Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Што тут здарылася?
Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, які зычліва паставіўся да яе:
— Я ж не такая ўжо хворая, праўда?
— Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта яго акцэнт, — працягваў незнаёмы. — Адразу відаць, што ён чужынец, хоць і назваў сябе нейкім ангельскім прозвішчам. Бадай што, пайду і пагавару з ім.
Розум у яе зусім праясніўся з таго моманту, калі яна прыйшла да памяці: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахілілася над ім, і яму патрэбная была нібыта яе спагада і клопат, — крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.
— Не трэба яго турбаваць, — папрасіла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, і ён не пачуў яе просьбы.
— Як вы думаеце? — спытаў Майет. — Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямніца?
— У кожнага з нас ёсць свае асабістыя тайны.
— Магчыма, ён хаваецца ад паліцыі?
— Ён добры, — сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлівасці гэтага сцвярджэння.
Майет пагадзіўся з ёю — гэта дазволіла ім болей не думаць пра доктара.
— Вам трэба легчы, — сказаў ён, — і пастарацца заснуць.
Яна адказала няпэўна:
— Я не змагу заснуць, калі побач тая жанчына з яе страўнікам.
Ён адразу прыгадаў містэра Пітэрса, які сядзіць у сваім кутку і чакае, калі яна вернецца, каб узнавіць на дармаўшчыну бязвіннае задавольванне плоцкіх пажадаў, якое не выклікае ніякіх непрыемнасцей. І Майет прапанаваў:
— Вы павінны пайсці ў маё спальнае купэ.
— Як? У вагоне першага класа?
Тое, што яна не паверыла яму, хоць і вельмі хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабіць шырокі жэст у духу ўсходніх багацеяў — паднесці дарагі падарунак, не чакаючы і не патрабуючы нічога ўзамен. Скнарлівасць — традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасці, аднак ён пераканае адну з хрысціянак у тым, што гэта зусім не так. Сорак гадоў жыцця ў пустыні, далёка ад урадлівых земляў Егіпта, выпрацавалі ў яго продкаў суровую звычку — абыходзіцца некалькімі фінікамі і глытком вады. Дый і тысячагоддзі, праведзеныя ў пустэчы хрысціянскага свету, дзе даводзілася дзеля бяспекі хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасці. Аднак свет змяніўся, пустыня расквітнела, у розных месцах свету, асабліва ў Заходняй Эўропе, жыд можа выявіць іншыя якасці характару, раней уласцівыя толькі арабам, — якасці па-царску шчодрага гаспадара, які здатны абмыць ногі жабраку і накарміць яго са сваёй талеркі; часам ён можа з ворага багатых хрысціян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што імем госпада бога папросіць прытулку. Спакваля грукат цягніка аціхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калі ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасці паставіў у аазісе намёт і выкапаў у пустыні калодзеж. Ён развёў перад дзяўчынай рукі:
— Так, вам трэба адпачыць, і вы будзеце спаць у маім купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. І маё футра — вы павінны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, а зараз вам лепей паспаць.
— Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самі будзеце спаць.
— Знайду дзе-небудзь. У цягніку гэтым разам шмат свабодных месцаў.
Ізноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе, — здавалася, што яе падхапіла цёплая хваля, і здарылася гэта непадалёк ад берага, і нават калі страх агорне яе, яна зможа стаць нагамі на пясчанае дно, — і гэтая хваля нясе яе, без ніякіх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца, — да ложка, да падушкі, да свежых прасцін, дзе яна зможа залезці пад цёплую коўдру і заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнуліся міласэрнасць, літасць, дабрыня, і замест таго каб прасіць прабачэння і нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрыні і зычлівасці.
Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкідным сядзенні ў калідоры, склаў накрыж рукі і ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмі холадна. Хоць усе вокны на калідоры былі зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку паміж вагонамі. Дый грукатанне цягніка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаіцца: паміж Гербершталем і Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з іх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: імклівы напор выпушчанай пары і скразняк з дзвярэй, які халадзіў яму твар, ублытваліся ў яго трывожны сон. Калідор ператварыўся ў Спаніердз-роўд [8] , абапал якой цягнуліся зараснікі верасу. Ісаак павольна вёз яго ў сваім «бэнтлі» [9] , яны разглядвалі дзяўчат, якія шпацыравалі парамі ўздоўж асветленага ліхтарамі ўсходняга боку вуліцы, — гэта былі прадаўшчыцы, якія рызыкоўна прапаноўвалі сябе за келіх віна ў гатэлі, прагулку ў аўтамабілі і за магчымасць павясяліцца на дармаўшчыну; на другім баку вуліцы ў прыцемках сядзелі на лаўках прастытуткі, азызлыя, знябытыя і старыя; спіны ў іх былі павернуты да пясчаных адхонаў і кустоў верасу, яны чакалі якога-небудзь нямога ці сляпога мужчыну, зусім лядачага, які б прапанаваў ім дзесяць шылінгаў.
8
Вуліца ў Лондане.
9
Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».
Каля ліхтара Ісаак прытармазіў «бэнтлі», міма праплывалі незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Ісааку чамусьці хацелася пухленькую бландзінку, а Майету — стройную брунетку, аднак падчапіць якраз такіх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вуліцы цягнулася чарада машын іх супернікаў, а дзяўчаты палілі цыгарэты і пасміхаліся, прыхіліўшыся да адчыненых дзвярэй; на другім баку вуліцы цярпліва вяла назіранне толькі іх адзіная двухмесная машына. Майета пачалі ўжо злаваць бескампрамісныя дамаганні Ісаака, у «бэнтлі» было холадна, у твар дзьмуў скразняк, — і ўбачыўшы, што міма праходзіць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпіўку і, нарэшце, паездку ў машыне. «Такія дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць, — думаў Майет, — яны ведаюць, што азначае паездка ў машыне, і, калі твой выгляд ім не даспадобы, яны проста гавораць, што іх чакаюць дома». Аднак Корал Маскер згадзілася пакатацца з ім у машыне, і яны разам хаваюцца ў цемрадзі аўтамабіля. Ліхтары, гатэлі, будынкі засталіся ззаду, абапал дарогі пацягнуліся дрэвы, у зялёным святле фар яны здаваліся нібыта сілуэты, выразаныя з паперы, потым узніклі кусты з водарам вільготнай лістоты, якая хавала ў сабе свежасць ранішняга дажджу, і нарэшце кароткая жывёльная асалода ў стажку саломы. А што да Ісаака, то хай ён задавальняецца сваёй спадарожніцай, хоць і цёмнавалосай, але пухленькай, лёгка апранутай дзяўчынай з вялізным носам і вялікімі зубамі. Аднак калі гэтая дзяўчына садзіцца побач з Ісаакам на пярэднім сядзенні, яна паварочваецца да Майета, шырока ўсміхаецца і кажа: «Я не захапіла з сабой візітнай карткі, але маё прозвішча — Стэйн». Потым, падхоплены моцным парывам ветру, ён караскаецца наверх па вялізнай лесвіцы, учапіўшыся за срэбныя з пазалотай парэнчы, а гэтая дзяўчына чакае яго наверсе, і на твары ў яе ён бачыць чамусьці вусікі; яна паказвае яму на жанчыну, занятую бясконцым швівам, і крычыць: «Пазнаёмцеся, гэта — містэр Экман!»
Корал Маскер у адчаі адкінула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала і танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлітасны рэжысёр усё біў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнілася на месяц і парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала і танцавала, не звяртаючы на яго ніякай увагі, а ён усё біў яе палкай па нагах.
Місіс Пітэрс павярнула галаву і сказала мужу:
— Гэтае піва. Мой страўнік ніяк не сціхае. Усё бурчыць і бурчыць. Не магу заснуць.
Містэру Оўпі прыснілася, што ён — апрануты ў стыхар, з крыкетнай бітай пад пахай і спартыўнай пальчаткай на запясці — узыходзіць па агромністай мармуровай лесвіцы да святога прастола ў божым храме.
Доктар Джон, які нарэшце заснуў з горкай пілюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, і скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамі загучала павольнае і распеўнае: «Кёльн, Кёльн, Кёльн».
Частка другая
Кёльн
1
— Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, — сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзіннік прабіў адзін раз, і афіцыянт на тэрасе «Эксцельсіёра» пачаў выключаць святло. — Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. — Яна нахілілася праз столік і паправіла гальштук у Мейбл Уорэн.
— Мы жывём разам тры гады, — сказала міс Уорэн нізкім маркотным тонам, — і я ніколі не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамі.
— Напрамілы бог, дарагая, паглядзі на гадзіннік. Цягнік адыходзіць праз паўгадзіны, мне трэба ўзяць багаж, а табе — інтэрв'ю. Дапівай свой джын, і пойдзем.
Мейбл Уорэн дапіла джын. Потым паднялася з крэсла, і яе мажная постаць злёгку хіснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык і спартыўнага крою гарнітур з цвіду. Бровы ў яе былі цёмныя, вочы карыя і рашучыя, а цяпер — чырвоныя ад слёз.
— Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, — запярэчыла яна.
— Усё гэта глупства, любая, — сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудраніцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. — Ты добра напівалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкі ведай меру. Я ж пакідаю цябе толькі на тыдзень.
— Трымайся далей ад мужчын! — пахмурна сказала міс Уорэн, а калі Джанет Пардаў паднялася, каб перайсці вуліцу, яна моцна ўчапілася за яе руку. — Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калі б толькі я магла паехаць з табой! — Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. — Ой, глянь толькі, што я нарабіла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнітур! — Вялікай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысціць спадніцу Джанет Пардаў.
— Ох, напрамілы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, — сказала Джанет.