Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цікаўнасць.

— На самой справе? Нават у Камнеца?

Яна скарыстала спрыяльную сітуацыю і загаварыла сіплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазіі:

— Так, калі б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нічога не змянілася: гадзіннік можна было б перавесці назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарніцтвам, Камнец юрліва вышуквае маленькіх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярні, дзе даюць канцэрты ў шэсць і ў адзінаццаць гадзін. Карл звольніўся з «Масковы», вось і ўсе навіны, а на яго месцы працуе афіцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кінатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навіна: забудавалі сад з піўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнікаў.

Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход праціўніка. Значыцца, піўной Кругера больш няма, а з ёй зніклі і казачныя ліхтарыкі, і яркія парасоны, і цыганы, якія ціха ігралі ў прыцемку, пераходзячы ад століка да століка. І Карла няма. На імгненне ён здольны быў аддаць у рукі гэтай жанчыны сваю бяспеку і бяспеку сваіх сяброў у абмен на звесткі пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, і жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, і раскладае сурвэткі на сваім стале, выцягвае корак з бутэлькі, каб напоўніць свой келіх? Ён разумеў, што яму трэба перапыніць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзіць насупраць, але ён не быў здольны вымавіць ніводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навіны пра Белград, тыя навіны, пра якія яго сябры ніколі не пісалі яму ў сваіх штотыднёвых зашыфраваных лістах.

Было і яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такія самыя, як і былі раней, і ён нібыта адчуў пад нагамі крутыя прыступкі, якія вялі ў вузкія цясніны вулачак, упоперак якіх была развешана бялізна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабіць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса і чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, ці памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блізка, што яны маглі б палічыць такую дасведчанасць у іх жыцці небяспечнай, калі б поўнасцю не давяралі яму, калі б па паходжанні ён не належаў да іх. І таму яго там абкрадалі, давяралі яму свае тайны, гасцінна сустракалі, сварыліся з ім і любілі яго. Пяць гадоў — доўгі тэрмін. Яго маглі ўжо і забыць.

Тут міс Уорэн перавяла дух.

— Аднак бліжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас інтэрв'ю выключна для сваёй газеты. «Як я ўцёк?» Ці: «Чаму я вяртаюся на радзіму?»

— Інтэрв'ю?

Ён паўтараў яе словы, і гэта дзейнічала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавісць да мужчын, да ўсіх іх выкрутасаў і хітрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, — яны абуджалі ў ёй толькі агіду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамі, якія далі ім асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзіць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукі, якія зараз абхапілі калені, гладзілі, дамагаліся, атрымлівалі асалоду. А ў Вене яна страціць Джанет Пардаў, якая трапіць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй ліслівыя словы, дарыць квяцістыя танныя падарункі, нібыта яна нейкая дзікунка, якую можна спакусіць люстэркам і шклянымі пацеркамі з «Вулворта» [11] . Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымліваць асалоду — да ўцех мужчын ёй не было ніякай справы. Не кахаючы яе зусім — не пакахаўшы яе нават на гадзіну, на дзень, на год, — мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкіх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мізэрнага лёсу гувернанткі, карміла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькі пацалункамі выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесці ёй поўную асалоду і сама не адчувае нічога, апроч незадаволеных жаданняў. І вось зараз, калі ў яе трашчыць ад болю галава, калі ад яе нясе п'яным смуродам, калі яна разумее, як агідна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавідзела гэтых «паганых» мужчын, іх настырнасць і штучную прывабнасць.

11

Універсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымі таварамі.

— Вы доктар Цынер.

Ушчэнт раззлаваная міс Уорэн заўважыла, што ён нават і не імкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвішча, пад якім падарожнічае.

— Маё прозвішча — Джон.

— Доктар Цынер, — гыркнула яна, прыкусіўшы зубамі ніжнюю губу, каб не страціць самавалодання.

— Рычард Джон, настаўнік, еду адпачываць.

— У Белград?

— Не. — Ён хвілінку павагаўся. — У Вену.

Яна яму не паверыла, але з усяе сілы прымусіла сябе быць ветлівай.

— І я еду да Вены. Калі хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасці горада? — У дзвярах з'явіўся мужчына, і яна паднялася. — Выбачайце, калі ласка. Гэта ваша месца. — Яна ўсміхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калі цягнік прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкі, якая імгненна запоўніла ўсё купэ смуродам джыну і таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. — Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, — паабяцала яна і, зрабіўшы некалькі крокаў па калідоры, прыхілілася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агіда да самой сябе за тое, што яна напілася і выглядае неахайнай. «І ўсё-такі я яго дастану, — падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нібыта паненка на званым абедзе. — Чаго б мне гэта ні каштавала, чэрці б яго задралі!»

Ласкава-лагоднае святло заліло ўсё купэ. На хвілінку здалося, што сонца ўвасабляе штосьці, поўнае любові і спагады да людзей. Чалавечыя істоты плавалі нібыта рыбы ў залацістай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя і ясныя, яны нібыта луналі без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары і выродлівыя фігуры, можа, і не зрабіліся прыгожыя, але ператварыліся ў нейкія дзівосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставін. У гэтай залацістай плыні яны ўзляталі ўгору і падалі ўніз, перашэптваліся і аддаваліся марам. Яны не былі зняволеныя, бо ў гэты ранні час яны не адчувалі сябе ў палоне.

Корал Маскер ізноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася і падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчваліся ў такт цягніку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нібыта гэтае залацістае святло пранікала паўсюль, і ёй рабіліся зразумелыя звычайна схаваныя жаданні, памкненні і ўчынкі, на якія яна, як правіла, не зважала. Цяпер, калі яна назірала за ім і ён усвядоміў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамі зрабіць нейкі жэст, але спыніўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлівы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасці.

— Я свіння. Вы прабылі на калідоры цэлую ноч, — мякка сказала яна.

Ён вінавата паціснуў плячыма, нібы ліхвяр, які назначыў надта нізкую цану за дарагі гадзіннік ці багатую вазу.

— Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылі спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсці?

— Калі ласка. Гэта ж ваша купэ.

Ён усміхнуўся, не ўтрымаўся і шырока развёў рукі, схіліўшы перад ёю галаву ў лёгкім паклоне.

— Прашу прабачэння. Яно ваша. — Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамі: — Увага! Глядзіце! Білет першага класа.

Білет вылецеў з насоўкі і ўпаў на падлогу паміж імі.

— Ён — ваш.

— Не, ваш.

Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзіўлены твар.

— Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, відаць, ён каштуе дорага.

— Дзесяць фунтаў, — выхваляючыся, сказаў ён. — Дзесяць фунтаў. — Ён паправіў гальштук і нядбала кінуў: — Мне гэта дробязь.

Аднак яго самаўпэўненасць і самахвальства насцярожыла яе.

— Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? — спытала яна з непрыхаваным глыбокім падазрэннем. Білет ляжаў каля іх ног. Нішто не прымусіла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой — золата патухла і зрабілася жоўтай плямаю на шкле і падушках. — Я іду на сваё месца.

— Мне няма ніякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калі вам білет не патрэбны, можаце яго выкінуць, — з выклікам сказаў ён.

Корал бачыла, што ён назірае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзняліся, самаўпэўнена і нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракі і да моста, што праплывалі міма, да аголенай бярозкі, усыпанай раннімі пупышкамі, і ціха заплакала. «Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункі. — І яна з сорамам і смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якія прымалі падарункі ад прынцаў. — А я лаюся на яго, як стомленая афіцыянтка».

Поделиться с друзьями: