150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
149. Якая нацыянальная рэліквія найкаштоўнейшая для беларусаў?
Можа, сыгнет князя Ізяслава, сына Рагнеды, ці пярсцёнак славутага князя Ўсяслава Чарадзея, пры якім наша старажытная дзяржава — Полацкае княства — дасягнула найвялікшай магутнасці? А можа, рукапіснае Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя ці Біблія Францішка Скарыны? Хтосьці скажа, што гэта — абраз Маці Божай Вастрабрамскай або Маці Божай Жыровіцкай, якім маліліся шматлікія пакаленні беларусаў. А нехта будзе сцвярджаць, што гэта — пячатка правадыра паўстанцаў 1863 года Кастуся Каліноўскага або ўрадавая пячатка Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але ў нашага народа, пэўна ж, ёсць скарб яшчэ больш каштоўны — крыж, зроблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Богшам (хрысціянскае імя Лазар) для храма Спаса ў Полацку, унікальны помнік беларускага мастацтва. Гэта і хрысціянская рэліквія, бо ў ёй захоўваюцца кроплі крыві Ісуса Хрыста, часцінка ад Божага крыжа ды іншыя хрысціянскія святыні, прысланыя ў старажытнасці ў Полацак з Канстанцінопаля і Ерусаліма. Але найперш яна бясцэнная для нас таму, што гэта — крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай, нашай славутай асветніцы.
У гады Другой сусветнай вайны крыж знік з нашай зямлі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у адну з прыватных калекцый за акіян. Доўгі час пошукам крыжа займаліся толькі энтузіясты, цяпер яго вядуць улады Беларусі і Інтэрпол.
150. Якія гістарычныя даты павінны памятаць і шанаваць беларусы?
25 сакавіка (1918 г.) — Дзень Незалежнасці. У гэты дзень Трэцяя Ўстаўная грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі абвясціла БНР незалежнаю і вольнаю дзяржавай.
15 ліпеня (1410 г.) — Свята Грунвальду (Свята перамогі пад Дуброўнай) — дзень перамогі аб'яднанага войска Беларускай і Польскай дзяржаваў над крыжакамі.
6 жніўня (1517 г.) — Дзень друку — выданне ў Празе Францішкам Скарынам першае беларускае друкаванае кнігі.
25 жніўня (1991 г.) — Дзень Адраджэння — наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі сілы канстытуцыйнага закону, аднаўленне незалежнае дзяржаўнасці.
8 верасня (1514 г.) — Свята Аршанскае перамогі (Дзень беларускай вайсковай славы). Беларускае войска ўшчэнт разбіла ўтрая большае войска Маскоўшчыны і на пэўны час спыніла расейскую агрэсію на Беларусь.
27 лістапада (1920 г.) — Дзень Слуцкага збройнага чыну (Дзень Герояў). У гэты дзень пачаў баявыя дзеянні супраць бальшавіцкага войска Першы Слуцкі полк Беларускае Народнае Рэспублікі.