Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:

— Я хацеў асабiста сустрэцца з панам натарыусам.

— У якой справе?

— Я б хацеў перадаць пану натарыусу праект: Конкурс "Абацтва Святога Антонiя".

Толькi хлопец-вучань выкажа здзiўленне, перастане вымахваць ножыкам для паперы; пасля, аднак, засаромеўшыся, павернецца зноў тварам да акна, да сваiх фармуляраў, памятаючы наказ: "Сакрэтнасць, найперш сакрэтнасць!" У гэтым доме, дзе ўбоства лiчылася за добры густ, дзе на сценах вiселi партрэты продкаў, рупных у правасуддзi, дзе чарнiлiцам было па восемдзесят, а ножыкам для паперы — па сто пяцьдзесят год, — тут пры поўным маўчаннi ажыццяўлялiся велiчэзныя па маштабах гешэфты, тут цэлыя гарадскiя кварталы мянялi сваiх уладальнiкаў, тут заключалiся шлюбныя кантракты, у якiх прадугледжвалiся штогадовыя сумы на дробныя выдаткi, якiя перавышалi пяцiгадовы заробак канторскага чыноўнiка; але таксама тут натарыяльна пацвярджаўся закладны акт сумленнага шаўца на дзве тысячы марак; захоўваўся тастамент нямоглага пенсiянера, згодна з якiм яго ўлюбёны ўнук павiнен атрымаць у спадчыну начны столiк; тут пад пячаткай таемнасцi вялiся справы ўдоў i сiротаў, рабочых i мiльянераў — у аблiччы лозунга, што вiсеў на сцяне: "Правая рука iх поўная дарункаў". Hе было прычыны зважаць, калi малады мастак у атрыманым ад дзядзькi ў спадчыну перанiцаваным чорным гарнiтуры прынёс абгорнуты канцылярскай папераю скрутак з эскiзамi, мяркуючы, што праз гэта ён можа патурбаваць асабiста пана натарыуса. Кiраўнiк канцылярыi запячатаў скрутак з планамi, выцiснуў на сургучы герб Кiльбаў — авечку, у якой з грудзей пырскае струмень крывi; тым часам светлавалосая зграбная з выгляду дзяўчына пiсала распiску: "У панядзелак, 30 верасня 1907 г., у 11.30 ранiцы архiтэктар пан Генрых Фэмель перадаў…" Цi ў тую хвiлю, калi яна ўручала мне распiску, яе бледны твар не быў азораны бляскам спазнання? Я быў шчаслiвы, што адбылося тое, чаго я не прадбачыў, бо яно даводзiла мне, што час — гэта нешта рэальнае, iснае; напраўду ж iснаваў гэты дзень, гэтая хвiля; тое было даведзена не мною: я i сапраўды спусцiўся ўнiз па сходах, пасля перайшоў на другi бок вулiцы, зайшоў у пярэднi пакой канторы; тое было даведзена не хлопцам-вучнем, якi падняў галаву, а пасля, засаромеўшыся, адвярнуўся, памятаючы пра захаванне сакрэтнасцi, тое даведзена было не крывава-чырвонымi ранамi пячатак — тое было даведзена нечаканай мiлай усмешкаю дзяўчыны з канцылярыi, якая выпрабавальна агледзела мой перанiцаваны гарнiтур, а потым, калi я браў з яе рук распiску, шапнула: "Зычу вам шчасця, пане Фэмель". За апошнiя чатыры з паловаю тыднi то былi першыя словы, якiя нанеслi рану часу, нагадалi мне, што ў гульнi, якая iшла пад маёй рэжысурай, былi сляды рэчаiснасцi; а значыць, час рэгуляваўся не толькi ў кабiнетах сонных летуценняў, дзе будучыня здавалася мне цяперашнiм часам, а сённяшнi дзень — старадаўняй мiнуўшчынай, мiнулае рабiлася будучыняй, як дзяцiнства, да якога я кiнуўся бегчы, нiбы колiсь, яшчэ дзiцём, я кiдаўся бегчы да свайго бацькi. Ён быў цiхманы чалавек, гады вырасталi вакол яго, нiбы алавянныя шыхты цiшынi: ён выцягваў арганныя рэгiстры, спяваў на лiтургiях, шмат — на пахаваннях першага рангу, мала — на пахаваннях другога рангу, на пахаваннях трэцяга рангу не спяваў зусiм; быў такi цiхi, што цяпер, калi я думаю пра гэта, сэрца сцiскаецца ў мяне; ён даiў кароў, касiў траву, малацiў збожжа, пакуль яго потны твар не пакрываўся мякiнай, нiбы жамярою; ён узмахваў дырыжорскай палачкай перад Гуртом Моладзi, перад Гуртом Стралкоў, перад Гуртом Падмайстраў, перад хорам пад эгiдаю святой Цэцылii; нiколi не гаварыў, нiколi не лаяўся, а толькi спяваў, рэзаў буракi, варыў бульбу свiнням, граў на аргане, насiў рэгенцкую вопратку, на ёй зверху — белы сцiхар; нiкога ў вёсцы не здзiўляла тое, што ён нiколi не гаварыў, бо ўсе бачылi яго толькi за працаю; з чацвярых яго дзяцей двое памерла ад сухотаў, мы засталiся толькi ўдваiх: Шарлота ды я. Мацi мая была далiкатная жанчына, адна з тых, што любяць кветкi, прыгожыя фiранкi, спяваюць песнi, прасуючы бялiзну, i ўвечары пры агменi расказваюць аповеды; бацька ўпiраўся ў працы, строiў ложкi, напiхваў саломаю сеннiкi, рэзаў курэй — пакуль не памерла Шарлота: анёльская iмша па дзiцячай душы, касцёл, аздоблены белым; пробашч спяваў, а рэгент яму не падпяваў, не выцягваў арганных рэгiстраў; не чуваць было хору: спяваў толькi пробашч. Панавала маўчанне, калi збiралася жалобная працэсiя, каб рушыць да могiлак; збянтэжаны пробашч спытаў: "Але ж, даражэнькi, мiлы мой Фэмель, чаму ж гэта Вы не спявалi?" I тады я першы раз пачуў голас свайго бацькi, i я быў здзiўлены тым, як хрыпла гучаў голас таго, хто так мякка i прыгожа спяваў з хораў у касцёле; ён цiха прамармытаў: "Пахаваннi трэцяга рангу адбываюцца без спеву". З-над Рэйну ўздымалася iмгла, клубы туману вытанцоўвалi над палямi буракоў, вароны на вербах крумкалi, як запусныя бразготкi, калi збянтэжаны пробашч вычытваў лiтургiю; бацька перастаў вымахваць дырыжорскаю палачкай у Гурце Моладзi, Гурце Падмайстраў, Гурце Стралкоў i ў хоры пад эгiдай святой Цэцылii; i мне здавалася, што дзякуючы тым першым словам, якiя я пачуў ад бацькi — мне было шаснаццаць, калi памерла дванаццацiгадовая Шарлота, — дзякуючы тым першым словам, ён адкрыў свой голас; ён стаў гаварыць больш: гаварыў пра коней ды афiцэраў, якiх ён ненавiдзеў; ён казаў з пагрозай у голасе: "Бяда будзе вам, калi зробiце мне пахаванне першага рангу!"

— Праўда, — паўтарыла светлавалосая дзяўчына, — я зычу вам шчасця, як найбольш.

Мажлiва, мне трэба было вярнуць ёй распiску, забраць назад запячатаны скрутак з эскiзамi, вярнуцца дамоў; потым ажанiцца з дачкою бургамiстра альбо ўладальнiка будаўнiчага прадпрыемства, ставiць пажарныя вежы, школы, цэрквы, каплiцы; на святах па сканчэннi будаўнiцтва таньчыць з гаспадыняй дома, а тым часам мая жонка б таньчыла з гаспадаром новага дома; навошта гэта мне трэба было рабiць выклiк Брэмокелю, Грумпэтэру i Волерзайну, прызнаным фахоўцам царкоўнага будаўнiцтва, навошта? У мяне не было вялiкiх амбiцый, грошы мяне не вабiлi; мне нiколi не пагражала галоднае жыццё; я б гуляў сабе ў скат з пробашчам, аптэкарам, карчмаром ды бургамiстрам, ездзiў бы на ловы, будаваў бы разбагацелым сялянам "што-небудзь сучаснае" — але ўжо хлопец-вучань, што сядзеў каля акна, кiнуўся да дзвярэй, адчынiў iх мне i прытрымаў; я сказаў «дзякуй», выйшаў з канторы праз пярэднi пакой, перайшоў вулiцу, падняўся па сходах у свой кабiнет, абапёрся локцямi аб падаконне, што дрыжала ад грукату друкарскiх машын; гэта было 30 верасня 1907 года каля 11 гадзiн 45 хвiлiн.

