ЖАНРЫ

Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)
Шрифт:

I тут загучаў за агароджай поклiч баявога рога i пачуўся конскi тупат з глыбiнi лесу i на другiм беразе Нёмана.

"Сядлаць коней!
– крычаў князь - Сабак на вароты!" Расчыненыя вароты перакрылi возам, за iм сталi ў два шэрагi лучнiкi, а на iх ужо насоўваўся затулены шчытамi клiн. Мiндоўг пазнаў нальшанцаў. Быццам у пацверджанне за сцяною пачуўся шалёны крык "Нальша! Сокал! Наперад! Бi!" А дзесьцi ад вёскi даходзiў перакатам клiч жамойтаў - "Локiс! Прэнкi!". Князь узгадаў аб дзецях i скочыў па iх у хату. Агна, не ведаючы што трэба рабiць, стаяла з пляменнiкамi ў куце. "Выходзь да стайнi, - сказаў князь.
– Будзем прабiвацца. Хутчэй!" Яны выбеглi на двор. Каля брамы Мiндоўгавы i Даўмонтавы кметы ва ўпор расстрэльвалi адзiн аднаго. Скуголiлi пабiтыя сулiцамi ваўкарэзы. Параненыя ваяры курчылiся на зямлi, некалькi ўжо хрыпелi крывавай пенай. За стайняй конюхi секлi мацаванне адкiдной часткi агароджы. "Сыходзьце ў лес, - навучаў Мiндоўг.
– Калi мяне параняць, заб'юць - не спыняйцеся. Бяжыце да Войшалка!"

Нальшанскi клiн праламiў абарону i запаланяў двор. "Хутчэй!" - крыкнуў Мiндоўг конюхам. Тыя ўдарылi ў плыт, ён павалiўся i ў агароджы адкрыўся шырокi пралом, але асупроць яго за дзесяць крокаў стаялi напагатове ў некалькi шэрагаў лучнiкi з ялiнкавымi лапамi на шлемах. Пушчаныя iмi стрэлы звалiлi стаёўнiкаў i коней. "Мне не вырвацца!
– сказаў Мiндоўг Агне.
– Даруй!" Ён павярнуўся i пайшоў насустрач Даўмонту. За плячыма крэўскага князя стаяў Астап, ён быў у панцыры, ялiнкавая лапа, прымацаваная да бармiцы, высока тырчэла над ягоным шлемам. Мiндоўг i рынуўся да яго з крыкам "Здраднiк!" Але дарогу яму заступiў Даўмонт, i вялiкi князь лютымi ўдарамi прымусiў Даўмонта ступiць пару крокаў назад. Раптам крэўскi князь з драпежнай радасцю засмяяўся. "Азiрнiся, воўк!
– крыкнуў ён, апускаючы тапор.
– Дзе твае ваўчаняты?" Ён зноў адступiў на некалькi крокаў, каб князь не прыняў яго параду за хiтрасць. Мiндоўг азiрнуўся i ўбачыў, як падымаюць на дзiдах Руклю. Сын яшчэ быў жывы i клiкаў "Тата! Татка!" Мiндоўг кiнуўся да сына, знёс галаву аднаму з забойцаў, адсек руку другому, але тут яго спасцiг першы ўдар Даўмонта. Сякера нальшанскага князя рассекла яму ключыцу, i Мiндоўг выпусцiў меч. Сiла пакiдала яго, Даўмонтаў тапор адцiнаў яму ногi, прабiваў кальчугу, наблiжаўся да твару. Князь упаў, i пакуль не памёр, ачуваў, што Даўмонт сячэ яго на кавалкi...

Агна, закалажоная звярынай лютасцю, што панавала на двары, бязлiтасным забойствам, крывёю, рыкамi кметаў, стаяла ля сцяны стайнi. Толькi крык Руклi i ягоны твар, якi раптам узняўся над бiтвай, вырвалi яе са здранцвення. Яна ўбачыла дзiды, нацэленыя на Рэпiка i закрыла яго сабой. "Даўмонт! Не трэба! крычала яна.
– Злiтуйся..." Але сказаць "над дзецьмi" яна ўжо не паспела. Цяжкi ўдар дзiды прыбiў яе да сцяны. Яна ўбачыла дрэўка, што выходзiла з яе грудзей, ваяра, якi гэтае дрэўка трымаў. Яна пазнала маладога кмета, год назад ён скакаў побач яе ў Наваградак. Яна прыгадала ягонае iмя - Вiцень, i ўспомнiла, як яго збiвалi пасярод замкавага двара. Цяпер ён стаяў перад ёю без шлема, яго левае вока закрывала скураное навечча, у правым палала лютая нянавiсць. "Ты здрадзiла!" - чула яна ягоны голас. "Здрадзiла!", "Здрадзiла!", "Здрадзiла!" - паўтараў ён i бiў яе шырокiм нажом...

Туман наплываў на Агнiны вочы, скрозь ружовую заслону яна ўбачыла джала сулiцы ў Рэпiкавым горле, пунсовую паласу неба, Астапа з мечам, Даўмонта з сякерай. Даўмонт крочыў да яе, яна ўбачыла бляск ягонага тапара, i Вiцень перастаў крычаць "Здраднiца!", галава яго некуды знiкла, цела павалiлася на зямлю, i для Агны сцiхлi ўсе гукi, сцiх яе боль, i ўсе кметы, усе знаёмыя, Скурка, Астап, князь Даўмонт сталiся невядомымi, чужымi, непатрэбнымi, i яна адступiла ад iх ў выратавальную цемру...

Праз гадзiну забiтых пазносiлi ў хату, пакрылi саломай, абклалi хату галлём i паднеслi жарынку.

Стаяла бабiна лета, дзень быў ясны, цёплы, i высока ўзнiмаўся ў блакiтнае неба чорны развiтальны слуп дыму...

Князi не мелiся чакаць, калi загасне гэтае вогнiшча. Даўмонт, Трайнат, Астап селi на коней, ваяводы i сотнiкi пракрычалi кметам "У сядло!". Жамойцкi i нальшчанскi палкi расцягнулiся ў паходныя гуфы i зарысiлi лясной дарогай браць Наваградак. Цокалi аб камянi падковы, калыхалiся скрываўленыя сулiцы, трапяталi пад лёгкiм ветрам чырвоныя сцяжкi аддзелаў i рэзкiя ўскрыкi "Хо!", "Хо!" перакочвалiся па шэрагах, калi кметы прыспешвалi коней астрогамi.

Эпiлог

Таго ж дня Даўмонт стаяў пасярод замкавага двара. Усё споўнiлася i адбылося, як ён ўяўляў. Седзячы ў сядле, ён аглядаў гароднi, мураваную вежу, князскi дом, хацiны, ля якiх нема стаяла перапужаная мiндоўгава чэлядзь. Ён нiчога не казаў, бо словы былi непатрэбныя: калi нальшанскi князь увайшоў у Наваградак, значыць, Мiндоўг забiты, i тут будзе новы валадар. Год таму на гэтым двары князь Мiндоўг паклiкаў сваю смерць. Яна яго знайшла. Людзi, якiм Даўмонт паказаў, што выканаў закон помсты i ачышчаны, яго ўжо не цiкавiлi. Ён павярнуў каня i выехаў з замка.

Войшалк, якога прыхiльнiкi паспелi апавясцiць пра забойствы, уратаваўся ўцёкамi ў Пiнск.

Вялiкiм князем стаў Трайнат. Ягоны дваюродны брат Таўцiвiл лiчыў за сабой больш правоў наступаць Мiндоўгу, чым удзельнiк змовы. Ён прыехаў з Полацка ў Наваградак, каб забiць Трайната. Сустрэча двух братоў у каменнай вежы скончылася сечай, у якой Трайнат перамог.

Праз год былыя канюшыя Мiндоўга, падкупленыя Войшалкам, зарэзалi Трайната нажамi, калi ён парыўся ў лазнi.

Войшалк змянiў расу на браню, прывёў пiнскi полк i вярнуў бацькаў сталец. Ваявода Астап быў схоплены пагоняй, i Войшалк пасек разанскага князя ў капусту. Затым наваградскiя палкi вырушылi помсцiць Нальшчы. Даўмонт разам з дружынай уцёк у Пскоў, дзе яго прынялi князем з ўмоваю хрышчэння ў праваслаўную веру. Ён ахрысцiўся, узяў iмя Цiмафей i атрымаў у жонкi князёўну Марыю, унучку Аляксандра Неўскага. Неаднойчы вадзiў Даўмонт пскавiчоў у наезды на Лiтву i Нальшчу, аддаючы агню i мечу сваю былую зямлю. Век яго скончыўся ў 1299 годзе.

Войшалк валадарыў тры гады. З прынёманскага кастрышча прывёз ён попел бацькi i паблiзу Наваградскага замка насыпаў курган для вечнай памяцi пра вялiкага князя Мiндоўга. Змораны ўладай i крывёй, ён вярнуўся ў манастыр, перадаўшы княжы сталец ў 1267 годзе Шварну Данiлавiчу. Старэйшы брат Шварна князь Леў пакрыўдзiўся i забiў Войшалка мечам у манастырскай трапезнай. Так загас род Мiндоўгавiчаў...

А цi было б з усiмi гэтымi людзьмi iнакш, калi б князь Мiндоўг не пакiнуў Агну пры сабе?

Хто ведае? Магчыма, адшукалiся б iншыя падставы, каб спраўдзiўся наканаваны кожнаму лёс.

Поделиться с друзьями: