакуль таксі праязджала міма, і кожны раз дзеці здзекаваліся з яго. Толькі а палове сёмай Майет вярнуўся ў гатэль.

— Міс Пардаў у сябе, Калебджан?

Калебджан ведаў усё, што адбываецца ў гатэлі. Яго поўная дасведчанасць тлумачылася толькі яго няўрымслівасцю: ён раптам ныраў кудысьці з парожняга хола, з шумам насіўся ўверх і ўніз па лесвіцах, пранікаў у самыя дальнія гасцёўні, а потым вяртаўся да сваёй канторкі і гультайнічаў, заціснуўшы рукі паміж каленямі.

— Міс Пардаў пераапранаецца да абеду, містэр Карлтан Майет.

Аднойчы, калі адзін з членаў урада пасяліўся ў гатэлі, Калебджан здзівіў пунктуальнага супрацоўніка брытанскай амбасады, калі той тэлефанаваў: «Яго правасхадзіцельства ў туалеце. Але ён будзе там не болей трох хвілін». Калебджан трушком бегаў па калідорах, падслухоўваў каля дзвярэй ванных, потым вяртаўся да сваёй канторкі, дзе знемагаў без справы і займаўся толькі тым, што раскладваў па паліцах у сваёй галаве крохі атрыманых звестак. У гэтым быў сэнс жыцця Калебджана.

Поделиться с друзьями: