Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Адкуль з'яўляюцца яны...

Казлоў Анатоль

Шрифт:

Гэтыя думкі ўзніклі ў галаве зусім нечакана. Быццам нехта прашаптаў іх на вуха. Адразу стала лягчэй дыхаць і паспакайнела на сэрцы.

— На ўсё воля Боская,— нібы пачуўшы мае думкі, прамовіла Валя.

Пачварныя прывіды-здані яшчэ ямчэй гагатнулі ад слоў дзяўчыны. Яны ўсё цясней і цясней згуртоўваліся — і вось-вось піхнуць нас у чорнае зерава невядомасці землянога склепа.

Ад аднаго ўяўлення, што гэтыя брудныя тухлючкі дакрануцца да майго цела — ледзь не званітавала. Не чакаючы непрыемнага моманту, я схапіў Валю за танклявую талію і рашуча зрабіў крок у бяздонне...

***

Нудна рыпіць калымага. Яе рассохлыя колы падскокваюць на дарожным каменні, тузаюцца ў выбоінах. Дзед Гардзей цягне павозку за адзіную аглоблю, я ж падпіхваю збоку. Дрэнна, што ў дзеда няма каня. А больш за ўсё мне хочацца спаць. Ну і што, калі дах нашай хаты-зямлянкі павінен хутка абваліцца, а на сценах у палец таўшчынёй мокрая цвіль. Проста трэба больш прапаліць дроў у грубачцы ды накрыцца дзяружкай — во і было б цёпла. I жылі б далей так з дзедам. Тады б цяпер я яшчэ спаў, а дзед наварыў бы размочанага бобу. Ен такі смачны і мяккі.

— Падсабляй, падсабляй, хлопча. Не так ужо і далё­ка засталося. У Яўхіма табе будзе і ўежна, і добра. Дужа цёплая, яшчэ новая ў яго хата і багаты стол. Мне ўжо, дзетка, не перазімаваць. Просяцца косці ў зямлю, спакою хочацца. Яўхім жа выведзе цябе ў людзі. Ен хоць і страшнаваты чалавек, але падбірае сірот, ставіць на ногі і пускае ў свет. Можа, у яго і не адзін ты будзеш, то і добра, усё ж весялей. А за мяне хай не баліць твая душа. Ты ж падсабляў рабіць дамавіну. Як толькі мне няўмоц пагоршае, я туды і лягу. Як-небудзь усцягну накрыўку, а ўжо пасля зімы папросішся ў Яўхіма, прыйдзеш на наш хутар і пахаваеш мяне. Калі яшчэ здолею, то і яміну выкапаю, каб клопатаў менш табе было. Во так, хлопча, усё і зладзіцца.— Дзед Гардзей яшчэ нешта гаворыць, але я не чуў. Вочы засвяціліся слязамі, а сэрца гоцкае так, што, здаецца, выскачыць праз вушы. Ці лёгка яму так гаварыць, а мне слухаць?

Ен адзіны чалавек, які любіць і гадуе мяне. Не, ужо не гадуе, а гадаваў.

Яўхіма я баюся. Hi разу не бачыў, а баюся. Хто б толькі не заходзіў да нас, а калі ўспаміналася імя Яўхіма — гаворка спынялася. Людзі адчувалі сябе чамусьці вінаватымі, адзін ад аднаго хавалі вочы і хутчэй парываліся пайсці з зямлянкі. Але дзед яго паважае і мо таму давярае мяне толькі Яўхіму. Дзед Гардзей нічога дрэннага не хоча ж мне, а тады чаго страшыцца. I я не буду баяцца, я ужо не баюся.

3 горкі каламажка пакацілася шпарчэй. Перацягнулі яе праз грудок напаўзгнілых галін, збочылі на сцежку.

— Вунь і Яўхімава хата. Ты пачакаеш мяне каля варотаў, а я перагавару з гаспадаром. Ен ведае аб нашым прыходзе, то я ўладкую усё хутка.

Яўхімава хата была быццам груган — бліскуча-чорная. Ці то дзёгцем выпацканая, мо нейкім тавотам. Ва ўсялякім разе плечуком да яе не прыхілішся. 3 коміна вырываўся сажны дым, густы і цягучы, як перапаленая смала. Ці не ад яго так брыдка пахла навокал. Дзед Гардзей знік за цяжкімі дзвярыма сенцаў. I адразу ж на ганак ускочыў чарнейшы за восеньскую ноч певень. Уважліва агледзеўся навокал і як вой-абаронца застыў на месцы, шырока растапырыўшы крылы.

«Вось тут цяпер і буду жыць. Не хочацца, як мне не хочацца. А можа, збегчы куды-небудзь. Так далёка, каб не бачыць гэтых непраходных лясоў і балот, ёдкіх туманаў і няўшчукных дажджоў. Дзесьці ж ёсць і другі свет: цяплейшы і святлейшы — лепшы. Дзеду Гардзею ўсё роўна паміраць, ад мяне яму ніякай помачы не трэба. Усё, кідаю калымагу і промільгам, на перарыў дыху ў нябачны лепшы свет уцяку. Пачакаю адну хвілю і ўцяку». Але не паспеў я адпіхнуцца ад каламажкі з нейкім дзедавым начыннем, як адчыніліся дзверы з сянец. На парозе ўзніклі дзед Гардзей і другі, гарбаценькі і ўвесь у валасах, што той мядзведзь, стары, відаць, сам гаспадар Яўхім. Ен стаяў уладна, як цельпушок, нейкае імгненне паядаў мяне халодным позіркам, але вось узняў руку і ленавата хіснуў, падзываючы да сябе.

