Адвечны покліч Радзімы
Шрифт:
Відаць, ён годна спрыяў святому роўнаапостальнаму князю Уладзіміру, якога ў народзе называлі Краснае Сонейка. Менавіта пры ім стала на крыло магутная слава Кіеўскай Русі, менавіта ён пачаў увядзенне хрысціянства ў 988 годзе. Гэтую богаспадобную справу дастойна асвячаў і візантыйскі абраз Божай Маці, змешчаны вялікім кіеўскім князем у спецыяльна збудаванай ім царкве Раства Прасвятой Багародзіцы. Цудатворную сілу абраза князь адчуў яшчэ падчас першай сустрэчы з Ганнай. Якраз тады ў яго забалелі вочы, а жонка параіла маліцца перад Святой Дзевай Марыяй. Дапамагло, як пасля гэтага здаралася не раз. Тысячы вернікаў з усіх бакоў сцякаліся ў кіеўскую Дзесяцінную царкву, каб схіліць галаву перад абразом Багародзіцы, папрасіць даравання, спрыяння, дапамогі, збаўлення ад хваробы. Усім добрым людзям дапамага Божая маці.
Праз усё жыццё гэтая святыня мела для князя асаблівае значэнне, накіроўвала яго на добрыя справы, стрымлівала ад благога. Так яны і паядналіся ў сваіх клопатах пра лёс той зямлі і таго люду – вялікі князь Уладзімір і старадаўні візантыйскі абраз Божай Маці, заступніцы ўсіх пакрыўджаных
Ды Дзесяціннаму храму, як і наогул Кіеўскаму княству, выпаў суровы лёс. Найбольшае разбурэнне прынеслі царкве ў 1240 годзе мангола-татары. Пасля нашэсця мангольскага хана Батыя, унука Чынгісхана і пазнейшага хана Залатой Арды, царква амаль 400 гадоў ляжала ў руінах. Дзе ў гэты час знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці, невядома.
Аднак далейшыя звесткі пра яго звязаны з ханам Менглі-Гірэем, сынам былога лідскага старасты Хаджы-Гірэя. Калі войскі Менглі ў чарговы раз напалі на Кіеў, адзін з ягоных воінаў абадраў з абраза ўсе каштоўныя ўпрыгожанні, а саму ікону кінуў у Днепр. Ды Божая апека не пакінула цудатворны абраз.
Праз некалькі гадоў ён нечакана з’явіўся на рацэ Свіслач, ля самага горада Менска, акурат перад княскім замкам. Здарылася гэта па старым стылі 13 жніўня 1500 года. Людзей, якія ў той час знаходзіліся ля ракі, здзівіла і прывабіла нязвыклае святло і ззянне, што сыходзілі з вады. Калі прыгледзеліся, убачылі святы абраз. Вернікі паднялі яго і з вялікай пашанай перанеслі ў замкавую царкву Раства Прасвятое Багародзіцы. Там святыню ўшаноўвалі і атрымлівалі збаўленне ад розных бед і непамыснасцяў цягам 116 гадоў.
З даўніх часін Багародзіца выступае як надзейная абаронца людзей ад усіх бед і нягод, засцерагае іх ад нячыстай сілы, суцяшае пакрыўджаных, заступаецца за дзяцей, спрыяе параненым. Нездарма ў воінаў, у тым ліку падчас Вялікай Айчыннай вайны з фашыстамі, як самыя дарагія амулеты захоўваліся на шыі вузельчыкі з перапісанай малітвай да Прасвятой Багародзіцы.
Калі ж на землях Вялікага княства Літоўскга пачалося высвятленне ўзаемаадносін паміж вернікамі розных рэлігійных накірункаў, абраз Божай Маці з замкавай царквы Мінска перанеслі ў царкву базыльянскага манастыра Святога Духа. Пасля ікона пабывала ў Петрапаўлаўскім і Свята-Духавым кафедральных саборах.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны абраз апынуўся на складзе непатрэбных рэчаў паблізу Дома афіцэраў у Мінску. Аднак цудатворная моц і Божая засцярога ўратавалі ікону. Набожная кабета знайшла сярод друзу старадаўнюю каштоўнасць. Абраз старанна адрэстаўравалі і змясцілі ў тагачаснай Петрапаўлаўскай царкве. А ў 1945 годзе святыня была перанесена ў кафедральны Свята-Духаў сабор, дзе знаходзіцца і да гэтага часу.
Як пакутная вандроўніца, Мінская ікона Божай Маці разам са сваімі вернікамі спазнала горыч страт і нястач, радасць пастаяннага вяртання да жыцця. Яна стала надзейнай абярэжніцай Мінска, ахоўніцай лёсу і жыцця жыхароў беларускай сталіцы і ўсіх насельнікаў нашага краю. Нездарма вобраз Багародзіцы змешчаны на сённяшнім гербе старажытнага Мінска.
Больш як тысячагадовай даўніны абраз і дагэтуль не выракся свайго цудадзейнага спрыяння. Людзі наталяюцца ягонай моцай, якая гартуе дух, дапамагае стаць руплівым гаспадаром гэтай зямлі, назоў якой праз вякі поклічным звонам гучыць для нашчадкаў вялікіх спраў. І назоў гэты разам з меладычнымі званамі галоўнага храма нашай краіны, разам з жыццятворным святлом Мінскага абраза Божай Маці штодзённа цэдзіцца над зберажонай Богам Беларуссю.
А шчырыя вернікі пасылаюць сваёй заступніцы словы шчырага малення. Як некалі, на пачатку ХVІ стагоддзя, звяртаўся да Багародзіцы слынны беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі ў сваёй вядомай паэме “Песня пра зубра”:
Боская Маці, Прачыстая дзева Марыя… О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў Першай заступніцай люду, і ты заступіся! Як птушаняты ў нягоду пад матчына крылле, Так пад тваю абарону і мы прыбягаем. Хай хто пакрыўдзіць дзіця, і малое заплача – Маці ж прыгорне крывінку сваю і суцешыць. Ты – наша маці-заступніца, мы – твае дзеці.“ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА” МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА
Непрыцьмелай дагэтуль таленавітай паэтычнай старонкай нашай гісторыі справядліва лічыцца амаль 500-гадовай даўнасці паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Вялікі паплечнік Францыска Скарыны Мікола Гусоўскі, якога ставілі ўпоравень з выдатным італьянскім паэтам эпохі Адраджэння Петраркам, узяўся давесці да еўрапейскага свету, што існуе такі запаведны і запаветны край, дзе вольна пачуваецца не толькі цар тутэйшай прыроды зубр, але і гаспадар усяго гэтага – тутэйшы чалавек. А дзяржава тая – гэткая ж цывілізаваная, як і іншыя. І завецца яна Вялікім княствам Літоўскім.
Гусоўскі ствараў паэму на лацінскай мове, далёка ад беларускіх краявідаў -- “на зямлі апенінскай”. Паэту пашэнціла паблукаць па свеце, пабачыць чужыя краіны, пазнаёміцца з іншымі народамі. Але ўражанні аб дамашнім былі такой моцы, што ён пакляўся: “Я прысягаю: заўжды, да апошняга слова пець толькі праўду”. Таму паэма моцна дыхае настальгіяй па родным, дарагім і незабыўным. Бо як бы ні было добра сярод чужых людзей, а свая зямелька жыла ў душы сапраўднай песняй.
Першым памкненнем Гусоўскага было паказаць моц, сілу і прыгажосць беларускага зубра. Але для сапраўднага майстра гэтага аказалася мала. Аповяд перарос у хваласпеў роднаму краю, яго прыродзе, людзям і ўладарам. Шмат у паэме аўтабіяграфічнага. З тэксту бачна, што Гусоўскі належаў да адважных і спрытных паляўнічых і таму “налаўчыўся распісвацца лукам”. А “ўмельства сваё праявіць і ў пісьменстве прыгожым” вырашыў дзеля таго, каб распавесці пра справы і дзеі на землях Вялікага княства. Ён меў на гэта і права – як мастак слова, і падставы – “край свой (цяпер ужо ўласнасць Кароны) калісьці я перамераў уздоўжкі і ўпоперак пешшу”. І спрыт свой пераняў ад старэйшых -- “змалку ад бацькі вучыўся”. Ды яшчэ, вядомая рэч, спасцігаў мудрасць чалавечую, назапашаную іншымі.
Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх, Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.Дык чаму ж гэткаму абазнанаму ўлюбёнцу ў свой край і ў сваіх людзей было не ўзяцца за справу летапісання іхніх жыццёвых варункаў і вызначэння лёсу і месца Вялікага княства на гістарычных еўрапейскіх скрыжаваннях? З вартай бацькаўшчыны ўзнёсласцю і ўзрушанасцю выспеўвае ён моц, прыгажосць, непаўторнасць адзінага на свеце роднага краю. “Песня пра зубра” першы буйны рэалістычны і эпічны твор пра нашу краіну.
А хто ж ён сам – Мікола Гусоўскі? Паэт? Паляўнічы? Дыпламат? І тое, і другое, і трэцяе. Нарадзіўся ў 1470-я гады, верагодна, у в. Уса альбо Усава ў цэнтральнай Беларусі, у сям’і лоўчага. Памёр каля 1533 года ў Польшчы. У сталыя гады нёс службу пры двары свайго мецэната плоцкага біскупа Эразма Вітэлія, які ў 1492—99 гадах меў пасаду сакратара велікакняскай канцылярыі ў стольнай Вільні.
У 1518 годзе разам з пасольствам Вялікага княства і Польшчы Гусоўскі выправіўся да Папы Льва Х у Рым, дзе прабыў пяць гадоў. Менавіта тут ён напісаў “Песню пра зубра” і 11 вершаў. Першы паэтычны зборнік з гэтымі творамі выйшаў у тагачаснай польскай сталіцы Кракаве ў 1523 годзе. Да беларусаў жа выдатны твор дайшоў толькі праз 444 гады. У 1967 годзе ўпершыню на беларускую мову паэму пераўвасобіў выдатны перакладчык многіх класічных твораў Язэп Семяжон.