У краіне райскай птушкі
Шрифт:
Карабель прайшоў. Доўга глядзелі ўслед яму фуіджынцы, пакуль ён не завярнуўся направа і не знік за скаламі. Рэдка ім здаралася бачыць карабель, — раз або два ў год, а то і менш, бо не маглі ж яны ўвесь час пільнаваць тут на дарозе. Ды і наогул караблі па Магеланавай пратоцы ходзяць рэдка, асабліва з таго часу, калі пракапалі Панамскі канал.
Карабель прайшоў, зноў засталося тое самае, што было: вада, скалы і два чоўны. Нідзе ніякіх адзнак жылля чалавека. І каб не было ў руках некаторых рэчаў, можна было б падумаць, што ўсё гэта прыснілася.
«Адкуль яны плывуць і куды? — думаў Манг. — Якім чынам і дзе пабудавалі такую вялізную кану? Адкуль яны бяруць такія дзіўныя рэчы? Чаму яны так рэдка сустракаюцца? Шкада, што нельга ўбачыць іх зусім блізка. Якія гэта людзі, ды і наогул ці людзі?..»
Манг быў упэўнены, што гэтыя людзі, як і ўсе іншыя на свеце, жывуць таксама на вадзе, толькі ў велізарнай кану. Але ў якім месцы яны знаходзяцца, чаму тут яны заўсёды толькі праязджаюць міма, а не спыняюцца?
І ён запытаў аб гэтым у бацькі.
— Не, — адказаў стары Тайдо. — Яны жывуць заўсёды на зямлі, на беразе, і вельмі далёка. Кажуць, што ў іх на зямлі пабудаваны такія самыя вялізныя кану. А на гэтых яны толькі часам пераязджаюць з месца на месца.
— Значыцца, яны заўсёды жывуць на адным месцы, на беразе? — здзівіўся Манг.
— Так.
— Чаго ж ім сядзець на беразе, калі яны на такіх кану могуць жыць усюды, дзе захочуць? Хто ж можа жыць заўсёды на адным месцы? Адкуль жа ежы ўзяць?
Але на такія пытанні стары Тайдо не мог адказаць. І Манг пастанавіў сабе абавязкова паглядзець на іх, калі ён будзе мець сваю ўласную кану.
Тым часам яны перасеклі Магеланаву пратоку, прайшлі некалькі закавулкаў між скал і апынуліся ў досыць вялікай прыгожай бухце. Акружаная з усіх бакоў гарамі, заўсёды ціхая, бухта з'яўлялася найлепшым прытулкам не толькі для чоўнаў фуіджынцаў, але і для кожнага судна. Кавалак паперы ля берага сведчыў, што нейкае судна яшчэ нядаўна карысталася гэтым прытулкам.
На паўночным і заходнім баку відаць была расліннасць, але шмат часу прайшло, пакуль знайшлі зручнае месца, каб прыстаць і вылезці. З паўкіламетра трэба было яшчэ прапаўзці па голых каменнях, пакуль падышлі да хмызняку. Але і хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза, і рос ён не ўверх, як усе добрыя расліны, а слаўся каля зямлі і пераплёўся так, што стварыў нейкі зыбучы насціл, праз які людзі правальваліся на кожным кроку. А ўнізе было цёмна, вільготна. Спрабавалі былі яго ламаць і сячы, але хутка пераканаліся, што нічога з гэтага не выйдзе. Не з іхнімі прыладамі трэба было брацца за такую працу.
Толькі ўсцешылі іх нейкія чырвоныя ягады, нібы парэчкі, якія раслі сярод гэтага паўзучага хмызняку. Гэтыя ягады былі ім знаёмыя: з іх яны нават умелі рабіць хмельнае пітво.
Жанчыны і дзеці засталіся збіраць іх, а мужчыны пайшлі далей, туды, дзе відаць быў лес.
Наперадзе ішоў Манг, які толькі і думаў аб тым, як здабыць сабе матэрыял для кану.
Лес быў таксама нейкі асаблівы, нібы скурчаны ад холаду, але складаўся ён з букавых і міртавых парод, што растуць толькі ў цёплых краях. Такая ўжо тут прырода, што не разбярэш, ці халодны клімат ці цёплы.
Тут ужо галля лягчэй было набраць, але ж затое Манг набегаўся, пакуль знайшоў сабе больш-менш роўных жэрдак. А потым панадзіраў і кары. Асабліва дапамог яму складанчык, якім ён ужо навучыўся ўладаць.
— А ты ўсё ж такі за сваё бярэшся? — нездаволена бурчаў бацька.
— Ды яно ўсё роўна будзе патрэбна, — апраўдваўся Манг.
Асабліва цяжка было перацягнуць усё гэтае дабро да лодак праз хмызняковы насціл, а потым па скалах. Да вечара яны паспелі прынесці толькі па адной вязцы.
— А ну яго! — сказаў змораны Тайдо. — Лепш ужо паліць марскую траву.
— Калі прыехалі сюды, дык трэба набраць дрэва, — настойваў Кос.
Затое пераначавалі на беразе ля вогнішча, больш шчодрага, як заўсёды. Ды і прыемна было вольна расцягнуцца на зямлі пасля шматдзённага сядзення ў лодцы.
Назаўтра прынеслі яшчэ па некалькі вязак, а Манг перацягнуў усе свае матэрыялы.
— Ну, а што цяпер будзеш рабіць з імі? — усміхнуўся Тайдо.
— Човен, — адказаў Манг і пачаў наладжваць жэрдкі.
Старыя зірнулі адзін на аднаго і паківалі галовамі.
— Вось упарты які! — нібы сурова сказаў Тайдо, але відаць было, што ён не злуе.
— Справа добрая, — падтрымаў Кос, — усё роўна, не цяпер, дык у наступным годзе рабіць прыйдзецца.
А назаўтра ўжо абедзве сям'і разам працавалі над лодкай. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі, жанчыны сшывалі кару. Кос ахвяраваў і тое, што ў іх было раней пашыта. А Манг насіўся, нібы на крылах.
І ўсе прысутныя, нават дзеці, лічылі, што гэта шыецца дом для Манга і Мгу. Толькі адзін Манг пра гэта не хацеў думаць.
Праз некалькі дзён побач з двума чоўнамі з'явіўся трэці. І ніводнага жалезнага цвіка не было ў гэтым чоўне.
— Хай пацешыцца пакуль што, — казалі між сабой бацькі,— усё роўна Мгу яшчэ малая.
Ці ведала сама Мгу, што лёс яе звязваўся з гэтым чоўнам? Вядома, яна пра гэта не раз чула і лічыла справу вельмі простай і звычайнай: калі старэйшыя так кажуць, значыцца, так і трэба. Ды, уласна кажучы, яна нічога і не магла мець супраць. Іхнія сем'і даўно ўжо жывуць дружна, разам і адчуваюць сябе адной сям'ёй. Іншыя суседзі сустракаліся рэдка, бо ўмовы не дазвалялі многім жыць разам. Нават і два чоўны разам бывалі рэдкасцю. Толькі Тайдо ды Кос часцей сустракаліся і ўжо даўно парашылі пажаніць сваіх дзяцей.
Чоўны выехалі з бухты. Манг насіўся ў сваім кану навакол, як тыя кіткі: то перагоніць, то адстане, то ад'едзе ўбок. Ен быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Гэта быў самы шчаслівы момант у яго жыцці.
Праз некаторы час яны ўбачылі яшчэ адзін човен, які, як відаць, накіроўваўся да іх.
— Здаецца, гэта Нгара, — прамовіў Кос.
— І, відаць, мае справу да нас, — сказаў Тайдо.
— Гэй, стойце! — крыкнуў новы чалавек.
Чоўны спыніліся. Пад'ехаў Нгара. Гэта быў чалавек гадоў дваццаці пяці, апрануты ў вельмі дзіўную вопратку: яна была пашыта з птушыных скурак. Такое адзенне было не горш за звярыную скуру, але ўсё ж такі кожны мужчына марыў набыць сапраўднае, скураное. Бяда толькі ў тым, што ў іх становішчы — гэта вельмі цяжкая справа. Забіць, напрыклад, маржа цяжка нават добра ўзброеным людзям, а пра гэтых і казаць няма чаго.
— Ля Белай Гары з'явіліся маржы, — сказаў Нгара. — Хадзем на іх.
Мужчыны з радасцю згадзіліся.
— Ці хопіць людзей? — запытаўся Тайдо. — Колькі іх там?
— Я бачыў трох. Чатыры чалавекі хопіць.
І чоўны зноў накіраваліся ў завулкі. Праз дзве гадзіны пад'ехалі да апошніх скал, якія высоўваліся ў акіян.
— Ціха! — даў знак Нгара. — Вунь там. Чоўны спыніліся. Мужчыны вылезлі на бераг і асцярожна зірнулі з-за скалы.
Ля падножжа скалы была роўная пляцоўка. З двух бакоў уздымаліся сцены, а з трэцяга — пляскалася мора. На пляцоўцы грэліся на сонцы два маржы; трэці, відаць, маленькі, плюхаўся ў вадзе.