— Цяпер ён твой і бацька, і матка, заступнік і абаронца,— мне чуліся ў голасе дзеда Гардзея нейкая скруха і жаль.— Слухайся яго і будзеш Уладаром. Я ж правільна кажу, Яўхім? Ну вось! Аддаю яго табе. Вучы. I як гаварылі продкі: косці нашы, а мяса ваша. Забірай каламажку і хлопца, а я пайшоў.

— Сіла ў жылы твае,— буркнуў Яўхім. I дзед Гар­дзей пайшоў, ні разу не азірнуўшыся.

— Імя цяпер тваё Марка! — ляпнуў Яўхім па маім плячы.

Не ведаю як, але ўлавіў я і недаказаныя камлюкаватым гарбуном словы: «... і прыйдзецца жыць табе, як Марку ў пекле...» Далей жа ў вушах загучала песня ды такая жаллівая і самотная, што аж выціснула сэрца, як анучку, працяла кожны пазванок спіны... «Доля ж твая горкая, гарчэй палыну... Гарчэй тваёй долечкі ў свеце няма...» Так магла спяваць толькі маці, мая матуля, якую я не памятаў, а мо і не бачыў. Але ж зараз яна спявала песню мне, спявала крадком, аднаму-адзінюсенькаму на вуха.

— Чаго калом стаў, ідзі ў хату! — Яўхім піхнуў ў плечы, і я выцяўся скроняй аб вушак дзвярэй.

«Хай цябе, гарбун кляны, на Здзьвігі гадаўкі і цмокі аплятуць»,— сам сабе вылаяўся я і зайшоў у прапахлыя кісляцінай сцены сянец. Яны былі вялізныя, не хапала вачэй, каб ахапіць усе закуткі, па якіх хаваўся абрыўкамі змрок. Паўсюль віднеліся ўбітыя ў сцяну драўляныя клямкі-вешальні, на якіх мясціліся невядомыя мне рэчы. Але адзін пучок я добра разгледзеў, гэта былі высушаныя і звязаныя за лапкі земляныя і вадзяныя жабы, побач вісела ці не каціная шкурка з бязвокім чэрапам.

— Хопіць выпячваць зенкі, яшчэ нагледзішся,— прыкрыкнуў гарбун,— заходзь у хату, там мы з табою пагаворым і абмазгуем тое-сёе.

Я не верыў сваім вачам — жылы пакой хаты быў яшчэ болыпы за сенцы. Падлога з чырванаватым адлівам гарачая, як чэрань грубачкі, на якой так добра грэлася ў дзеда Гардзея. Паўз глухую сцяну стаяла з тузін вялізных бліскучых місак, цэбраў на пяць кожная. 3 некаторых ішла пара, ружовая, шэрая, крывавая, з адценнем зеляніны. На вокнах, а іх усяго два — тоўстае палатно з плямамі і пацёкамі. Шэсць пугачоў з гарачымі вачыма сядзела на покуце, пад самай столлю. Пры нашым з’яўленні птушкі заварушыліся, залопалі крыламі. Падалося, што зараз яны накінуцца на мяне, як раз’юшаныя ваўкалакі.

— Сціхніце, погані,— буркнуў Яўхім.— А ты сядай на лаўку, за стол. Памяркуем, як жыць мусім і чаму вучыцца пачнем. Гардзей гаварыў, што хлопец ты не дурны. Гэта ўжо не так і мала. Цяпер скажы, ці ўмееш лічыць і хоць зболыпага чытаць?

— He-а, ня ўмею...

— За тыдзень навучышся, Варка падсобіць. Гэй, лярва, дзе ты там?! Выходзь на святло, да маіх вачэй! — гукнуў, здавалася, у пустую хату Яўхім-гарбун.

3 нейкага закутка выпаўзла дзяўчынка, мая пагодка з перапэцканым тварам і рукамі. Пудліва зірнуўшы на Яўхіма, яна ўгледзелася ў мяне.

Праз неверагодны лабірынт памяці, усплёскі нейка­га, а мо і нейчага мінулага я ўспомніў, што дзесьці ўжо бачыў яе. А мо і няпраўда. Хваравітае трызненне мазгоў, стомленасць. Але, няўжо гэта думкі мае? Адкуль яны плывуць, як прабіраюцца ў маю нішчымную і нікчэмную істоту? Фу!

— Варка, навучыш гэтага бейбуса хоць трохі чытаць і добра лічыць. Праз тыдзень праверу. Кніжкі ж, ты ведаеш, дзе ляжаць. 3 верхняй шуфляды не бяры, вучы па новых.

— Так, Уладар,— пісканула дзяўчынка і незаўважна знікла.

Поделиться с друзьями: