1612 год у гісторыі Расіі
Шрифт:
У снежні 1610 г. адпала і кандыдатура Ілжэдзмітрыя II. Ён быў забіты ля Калугі служылымі татарамі за тое, што загадаў забіць татарскага касімаўскага цара (удзельнае ханства на ўсход ад Разані). Цяпер былых тушынцаў яднала кандыдатура маленькага сына Ілжэдзмітрыя і Марыны Мнішак - цара Івана Дзмітрыевіча.
Яшчэ да ўвядзення ў Маскву войска С. Жулкеўскага польскі гетман арганізаваў пасольства ад маскоўскіх баяраў пад Смаленск да караля. Па настойванні С.Жулкеўскага маскоўскае пасольства ўзначалілі самыя ўплывовыя дзеячы князь В. В. Галіцын (які сам мог быць прэтэндэнтам у цары) і былы тушынскі патрыярх, а цяпер зноў мітрапаліт Філарэт (у міры Фёдар Раманаў). У склад пасольства былі ўключаны 1200 чалавек (амаль уся палітычная эліта Масквы і Расіі). Пасля ад’езда пасольства ад’ехаў і сам С. Жулкеўскі, пакінуўшы ў Маскве кіраўніком гарнізона (а фактычна гаспадаром) Аляксандра Гасеўскага. Ад’язджаючы з Масквы, Жулкеўскі ўзяў з сабою былога цара Васіля Шуйскага з двума яго братамі (усе яны памерлі ў польскім палоне).
Перагаворы пад Смаленскам паказалі, што Жыгімонт сам хоча сесці царом у Маскве, а таму не адпускае ў Маскву сына. Перамовы скончыліся нічым, і ўсіх паслоў адправілі ў Польшчу як палонных.
Урэшце 3 (13) чэрвеня 1611 г. польска-беларускае войска разам з украінскімі казакамі ўзяло Смаленск. У Маскву былі накіраваныя некаторыя расійскія дзеячы, якія атрымалі ад Жыгімонта маёнткі, і пачалі агітаваць за Жыгімонта. З іх быў створаны расійскі ўрад, што замяніў семібаяршчыну, але фактычна кіравалі Гасеўскі з Салтыковым. Урад падтрымліваў баяраў, але парушаў эканамічныя інтарэсы дваранаў і сялянаў. Гэта выклікала супраціўленне ў значнай колькасці расіян.
Патрыярх Маскоўскі Гермаген адмовіўся прызнаць царом Жыгімонта і заклікаў пачаць барацьбу “супраць літоўскіх людзей” (большасць акупантаў складалі беларуская шляхта і вайсковыя людзі). Яго пасадзілі ў вязьніцу, дзе ён пазней і памёр. У сакавіку 1611 г. у Маскве выбухнула паўстанне, якое скончылася паражэннем.
На пачатку красавіка 1611 г. да Масквы падышло першае апалчэнне рускіх дваранаў, стральцоў, казакоў і халопаў для вызвалення Масквы. Беларуска-польскія акупанты заселі ў Крамлі і Кітай-горадзе - умацаваных крэпасцях унутры горада. Аднак паміж кіраўнікамі першага апалчэння Пракопіям Ляпуновым (дваранства), князем Дз. Трубяцкім (тушынскім баярынам) і I. Заруцкім (казацтва) не было згоды. Дваране не хацелі адмаўляцца ад прыгонніцкай сістэмы, а казакі (большасць з халопаў і збеглых сялян) не хацелі вяртацца да старога ладу. Пачаліся сутычкі паміж дваранамі і казакамі. 22 ліпеня (1 жніўня) 1611 г. падчас бунту П. Ляпуноў быў забіты казакамі. Пасля гэтага дваране раз’ехаліся, а Трубяцкой і Заруцкі прынеслі прысягу Івану, сыну Iлжэдзмітрыя II і яго маці - “царыцы Марыне Юр’еўне ўсяе Русі”.
Пасля распаду першага апалчэння смута працягвалася. Галава баярскай думы князь Мсціслаўскі разаслаў граматы, у якіх пераконваў народ не далучацца да Трубяцкога і Заруцкага, а падпарадкавацца Жыгімонту і Уладзіславу. Самі сябе яны называлі “баярамі цара Уладзіслава”.
