Вока тайфуна
Шрифт:
Ён не чуў гэтага. Ён спаў, і перад вачамі ягонымі плылі праявы, светлыя і незваротна страчаныя. Ён спаў і плакаў, плакаў, плакаў у сне.
Ачнуўся ён толькі наступным вечарам і некаторы час не мог прыпомніць, што адбылося. Дробна вібрыраваў корпус карабля — і ён зразумеў, што карабель. Слаба тхнула спірытусам — і ён зразумеў, што лазарэт.
Ва ўсёй істоце быў шчасны, вызвалены, адлучаны спакой. Як тады, калі яны ўрэшце вырваліся са страшнага вока тайфуна. Цішыня. Не трэба ні за чым ганяцца. І нічога не вернеш. І сам ты стаў іншы пасля вока тайфуна. Дый ці трэба нешта вяртаць?
"Дурнічка ты. Дурачка, — падумаў ён. — Ну, вось і нa табе. Атрымай. Ці будзе ён трымаць так моцна, як… А, усё адно… Я ўсё ж адпомсціў табе. Н-на".
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на суседняй койцы Каню. Той шырока, ласкава ўсміхаўся, паглядаючы на яго. І раптам адвёў вочы на ілюмінатар, які лізала зялёная хваля, і сцепануўся.
— Ты аб чым? — спытаў мічман.
— Во каб гэта зноў. Ды зноў такое купанне. Бр-р.
— Не каркай, — сказаў Дубавец, каб схаваць збянтэжанасць. — А то ведаеш, як было? Плыве чалавек у шлюпцы — крушэнне было. Два дні без вады, пяць без ежы. І ўзмаліўся богу: "Пашлі ты мне хаця які карабель, любы, на які твая божая воля". І праўда — карабель. Той махаць. У апошні момант яго з лайнера заўважылі, паднялі. Той матросам: "Як назва лайнера, каб было мне за каго бога маліць?.." А яму адказваюць: "Тытанік". — Памаўчаў. — А наконт купання што? Загадаюць — і купацца палезеш.
— Не загадаюць.
— У тым і справа, што не загадаюць. Тады б яшчэ брыкацца можна было. Сказаць, што запаленне "всегдалишнего" нерва… Сам палезеш.
Зноў трэба было саромецца словаў і хавацца. Але ён, іншы цяпер, не мог забыць начной цеплыні на шчаках, з ім ніколі не было такога, і таму ён з залішняй разухабістасцю сказаў:
— Ты за мяне ні зараз, ні… ну, ніколі не перажывай, хлопец. Добра? Нічога такога не здарылася.
Каня не зразумеў, аб чым гэта ён. Аб начной купелі? Аб міне?
— І тое праўда, — з засаромленай усмешкай сказаў мінёр. — Калісьці і я… Калісьці і ты мне. Дый чаго там асабліва перажываць. Апошняя, ці што? Іх тут яшчэ навалам.
Мічман зразумеў, што Каня кажа не пра тое, але хіба гэта мела значэнне.
— Ты малпу ў маёй каюце ведаеш? — спытаў ён. — Ты забяры яе, падары каму захочаш… Ну, ясна, не кажы, што ў мяне вісела. Не паложана так, могуць пакрыўдзіцца… Вазьмі і падары. Абавязкова.
І, прыміраючыся з непазбежнасцю, заплюшчыў вочы.