Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

Гадзіна трыццаць дзве. Ёй здалося, што яна пачула свісток паравоза, і адным махам пераскочыла праз тры прыступкі. Цягнік ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступіць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: «Пасведчанне!» Апошнія вагоны трэцяга класа праходзілі міма, набіраючы хуткасць. «Божухна, я кіну піць», — паклялася яна ў думках. Потым ухапілася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкі насільшчык з крыкамі паспрабаваў утрымаць яе. Доўгія дзесяць секунд, адольваючы пранізлівы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. «Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохі — і маё плячо не вытрымае. Лепей зваліцца на платформу і атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагі. Аднак жа які цудоўны матэрыял згіне», — з горыччу падумала яна і скочыла на прыступку. Яе калені дацягнуліся да прыступкі якраз у той момант, калі скончылася платформа. Знік апошні ліхтар станцыі, дзверы пад націскам яе цела адчыніліся, і яна дагары тварам упала на калідор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай і зласлівай усмешкаю: «Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявіла пасадку ў экспрэс!»

Ранішняе святло пранікла скрозь шчыліну паміж фіранкамі і закранула паліцу насупраць. Калі Корал Маскер прачнулася, першае, што кінулася ёй у вочы, была гэтая паліца і скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць і яшчэ трывогу, калі прыгадала цягнік, на які ёй трэба паспець на вакзал Вікторыя, засохлую яечню і чэрствыя лустачкі заўчарашняга хлеба, што чакалі яе на кухні. «Шкада, што я пагадзілася на гэтую працу!» — падумала яна. Цяпер, калі набліжаўся час ад'езду, яна палічыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвіцы на Шафтсберы-авеню і аддала б перавагу штучнай весялосці пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхінула фіранку, і на імгненне яе здзівіў тэлеграфны слуп, які хутка праляцеў міма, зялёная рачулка з аранжавымі блікамі ранішняга сонца і парослыя лесам пагоркі. І раптам яна ўспомніла ўсё.

Было яшчэ рана — сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамі. У вёсцы на другім беразе замігцелі агеньчыкі, некалькі дымкоў прамымі струменьчыкамі ўздымаліся ў бязветраным паветры над драўлянымі хаткамі: сяляне там распальвалі печы, гатавалі снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункі, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткі на блізкім беразе і прывязаныя там лодкі шпарка знікалі з віду. Яна адхіліла фіранку на шкляных дзвярах у калідор і ўбачыла Майета — ён спаў, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Інстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзіць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спіць, а самой зноў легчы на паліцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасці блізкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нібыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькі заўсёдная барацьба і ўсяго трэба дабівацца сваімі намаганнямі. Бадай што, свет быў не такі ўжо жорсткі. Яна нагадала, як цёпла паставіўся да яе памочнік капітана, як ён крыкнуў на развітанне: «Помні пра мяне!» Зусім магчыма, што памочнік капітана ўсё яшчэ помніць яе, — гэты ж малады чалавек, які спіць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькімі гадзінамі свайго жыцця дзеля зусім незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслівая думка: «Магчыма, я жыву ў памяці іншых людзей, не толькі тады, калі яны бачаць мяне ці гавораць са мной». Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскі ўжо не было відно, таксама як і тых цудоўных зялёных пагоркаў, якія яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькі раку. І Корал ізноў заснула.

Міс Уоран, хістаючыся, ішла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзіны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбітай, яе крыху нудзіла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкі блыталіся, аднак яна трымала нос па ветры і не губляла следу. За дзесяць гадоў журналісцкай кар'еры — дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыі пра жаночыя правы, згвалтаванні, забойствы — яна ніколі не была такая блізкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такі матэрыял, сам карэспандэнт газеты «Таймс» ахвяраваў бы год жыцця. «Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, — з гордасцю падумала яна, — ды яшчэ п'яная ўдрызг». Яна ішла, хістаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нібыта на ёй была набакір карона.

Удача не пакідала яе. З купэ выйшаў мужчына і накіраваўся ў туалет. Калі яна прыціснулася да сцяны, каб прапусціць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку і ў купэ болей няма нікога. Мужчына ўзняў вочы і ўбачыў у дзвярах міс Уоран, якая крыху хісталася туды-сюды.

— Можна да вас? — спытала яна. — Я села ў Кёльне і не магу знайсці месца. — Голас у яе быў нізкі, амаль мяккі, нібыта яна ўгаворвала любімага сабаку ўвайсці ў камеру, дзе яго збіраліся ўсыпіць.

— Месца занятае.

— Толькі на хвіліначку, — сказала міс Уорэн. — Хай адпачнуць крышачку ногі. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калі падарожнічаю ў цягніку, дзе няма нікога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбіцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго. — Яна нацягнена ўсміхнулася. — Па-мойму, вы доктар?

— Быў некалі ім.

— І вы едзеце ў Белград?

Злёгку ўстрывожаны, ён кінуў хуткі позірк на яе, які яна не заўважыла. Ён пільна агледзеў яе прысадзістую, абцягнутую цвідам фігуру, крыху нахіленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплівасці твар.

— Не, — адказаў ён. — Значна бліжэй.

— А я еду толькі да Вены, — сказала міс Уорэн.

— А чаму вы вырашылі?.. — павольна пачаў ён, сумняваючыся, ці правільна ён робіць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухі, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.

Рызыкоўныя сітуацыі, у якія ён трапляў раней, навучылі яго ў такія моманты крыху пахітаць галавой, ці памахаць пальцам, ці проста сказаць няпраўду. Міс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, і яе няпэўнасць была падобная да іскры надзеі ў зняволенага ў турме.

— Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.

— Ніколі не даводзілася там бываць.

Яна вырашыла пайсці ў адкрытую, адкінуўшы ўсялякія хітрыкі.

— Мне давялося быць у Белградзе прадстаўніком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.

Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзіць сябе абачліва, і глянуў на яе, не выказваючы зусім ніякай цікаўнасці.

— Суд над Камнецам?

— Калі генерал Камнец быў абвінавачаны ў згвалтаванні. Цынер быў там галоўны сведка абвінавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалі. Прысяжныя былі падабраны з яго прыхільнікаў. Урад ніколі не дазволіў бы засудзіць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказанні супраць генерала Камнеца.

— Глупства?

Яго тон ветлівага субяседніка ўзлаваў яе.

— Вядома ж, вы чулі пра Цынера? Яго хацелі прыстрэліць за тыдзень да суду, калі ён сядзеў у кавярні. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказанні супраць Камнеца — ордэр на яго арышт за дачу непраўдзівых паказанняў быў выпісаны яшчэ за дванаццаць гадзін да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелі і чакалі апраўдальнага прыгавору Камнецу.

— Калі гэта было?

— Пяць гадоў таму.

Ён уважліва сачыў за ёй, прыкідваючы, які адказ найбольш раззлуе яе.

— Ну, гэта ўжо старая гісторыя. Цынера выпусцілі з турмы?

— Ён выслізнуў з іх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейсніць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знік. А ўсе думалі, што яго забілі.

— А яго на самой справе забілі?

— Не. Ён ад іх уцёк.

— Разумны чалавек.

— А вось у гэтым я зусім не ўпэўненая, — злосна запярэчыла яна. — Разумны чалавек ніколі не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца і да той дзяўчынкі? Ён быў дурань, строіў з сябе Дон-Кіхота.

З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, і доктара перасмыкнула.

— Ноч выдалася пакутлівая, — сказаў ён.

Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялікай, грубай рукі.

— Толькі ўявіце сабе, — сказала яна з захапленнем. — Пакуль прысяжныя засядалі, ён выйшаў з залы суда на вачах у паліцыі. Яны сядзелі і нічога не маглі зрабіць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, які тырчаў з кішэні ў Хартэпа. А Цынер знік, нібыта яго і не было зусім. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.

Поделиться с друзьями: