Афганская шкатулка
Шрифт:
Я рвануўся на кухню, падскочыў да мяхоў, нагамі і рукамі параскідваў, паадцягваў іх у бакі, упаў на коленцы. Плінтус пад батарэяй быў сарваны, край лінолеума карабаціўся. Я пацягнуў яго на сябе, ён паддаўся, адлупіўся кавалкам усяго ў які метр квадратны — больш яны і ададраць не паспелі! — і ў пліце перакрыцця адкрылася дзірка-"дупло", акурат як вавёрчынае, — невялікае, правільнай круглай формы. Я ўсунуў туды руку і, усё яшчэ не верачы сабе, абдзіраючы аб шурпаты бетон пазногці і пальцы, пачаў мацаць у пустым тайніку…
Крывіцкі стаяў у дзвярах і паглядаў на мяне, як на вар'ята.
Хістаючыся, я падняўся з кален, абцёр аб штаны рукі. Не ведаю, грамадзянін следчы, што кіравала тады мною, чаму я зрабіў тое, што зрабіў… Можа, хоць крыху тлумачэннем паслужыць адна гісторыя (Вы павінны ведаць яе, грамадзянін следчы). Неяк яшчэ ў часы кампаніі супраць п'янства двое мужчын падбеглі да гарэлачнага аддзела, а ён закрыўся ў іх перад носам, і тады адзін, нядоўга думаючы, з усяе сілы засмаліў другому ў вуха. "За што?!" — заенчыў той. — "А што ж рабіць?! Ну вось што рабіць?!" — у роспачы адказаў другі. Гэта, грамадзянін следчы, як мне здаецца, вельмі тонкі, псіхалагічны анекдот, які перадае дзеянні чалавека ў становішчы афекту…
"Што рабіць?! Ну вось што рабіць?!"
Я падышоў да Крывіцкага і голасам, якога сам не пазнаў, папрасіў:
— Стукні мяне, калі ласка. Толькі моцна!
— Ты што? — адхіснуўся ён.
Вось тады, грамадзянін следчы, я і нанёс Крывіцкаму тыя самыя "лёгкія цялесныя пашкоджанні", што фігуруюць у маёй справе. Я ўдарыў яго ў пераносіцу, а калі ён, ускрыкнуўшы, сагнуўся, я ўзяў яго за валасы і пару разоў ударыў яму каленам у твар. Затым, пераступіўшы праз яго, скурчанага ў дзвярах кухні, выйшаў, нават не азірнуўшыся.
Усё далейшае Вы, грамадзянін следчы, ведаеце. Крывіцкі зняў пабоі і напісаў на мяне перш адну заяву, а потым, калі ўбачыў тайнік, здагадаўся, што золата ляжала ў яго пад носам; тады ад злосці, ад адчаю, што сам не дапетрыў, ён і накатаў на мяне заяву другую — хлуслівую ад першага да апошняга слова.
На Вашым месцы, грамадзянін следчы, я дапытаў бы самога пацярпелага — няхай успомніць, якіх майстроў ён выклікаў тады (хоць без сумнення, канцоў не знойдзеш, дурных мала)…
Зыходзячы з усяго вышэй напісанага, прашу Вас, грамадзянін следчы, у абвінаваўчым заключэнні адзначыць наступнае:
1) маё чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне;
2) што пабоі, нанесеныя Крывіцкаму, экспертызай прызнаныя "лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі, якія не пагражаюць здароўю пацярпелага";
3) што я знаходзіўся ў стане афекту;
і 4) што я і без таго пакараны маральна. Я ніяк не магу звыкціся з тым, што мог бы атрымаць усё, а па ўласнай дурасці застаўся ні з чым. У мяне ўвесь час баліць галава, я не магу есці і спаць. Няўжо ўсё гэта — недастатковая кара?..
На заканчэнне таксама вельмі прашу Вас, грамадзянін следчы, пахадайнічаць перад пракурорам, каб утрыманне ў КПЗ мне замянілі на "падпіску аб нявыездзе", — да суда, вядома.
1995 г.
Дарожнае знаёмства
Усе нашы выказванні маюць іншы сэнс, які ўтойваецца і які пагэтаму больш значны; неасцярожна і недастаткова задавальняцца прамым сэнсам слоў, бо і сны нашы сімвалічныя, і творчасць — сімвалічная.
I
Празаіку Н., якога ў мінскім літаратурным асяроддзі адны называлі «маладым пісьменнікам», другія — «дзядзькам, якому пайшоў чацвёрты дзесятак» (напраўдзе яму было роўна трыццаць адзін год), прысніўся сон.
Сон падзяляўся на дзве часткі. Першая: снілася нейкая дзяўчына, трохі падобная на ягоную жонку, але зусім чужая і разам з тым вельмі свая, блізкая, і Н. чамусьці ўпрошвае яе быць з ім, каб потым ехаць некуды разам, і тады ён скажа ёй штосьці важнае, прызнаецца ў нечым. Дзяўчына вагаецца, раздумвае і ўрэшце згаджаецца ехаць, толькі не з Н., а з іншым. Н. едзе з імі ў цягніку, у суседнім купэ, чуе іхнія размовы, смех, яму сумна і горка… Раптам каля Бабруйска на цягнік налятаюць нямецкія самалёты, свіст бомбаў, выбухі, крыкі, кроў… Н. разумее, што трэба спыніць сон, і гэта ў яго ўладзе. Ён спыняе сон, і вось тая ж дзяўчына, ужо недзе ў Мінску, стаіць перад ім, вінавата цярэбіць яго за рукаў, просіць прабачэння. "Цяпер я разумею, — кажа яна, — што трэба было ехаць з табою, цябе паслухацца". Н., шчаслівы, адказвае: "Давай так і зробім, я магу вярнуць усё да пачатку!"
І другая частка сну: яны з дзяўчынаю едуць у адным купэ, спакойна мінаюць Бабруйск і ніхто іх не бамбіць.
Прачнуўшыся, Н. успомніў сон да драбніцаў, да інтанацыі дзявочага голасу. Што гэта магло значыць?
Ну, з цягніком і з дарогаю ясна — сёння ўвечары Н. збіраўся ехаць у вёску да маці, і быў куплены білет. Нямецкія самалёты — з учарашняга фільма пра вайну. Але адкуль дзяўчына і, галоўнае, што за "вяртанне да пачатку"? Мабыць, гэта звязана з п'есаю. Справа ў тым, што Н. пісаў п'есу і тыдзень біўся над другой карцінаю, не мог псіхалагічна абгрунтаваць дзеянні галоўнай гераіні, дзяўчынкі. "Вярнуцца да пачатку" азначала, відаць, перарабіць гэтую карціну зусім па-новаму, замест сустрэчы галоўнай гераіні з яе жаніхом зрабіць яе сустрэчу з чалавекам другасным. Ну, вядома! Тады не будзе "бамбёжкі", "крушэння цягніка", г. зн. не будзе правалу ў тым месцы п'есы.
Зрабіўшы такі псіхааналіз, Н. супакоіўся і адразу забыў пра сон. І без таго наперадзе хапала клопатаў. Найперш пазычыць у каго грошай, каб паказаць маці, што ён не жабрак (а потым прывезці тыя грошы назад у Мінск і аддаць), пабегаць па крамах…
II
Цягнік выязджае з Мінска позна ўвечары.
Самае цікавае — прыехаць на вакзал раней, тады адным з першых улезці ў вагон, заняць сваё месца ў купэ, законнае, пацверджанае строгімі лічбамі на жоўтым прыгожым квітку, і чакаць, угадваць, хто будзе тваімі спадарожнымі.
Самае нецікавае — калі гэтыя спадарожныя балбатуны, п'яніцы, храпуны, маладыя маці з піскунамі-немаўлятамі, карцёжнікі. Заплюшчваеш вочы і просіш Бога аб адной маленькай ласцы — не пасылаць такіх.
І Бог памагае. Насупраць, на ніжняй паліцы ўладкоўваецца ўкраінка гадоў за сорак ("кількі пасцель каштаваціме?"), вясковая, з клункамі, абвязаная хусткаю — зубы баляць. Другі пасажыр — мужчына, цвярозы, сеў, дастаў газету. Вось і цудоўна.
Можна глядзець цёмнае акно на свой адбітак, можна прыціснуцца бліжэй да шкла і глядзець на мокры ад расталага снегу перон, на якім мітусяцца пасажыры. Можна перавесці вочы на жанчыну-гаротніцу і ў душы парадавацца, што ў цябе нічога не баліць. Можна паглядзець на мужчыну, хоць у яго знешнасці нічога цікавага — нос, рот, акуляры, сівыя вусы. Можна ўгадваць, хто зараз прыйдзе ў купэ чацвёртым.
А лепш проста заплюшчыць вочы і думаць.
Хоць бы пра п'есу: што, калі Наташу — галоўную гераіню — рабіць не «крутой», не сучаснай, а выдуманай, набожнай красуняю, з чыстай светлай душою… І маналог: "Не думайце, што ўсё купляецца і прадаецца! Вашыя грошы для мяне не больш чым смецце!", — і пачак даляраў на дробныя шматкі… Лухта нейкая.
Можна думаць пра рэцэнзію (у адной газеце нядаўна выйшла рэцэнзія на другую кніжку Н.). А яшчэ лепш пра рэцэнзента, які каменя на камені не пакінуў ад яго прозы. Акрамя тупой злосці, якою дыхаў кожны радок рэцэнзіі. Н. было ясна, што рэцэнзент нават не чытаў яго кнігі, ён яе прагартаў у лепшым выпадку (напрыклад, адна аповесць пачыналася словамі "Стаяла лета", а рэцэнзент пісаў: "Асабліва брыдка ў пачатку аповесці паказана зіма"). Не, і гэта лухта.