Чтение онлайн

ЖАНРЫ

1984 (на белорусском языке)

Оруэлл Джордж

Шрифт:

– Я хачу есцi, - сказала яна.
– Давай зварым яшчэ кавы. Халера! Керагаз патух, i вада астыла, - яна падняла керагаз i патрэсла.
– Газа скончылася.

– Я думаю, можна пазычыць у старога Чэрынгтана.

– Дзiўна, але мне здавалася, што ён быў поўны. Я адзенуся, - дадала яна. Здаецца, пахаладнела.

Ўiнстан таксама ўстаў i адзеўся. Нястомны голас працягваў:

Кажуць, з часам загояцца раны

I не ўспомнiш пра боль, пра ману.

Але слёзы i смех тых далёкiх уцех

Закрануць майго сэрца струну.

Зашпiлiўшы папругу свайго камбiнезона, ён прайшоў праз пакой да акна. Сонца ўжо схавалася за дамамi i болей не асвятляла двор. Брук быў мокры, нiбы яго толькi што памылi, i яму здалося, што неба таксама толькi што памылi, такi свежы i бледны быў блакiт памiж комiнамi. Жанчына нястомна хадзiла сюды-туды, займаючы рот зашчэпкамi i вызваляючы яго, спяваючы i замаўкаючы, чапляючы i чапляючы на вяроўку пялюшкi, адну за адной. Ён падумаў: цi яна зарабляе праннем на жыццё, цi проста рабыня дваццацi або трыццацi ўнукаў. Джулiя падышла i стала побач. Яны стаялi разам i з нейкiм захапленнем пазiралi на мажную постаць унiзе. Ён глядзеў на жанчыну, што стаяла ў сваёй звычнай позе, падняўшы тоўстыя рукi да вяроўкi i выставiўшы магутны кабылiн азадак, i ўпершыню яму прыйшла ў галаву думка, што яна прыгожая. Дагэтуль ён нiколi не задумваўся над тым, што цела пяцiдзесяцiгадовай жанчыны, распертае да пачварных памераў шматлiкiмi цяжарнасцямi, зацвярдзелае i агрублае, зморшчанае, як пераспелая рэпа, можа быць прыгожае. Але гэтак было, дый урэшце чаму так не магло быць? Магутнае, бясформеннае, як глыба гранiту, цела, грубая чырвоная скура былi ў параўнаннi з дзявочым целам, як плод шыпшыны ў параўнаннi з кветкаю. Чаму ж плод мусiць цанiцца нiжэй за кветку?

– Яна прыгожая, - прашаптаў ён.

– У клубах не менш за метр, - сказала Джулiя.

– У яе свая прыгажосць, - адказаў Ўiнстан.

Ён стаяў, абдымаючы Джулiю за яе гнуткую талiю, i адчуваў яе нагу ад клуба да калена. З iх целаў нiколi не народзiцца дзiця. Гэта было адзiнае, чаго яны нiколi не змаглi б зрабiць. Толькi праз словы з аднаго розуму ў другi маглi яны перадаць свой сакрэт. У жанчыны з двара не было розуму, у яе былi толькi дужыя рукi, цёплае сэрца i плоднае ўлонне. Ён падумаў, колькi ж дзяцей яна магла нарадзiць за сваё жыццё. Магчыма, пятнаццаць. Некалi яна перажыла кароткую пару цвiцення, мо якi год красавала, як шыпшына, а пасля раптоўна разбухла, як угноены плод, счырванела, агрубла, i пасля пачалося бясконцае мыццё, прасаванне, прыборка, шыццё, гатаванне, падмятанне, выцiранне, цыраванне, мыццё, прасаванне, спачатку на дзяцей, пасля на ўнукаў - i гэтак трыццаць гадоў без прыстанку. I пасля ўсяго гэтага яна яшчэ i спявала. Таемная павага, якую ён адчуваў да яе, нейкiм чынам мяшалася з выглядам бледнага бясхмарнага неба, што неабсяжна распасцiралася за комiнамi блiжнiх дамоў. Было дзiўна ўявiць сабе, што неба было аднолькавае для ўсiх - i тут, i ў Эўразii, i ва Ўсходазii. I людзi пад гэтым небам былi таксама вельмi падобныя - паўсюль, ва ўсiм свеце, сотнi тысяч мiльёнаў людзей былi зусiм такiя самыя, яны не ведалi нiчога адны пра адных, падзеленыя мурамi нянавiсцi i хлуснi, i ўсё ж зусiм такiя самыя - людзi, якiя нiколi не вучылiся думаць, якiя назапашвалi ў сэрцах, жыватах i мышцах сiлу, якая аднойчы пераверне свет. Калi i ёсць надзея, дык сярод пролаў! Не дачытаўшы да канца кнiгу, ён ужо ведаў, што гэткае будзе апошняе слова Гольдштэйна. Будучыня належала пролам. Але цi мог ён быць пэўны, што, калi надыдзе iх час, свет, што яны пабудуюць, не будзе яму, Ўiнстану Смiту, гэткi ж чужы, як i свет Партыi? Мог, бо гэта быў бы, прынамсi, свет здаровага розуму. Раней цi пазней гэта мусiць адбыцца, сiла саступiць месца свядомасцi. Пролы бессмяротныя, у гэтым можна было не сумнявацца, пабачыўшы гэтую самавiтую постаць у двары. Урэшце яны абудзяцца. А пакуль гэтак станецца, хоць, можа, давялося б чакаць тысячу гадоў, яны будуць жыць насуперак усiм нягодам, як птушкi, перадаючы ад цела да цела сваю жывучасць, якой не стае Партыi i якую Партыя не можа знiшчыць.

– Памятаеш, - сказаў ён, - як дрозд спяваў нам у той першы дзень, на ўзлеску?

– Ён спяваў не нам, - адказала Джулiя.
– Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў.

Птушкi спявалi, пролы спявалi, толькi Партыя не спявала. Ва ўсiм свеце, у Лондане i Ню-Ёрку, у Афрыцы i Бразiлii, i ў таямнiчых забароненых краях за мяжою, на вулiцах Парыжа i Берлiна, у вёсках бясконцых раўнiн Расеi, на базарах Кiтая i Японii - паўсюль стаяла тая самая магутная непераможная постаць, знявечаная працай i нараджэннем дзяцей, прыгнечаная горам ад народзiнаў да смерцi, i спявала. З гэтага волатавага ўлоння аднойчы выйдзе род свядомых стварэнняў. Вы - мёртвыя, i будучыня належыць iм. Але вы маглi мець сваю долю ў той будучынi, калi б захавалi розум, як яны захавалi цела, i перадалi б нашчадкам сакрэтнае вучэнне аб тым, што двойчы два - чатыры.

– Мы мёртвыя, - сказаў ён.

– Мы мёртвыя, - пакорлiва згадзiлася Джулiя.

– Вы мёртвыя, - прамовiў сталёвы голас.

Яны адскочылi ў бакi. У Ўiнстана пахаладзела ў жываце. Ён бачыў бель вачэй Джулii вакол зрэнак. Твар у яе зрабiўся белы, як малако. Плямкi румяны ўсё яшчэ рэзка выдзялялiся на шчоках, нiбы адстаўшы ад скуры.

– Вы мёртвыя, - паўтарыў сталёвы голас.

– Ён быў за карцiнай, - прашаптала Джулiя.

– Ён быў за карцiнай, - сказаў голас.
– Заставайцеся на сваiх месцах. Нiводнага руху без загаду.

Пачалося, нарэшце пачалося! Яны не маглi зрабiць нiчога i толькi стаялi i ўзiралiся адно аднаму ў вочы. Уцячы, выбрацца з дому, пакуль не позна, - такая iдэя нават не прыйшла iм у галаву. Нельга было i падумаць пра тое, каб не паслухацца сталёвага голасу са сцяны. Штосьцi пстрыкнула, нiбы адсунулася засаўка, пачуўся звон бiтага шкла. Карцiна ўпала, адкрыўшы схаваны за ёй тэлегляд.

– Цяпер яны могуць нас бачыць, - сказала Джулiя.

– Цяпер мы можам вас бачыць, - сказаў голас.
– Выйдзiце на сярэдзiну пакоя. Станьце спiнай адно да аднаго. Рукi за галаву. Не дакранайцеся адно да аднаго.

Яны не дакраналiся, але яму здавалася, што ён адчуваў, як дрыжыць цела Джулii. А можа, дрыжала ягонае цела. Ён яшчэ мог сцiснуць зубы, каб яны не ляскалi, але каленямi ён валодаць ужо не мог. Пачуўся тупат ботаў знiзу, знутры i звонку дома. Здавалася, што ў двары поўна людзей. Нешта цяжкае валаклi па бруку. Жанчына раптоўна абарвала сваю песню. Тады пачуўся доўгi гулкi грукат, быццам балею кiнулi праз увесь двор, а пасля гамана незадаволеных галасоў, якая скончылася крыкам ад болю.

– Дом абкружаны, - сказаў Ўiнстан.

– Дом абкружаны, - сказаў голас.

Ён пачуў, як Джулiя з ляскатам сцiснула зубы.

– Думаю, мы ўсё ж можам развiтацца, - сказала яна.

– Вы можаце развiтацца, - сказаў голас.

А за iм другi голас, зусiм iншы, тонкi, культурны, якi Ўiнстан ужо недзе чуў, уставiў:

– Дарэчы, пакуль мы не адышлi ад тэмы.

Нешта гупнула на ложак за спiнай у Ўiнстана. Канец лесвiцы ўткнуўся ў акно i выбiў яго разам з рамай. Нехта залазiў праз акно. Са сходаў пачуўся грукат ботаў. Пакой напоўнiўся дужымi людзьмi ў чорнай унiформе, у падбiтых жалезам ботах i з кiямi ў руках.

Ўiнстан болей не дрыжаў. Нават вочы яго глядзелi нерухома. Цяпер было важна адно: стаяць спакойна, стаяць спакойна i не даваць iм зачэпкi збiць яго! Чалавек з гладкай баксёрскаю скiвiцай, дзе рот быў адно вузкаю шчылiнай, спынiўся насупраць яго, задумлiва пагойдваючы кiем, якi ён трымаў двума пальцамi. Iх позiркi сустрэлiся. Пачуццё галiзны, безабароннасцi, калi рукi за галавою, а твар i цела адкрыты для ўдараў, было амаль нясцерпнае. Чалавек высунуў кончык белага языка, аблiзнуў тое месца, дзе мусiлi быць вусны, i пайшоў далей. Зноў пачуўся грукат. Нехта ўзяў са стала шкляное прэс-пап'е i разбiў яго на друзачкi аб камiнную плiту.

Кавалачак каралу, маленькая ружовая галачка, як цукровая ружачка з торта, пакацiўся па дыване. Якiм жа маленькiм, падумаў Ўiнстан, ён заўсёды быў! Ззаду пачулася задышлiвае дыханне i глухi ўдар, i нехта балюча выцяў яго па хворай назе так, што ён ледзь не ўпаў на падлогу. Адзiн ударыў кулаком Джулii ў жывот, i яна сагнулася, як складны метр. Яна качалася па падлозе, хапаючы ротам паветра. Ўiнстан баяўся павярнуць галаву нават на мiлiметр, але часам яе смяротна-бледны задышлiвы твар трапляў у поле яго зроку. Нават гэтак застрашаны, ён быццам адчуваў боль у сваiм целе, жахлiвы боль, якi, аднак, быў не такi невыносны, як смяротная задышка. Ён ведаў гэтае пачуццё: страшны, пакутлiвы боль, якi не сунiмаецца нi на хвiлiну, цярпець якi няма змогi, бо найперш трэба здолець аддыхацца. Тады двое паднялi яе за каленi i за плечы i вынеслi, як мех, з пакоя. На нейкi момант Ўiнстан убачыў яе твар, бледны i скрыўлены пакутлiвымi курчамi, перавернуты дагары, з заплюшчанымi вачамi, з плямкамi румяны на шчоках. Ён бачыў яе апошнi раз.

Ён стаяў нерухома, як мёртвы. Яго яшчэ не бiлi. Думкi, што ўзнiкалi самi па сабе, але здавалiся зусiм нецiкавымi, пачалi праносiцца ў галаве. Цi схапiлi яны пана Чэрынгтана, падумаў ён. Што яны зрабiлi з жанчынаю ў двары? Ён адчуў, што яму нясцерпна хочацца справiць малую патрэбу, i здзiвiўся, бо зрабiў гэта дзве-тры гадзiны таму. Ён заўважыў, што гадзiннiк на камiннай палiчцы паказваў дзевяць, гэта значыць дваццаць адну гадзiну. Але на двары было занадта светла. Хiба жнiвеньскiм вечарам у дваццаць адну гадзiну ўжо не цямнее? Ён падумаў, што, можа, яны з Джулiяй пераблыталi час - праспалi поўны абарот гадзiннiка i думалi, што яшчэ дваццаць трыццаць, калi ў сапраўднасцi было ўжо нуль восем трыццаць наступнае ранiцы. Але ён не скончыў гэтае думкi. Яна была яму нецiкавая.

Поделиться с друзьями: