Цікавае пытаньне: што можа прымусіць чалавека на пятым дзясятку свайго жыцьця заняцца справай, якой ён дагэтуль ніколі не займаўся?
У маім выпадку гэтаму паспрыялі дзьве віны: віна перад роднай мовай і віна перад Уладзімірам Высоцкім.
Сваю настаўніцкую дзейнасьць я пачынаў у беларускай школе, выкладаючы матэматыку, зразумела ж, на беларускай мове. Аднойчы здарылася так, што адна з маіх лепшых выпускніц атрымала «двойку» на ўступным экзамене ў інстытут толькі з-за таго, што не зразумела ў білеце, напісаным па-расейску, аднаго (!) слова і пасаромелася спытаць у экзаменатара. Гэта быў магутны ўдар па маіх перакананьнях. Я пахіснуўся (і побач не знайшлося таго, хто б мог падтрымаць) — і далей арыентаваўся ў сваёй працы з вучнямі больш на расейскую мову, адсоўваючы родную на задворкі жыцьця. Дзякаваць Богу, сёньня я маю магчымасьць вярнуць сабе родную мову, але пачуцьцё віны перад ёю не зьнікае.
Другая віна — перад Чалавекам, які доўга спрабаваў дакрычацца-дастукацца да маёй зацуглянай душы (як і да душ усіх насельнікаў СССР), а я пачуў яго толькі тады, калі Чалавека ня стала. Аднойчы мне захацелася адгукнуцца на яго песьні цёплым словам, але сказаць гэтае слова ўжо не было каму.
Дзьве гэтыя віны леглі побач у маёй душы і, мабыць, добра паладзілі адна з адной. Вынікам стала тое, што летам 1991 года я зрабіў першую спробу — пераклад «Паляваньня на ваўкоў». 3 таго й пайшло…
Мае сябры, даведаўшыся, што я заняўся вершаванымі перакладамі, успрынялі навіну ў большасьці даволі скептычна. Адны казалі: навошта перакладаць на беларускую мову тое, што любы беларус можа чытаць і разумець у арыгінале? Другія, знаходзячы карысьць у такіх перакладах, іранізавалі зь іншага: маўляў, выяўляць талент у пяцьдзесят год — гэта несур'ёзна.
Наконт таленту скажу так: калі ён ёсьць, то яго ня сорамна выявіць і ў сто год (дарэчы, які б гэта быў цудоўны падарунак сабе да векавога юбілею!), а калі няма, то і ў дваццаць год няма чаго пнуцца.
Што ж адносна меркаваньня першых скептыкаў, то трэба сказаць, што гадоў дзесяць таму і я прытрымліваўся прыблізна такіх жа думак. Цяпер жа, па волі лёсу акунуўшыся ў перакладчыцкую дзейнасьць, убачыў тое, чаго раней бачыць ня мог: пераклады з блізкай ці далёкай мовы (тым больш пераклады вершаваныя) зьяўляюцца цудоўным іспытам на сталасьць, на магутнасьць мовы-рэцыпіэнта, дазваляюць параўнаўча ацаніць гнуткасьць і варыятыўнасьць дзьвюх моваў, выявіць іх глыбінныя магчымасьці. I гэта — на карысьць абедзьвюм мовам, спрыяе іх узаемаўзбагачэньню, і асабліва тады, калі гэта мовы блізкія.
Зразумела, што апошняя ўзьнёслая тырада адносіцца да перакладаў увогуле, а не да канкрэтна маіх перакладаў. Мой невялікі досьвед такой творчасьці яшчэ не дазваляе мне заўсёды знаходзіць безумоўна лепшыя струменьчыкі-адпаведнікі з чыстай крыніцы роднай мовы. Ня ўсім з таго, што ў мяне атрымалася, я задаволены. I прапануючы вынікі сваіх творчых высілкаў на суд чытачоў, спадзяюся атрымаць парады і крытычныя заўвагі, якія, магчыма, дапамогуць мне ўдасканаліць і зьмешчаныя тут тэксты ў прыватнасьці, і маё перакладчыцкае майстэрства наогул.
3 такіх меркаваньняў я даю свае пераклады ў паралелі з арыгіналамі. Пры гэтым я павінен адзначыць, што тэкстаў, напісаных самім У. Высоцкім, я ня бачыў. Арыгіналы, што падаюцца тут, сьпісаныя з магнітастужак (мною ці кімсьці іншым; нават зборнік, выдадзены ў 1993 годзе «Мастацкай літаратурай», складзены менавіта так, што відавочна), а таму знакі прыпынку, форма разьмяшчэньня вершаванага тэксту і, у большасьці, назвы — гэта дадумка перакладчыка.
Зборнік падрыхтаваны ў 1997 годзе і плянаваўся да выданьня перад 60-мі ўгодкамі У. Высоцкага. Але зрабіць гэта своечасова ў нашай неўпарадкаванай дзяржаве, на жаль, не атрымалася. I ўсё ж зборнік выходзіць.
Хочацца выказаць шчырую падзяку за дапамогу ў яго выданьні польскаму інстытуту IDEE і Магілёўскай асацыяцыі «Кола сяброў».
Задавальненьне і незадавальненьне, парады, крытыку і лаянку можна накіроўваць перакладчыку на адрас: 212030 Магілёў, а.с. 3.
Дзеці Расеі
Ня верыў я ніколі ў міражы,У новы рай ня складваў чамадана.Настаўнікаў пажэрла мора лжыІ выплюнула дзесь ля Магадана.Між невукаў і я, у рэшце рэшт,Калі і выдзяляўся — вельмі мала.Ні стрэмкі не пакінуў БудапештІ Прага сэрца мне не разарвала.А мы ў жыцьці шумелі і на сцэне:Мы блытанікі шчэ, мы хлапчукі!Ды хутка нас заўважаць і ацэняць!Гэй! Супраць хто? Намнём яму бакі!Але мы адчувалі небясьпекуЗадоўга, як пачнуцца халады.Прыходзіла прасьветленасьць аднекульІ душы замыкала на гады.І нас хаця расстрэлы не касілі,Жылі мы — дзе праз сорам, дзе праз боль.І ў нас, дзяцей той жудаснай Расеі,Ўлівала ліхалецьце алькаголь.
1979
Выбар
Шлях ці труна? Ізгой ці небыцьцё?Так, выбар небагаты перад намі.Даруюць нам маруднае жыцьцё.Мы зь ім скаваны моцна кайданамі.А нехта ўсё ж і выбраў наўздагадЗь бязглуздай верай, як зачараваны.Але ж ці то жыцьцё — што ў ланцугах?Хіба ж то выбар — калі ты скаваны?Каварная спагада нам такая,Як зельле ведзьмы ці як міражы.Сьмерць ад сваіх выглядвае з-за камня.І ззаду — сьмерць, але ўжо ад чужых.Здраньцьвела цела, ссохлася душа,І мы маўчым, як падстаўныя пешкі.А ў лабавым шкле бачна не шаша,А ганьбы выскал і крывыя ўсьмешкі.Калі б аковы тыя разарваць,То й горла перагрызьці не замногаТаму, хто здагадаўся прыкавацьНас ланцугамі да жыцьця такога.Няўжо мы спадзяемся шчэ на штосьці?Ці, можа, нам ланцуг не па зубах?Чаму ж у браму раю аж да млосьціМы стукаем па кованых скабах?Канчаць вайну?! — Якое адкрыцьцё!Але ж цану якую закруцілі!Нам прапануюць доўгае жыцьцёЎ віне, брыдоце, здрадзе, ганьбе, гнілі.Ці ж вартае жыцьцё такой цаны?Дарозе не канец яшчэ — спакойна!Паўзбоч тае — Вялікае — вайныЯшчэ магчыма паміраць прыстойна!І рана зьмешваць нас з балотнай тваньню!Мы гнёздаў сабе ў гнілі не саўём!Мы не памром пакутным існаваньнем!Мы лепш надзейнай сьмерцю ажывём!
1973
Інаходзец
Я скачу, але скачу іначай —Па камнях, па лужах, па расе.Кажуць тут: ён інахадзьдзю скача.Гэта значыць, што ня як усе.Ды наезьнік мой ліхі на мнеСтрамянамі б'е мяне са злом…А я бегаць хочу ў табунеБез аброці і не пад сядлом!Калі з ножнаў шаблю не вымаюць, —Шабля зможа рэзаць толькі глей.Вось мяне стрыножваюць, сядлаюць,Рот ірвуць жалезінай цуглей!Мне набілі раны на сьпіне!..Я дрыжу бакамі ля вады!..Як я бегаць хочу ў табуне —Без сядла, аброці і нуды!Сёньня зноў я стану пераможцам!Скачкі! — Я, канешне, фаварыт!Ставяць сьмела ўсе на інаходца.Ды ня я, — жакей на мне хрыпіць!Ён усадзіць шпоры ў рэбры мне!Скаляць зубы першыя рады…А я бегаць хочу ў табуне —Без сядла, аброці і нуды!Таньчаць, таньчаць скакуны на старцеЎ злосьці, аж ня могучы стаяць,У шаленстве, лютасьці, азарце,І пускаюць пену, як і я!У трыбун жакей мой у цане —Здатны майстра верхавой язды!Ох, як бегаў я б у табунеБез сядла, аброці і нуды!Не, ня будуць залатымі горы!Я апошнім цэль перасяку!Я яму прыпомню тыя шпоры!Запсую! Адстану на скаку!Звон-сігнал! — Жакей ужо на мне.Хмыліцца, ня чуючы бяды…Ах, як бегаў я б у табунеБез сядла, аброці і нуды!Што са мною? Што раблю?! Што чую?!!Што ж я?! Зноў яму дапамагу?!Я сабою проста не кірую!Я прыйсьці ня першым не магу!!Што ж рабіць тут застаецца мне?Вышпурнуць наезьніка свайго!І пабегчы, нібы ў табуне,Хоць і пад сядлом, ды безь яго!Я прыйшоў, а ён сапе пад сонцамПа камнях, па лужах, па расе…Першы раз ня быў я інаходцам!Я імкнуўся выйграць, як усе!
1970
Дайце свабоду!
Дайце сабакам мяса —Хай яны пагрызуцца!П'яніцам — хмельнага квасу:Можа яны перап'юцца.Зерне ў зямлю схаронім —Можа мы з хлебам будзем.Каб не сыцець варонам,Болей стаўляйце пудзіл.Трэба кахаць — каханымДайце хоць кут на абодвух.Добра, я буду рахманым —Дайце ж вы мне свабоду!Псам мясныя аб'едкіКінулі, — псы не грызуцца.П'яніцам далі гарэлкі, —Тыя ня п'юць, сьмяюцца.Людзі варон пужаюць,А вараньнё не баіцца.Пары злучаць, — злучаюць!А ім бы — каб разлучыцца.Зь зерня ня выйшлі ўсходы!Што за такія цуды?!Далі мне ўчора свабоду…Што я рабіць зь ёю буду?
1965
Лазьня па-беламу
Прапалі ты мне лазьню, спадарынька!Распалю я сябе, расьпяку.На палку — разамлелы, распараны, —Я сумненьні свае адсяку.Задымлю, як вясною праталіна.Коўш халоднай — і ўсё адымчыць.І наколка часоў культа СталінаЗасінее на левым плячы.Прапалі ты мне лазьню па-беламу —Я ад белага неяк адвык.Ашалею — і мне, ашалеламу,Пар гарачы разьвяжа язык.Колькі веры і лесу павалена!Колькі зьведана гора і трас!А на левым плячы — профіль Сталіна,А на правым — Марынка анфас.Эх, за веру маю безагляднуюКолькі год я ў раі перавёў!Прамяняў на жыцьцё непрагляднаеНесусьветнае глупства сваё!Прапалі ты мне лазьню па-беламу —Я ад белага неяк адвык.Ашалею — і мне, ашалеламу,Пар гарачы разьвяжа язык.Не забыць мне, як ранкам цудоўненькімБрату крыкнуць пасьпеў «Забяры!»,Як мяне два прыгожых ахоўнікіДастаўлялі зь Сібіру ў Сібір.А затым у бараку пад кроквамі,Наглытаўшыся сьлёз і дзярма,Каля сэрцаў калолі мы профілі,Каб ён слухаў, як сэрцы грымяць.Не палі ты мне лазьню па-беламу —Я ад белага дужа адвык.Ашалею — і мне, ашалеламу,Пар гарачы разьвяжа язык.Зябну я, успамінамі змучаны,Пар мне думкі зьмяшаў-паламаў.І з туману халоднай мінуўшчыныВыплываю ў гарачы туман.Зацурчэлі мне думкі пад цемечкам:Што ж, дарма я плячо ім змарыў?І лупцую бярозавым венічкамЯ па спадчыне змрочнай пары.Прапалі ты мне лазьню па-беламу —Я ад белага страх як адвык!Ашалею — і мне, ашалеламу,Коўш халоднай разьвяжа язык.Прапалі!..Не палі!..Прапалі!..