Вока тайфуна
Шрифт:
Зразумелая збянтэжанасць цягнулася, аднак, нядоўга. Сцівен збялеў, і ў цяжкай цішыні ягоны голас, які раптам сеў, выдушыў:
— Травіць? Давай ходу! За кармою — міна!
Не было ў гэтую хвіліну на палубе чалавека, які не падумаў бы, што нельга чакаць, пакуль дадуць ход, што хвалі кідаюць і карабель і ягоную смерць, што вось-вось адзіны ўдар і карабель — не, цяпер ужо караблік — нахіліцца, пачне рваць бортам хвалі і, як распоратая, іржавая бляшанка з-пад кансерваў, пойдзе на дно. І выбух выкіне гэтых людзей, толькі што жывых і вясёлых. Выкіне, як сардзін з бляшанкі, у ледзяную ваду, дзе ўжо ніхто не знойдзе іх у снежнай кашы. Бо нават SOS падаць не паспееш, бо ніхто не спахопіцца раней чым за гадзіну-дзве, а пасля нельга будзе адшукаць у буране. Бо нават той, хто пратрымаецца, ухапіўшыся за нешта, проста замерзне.
Старлей скідваў рэглан, блытаўся ў ім і ніяк не мог пазбавіцца ад рукавоў.
— Адпорнік! — І ўсе не пазналі ягонага здзічэлага голасу.
І тут мічман са здзіўленнем пачуў ненавісны голас Кані:
— Дазвольце ў ваду?
Сцівен вагаўся. У ледзяной вадзе скакалі, збіваючыся ва ўсё большыя і большыя, зеленаватыя камякі снегу. Крутая хваля кацілася з белай імглы… Але ж людзі, але ж караблік!
Твар ягоны скрывіўся. Ён сам схапіў адпорны крук і пачаў асцярожна адводзіць ім міну ад борта.
— Дабро, — ён не глядзеў у вочы. — Дабро.
І адразу ж глуха чабарохнула ў ваду.
Мічман не пазнаваў старлея. Звычайна такое маладое і нястрымна легкаважнае аблічча зараз быццам падсохла і скамянела… Але ён не пазнаваў і Кані ў адчайдушным ягоным учынку, у гэтым кідку ў невядомае, магчыма, у смерць. На парозе такога шчасця. Халера яго пабірай.
"Жыцця б ты не ведаў, шчанюк паршывы…
…плакаць будзе…
…рамантыка ўс…
…а яна там як?.. што будзе рабіць?"
Ён, які ніколі не лаяўся ўголас, мацюкаўся зараз сам сабе наўдруз, але ногі ўжо самі неслі яго да кармы.
На хвіліну стала нават радасна. Усё вырашалася без яго, але ён павінен быў бачыць гэта сам, яшчэ й таму… Не, не таму, а таму, што адказваў за мінёра перад позіркам усіх людзей… І яшчэ перад адным, таму, што ён раптам успомніў словы Кані: "…у мяне адразу сутаргі", і словы іншых: "…на колькі яго хопіць", і ўсё, што ён заўсёды чуў пра сябе.
"Чаго ж яго панесла вадзяніку ў с… Забыў? Напэўна. Ну і прападай, галава дурная".
Мічман зараз ненавідзеў мінёра яшчэ й за гэты скачок і за тое, што павінны будуць з-за таго скачка рабіць іншыя. Зусім без ахвоты.
— Дубавец! Выратвальныя кругі! — Сцівен казаў гэта праз зубы, абы не закрычаць. — Дубавец, куды?!
Але Дубавец ужо не чуў. Ледзь прыкмеціўшы на грані імглы чорны "паплавок" галавы мінёра, ён, сам сабою, зусім не жадаючы гэтага, скокнуў з другога борта, скокнуў нехлямяжай, з-за цяжкай вопраткі, "ластаўкай".
Каля міны мільгалі ўжо цяпер два "паплаўкі", выратавальны круг і сталёвы канец, што цягнуўся з карабля.
А пасля ўсё гэта растанула, скрылася ў круткім белым хаосе. Загрукаталі машыны, і вада ад вінтоў адкінула міну і людзей, што кешкаліся ля яе.
"А раптам падрэжа міну, — у Сцівена сціснула глотку. — Дзе іх тады шукаць?" Ён ледзь выціснуў тэлефаністу, што трымаў сувязь з мосцікам:
— Застопарыць ход… Травіць адцяжку… Даць слабіну! — яму пакутна хацелася застрачыць мацерна, даць сабе волю. — Маць тваю… дабром успомню, даруйце, хлопчыкі… Чорт Дубавец, доўбня чортавая… Стоп травіць!
Бурун за кармой карабля, які рухаўся цяпер па інерцыі, знік. У мёртвай цішыні асабліва гучнымі здаваліся ўдары валоў і злавесны, звонкі спеў стальной адцяжкі, што адбягала за карму, адзінай ніці, што звязвала цяпер людзей за бартом з жыццём, а карабель — са смерцю.
— Сігнал падаюць, — шэптам сказаў кубічны старшыня Красоўскі, быццам занадта громкі голас мог перарваць нітку жыцця. — Адцяжка торгаецца.
— Выбіраць, — таксама шэптам сказаў старлей. — Выбіраць, хлопчыкі. Выбіраць, чорцікі. Яны там замерзнуць могуць.
— Спыніцца сэрца — і ўсё, — пацвердізў старшына.
Хапаючыся адной рукою за лееры, накідваючы другой адцяжку на плечы, спатыкаючыся, аслізваючыся, падаючы на палубу, якую ўвесь час абкатвала хваля, матросы беглі на шкафут… Нібы проста выбіралі буй.
Праходзілі гадзіны, суткі, гады…
Калі мінёр пагрузіўся ў ваду, яму здалося, што ва ўсю поласць ягонага жывата нехта плюхнуў расплаўленым свінцом. Абпякло рукі, шыю, твар. Галаву сціскалі нейкія гіганцкія ціскі.
Пасля ён убачыў міну, што ляцела на яго на грабяні хвалі. Велізарны рагаты шар валіўся зверху, навальваўся, як пачварнае чорнае сонца. Анатоль нырнуў пад хвалю і, ліхаманкава працуючы нагамі і рукамі, ірвануўся ўбок.
Хваля прамчалася над ім з гарматным рыкам. Скакалі ў вадзе зеленаватыя хлапякі снегу. Злева ён убачыў карму, што навісала над ім, справа — міну, а побач з ёй — галаву мічмана. Учапіўшыся ў рым, мічман цягнуў стальны шар убок. Ён прырос да міны, як мідзія, і хвалі кідалі яго разам з ёй. Мічман быў без кіцеля, у адной сарочцы.
З таго часу як Каня скокнуў у ваду, прайшло хіба дзве хвіліны.
…Анатоля адносіла. Ён зрабіў некалькі шалёных рыўцоў і вынырнуў ля мічмана, але ў гэты момант запрацавалі машыны. Вада ад вінтоў перакуліла Каню і адкінула яго ад чорнага шара. Яна пенілася вакол, круціла, несла… На імгненне ён убачыў, як мічман стараўся завесці канец на міну… І тут мінёра зноў з грукатам накрыла хваля. Ён ледзь паспеў учапіцца за адцяжку, што бліскавічна бегла перад вачамі. У глотку рванулася ледзяная, да нудоты рэзка-салоная вада, і ён пачаў ірваць на сябе адцяжку, каб хутчэй глынуць паветра.
Жыватворнае, яно ўварвалася ў лёгкія, і, быццам разам з ім, уварваўся ў напаўаглушаныя ад рыку вушы крык. Крычаў Дубавец:
— З рук вырвеш, чорт, канёк марскі! Мацаваць памагай! Ма-ца-ваць!
Ён крычаў гэта так настойліва і злосна, што Каня зразумеў, стаў мацаваць канец за рым. Мічман трымаў трос і міну, і іх, разам, нібы ў смяротных абдымках, кідала з грабяня ў правал.
Даўно ўжо нічога не было відаць. У свеце засталося толькі іх трох. Касая лятучая снежная імгла закрыла ўсё. Валы білі іх, неслі, напаўняючы громам вушы, адрывалі, грукаліся зверху шматтонным цяжарам на іхнія распластаныя целы.
Кожны такі ўдар мог адарваць іх ад міны, укрыць снегавой заслонай, і тады знайсці іх не магла б ужо ніводная сіла ў свеце. Што там парушынка тытуню, якая ўпала ў пыл? Чалавек у бурхлівым моры — вось хто загублены раз і назаўсёды.
І таму яны трымаліся за гэтую круглую смерць.
Можна было, вядома, кінуць яе і па адцяжцы дабрацца да карабля, да цяпла і святла, да людзей. Але міну магло падсячы. Яна магла, калі яе кінуць, пайсці ў імглу. Яна, смерць, магла месяцамі і гадамі маўкліва калыхацца, імчаць на шляхах караблёў, магла воляй выпадку выйсці на фарватар. Усё гэта за долі імгнення праляцела ў галаве мічмана.