У ніжнім Ноўгарадзе восенню 1611 г. пачало фарміравацца другое апалчэнне на чале з князем Дзмітрыем Пажарскім як галоўным ваяводам і Кузьмой Мініным, земскім старастам у Ніжнім Ноўгарадзе, які больш займаўся гаспадарчымі справамі, але таксама камандаваў атрадамі. Мэтай апалчэння было вызваленне Расіі ад чужаземцаў і абранне на Земскім сборы новага цара. У склад апалчэння запісваліся дваране, частка казакоў, гараджане, сяляне.
У сакавіку 1612 г. апалчэнне выступіла з Ніжняга Ноўгарада “супраць польскіх і літоўскіх людзей”, але адразу на Маскву не пайшло, пакуль што другое апалчэнне падтрымлівалася толькі цывільнымі і царкоўнымі ўладамі Ніжняга Ноўгарада. Ды і пазіцыя казацтва была варожай. Таму апалчэнне павярнула на Яраслаўль, які яно заняло на пачатку красавіка 1612 г. Атрады другога апалчэння вялі барацьбу не толькі з інтэрвентамі, але і з казацкімі атрадамі Трубяцкога і Заруцкага.
Спачатку Пажарскі хацеў склікаць Земскі сабор для выбара цара ў Суздалі ці ў Яраслаўлі ў адсутнасці казакоў і ўсёй баярскай эліты, што была або ў Маскве, або ў палоне ў Польшчы. Тады царом быў бы абраны ён як прадстаўнік дынастыі Рурыкавічаў. Аднак Трубяцкой і Заруцкі сарвалі гэты план, заняўшы некалькі гарадоў. Пачынаць барацьбу с Жыгімонтам і з казакамі было бессэнсоўна. Таму кіраўніцтва другога апалчэння стварыла ў Яраслаўлі часовы ўрад - Савет усяе зямлі, які стварыў новыя дзяржаўныя кіраўнічыя структуры. У Яраслаўлі апалчэнне прабыло да ліпеня 1612 г. У гэты час вяліся перамовы з казацкімі правадырамі Дз. Трубяцкім і I. Заруцкім, каб унікнуць сутыкнення.
Сітуацыя змянілася, калі надышлі звесткі, што на Маскву ідзе беларуска- польскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Янам Каралем Хадкевічам. Кіраўнікі другога апалчэння князь Дзмітрый Пажарскі і Кузьма Мінін - былі вымушаны змяніць планы (у т. л. абранне царом Дзмітрыя Пажарскага) і ісці на Маскву, каб увогуле яе не страціць. А пад Масквой прыходзілася дамаўляцца з казакамі аб сумеснай барацьбе супраць інтэрвентаў і ісці ім на ўступкі.
Пасля падыходу да Масквы атрадаў другога апалчэння у жніўні 1612 г. Заруцкі са сваімі казакамі адышоў у Каломну. Князь Трубяцкой з першага апалчэння застаўся са сваімі казакамі на месцы, але актыўных дзеянняў не вёў. У жніўні другое апалчэнне заняло пазіцыі вакол Масквы і частку горада. Становішча беларуска-польскага гарнізона ў Маскве было цяжкім: харчавання не хапала, гарнізон не атрымоўваў платы за службу і хацеў пакінуць Маскву. Але грошы кароль абяцаў выплаціць, а харчаванне вёз гетман Хадкевіч, войскі якога 21 (31) жніўня 1612 г. знаходзіліся ў 5 вёрстах ад Масквы, на Паклоннай гары. Атрады першага і другога апалчэння, якія аб’ядналіся супраць інтэрвентаў, былі значна большымі, чым войска Хадкевіча.
На наступны дзень Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Новадзевічы манастыр і спрабаваў увайсці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліц Большая Ардынка і Пятніцкая. Спроба прарвацца да Крамля і Кітай-горада, дзе засеў гарнізон, не ўдалася. 23 жніўня (2 верасня) Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсці амаль да самай Масквы-ракі, але рускія апалчэнцы да ракі іх не дапусцілі. У выніку атакі атрада К. Мініна жаўнерам Хадкевіча прыйшлося адступіць.
