Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі
Шрифт:
Пераслед яе даведзеных да жаху рэшткаў — а іх гналі на працягу 5 міляў — стаўся падобны да бойні, якую спыніла ноч ды густыя пушчы, што ратавалі ўцекачоў ад імклівых вершнікаў Астрожскага. Але й там шмат хто знайшоў свой канец, загінуўшы ў балоце, заблукаўшы ў бяскрайнім лесе. Іншыя патанулі ў Дняпры ды Крапіўне, калі ў паніцы спрабавалі пераправіцца. Трупамі маскоўскіх ратнікаў былі ўсцяж засланыя палі паміж Воршай і Дуброўнай. Летапісцы лічылі, што пад Воршаю іх загінула ад 30 да 40 тысяч. Шмат хто трапіў у палон, у тым ліку ўсе вышэйшыя камандзіры: Булгакаў-Голіца, Чэляднін, якога дагналі, 8 іншых ваяводаў — разам 48 военачальнікаў, а таксама 1500 дваранаў.
Васіль ІІІ уцёк са Смаленска, калі пачуў пра такі вынік генеральнай бітвы, умацаваўшы перад тым смаленскі гарнізон ды павесіўшы на валах тых, хто быў гатовы здаць горад Астрожскаму (смаленскія князі, паны і ўладыка паспелі паведаміць гетману, што хочуць вярнуць Смаленск у Вялікае Княства Літоўскае). А Дарагабуж па дарозе на Маскву наагул загадаў спаліць — каб не скарыстаў непрыяцель.
Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 сама радавітых накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках [21] . Затым з 6-тысячным корпусам ды часткаю лёгкай артылерыі (усё браць не выпадала, бо восеньскія дажджы ўжо папсавалі дарогі) рушыў на Смаленск. Але дзеля прамаруджвання, недастатковай колькасці войска і асабліва гарматаў вярнуць горад адразу не ўдалося. Аблога ж зацягнулася і была малаэфектыўная. Таму, калі наблізіліся зімовыя халады, К. Астрожскі вырашыў вяртацца, так і не авалодаўшы стратэгічнай фартэцыяй. Ужо 3 снежня 1514 года ён трыумфальна ўязджаў у сталіцу праз Вострую Браму, як рымскі консул пасля вялікай перамогі, на чале сваіх пераможных харугваў, з багатаю здабычай і шматлікім палонам.
21
Вялікі князь маскоўскі даў зразумець, што для яго «той, хто трапіў у палон, — не жыве», ды быццам забыўся пра сваіх падданых. Паводле перапісу палонных 1525 і 1538 гадоў, «вязні вялікае бітвы» ўсё яшчэ сядзелі ў Берасці, Горадні, Драгічыне, Камянцы, Мсцібогаве, Новагародку, Слоніме, Коўні, Троках, Вільні і г.д. Трымалі іх у неблагіх умовах. Прыкладам, у Берасці на 15 вязняў кожны тыдзень апрача ўсяго давалі «па два бараны, і па два боханы на чалавека хлеба, і па 10 галаважэнь солі, і па бочцы піва».
Значэнне велікапышнай перамогі, здабытай на Крапіўне, наўрад можна было ацаніць адразу. У крытычны момант быў абаронены суверэнітэт дзяржавы, больш-менш стабілізавана становішча на ўсходзе краіны. На які час пацішэлі і крымскія наезнікі. А маральна стомленыя ад няўдач ваяры Княства нарэшце акрыліліся.
К. Астрожскі дамогся рэваншу за паразу на Вядрошы, звёў даўнія рахункі з Масквою. Ці здагадваўся гетман, што ягоная перамога стане адной з сама значных ваенных падзеяў у гісторыі шматвяковага супрацьстаяння Масквы і Вільні? Што яе будуць памятаць пакаленні. Што ў 1561 годзе, напярэдадні Полацкай вайны, Жыгімонт Аўгуст напіша Івану Жахліваму: «Калі хочаш бітвы, дык ідзі са сваім войскам да Воршы, дзе Канстанцін Астрожскі даў вам сябе ведаць» {16} . І ў 1564 годзе, калі ўдалося без асаблівых намаганняў адагнаць маскоўскія войскі ад Дуброўны, летапісец адзначыць, што «такой вялікай здабычы і пры вялікай бітве Аршанскай ня ўзята» {17} .
У той далёкай мінуўшчыне была складзеная песня, прысвечаная бітве пад Воршай {18} . Народны твор услаўляў князя Астрожскага і горад, пад якім ён здабыў вялікую перамогу:
Ой у нядзельку параненька Узышло сонца хмарненька, Узышло сонца над борам, Па-над Селецкім таборам, А ў таборы трубы йграюць, Да ваяцкае нарады зазываюць, Сталі рады адбываці, Адкуль Воршу здабываці: А ці з поля, а ці з лесу, А ці з рэчкі невялічкі? Ані з поля, ані з лесу, Толькі з рэчкі невялічкі. А ў нядзелю параненьку Сталі хлопцы-пяцігорцы Каля рэчкі на прыгорцы. Гучаць разам з самапалаў, З сяміпалых ад запалаў. Б'юць паўсоткаю з гарматаў. Масква стала наракаці, Места Воршу пакідаці, А як з Воршы ўцякалі, Рэчку невялічку пракліналі: «Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала, Як наша слава тутака прапала. Бадай высыхала да сканчэння свету, Што нашай славанькі ўжо нету». Слава Воршы ўжо ня горша. Слаўся, пан Астроскі!Тагачасны летапіс захаваў для нас словы ўзнёслай хвалы гетману і яго слаўнаму войску. Князь Канстанцін Іванавіч, які разграміў страшную непрыяцельскую сілу, «цэрквы Божыя хрысціянскія і шмат мужоў і жонак іхных ад гвалту абараніў», мужнасцю параўноўваўся з вялікім царом індыйскім Порам, армянскім царом Тыгранісам, македонскім Антыохам, а воі ягоныя — «вялікія выдатныя віцязі літоўскія сталі падобныя сваёй мужнасцю храбрым македанянам».
Летапісец прыгадаў словы прарока Ісаі: «За памнажэнне зла людзей і многія іх няпраўды праліецца кроў іх, як вада вялікая, харобрыя і гордыя ад мечаў загінуць, адзін ратны праўдзівы погоніць непраўдзівых 100, а ад ста загіне 1000 і плоць іх будзе на ежу жывёлам і птушкам, і косці іх на пазор усякай жывёле». Ды адзначыў, што на Крапіўне гэтае прароцтва і спраўдзілася: «Цяпер тым прароцтвам узнагародзіў Бог князя Канстанціна Іванавіча, найвышшага гетмана літоўскага, што яго справаю і яго смелага сэрца і рукі сягненнем людзі маскоўскага ворага пабілі і тых забітых плоці звяры і птушкі ядуць, па зямлі косці валочачы, а ўтопленых водамі рыбы клююць» {19} .
Падкрэсліўшы, што за здабытую перамогу Астрожскі варты таго, каб валодаць Ерусалімам, летапісец сканчаў аптымістычнымі зычэннямі: «Вялікаслаўнаму гаспадару каралю Жыгімонту Казіміравічу будзе гонар і слава на векі, перамогшаму недруга свайго вялікага князя Васіля маскоўскага, а гетману яго, выдатнаму князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, дай Божа здароўе і шчасце наперад лепшае, як цяпер; пабіў сілу вялікую маскоўскую, каб так пабіваў моцную раць татарскую, праліваючы кроў іх бусурманскую».
Праз некалькі гадоў пасля славутае бітвы была створаная вядомая карціна, на якой мастак маляўніча перадаў момант перад пачаткам бою. На палатне паказаны войскі Канстанціна Астрожскага ў часе завяршэння пераправы, а ўдалечыні — маскоўскія палкі. У цэнтры карціны змешчаны, праўдападобна, сам гетман найвышэйшы. На дзідах вершнікаў можна заўважыць трохкутныя штандары белага колеру з адной чырвонай палосай удоўж і другой, каля самага дрэўка, упоперак — гэта ці не сама раннія выявы сцяжкоў з беларускімі нацыянальнымі колерамі. Цяпер карціна захоўваецца ў Музеі Нарадовым у Варшаве {20} .
Тая акалічнасць, што пераможцам быў князь грэцкае веры, дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі ўсяму праваслаўнаму насельніцтву краіны. Скарыстаў з гэтага перадусім сам К. Астрожскі. Яшчэ на Крапіўне перад бітвай ён прасіў, звяртаючыся ў малітве да Божае Маці, дараваць яму перамогу і абяцаў за гэта збудаваць два праваслаўныя храмы. І 30 лістапада 1514 года, калі гетман найвышэйшы быў яшчэ ў дарозе да Вільні, Жыгімонт выдаў асобную грамату на яго імя, у якой пісаў: «…Паколькі мы навучаныя Святым Законам і Евангеллем даваць абяцанні Богу і выконваць іх…мы ласкава дазволілі пабудаваць цэрквы: Святой Тройцы — на ўзгорку, праз які ідуць да брамы, што па дарозе ў Меднікі, дзе была старая царква з манастыром пад гэтакім жа назовам Святой Тройцы, пабудаваная з дрэва, і Святога Мікалая, якога называюць Вялікім, пасярод места нашага Вільні, - пабудаваць абедзве з каменю». Асабліва значным было аднаўленне Траецкага храма і манастыра — адной з тых святыняў, якія мелі найбольшую пашану праваслаўных вернікаў краіны. Нездарма апякун гэтага манастыра адначасова быў і віленскім намеснікам мітрапаліта [22] . Мусіць, у тым жа часе стараннямі князя Астрожскага перабудаваная і Пакроўская царква ў Вільні.
22
Па хадайніцтве князя К.І.Астрожскага ў 1524 годзе Траецкі манастыр быў перададзены ў кіраванне архімандрыту Лаўрышаўскаму.
Што да міжнароднага значэння перамогі на Крапіўне, дык і яно мела тады асаблівую важнасць для краіны. Эўропа моцна ўразілася, калі пачула пра поўны разгром вялізнага войска маскавітаў. Жыгімонт пісаў пра перамогу рымскаму папу Леву Х і містру [23] Ордэна Альбрэхту. Першаму з іх, а таксама вугорскаму каралю ён нават паслаў у падарунак частку вяльможных вязняў, якіх, праўда, пераняў імператар і вярнуў Маскве. Сам рымскі папа святкаваў тады перамогу Жыгімонтавага гетмана над маскавітамі. А папскі легат Пізон адклаў запланаванае падарожжа ў Маскоўшчыну. Максімільян жа адмовіўся падпісваць ваенны дагавор 1514 года з Масквой і наагул не пажадаў браць на сябе аніякіх ваенных абавязкаў. Так разваліўся небяспечны альянс супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, мэты якога ставілі пад пагрозу самое існаванне гэтых дзяржаваў.
23
Містр (ад лац. magister — начальнік, настаўнік)— так нашы продкі называлі ўладароў нямецкіх ордэнаў.
Венскі кангрэс
Улетку 1515 года засядаў Венскі кангрэс, у якім бралі ўдзел імператар Максімільян, Жыгімонт і ягоны брат вугорскі кароль Уладыслаў. Манархі паразумеліся. Імператар рэзка змяніў сваё стаўленне да Жыгімонта. Іх прымірэнне мелася быць змацаванае шлюбам Жыгімонта з унучкай імператара італійскай прынцэсай Бонай. Максімільян канчаткова адмовіўся ад усіх тэрытарыяльных прэтэнзій, паабяцаў дапамагчы ў замірэнні з Масквою ды падкрэсліў сваю асаблівую прыязнасць да Кароны і Княства, сказаўшы, што цяпер ён «з Жыгімонтам гатовы пайсці і ў рай, і ў пекла». (Імператар трымаў сваё слова ды сапраўды адстойваў інтарэсы Вялікага Княства ў эўрапейскай палітыцы. Прыкладам, у 1518 годзе, калі заадно з Маскоўшчынай пачаў дзейнічаць нямецкі Ордэн, ён пераконваў містра Альбрэхта: «Цэласнасць Літвы неабходная для дабра ўсёй Эўропы: магутнасць Масковіі небяспечная».)
Тым часам вайна працягвалася, хоць і не з такой актыўнасцю ды размахам. Ужо ў студзені 1515 года пскоўскі намеснік А. Сабураў правёў 3-тысячную раць углыбкі Беларусі, падышоў да Рослаўля быццам бы здавацца. Калі ж абаронцы супакоіліся, ён напаў на горад, захапіў і спустошыў яго, пасля чаго з вялікім палонам і дабром уцёк да Пскова. Праз колькі месяцаў ізноў ад Пскова маскоўцы рушылі на паўночную Беларусь, былі спаленыя Друя і Браслаў, мноства людзей забрана ў палон. У сваю чаргу па Северскай зямлі ўдарылі з Кіеўшчыны Астап Дашкевіч з кіеўскім ваяводам Андрэем Няміровічам і крымскім царэвічам Махмет-Гірэем (за ўдалыя дзеянні супраць маскоўскіх і крымскіх войскаў Дашкевіч быў празваны Ромулам і меў вялікую павагу дняпроўскіх казакаў).