Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
А Юду Іскарыёта я адвёў убок пасьля трапезы й сказаў яму: З тваіх трыццаці срэбранікаў пакінь мне адзін за тое, што я прамаўчаў, калі Сымон Пётр спытаўся ў мяне.
Разьдзел дзевяты. У якім кандыдат Айцэн спазнае сілу слова, асабліва калі яно скіравана супроць жыдоў
Хто можа быць весялейшы за чалавека, які шчасьліва прайшоў праз выспыты? Ён пачувае сябе так, быццам у яго з сэрца ссыпаўся цэлы мех каменьня, ён радасна галялёкае, ну, хай сабе й не на ўсё горла, але глыбока ў душы, і можа вырваць паўтузіна дрэў, быццам яны тоненькія бадылінкі.
Пры ўсёй палёгцы й ажыўленасьці юны Айцэн, цяпер ужо амаль магістр, ні ў якім разе не забывае, каму запазычыўся на аддзяку: у першую чаргу Богу, ад якога йідзе ўсялякая ласка й мілата, у другую й пры гэтым адразу й шчыльненька за першай свайму сябру Лёйхтэнтрагеру. Богу ён прысьвячае прыгожую малітву, у якую ўкладвае ўсё, што ім рухала да, падчас і ў канцы экзамена, а было тое — вялікі страх, які Бог зьняў зь яго, і пустата ў галаве, якую Бог якраз у патрэбны момант запоўніў найвучонейшымі думкамі, і ўпакоранасьць сэрца, якую даў яму Бог, каб ён правільна ўразіў ёю герства прафэсароў і дактароў унівэрсытэта й на чале ўсіх добрага доктара Марцінуса й магістра Мэланхтона. Да таго ж яшчэ й файны вершык, складзены ім у добрай Лютэравай спохватцы:
Пара экзаменаў прайшла, табе, мой Бог, за ўсё хвала. Ад Бога жджы найлепшых рад, пабожны пане кандыдат, і Бог паможа даць адказы на ўсе твае пытаньні зразу. Дык слава Госпаду тварцу — і Духу й Сыну і Айцу.Зусім іншае зь ягоным сябрам Гансам. Цуд раптоўнага азарэньня ведамі праз анёльскую прысутнасьць ясна ўказвае на тое, што ён, Ганс, быў прыладай у руках Госпада, параўнальнай толькі з добрымі анёламі, пра якіх ён, добры кандыдат Айцэн, так трапна далажыў на сваім экзамене, бо яны per definitionem ёсьць слугі, пасланцы й прычындалы Бога; праўда, сам Лёйхтэнтрагер выяўляе сабою, хоць крыкам крычы, вельмі малое падабенства з такога роду анёламі. Дык як жа яму аддзячыць? Грашыма? Але торбачка на нацельным паяску моцна схуднела, асабліва пасьля таго, як ён мусіў аплаціць магістарскую бэнц-папойку герства студэнтаў, якія праседжваюць такую самую лаўку, што й ён, тым часам як за вокнамі весела грае сонейка й пяшчотна вышчабечваюцца птушкі, а таксама герства інструкторэс, якія чыталі курс па historia сьвету й правільным законе божым; і ён, мусіць, павінен будзе пазычыць грошай у свайго сябра Ганса на аплату дарогі, калі, вядома, ня ісьці на паклон да жыдоў і ня браць у іх пад высокі чынш ці пад заклад палатна й шэрсьці ў лаўцы дарагога таты, дай яму, Божа, лёгенькага скону й вечнага шчасьця.
— Ганс, — кажа ён, — дарагі Бог, мабыць, задаволіцца малітвай і яму пахвальным вершыкам, але чаго хацецьмецца табе за тое, што пасабляў мне ў маёй патрэбе?
Лёйхтэнтрагер, як што закрычаў першы певень, сонна блямкае павекамі й разглядае юнага Айцэна, які стаіць перад ім у кашулі з голымі лыткамі, і кажа:
— Калі б твая душа была менш каштоўная за душы ўсіх пастараў, што куды ні плюнь — усюды яны, я сказаў бы, што, мусіткі, — яе. Але такіх тузін на грош, яны — як сонная рыба на рынку.
Айцэн пакрыўджаны; несьмяротныя душы добрых хрысьціян, ягоная таксама, не прадмет для такіў ганебных жартаў.
— Я сур'ёзна, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Я й сам ня ведаю, чаго мудохаюся з табою: ты ні герой, які наперадзе адважна парываецца ў бой, ні той, хто мае дар зьбіраць вакол сябе людзей, а думкі твае круцяцца па ўезджаных каляінах; але, можа, менавіта такія й пакліканы ўзьдзейнічаць у часы мізэрнасьці, бо што нам тыя твае Аляксандры й Сакраты, калі нават неба над намі, здаецца, ня вышэй за гэтую вось столь.
— Але ж Лютэр — вялікі чалавек, — кажа Айцэн, якому аж у лытках пахаладзела ад такой крамолы.
— Звычайна, твая рацыя, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Спачатку ён даў падсрачніка папу, а пасьля расшалопаў, што божы парадак, які высока ўвысі й нізка ўнізе, павінен заставацца. Так была збудавана моцная фартэцыя на кучы гною. Пра што твая казань сёньня раніцай?
— Думаю, пра жыдоў.
Лёйхтэнтрагер прыўстае, пачухвае бародку й выскаляецца.
— Гэта пра таго, хто ў цябе адшпіліў Маргрыт?
— Інстытут прапаведніцтва, — раздражнёна кажа Айцэн, — ад Бога, а гэты твой ад сатаны.
— Ай, звычайна, — кажа Лёйхтэнтрагер, — гэта ты робіш дзеля доктара Лютэра. Наслухаўся, як ён расьпінаўся супроць жыдоў, як бушаваў нядаўна ў доме ў магістра Мэланхтона; рыхтык, як кажа прарок: хто маўляе з вуснаў Госпада, смачна есьць і гладка едзе.
Айцэн злуецца.
— У мяне свае словы ёсьць. — Ён хоча сказаць яшчэ больш; як гэта сябру заскочыла ў галаву высьмейваць яго, але цугляе сваю хэнць, бо думае, што яму яшчэ той спатрэбіцца на казані, як тады перад герствам экзаменатарамі. — Ты ж будзеш каля мяне ў замкавай кірсе? — нерашуча пытаецца.
— Паўль, — кажа Лёйхтэнтрагер, — укінься ў нагавачкі; у цябе лыткі трымцяць, калені пакалоціш.
— Ты ж будзеш? — кажа Айцэн.
— Я нічога не забыўся ў тваёй кірсе, — кажа Лёйхтэнтрагер. — А тое, што будзеш прапаведаваць у сваёй казані, ты й безь мяне скажаш, я ўпэўнены.
— Дык ты што, за жыдоў? — пытаецца Айцэн, успамінаючы й ншага, з кім яго сябар Ганс меў дужа даверлівы абыход тае памятнае ночы.
— Жыды, — кажа Лёйхтэнтрагер, — выклятыя богам. Гэта, прынамсі, нешта, што іх вылучае. А што маюць астатнія народы?
Юны Айцэн, які ахвотна паверыў бы, што Бог клапатліва дбае пра яго й нават паслаў у гэтую юдоль смутку свайго роджанага сына, каб адмыць ад грахоў персанальна яго, палохаецца ад думкі, што таму, угары, можа, і праўда на ўсё напляваць, як намякае Лёйхтэнтрагер. Але не, калі ўжо не яго сябар Лёйхтэнтрагер, дык сам Бог будзе на ягоным баку, калі ён цяпер пойдзе, апранецца, пасёрбае мучное затаўкі, а пасьля з годнасьцю, якую з гэтага часу павінен будзе паказваць усюды, пройдзе ў замкавую кірху, каб там трымаць ранішнюю казань перад багавейнымі й крытычнымі вушамі доктара Марцінуса й настаўніка Мэланхтона. Не яго ж галава была, калі некалькі дзён таму назад была пустэльняй з напханымі ў яе навукамі, а ягоная галава была галавою ў поўным парадаку, калі апошняе ночы ён ператрос усе кнігі Майсея, шукаючы патрэбных выслоўяў, і знайшоў шмат чаго трапнага, а на патрэбу меў яшчэ й шпаргалік у кішэні, які павінен быў даць яму палёгку на тую крайнасьць, калі палёгкі ня будзе.
Дый раніца такая ясная, калі ён выходзіць у дзьверы, кропелькі расы блішчаць, як дыяманты й каштоўныя камяні, нават вада ў сьцёкавай рыне пасярэдзіне вуліцы люструе ясны божы дзень, і людзі, як і ён, пасьпяшаючы ў дом божы, вітаюць яго так сардэчна, аж ён спадціха нават думае, што якраз сёньня ня можа быць ніякай плягі, і адразу пасьля гэтага сам залікае да парадку, бо чорт спакон веку з тымі, каго апантала гардыня.
Ён добра ведае кірху зь яе высокім сьпічастым дахам, яе брамай, да якое колісь доктар Марцінус прыбіў свае тэзісы; так, думае юны Айцэн, з малога паўстае вялікае; крыху менш за сто фраз, а ўжо Рым скалануты, цьвярдыня антыхрыста. І думае далей, што, калі толькі будзе гаварыць з адвагай, дык і ягонае слова можа магутна паспрыяць на дабро хрысьціянству.
Падымаючыся на катэдру пасьля некалькіх пабожных сьпеваў, калі ўсё ўнізе аціхае й да яго паварочваюцца твары справа й зьлева йі ён апускае галаву ў ціхім благаньні, каб вымаліць дабраславеньне Госпада на ўдачу ягонай казані, каб не стаяў ён тут, як таўкач і заіка, ён успамінае пра многія выпадкі, калі сам сядзеў там унізе ў богабаязнай замілаванасьці, тым часам як тут угары на гэтай катэдры ўзвышаў голас ягоны настаўнік Мэланхтон, а тое часам і сам Лютэр. І ён пачынае:
— Любасныя! Мілата вам і мір у Хрысьце! — І зачытвае тэкст зь эвангэльля: — «А Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!» — І пачынае далей зноў ад сябе: — Любасныя! Глядзіце, такое адбывалася больш чым тысяча пяцьсот гадоў таму назад каля дома намесьніка Пілата ў Ерусаліме, і гэта быў адназначна габрэйскі народ, які патрабаваў крыві нашага Госпада й Збаўцы, патрабаваў укрыжаваньня. І гэты народ з такою віною сёньня жыве сярод нас і мае нахабнасьць верыць, што зямлю Ханаан, горад Ерусалім і Божы храм яны атрымалі ад Бога, ды яшчэ й сёньня ня могуць адмовіцца ад сваёй вар'яцкай пыхі ва ўпэўненасьці, што менавіта яны — Божы народ, хоць яны разьбітыя з рымскіх часоў, расьцярушаныя па сьвеце й да асноў сваіх асуджаныя і адкінутыя.