Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Янук хадзiў мiж людзей, прыслухоўваўся гутаркам дэлегатаў, што распытвалiся адзiн аднаго пра навiны ды блiзкiх i знаёмых, а некаторыя разважалi пра палiтыку й навiны з фронту. Падобна, як на кiрмашы, адно тут ня было коней пры калясках з падвязанымi да колаў, каб тарчалi ўверх, аглоблямi.
— Ага, во дзе ты, народны прадстаўнiк, — усьмiхнуўся над вухам, злавiўшы ззаду за руку, Антось Дзяркач. — Знаёмся, братка.
Янук адвярнуўся. Ля Антося стаяў чалавек у шэрым, гадоў больш трыццацi, з шырокiм тварам, белабрысы, з лагоднай усьмешкай i пiльнымi вачмi.
— Наш мясцовы сябра, Кастуся Падгайскага даўны супрацоўнiк, Аўген Князь. А гэта во народны прадстаўнiк дык ён той самы ведамы паэт Янук Бахмач, каторага ты, Аўген, пэўне, чытаў.
— Чытаў, чаму-ж не. Крыльлi ён толькi што растапырыў, але надзеi дае, усьмiхнуўся Князь. — Прыемна пазнаёмiцца.
— Для мяне вялiкая прыемнасьць, — сьцiпла сказаў Янук.
Яны прывiталiся рукамi.
— Дык ведаеце што, давайце да мяне. Тут недалёка, але часу няма чаго трацiць, бо каля другой назад трэба. Iдзём, — запрасiў Князь.
Зайшоўшы да Князя на кватэру, Янук дзiвiўся, як можна ў руiнах знайсьцi такi куток, фактычна з двух пакояў, абсталяваць яго. У пакоях было ўсё неабходнае, але мелася ўражаньне што кут неабжыты, што чалавек мог усё сваё дабро ў пару валiзак запакаваць дый на новы пункт перабiрацца. У кухнi пры плiце стаяла жанчына, а нос казытала нешта прыемнае.
— Матка! — гукнуў Князь, увайшоўшы. — Вiтай гасьцей.
— Госьцi ў хату, Бог у хату.
Ласкавы голас. Адразу Януку прыемна зрабiлася.
— Сядайце тут ля стала, — запрасiў Князь. — Я зараз-жа з вамi.
Ён пайшоў да жанчыны, а лiтоўскiя прыселi на простай рудой лаве ля стала, пры якiм з другога боку стаяла драўлянае простае крэсла. У куце, завешаным саматканым дываном, стаяў ложак. Пры сьцяне разьмясьцiлася шырокая, крытая патрэсканай i выседжанай скурай канапа. Стол, вiдаць зроблены на хуткую руку, памаляваны пакостам.
— Добры дзень, госьцiкi, — з усьмешкай на твары жанчына, гадоў звыш пяцiдзесяцi, з тварам, якi, вiдаць, бачыў шмат нядолi, апранутая ў сьветлую блюзку ў лiловыя красачкi, зялёную саматканую спаднiцу, старыя чаравiкi, ужо зь сiвымi пасмамi валасоў, узялася чыстым кужэльным настольнiкам засьцiлаць стол. — Я тут, калi пазволiце, стол накрыю. Самi-ж, можа, згаладалiся?
— А як-жа, цётачка, — сказаў Антось. — Нешта ў вас добра пахне.
— Булёну наварыла са скваркамi. Даўно елi?
— Я ўжо забыўся калi.
Князь прадставiў гасьцей. Неўзабаве на стале зьявiўся пахучы булён у глiняных мiсках. Князь прынёс на талерках нарэзанае скрылькамi сала, чорны хлеб, салёныя гуркi, шыткаваную капусту. Побач усяго гэтага зьявiлася напалову напоўненая лiтроўка зь сiвой вадкасьцю й тры малыя чаркi.
— Дык гэта ўсё, Аўген?
— Так, дзякую, матка, — адказаў Князь.
— То я тады адлучуся, а ты, сынок, сам знаеш, калi ня хопiць то гасьцям больш булёну падлi.
— Дзякую.
Жанчына выйшла. Князь напоўнiў чаркi й сказаў:
— За незалежную i несьмяротную Беларусь!
— Так, няхай будзе, — адказаў Дзяркач.
— Няхай жыве! — падтрымаў Янук.
Выпiлi. Самагонка, але чыстая й моцная.
— Бярыце самi, усё на стале ваша, а пасьля будзем гаварыць.
Елi моўчкi. Янук не асьмелiўся нiчога гаварыць. Чалавека першы раз у жыцьцi бачыў. Хто ён такi? Сябра Падгайскага, гэта ведама, але гэтага мала. Скора таямнiца раскрылася.
— Я табе, Янук, мушу сказаць, — тлумачыў Антось, — што Аўген Князь уваходзiць у цантральны камiтэт Бiларускай Нiзалежнiцкай Партыi. Мне параiў да яго зьвярнуцца Падгайскi Кастусь i гаспадар раскажыць нам пра тое, што мы маем як дамоў вернемся. Я думаю, што гэтага для знаёмства досiць.
Янук зiрнуў на гаспадара, якi хутка сёрба-ў булён, быццам Антось не пра яго гаварыў. Дык вось яно. Гэты чалавек, мусiць, з той вярхушкi, ад якое, магчыма будзе й Янукова будучыня залежыць.
— Прашу, бярыце што на стале, а я буду гаварыць, — адазваўся гаспадар. — Часу ў нас мала, а сказаць трэба многа. У нас ёсьць дзьве перашкоды: недахоп часу й пiсаных матар'ялаў. Першая гэта з прычыны, што я ня мог запрасiць вас на вечар. Масу людзей мушу сяньня бачыць, таму вас задумаў палагодзiць цяпер. А матар'ялаў з кансьпiратыўных мяркаваньняў мы амаль ня друкуем. Гэтак бясьпечней. Перш дазвольце спытацца вас, Янук Бахмач, як цiкавiў вас кангрэс?
— Цiкавiць то надта цiкавiць, — адразу адказаў Янук. — Для мяне, маладога, разумееце, гонар там быць. Але мне здаецца, што лепш-бы гаварылi пра iншае. Хаця на кангрэсе цi выпадае…
— Пра што гэта? — цiкавасьцю зазьзялi блакiтныя Князёвы вочы.
— Пра тое, як змагацца будзем. Плянаваць, сiлы гуртаваць, — адказаў Янук.
— Чуеш, пра што ён думаiць? — сказаў Князю Дзяркач. — Казаў-жа табе што гэта за падлётак.
— Думае правiльна. Але-ж на кангрэсе пра гэта няма як.
— А што вы пра кангрэс думаеце? — спытаў гаспадара Янук.
— Лухта, — махнуў Князь рукой, — але яна патрэбная. Безь яе анiяк, анiкуды. А гэта, што вы сказалi, то правiльна. Вось мы таму й сустрэлiся. Слухайце вельмi ўважна, бо я буду гаварыць зусiм коратка й ня буду паўтарацца.
Янук i Антось уважна прыглядалiся гаспадару.
— На фроньце суцэльны прарыў. Немцы адступаюць. З тых вестак, якiя мы маем, выглядае, што бальшавiцкiя афэнзыва набiрае iмпэту й Немцы могуць пакацiцца зь Беларусi вельмi хутка. Не далей, як за тыдзень, наша сталiца можа быць у маскальскiх руках.
Гаспадар спынiўся быццам для таго, каб лiтоўскiя дзяцюкi поўнасьцю ўсьведамiлi важнасьць сказанага.
— Таму мы з бээнпэ пастанавiлi раiць усiм нашым людзям яшчэ сяньня, каб найскарэй разьяжджалiся й станавiлiся на свае месцы, каб нiхто не завяз па дарозе. Разумееце? Мы можам памыляцца, але трэба прадбачыць найгоршае. Таму раю i вам выяжджаць сяньня вечарам. На чыгунках цяпер будзе цесна, але ты, Антось, чалавек ваенны, будзеш ведаць, што рабiць.
— Ага, вядома.
— Прадставiм сабе, што вы прыехалi ў свае родныя Гацi, а тут заўтра-ж iх занiмаюць Маскалi. Што канкрэтна вы будзеце рабiць? — зiрнуў на Антося Князь.
— Баранiцца? Хiба-ж не…
— Ды не. Дык што?
— Вывесьцi людзей i зброю ў лес, — адказаў Антось.
— Я-бы сказаў больш агульна, — заўважыў Князь. — Трэба расставiць людзей па сваiх мясцох, перадусiм нам добра ведамых i правераных людзей, даць iм iнструкцыi, парады. Так, цi не?
— Хiба-ж так…
— Ня ўсе ў лес пойдуць. Нашы сiлы, паколькi гэта магчыма, мусяць забясьпечыць сабе як найбольш выгадных пазыцыяў. Значыцца, трэба людзей i ў мястэчку пакiнуць. Але не забывайцеся пра адно, самае галоўнае.