Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У краіне райскай птушкі

Мавр Янка

Шрифт:

Нельга думаць, што яны так ужо ніколі і не жылі на зямлі. Здаралася гэта, і не раз, калі трапляліся адпаведныя ўмовы. Але такія выпадкі былі вельмі і вельмі рэдкімі. У кожным разе, лепш, як цяпер, ім ніколі не было. І страха над галавой, і сцяна збоку, і месца досыць, каб вольна размясціцца, нарэшце, скуры пад бокам — усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы.

Мы ўжо бачылі, што хоць гэтыя дзеці вады і жылі морам, але рыбакамі назваць іх нельга, бо нават і прыладаў для лоўлі рыбы яны не мелі, а калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак ці проста рукамі, ці торбачкай, ці кавалкам тканіны. Толькі зрэдку ім здаралася забіваць кап'ём больш буйную рыбіну.

Цяпер, гледзячы на рыбу ў вадзе пад нагамі, яны больш выразна адчувалі, што ім не хапае якой-небудзь прылады, каб дастаць гэтай рыбы. Праўда, яны і тут лавілі яе ля самага берага, як заўсёды, у шчыліне, але гэта іх не задавальняла. Хацелася дастаць больш, непасрэдна адтуль, з глыбіні.

Манг доўга над гэтым ламаў галаву і нарэшце дадумаўся. Узяў сваю плеценую торбу, прыладзіў да яе абруч і прывязаў да кія. Апусціўшы ў ваду свой коўш, ён адразу выцягнуў шмат рыбы. Усе ўзрадаваліся і доўга цешыліся такой лоўляй, нават без патрэбы.

Некалькі дзён ніхто нікуды і носа не высоўваў. Спакойна прасядзелі і два бурныя дні. За скаламі, у акіяне, гулі хвалі, недзе высока над галавой роў вецер, а тут у іх было ціха і спакойна. Адно толькі было нядобра, — паліва ўсё выйшла.

Калі надвор'е праяснілася, парашылі шукаць паліва. На захад, з боку мора, былі голыя скалы, на ўсход — сцяна; але ў гэтым кірунку павінна была ісці зямля: ці вялікі востраў, ці нават і самы кантынент Паўднёвай Амерыкі. Туды і накіраваліся трое мужчын.

Але як выбрацца з гэтай студні? Доўга шукалі месца, дзе можна было б як-небудзь зачапіцца. Урэшце знайшлі некалькі выступаў і палезлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разбіцца насмерць.

Падняўшыся метраў на дваццаць, апынуліся на новай пляцоўцы. Пасярэдзіне яе было невялічкае возера або сажалка, з якой і выцякала тая самая крыніца, што падала ўніз і давала ваду для піцця. А з другога боку таксама ішла сцяна, і таксама зверху сцякаў струмень, — ён даваў ваду гэтаму возеру. Яшчэ падняліся і зноў знайшлі такую самую пляцоўку, возера і крыніцу.

— Чаго добрага, гэтак да самага неба дойдзем, — пажартаваў Манг.

— На неба нам не трэба, — сказаў Тайдо, — а вось там, у лагчыне, нешта расце.

Сапраўды, у маленькай лагчыне, схаваўшыся ад паўночнага і заходняга ветру, рос хмызняк і некалькі крывых дрэў.

Мужчыны зараз жа ўзяліся за працу, але нават яны час ад часу спыняліся, каб палюбавацца дзівоснай карцінай прыроды.

Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Бліжэй да берага было параскідана безліч астраўкоў і скал. Голыя і чорныя, яны вызначаліся на бліскучай вадзе, нібы спіны жывёл-волатаў. Часам зусім здавалася, нібы яны плаваюць.

— А дзе ж наша стаянка? — пачалі яны шукаць свой прытулак. Але адсюль яго нельга было ўбачыць, бо ён быў схаваны скаламі.

На ўсход горы ўздымаліся прыступкамі, нібы велічэзныя сходні, і канчаліся белымі снегавымі вяршынямі. І нідзе ніякага следу чалавека!..

Таму ўсе яны надзвычай зацікавіліся, калі заўважылі недалёка ад берага човен, у якім стаяў адзін чалавек. У нашых сяброў вочы былі вельмі вострыя, і яны адразу пазналі Нгару па яго птушынай вопратцы.

— Чаго ён тут швэндаецца? — трывожна сказаў Манг.

— Непажаданы сусед, — сказаў і Кос. — А што мы будзем рабіць, калі ён знойдзе наш добры куток і прычэпіцца да нас? Гвалтам гнаць, ці што?

— А чаго на яго глядзець? — сурова адказаў Тайдо. — Калі трэба будзе, дык і прагонім.

Тым часам насеклі і наламалі галля. Заставалася толькі даставіць яго на месца.

— Вось гэтая работа дык куды цікавей! — весела заскакаў Манг і, набраўшы бярэмя, падбег да краю і кінуў уніз. І так пачалі кідаць з тэрасы на тэрасу.

А праз некалькі хвілін радасна закрычалі і жанчыны з дзецьмі, калі на іх галовы пасыпалася галлё.

Такім чынам, і апошняя праблема — апал — таксама была вырашана.

V

Мангава падарожжа. — Зялёны востраў.— Подласць Нгары. — Бура. — Гудок. — Чалавек у моры. — Манг і Белая Птушка.

Цяпер ужо Мангу зручней было рабіць свае экскурсіі. Ен мог сабе спакойна вандраваць, ведаючы, што сваіх ён заўсёды знойдзе на месцы. Апрача таго, ён спакайней адчуваў сябе і таму, што яму не рупіла, — што і як з яго раднёй. Часта ён адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі.

У галаве Манга ўсё была думка — як бы паглядзець бліжэй на таемных белых людзей, пабываць там, дзе яны жывуць, убачыць іхнія розныя цуды. Але праязджалі яны вельмі рэдка, а яшчэ радзей можна было да іх наблізіцца. Пакуль пад'едзеш, — карабель ужо далёка. Трэба было чакаць такога выпадку, каб акурат трапіць на яго, але калі гэта здараецца?

Ды і наогул, такая сустрэча нічога асаблівага не давала. Паглядзіш на карабель, часам адтуль кінуць табе што-небудзь — і больш нічога. Нават не паспееш добра разгледзець людзей. Не! Трэба пашукаць, дзе яны жывуць. А дзеля гэтага трэба ад'ехаць далёка, туды, на поўнач, куды ідуць і адкуль прыходзяць караблі.

І ён сказаў бацькам, што хоча праехацца далей, каб паглядзець, як жывуць белыя людзі.

— Навошта табе? Ці варта? — пачалі адгаворваць бацькі, асабліва маці.— Гэта ж далёка, на другім канцы свету. Ты не даедзеш, загінеш. Ды і яны могуць загубіць цябе.

— Вы ж бачылі самі, што яны нічога дрэннага нам не робяць, — настойваў Манг, — а што далёка, дык я паеду столькі, колькі можна будзе. Калі ўбачу, што нельга даехаць, тады магу і вярнуцца.

Супраць такой пастаноўкі пытання і пярэчыць не было чаго. Чаму хлопцу не праехацца? Усё роўна яны валэндаюцца па моры ўзад і ўперад.

— Толькі ты сцеражыся, каб яны цябе не зачаравалі,— параіла на развітанне маці.

Падарожжа для іх было такой звычайнай справай, што ніякай падрыхтоўкі не рабілася. Манг выехаў гэтак жа проста, як і заўсёды. Трэба яшчэ памятаць, што калі гутарка ідзе пра падарожжа, дык заўсёды маецца на ўвазе дарога між скал-астравоў, па каналах-калідорах, куды хвалі не дасягаюць. Пра паездку на такіх чоўнах па адкрытаму акіяну ніхто з іх нават і не падумаў бы. А тут акурат такіх каналаў і было досыць. Вось чаму падарожжа Манга нікому не здавалася незвычайным.

Поделиться с друзьями: