Жывы тэлеграф (на белорусском языке)

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Жывы тэлеграф (на белорусском языке)

Жывы тэлеграф (на белорусском языке)
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Баляслаў Прус

Жывы тэлеграф

Пераклад: Янка Брыль

У час вiзiту ў сiрочым прытулку панi графiня заўважыла на калiдоры незвычайную сцэну: чатыры хлопцы вырывалi адзiн у аднаго падзёртую кнiгу, даволi жвава лупцуючыся кулакамi.

– Мне здаецца, дзецi, што вы б'яцеся?
– крыкнула спалоханая дама.
– За гэта нiводзiн з вас не атрымае пернiчка i да таго яшчэ будзе стаяць на каленях.

– Бо гэта ён, проша панi, забраў у мяне "Рабiнзона"!
– апраўдваўся адзiн хлопец.

– Лухта, гэта ён!
– запярэчыў другi.

– Бачыш, як ты лжэш!
– крыкнуў трэцi.
– Гэта ты забраў у мяне "Рабiнзона".

Манашка растлумачыла даме, што, хоць тут i пiльны нагляд, падобныя выпадкi здараюцца даволi часта, бо дзецям хочацца чытаць, а кнiжак у прытулку няма.

У сэрцы графiнi затлела нейкая iскра. Паколькi, аднак, паню стамляла думанне, яна пастаралася забыцца пра гэта. Толькi ў салоне пана саветнiка, дзе прынята было гаварыць пра рэчы набожныя i дабрачынныя, графiня расказала пра выпадак у прытулку i пра тое, як растлумачвала яго манашка.

Саветнiк, слухаючы графiню, таксама пранiкся незвычайным пачуццём i, як быстрэйшы ў думаннi, вырашыў, што трэба было б паслаць сiротам кнiжак. Прыгадаў нават, што ў шафе цi ў скрынi тлее ў яго мноства друкаванага слова, якое ён купляў калiсьцi сваiм дзецям... Аднак пан саветнiк быў зацяжкi, каб корпацца ў нейкай старызне.

Увечары саветнiк быў у пана З., усё жыццё якога праходзiла ў аддаваннi дробных паслуг чалавецтву, асаблiва яго нiжэйшым пластам. Хочучы зрабiць прыемнасць пану З., саветнiк расказаў яму, што графiня ўбачыла ў прытулку i пачула там ад манашкi, дадаўшы са свайго боку, што варта было б пастарацца пра кнiгi для сiрот.

– Ды гэта ж прасцей за ўсё!
выгукнуў пан З.
– Зайду заўтра ў рэдакцыю "Кур'ера" i паўплываю на iх, каб зрабiлi аб'яву.

Назаўтра пан З. прыбег, задыханы, у рэдакцыю, на прамiлы бог просячы, каб яна заклiкала грамадскасць ахвяроўваць кнiгi для сiрот.

Ён трапiў вельмi дарэчы, бо ў нумары якраз не хапала некалькi радкоў з якой-небудзь сенсацыйнай весткай. I таму рэферант чуллiвага аддзела прысеў i напiсаў:

"Чародка дзяцей, якiмi апякуецца грамадскасць, пакутуе ад недахопу кнiг. Малеча тужыць. Памятайце пра душы галодных!"

Праз некалькi дзён, у нядзелю, каля зачыненых дзвярэй рэдакцыi я сустрэў бедна апранутага чалавека, з рукамi чорнымi, як у камiнара, з худой дзяўчынкай, што трымала пакунак старых кнiг.

– Чаго вы хацелi?

Чалавек зняў шапку i нясмела адказаў:

– Мы, проша пана, прынеслi некалькi кнiжак для тых галодных, што вы пiсалi пра iх...

А худая дзяўчынка зрабiла кнiксен i зачырванелася, наколькi гэта дазволiла ёй малакроўе.

– Як вас завуць?
– спытаўся я ў чалавека, узяўшы тыя кнiгi.

– А навошта вам гэта?
– спытаўся ён разгублена.

– Павiнны ж мы надрукаваць, хто кнiгi даў.

– Ой, не трэба! Я ж бедны чалавек з капялюшнай фабрыкi... Не, не трэба...

I ён пайшоў са сваёю благенькай дачкой.

Побач са мной стаяў вучоны, прафесар фiзiкi, i таму, вiдаць, мне прыйшоў на думку тэлеграф зусiм новай канструкцыi.

Галоўнай станцыяй быў сiрочы прытулак, бакавой - рабочы з капялюшнай фабрыкi; калi адзiн даў сiгнал "увага", другi адразу ж адказаў. Калi адзiн пажадаў, другi - прынёс.

А мы, усе iншыя, выконвалi функцыю тэлеграфных слупоў.

Комментарии: