Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

Настрой у міс Уорэн змяніўся. Яна выпрасталася і заступіла Джанет дарогу.

— Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.

— Лепей пойдзем хутчэй.

— Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.

Джанет Пардаў саступіла:

— Адну шклянку, толькі адну, май на ўвазе.

Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велізарны, прасторны, бліскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькі стомленых мужчын і жанчын паспешліва глыталі кубачкі кавы.

— Яшчэ адзін джын, — папрасіла міс Уорэн, і Джанет заказала ёй шклянку джыну.

У люстры на супрацьлеглай сцяне міс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, — даволі агіднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая і дарагая істота — зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. «Чаго я вартая? — з маркотай, уласцівай п'яніцам, падумала яна. — Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, — а потым з цынічнай жорсткасцю дадала ў думках: — Яна ў мяне на ўтрыманні. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маімі крывёю і потам (хоць батарэі ў рэстаране не ратавалі яе ад пранізлівага холаду), падымаюся на досвітку, бяру інтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у іхніх логавах, у матак забітых дзяцей, «асвятляю» тое, «асвятляю» гэтае. Яна ведала і нават ганарылася тым, што пра яе гаварылі ў рэдакцыях лонданскіх газет: «Калі вам трэба прымусіць чытачоў загаласіць, такі матэрыял зробіць вам толькі Незвычайная Мейбл». Яе ўладанні — ажно да самага Рэйна, паміж Кёльнам і Майнцам не знойдзецца ніводнага мястэчка, вялікага ці малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусім ёй не знаёмых, яна насільна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнанні, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Ніводзін самазабойца, ніводная забітая жанчына, ніводная згвалчаная дзяўчына не закраналі яе пачуццяў, не выклікалі ў яе шкадавання. Яна — мастак, і яе задача — крытычна даследаваць, назіраць, прыслухоўвацца, а слёзы — яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела і плакала ўголас, з агіднымі ўсхліпамі, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.

— У каго ты будзеш браць інтэрв'ю? — спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусім не цікавіла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклікалі агульную ўвагу. — Табе трэба прычасацца.

Яна была проставалосая, і яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусім раскудлаціліся.

— У Сейвары, — адказала міс Уорэн. — Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнігі «Развясёлае жыццё». Паўмільёна слоў. Дзве сотні персанажаў. Геніяльны кокні [10] . Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.

10

Карэнны жыхар Лондана.

— А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?

— Едзе на Ўсход збіраць матэрыял на новую кнігу. Праўда, гэта не зусім мая работа, аднак, калі выпала мне цябе праводзіць, выкарыстаю магчымасць і вазьму ў яго інтэрв'ю. Заказалі мне артыкул на чвэрць газетнай калонкі, але, відаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такія матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялі паўслупка сярод паведамленняў пра русалак і марскіх канькоў.

Раптоўны ўсплеск прафесійнай цікаўнасці схлынуў, як толькі яна зноў глянула на Джанет Пардаў: раніцай яна не ўбачыць, як Джанет у піжаме налівае ў кубачкі каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у піжаме размешвае кактэйль.

— Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? — хрыпла спытала яна. Дзіўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калі яго вымавіла міс Уорэн сваім нізкім мужчынскім голасам.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Піжаму, дарагая. Я хачу ўявіць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.

— Відаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павінны спяшацца. Ты не паспееш узяць інтэрв'ю.

Апошнія словы абразілі прафесійную годнасць міс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:

— Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытанні? — сказала яна. — Я толькі кіну на яго позірк і сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.

— Але ж мне трэба знайсці насільшчыка, каб аднесці мае чамаданы.

Наведнікі пачалі выходзіць з рэстарана. Дзверы адчыняліся і зачыняліся, і туды, дзе яны сядзелі, няясна даносіліся галасы насільшчыкаў і гудкі паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да міс Уорэн:

— Трэба ісці. Калі ты яшчэ хочаш джыну — можаш выпіць, але я пайду.

Аднак міс Уорэн нічога не адказала, міс Уорэн не звяртала на яе ўвагі. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналісцкай практыцы Мейбл Уорэн, — яна на вачах рабілася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках і павеках. Адначасова яна кінула позірк на тое, што адлюстроўвалася ў бліжэйшых кубках, падносе і шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне і яе адбітку — гэта было падобна да чытання алфавіту па табліцы ўрача-акуліста. У гэтым выпадку першая літара — вялізная чорная «А» — пажылы мужчына ў плашчы, які стаяў каля століка, страсаючы з сябе крошкі, ён збіраўся выходзіць, каб паспець да адыходу цягніка.

— Божухна мой, — сказала міс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой. — Я зусім п'яная — нічога не бачу. Хто гэта там?

— Мужчына з вусікамі?

— Так. Ён самы.

— Ніколі раней яго не бачыла.

— Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?

Штосьці адцягнула яе думкі пра блізкую разлуку, яе нос узяў след, і, пакінуўшы недапітую шклянку джыну, яна шырокім крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ён ужо выйшаў з рэстарана і хутка ішоў па зіхатлівым чорным вестыбюлі да лесвіцы, а міс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насільшчыкам і ўпала на калені, круцячы галавой, імкнучыся пазбавіцца ад дурыкаў, зычлівасці, маркоты, выкліканых ап'яненнем. Насільшчык спыніўся дапамагчы ёй. Учапіўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправілася з языком.

— Які цягнік ідзе з пятай платформы? — спытала яна.

— На Вену.

— І на Белград?

— І на Белград.

Зусім выпадкова вырвалася ў яе «Белград», а не «Канстанцінопаль», але гук яе асабістага голасу праясніў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:

— Займі два месцы. Я паеду з табой да Вены.

— А білет?

— У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта. — Цяпер ужо яна зрабілася нецярплівая. — Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзіна дваццаць восем. Засталося пяць хвілін. — Учапіўшыся з усяе сілы за насільшчыка, яна не адпускала яго. — Слухайце. Я хачу, каб вы перадалі маё паведамленне. Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры.

— Я не магу пайсці з вакзала, — сказаў ён, імкнучыся адчапіцца ад яе рукі.

— Калі закончыцца ваша змена?

— У шэсць.

— Блага. Вы павінны непрыкметна знікнуць. Вы здолееце зрабіць гэта? Ніхто не заўважыць вашай адсутнасці.

— Мяне звольняць.

— Рызыкніце, — сказала міс Уорэн. — За дваццаць франкаў.

Насільшчык адмоўна пахітаў галавой.

— Брыгадзір заўважыць, што мяне няма на працы.

— Я накіну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзіру.

— Брыгадзір не пагодзіцца на гэта. Надта вялікая рызыка, дый да начальніка можа дайсці.

Міс Уорэн адкрыла сумачку і пачала пералічваць грошы. Над яе галавой гадзіннік прабіў палову другой. Да адыходу цягніка засталося дзве хвіліны, аднак яна ні на імгненне не выказала свайго адчаю — любое хваляванне спудзіць насільшчыка.

— Восемдзесят марак, а брыгадзіру дадзіце, колькі захочаце. Вас не будзе на працы толькі дзесяць хвілін.

— Надта рызыкоўная справа, — сказаў насільшчык, але ўсё-такі ўзяў грошы.

— Слухайце мяне ўважліва. Пойдзеце на Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты «Кларыён». Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што міс Уорэн паехала Ўсходнім экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе інтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапіла на след вельмі важнага матэрыялу для першай старонкі. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. — Пакуль ён, запінаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзіла вачэй з гадзінніка. Гадзіна трыццаць адна з паловай. — Добра. Ідзіце. Але калі вы не перададзіце паведамленне да дзвюх гадзін, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарніцтвам. — Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, і пабегла па лесвіцы.

Поделиться с друзьями: