Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Як маешся? Пра сябе, мой любы Янучок, ты пiшаш скупа. Не зажурыўся ты ўжо па роднай хаце: Мяне цiкавiць кожная драбнiца твайго жыцьця. Дык наступным разам не ашчаджай чарнiла. Яго-ж, пэўне, у Вiльнi хапае?»
Ня ведаў юнак чаго ад дзяўчыны чакаць, асаблiва пасьля нязвычайнага разьвiтаньня.
— Янучок, ты здурэў? У Вiльню? Толькi курсы скончыў, а настаўнiчаць ня хочаш? I што табе з тэй гiмназii? Цi ты забыўся, што вайна цяперака? Чаго так далёка ад дому адлучацца?
Гаварыла на адхоне побач чыгункi стоячы. Янук забегся да Макатуноў зь цягнiка, калi прыехаў зь Вiльнi, каб забраць свае рэчы.
— Як гэта, чаму я здурэў? Дуня, што ты гаворыш? Я вучыцца хачу. Нагода, ведаеш…
— А я думала, што мы можа ў ваднэй школе з табой дзетак вучыць будзем. Так марылася, жадалася…
Ейны голас завагаўся, твар аблiўся чырваньню. Янук чакаў нямаведама чаго, намёкаў цi абяцанак. Дзяўчына набрала ўпэўненасьцi, расьцьвiла, разбуйнела, дзiва няма, што на настаўнiцкiх курсах хлопцы праходу ёй не давалi. Флiртам не абы якiм сталася. Неўзабаве яна, — прадчуваў гэта Янук, выпырхне зь цеснай i смуроднай Макатунiшынай хаты й зусiм ператворыцца ў кампэтэнтную, практычную й перадусiм прывабную настаўнiцу. А далей? Янук баяўся думаць.
I тады, пры гэнай апошняй сустрэчы, Янук ад Дунi нечага чакаў. А яна на захадзе сонца, з праменьнямi пазалочанымi пышнымi валосамi, зажуранымi васiлькамi-вачмi, расьцьвiла выдатнай красой. А з вуснаў што?
— Здурэў ты, Янучок мой любы. Чаго табе ў Вiльню, калi ты ўжо наўчыўся? Якi цябе чорт туды нясець?
Дзяўчына раптам спахапiлася. Твар ейны спаважнеў, а пасьля распагодзiўся вiнаватай, шчодрай усьмешкай, а вочы васiлькi пазiралi на яго задумана й абяцаюча.
— Знаеш, Янучок, гэта ня ты дурань, а я. Чаму й завошта я цябе лаю? Едзь, едзь, мой саколiк, я цябе нi дзяржу. Едзь i вучыся. У цябе-ж i галава не абы-якая, у цябе заўсёды быў вялiкi палёт. Ты-ж i паэт i пiсьменьнiк…
Янук зачырванеўся. Цяжка сказаць, цi дзяўчына гаварыла цяпер сур'ёзна, цi цыганiла. I ейныя ласкальныя «Янучок», «саколiк», «любы» зьбiвальi яго з тропу. Гэтак да малодшых дзяцей гаварылi старэйшыя, радня цi чужыя. А Дуня-ж — ягоная аднагодка. Што гэтым ласкальным сказаць хацела? Лепш-бы гаварыла да яго як сябры. Ато адным разам, як ужо раней бывала, уводзiла яго ў фiзычны азарт. а пасьля пакiдала, зрывалася, а цяпер гэтай сваей ласкальнасьцю, быццам яна яго, цi што…
— Лепш раскажы мне пра вiленскую беларускую гiмназiю. Кожную драбнiцу, усё, што ведаеш. Сядзь во тут, каля мяне.
Яна сьцягнула яго зусiм пад адхон, дзе пахла верасам i мятай. Дзесьцвi воддаль над балотам раскрычалiся вароны, а недзе блiжэй заскрыпела сарока. Адсюль, з упадзiны мiж насыпам i чыгункай, адно чыстае лёгкаблакiтнае, з рэдкiмi ваўнянымi хмаркамi на iм, неба натхняла спакоем i задуменнасьцю. Даўжэў цень бярозы, што лянiва шаптала лiсьцямi з другога боку чыгункi.
Нешта, — цi то агрэсыўнасьць дзяўчыны, цi то нейкая ейная зьверхнасьць, — зьвязала Януку язык.
— Што там казаць пра Вiльню… Прыехаў, здаў акзамiн, прынялi, ды i ўсё…
— Вось яно як! Як пугай стрэлiў: прыехаў, здаў акзамiн, прынялi. Як той рымскi палкаводзец: прыйшоў, убачыў, перамог!
Дунiн голас, здавалася, кпiў зь яго й квялiў яго. Юнак зiрнуў на яе коса.
— Пры чым тут рымскi палкаводзец? Так было.
Не, ня тое тады сказаць хацелася. Цяпер на бальконе Казьляковай хаты, з гарой Замкавай перад вачмi, шчымела сэрца. Стаяла перад iм яна, усiмi адценьнямi сакавiтага хараства распраменiўшыся, а ў задуманых i журлiвых дый гарэзных вачох загаралiся й танцавалi вясёлыя агеньчыкi. Вусенкi абяцалi пяшчоту, салодычы. I ў галаве ягонай гнязьдзiлiся словы, проста паэзiя-малiтва да дзяўчыны, якую нiколi-б не асьмелiўся выказаць:
«Дунечка, каханая цацанька мая! Прыгарнi, абдымi мяне, сьцiшы пажар у сэрцы маiм. I адно намякнi. Сьледам за табой пайду, разам дзетак будзем вучыць, можа лёс свой зьвяжам»…
«Не, гэта занадта празаiчна. Тут трэба было-б прыгожай Купалавай цi Багдановiчавай паэзiяй» — думаў Янук. Сама важнае, што карцiла яму, каб неяк зусiм канкрэтна выказаць дзяўчыне свае пачуцьцi. Ня мог адважыцца, проста забiрала дыханьне. I прыгадвае, што стаяў, хоць i прасiла побач яе прысесьцi. I пазiраў на яе зь пяшчотаю, сiлiўся думкамi, мабiлiзаваў адвагу, каб сказаць нешта надзвычайна важнае, прост-напраст манументальнае, такое, чаго зусiм не абдумаў, але што абвязкова мела быць сказанае. А замiж гэтага выйшла простае i ў гэным часе й месцы навет недарэчнае:
— Знаеш, Дуня, я табе пiсьмо зь Вiльнi напiшу, добра? Адпiшаш?
Дзяўчына ўважна зiрнула на яго. Цi здалося яму, цi ў тых каханых вачох кпiны?
— Ага, добра, адпiшу, — буркнула.
I маўчаньне. Яна нахiлiлася, сарвала галiнку верасу й разглядала яе. Калi-б Янук мог тады пасяброўску неяк выказаць тое, што хацеў цi думаў. Эмоцыя замiнала. Час ляцеў i Янук бачыў, што дзяўчына чакала пачуць ад яго нешта больш значнае, калi ўжо ня зусiм урачыстае. Гэта-ж, як-нiяк, расставаньне. Ужо шарэла. На захадзе выразна зазьзяла Мiлавiца, калi Дуня ўстала. У вачох яе анi ценю звычайна прысутнае там гарэзьлiвасьцi. Васiлькi пазiралi проста, напорыста, быццам хацелi Януку дзесьцi ў душу зазiрнуць.
— А я думала…
На твары зьявiлася заклапочанасьць, расьцярушанасьць.
— Думала, што ты i я… Дык не. Ну едзь. Так i трэба, Янучок. Едзь! Скора тамака пра мяне забудзешся й якую гарадзкую паненку знайдзеш… Нiхай сабе…
I яна раптам зьнiкла. Апошнiя словы, сказаныя зь вялiкiм нацiскам, тонам нейкай фiнальнасьцi. Дзяўчына зьнiкла з вачэй, а Янук, гарачынёю твар залiты, ногi аслабелыя, стаяў i дрыжэў, ня ведаючы цi дагнаць Дуню й прасiць прабачэньня, i… Пазiраў на выседжанае ў траве месца, хацелася стануць на каленi, пацалаваць яго… Або бегчы за ёю ззаду… Хацелася й тое й гэна, а ён стаяў у ненаважанасьцi, i прадчуваў, што ня зыйсьцi яму з наканаванай дарогi. Дзесьцi збоку ў мiражы памяцi стаяў Падгайскi й Грышкевiч, i хлапец больш адчуваў чым усьведамляў, што пойдзе за iхнай парадай. Праўда, Дуня выразна сказала, што хацела-б разам зь iм дзетак вучыць. Як шкада! Прыгожа выглядала-б ягоная будучыня…
Вялiкая вёска, у якой шмат дзетак. Школа, абавязкова прасторная, зь вялiкiмi вокнамi ўва ўсiх чатырох сьценах. Яе абступiлi навокал стройныя бярозы. Школа поўнiцца шчабятлiвымi звонкiмi галасамi, гудзе магутнай песьняй. А ў пагодныя надвячоркi яны, Янук i Дуня, напоўненыя шчасьцем каханьня, вандруюць па нiвах побач сьпелага збожжа, або блудзяць у бары. Так сабе павольна, бязь сьпеху, насалоджваюцца плённаю восеньню. Сядаюць на мяжы пад волатам дубам i Янук чытае дзяўчыне свой апошнi верш, ёй прысьвечаны. Дуня скваплiва ловiць кожнае слова.
I васiлькамi расьцьвiлiкаханай маей вочы,якога шчасьця на зямлiня сталi мне прарочыць?Узьлёт парываў, маладосьць,i шал нязбытых мараў…— Ты гэта пра мае вочы, Янучок?
— Ага, пра твае…
Так магло-б быць. Але ў Януковых руках, на бальконе вiленскай Казьляковай хаты, лiст ад Дунi. Яна там далёка, у нейкай Бярозаўцы ля Докшыц, а ён тут, адзiн, самотны. I да яго дзяўчына цяпер прамаўляе буйным, размашысты, крыху налева нахiленым почыркам: