Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— «Ідзіце сюды. Ідзіце сюды».
— Якая яна была з сябе?
— Я нічога пра яе не памятаю.
— Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, — ціха сказала Джанет Пардаў.
Іх рукі выпадкова сустрэліся на стале і так і засталіся побач. Праекцыйныя ліхтарыкі, якія віселі ў кустах, адбіваліся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, які прабіраўся паміж столікамі з люлькай у руцэ. Гэта была масіраваная атака. Яму трэба было б толькі нахіліцца да яе і зрабіць ёй прапанову, і тады будзе ўладкавана не толькі яго сямейнае жыццё, але і нешта большае: ён купіць фірму Стэйна за прапанаваную ім цану, і той будзе цалкам задаволены, — бо яго пляменніца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў бліжэй і памахаў яму люлькай: яму давялося абысці п'яніцу, які валяўся на зямлі, і ў час гэтай перадышкі ў Майета не ўзнікла ніякай іншай думкі, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал і іх нечаканую дзівосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягніку было амаль цёмна. Яна была бландзінка, яна была тоненькая, але ён не мог успомніць рысаў яе твару. «Я зрабіў для яе ўсё, што змог, — запэўніваў ён сябе, — і, прынамсі, мы ўсё адно рассталіся б праз некалькі тыдняў. А мне ўжо час заводзіць сям'ю».
Стэйн ізноў памахаў люлькай, а «Дзяўчаты Дана» тупнулі ножкамі і засвісталі ў свісткі.
Памятаю, на вакзале Мы нашу цётку сустракалі. Фью, фью, фью.— Не вяртайся да яе. Застанься са мной, — сказаў Майет.
Падышоў экспрэс Стамбульскі, Нам насустрач брылі, блузкі. Фью, фью, фью.Яна кіўнула галавой, і рукі іх з'ядналіся. «Цікава, кантракт ужо ў кішэні ў Стэйна?» — падумаў Манет.