УЗЯЦЦЕ КРАМЛЯ
У жніўні Аляксандру Корвін-Гасеўскаму са сваім атрадам удалося пакінуць Маскву. Частка гарнізона ў Крамлі і Кітай-горадзе была заменена. Камандаваць гарнізонам застаўся палкоўнік Мікалай Струсь (шляхціц з Падоліі), ён жа і камандзір аднаго з палкоў. Двума другімі палкамі, пераважна з беларусаў, камандавалі беларускія шляхціцы Язэп (Юзаф) Будзіла, які меў ганаровы тытул харунжага Мазырскага, і Эразм Стравінскі (род паходзіў з Менскага і Мсціслаўскага ваяводстваў). Такім чынам, польскі элемент у крамлёўскім гарнізоне быў значна меншы, чым беларускі. Большасць гарнізону складалі беларусы. На другім месцы па колькасці былі немцы, на трэцім - французы, на чацвёртым - палякі. Так што вызваленне Крамля было не ад палякаў, а ад беларусаў і дапаможнага ім інтэрнацыяналу. Гарнізон налічваў 1,5 тысячы чалавек. Масква была ўжо занята апалчэнцамі Пажарскага і Трубяцкога.
Акупацыйнае войска ў кастрычніку адступіла ў Крэмль, пасля ўзяцця рускімі Кітай-горада 22 кастрычніка (1 лістапада) 1612 года. У Крамлі гарнізон пратрымаўся яшчэ некалькі дзён, нягледзячы на страшэнны голад.
Камандаванне гарнізона Крамля, па дамоўленасці з князем Д. Пажарскім, выпусціла з Крамля рускіх жанчын - жонак баяраў, дваран і іншых рускіх людзей з ураду “цара Уладзіслава Жыгімонтавіча”, а да таго баяраў і іншых з Тушынскага лагера.
Нягледзячы на пагрозы казакоў з першага апалчэння, што яны заб’юць князя Дзмітрыя Пажарскага, які не дазволіў ім рабаваць і гвалтаваць баярынь і іншых рускіх жанчын, Д. Пажарскі сам прыняў ля адной з крамлёўскіх брам жанчын і ўзяў іх пад сваю апеку.
Потым зусім згаладалы гарнізон згадзіўся на капітуляцыю з умовай захаваць жыццё палонным. Спачатку 27 кастрычніка (6 лістапада), выпусцілі з Крамля рускіх баяраў, што супрацоўнічалі з акупантамі. Сярод баяраў былі князі Фі. Мсціслаўскі, I. М. Варатынскі, баярын Іван Мікітавіч Раманаў з 15-гадовым пляменнікам Міхаілам Фёдаравічам Раманавым (якога Земскі сабор Расіі ў лютым 1613 г. абраў царом). Разам з сынам выйшла яго маці Ксенія Іванаўна (якую за дванаццаць гадоў да таго цар Барыс Гадуноў загадаў пастрыгчы ў манахіні пад імем Марфа). Былі адпушчаны і іншыя баяры і дваране. Казакі прыбеглі і хацелі іх забіць, але апалчэнцы адстаялі баяраў і іншых рускіх людзей. Казакі толькі паспелі сарваць з некаторых з іх адзенне і абрабаваць. Д. Пажарскі прыняў баяраў з “вялікім гонарам”.
На наступны дзень, 28 кастрычніка (7 лістапада) 1612 года, капітуляваў гарнізон Крамля. Язэп Будзіла выйшаў са сваім палком праз Траецкую браму да войска Д.Пажарскага, а М. Струсь з іншымі жаўнерамі - праз некалькі брам на Красную плошчу - да казакоў Трубяцкога. Жаўнеры Я. Будзілы засталіся цэлымі, а на Краснай плошчы жаўнераў, пасля таго, як тыя склалі зброю, абрабавалі, шмат каго забілі. Сведка гэтых падзей запісаў: “По взятии же царствующего града Москвы многих литовских людей посекли,а больших панов по темницам засадили”.