— Ага, Леанора. Гэтыя друкарскiя машыны даюцца ў знакi; колькi фiлiжанак пабiлася тут у мяне, калi я быў не надта ўважлiвы. Hе спяшайцеся гэтак, маё дзiця. Калi Вы i надалей будзеце так працаваць, дык праз тыдзень запануе найлепшы парадак у тым, што я не мог упарадкаваць за пяцьдзесят адзiн год. Hе, дзякую за пiрожнае. Вы дазваляеце мне называць вас «дзiця»? Hе трэба чырванець, калi гэткi стары чалавек кажа вам камплiменты. Я, Леанора, — толькi помнiк, а помнiкi не могуць нiкому чым-небудзь пашкодзiць; я, стары дурань, i цяпер хаджу снедаць у Кронэраву кавярню, з'ядаю там свой сыр з папрыкаю, хоць ён мне даўно ўжо нясмачны; але ў гэтым я вiнаваты сваiм сучаснiкам: не павiнен разбураць сваёй легенды; я зраблюся фундатарам сiрочага прытулку — школы; буду прызначаць стыпендыi, i калi-небудзь i дзе-небудзь мяне, напэўна, адлiюць у бронзе i адкрыюць мне помнiк; я б хацеў, каб вы ўзялi ў тым удзел i смяялiся там, Леанора. Вы ўмееце гэтак прыгожа смяяцца, цi Вы ведаеце пра гэта? Я ўжо не ўмею, развучыўся, а заўсёды ж лiчыў смех добрай зброяй; а ён не быў зброяй: тут я крыху памыляўся. Калi ў Вас ёсць ахвота, я запрашу Вас на баль вучняў, прадстаўлю Вас як сваю пляменнiцу; там Вы павiнны будзеце пiць шампанскае, таньчыць i пазнаёмiцеся з маладым хлопцам, якi паставiцца да Вас добра i пакахае Вас; я набуду Вам добры пасаг… ага, паглядзiце на гэта як след: тры метры на два, агульны выгляд абацтва Святога Антонiя; гэта вiсiць пяцьдзесят адзiн год у маiм кабiнеце — вiсела ўжо тады, калi абвалiлася столь; з тае пары — гэтыя плямы цвiлi, што Вы тут бачыце; то быў першы мой вялiкi праект, велiчэзны праект, i тады, маючы няпоўныя трыццаць год, я зрабiў кар'еру.

Але ў 1917 годзе я не наважыўся зрабiць таго, што за мяне зрабiла Ёганна: там, на тэрасе, каля альтанкi, яна вырвала з Генрыхавых рук верш, якi ён павiнен быў вывучыць на памяць; ён паўтараў гэты верш сур'ёзным дзiцячым галаском:

Сказаў святы Пётр, ключнiк Брамы Нябёс:"Ва ўлад найвышэйшых твой высветлю лёс".Вярнуўся — нядоўга яго не было:"Ягомасць Блюхер, вам шчасце прыйшло:Вам водпуск далi на вечныя днi".(Сказаўшы так, браму Пётр адчынiў.)"Выходзь, о ваяр, супраць злыдняў на бойХай Госпад будзе заўсёды з табой…"

Роберту яшчэ не споўнiлася двух гадоў, а Оты яшчэ не было на свеце; я меў якраз адпачынак, i мне даўно ўжо зрабiлася вiдавочным тое, што я раней няясна прадчуваў: адной iронii замала, i яе заўсёды будзе замала; яна ўсяго толькi наркотык для тых, хто мае прывiлеi; i мне трэба было зрабiць, што зрабiла за мяне Ёганна: я павiнен быў у мундзiры гаўптмана пагаварыць з сынам; але толькi прыслухоўваўся да Робертавай далейшай дэкламацыi:

I Блюхер тады на зямлю сышоў,Да новых вiкторыяў нас павёў.Збавiцель Прусii Ўсходняй нашЗаве Гiндэнбург нас: "Наперад! Марш!"Пакуль нямецкiм лясам стаяць,Пакуль нямецкiм сцягам лунаць…Пакуль нямецкая мова гучыцьДатуль яго iменi ў сэрцах жыць.У бронзе, у каменi — вобраз твой:Мы верым табе, наш нязломны геройГiндэнбург! Наперад! На бой!

Ёганна выхапiла з хлопчыкавых рук паперку, парвала яе, а шматкi выкiнула на вулiцу: нiбы сняжынкi, падалi яны каля дзвярэй Грэцавай крамы, дзе ў той час не вывешвалi дзiкоў, бо панавала найвышэйшая сiла.

— Смеху будзе замала, Леанора, калi яны будуць адкрываць мой помнiк; наплюй на яго, маё дзiця — ад iмя майго сына Генрыха, ад iмя Оты, якi быў такi добры хлопец i ўдалы, а праз тое, што ён быў такi добры i ўдалы, такi паслухмяны — ён стаў мне чужы, як нiхто больш на свеце; i ад iмя Эдыт, адзiнае авечкi, якую я сустрэў у жыццi; я любiў яе, мацi маiх унукаў, i не мог ёй дапамагчы, як не мог памагчы нi вучню сталяра, якога я бачыў усяго два разы, нi таму хлопцу, якога я нiколi не бачыў; хлопцу, якi ўкiдаў у нашую паштовую скрынку весткi ад Роберта, велiчынёю з цукерачныя абгорткi, i за гэтае злачынства загiнуў у лагеры. Роберт быў заўсёды разумны, халодны, i нiколi ў iм не было нiзвання iронii; Ота быў iншы, меў адкрытае сэрца, але раптам пакаштаваў бычынага прычасця i зрабiўся нам чужы; абплюй мой помнiк, Леанора, скажы iм, што гэта я прасiў цябе так зрабiць; я магу засведчыць табе пiсьмова i заверыць мой подпiс у натарыуса; шкада, што ты не бачыла таго хлопца, дзякуючы якому я зразумеў сказ: "Анёлы спусцiлiся з неба i служылi яму"; ён быў вучнем сталяра; яны адсеклi яму галаву; шкада, што ты не бачыла Эдыт i яе брата, якога я змог убачыць адзiн-адзiны раз — калi ён iшоў праз наш двор, а потым падымаўся да Роберта; я стаяў каля акна ў спальню, бачыў яго адно паўхвiлiны i спужаўся; гэты хлопец нёс на сваiх плячах i шчасце, i лiха; Шрэла — яго iмя я так i не ўведаў — быў нiбы судовым выканаўцам Бога, за нясплочаныя рахункi ставiў на дамах невiдочныя пячаткi; я ведаў, што ён выклiча майго сына, i дазволiў яму, гэтаму хлопцу з вузкiмi плячыма, iсцi праз мой двор; на старэйшым маiм сыне, што застаўся жыць, здольным хлопцы, брат Эдыт паставiў таўро; Эдыт была не такая: яе бiблейная сур'ёзнасць была гэткая вялiкая, што яна магла дазволiць сабе таксама бiблiйны гумар; яна смяялася са сваiмi дзецьмi ў часе бамбардзiровак; яна дала iм бiблiйныя iмёны: Ёсiф i Руф — Ёзэф i Рут, у смерцi яна не бачыла нiчога страшнага; Эдыт нiколi не магла зразумець, чаму я так моцна аплакваў сваiх дзяцей, Ёганну i Генрыха, — ёй ужо не выпала даведацца, што памёр таксама Ота, той чужы чалавек, якi быў мне блiжэйшы за iншых; ён любiў мой працоўны кабiнет, мае эскiзы, ездзiў разам са мною на будоўлi, пiў пiва пад час iнаўгурацыйных святаў, быў улюбёнцам будаўнiкоў; сёння яго не будзе на маёй урачыстай вячэры: колькi гасцей я запрасiў? На пальцах аднае рукi можна пералiчыць усiх з роду, што я заснаваў: Роберт, Ёзэф, Рут, Ёганна i я; на месцы Ёганны будзе сядзець Леанора, а што я скажу Ёзэфу, калi ён з маладым запалам будзе апавядаць мне пра ход работ на будаўнiцтве абацтва Святога Антонiя; iнаўгурацыя адбудзецца ў канцы кастрычнiка; манахi хацелi б адпраўляць набажэнствы да перадкаляднага паста ўжо ў новым касцёле. "Дрыжаць спарахнелыя косцi", [1] Леанора; яны не выпасвiлi маiх авечак.

1

Словы з нацысцкай песнi. (Заўв. перакладчыка.)

Я павiнен быў вярнуць распiску, паламаць i знiшчыць чырвоную пячатку, тады б я не мусiў стаяць тут i чакаць сваю ўнучку — прыгожую, цёмнавалосую, дзевятнаццацiгадовую дзяўчыну, якой цяпер якраз столькi, колькi было Ёганне, калi я пяцьдзесят адзiн год таму стаяў тут, наверсе, i глядзеў, як яна сядзiць там, на тэрасе; я мог адсюль нават прачытаць назву кнiжкi "Падступнасць i каханне" — цi, можа, гэта Ёганна чытае там цяпер "Падступнасць i каханне"? Цi гэта ў сапраўднасцi не яна ўсё яшчэ палуднуе ў кавярнi "Пад iльвом"? Цi гэта я не паклаў каля прыдзвернiка абавязковай ранiшняй цыгарэты, не ўхiлiўся ад абавязковай размовы памiж-намi-мужчынамi-пане-лейтэнант, каб сядзець тут, уверсе, ад паловы на адзiнаццатую да пятай — папросту быць тут? Цi я не прамiну тых стосаў толькi што выдрукаваных епархiяльных брашурак? Што будуць яшчэ ў той суботнi надвячорак друкаваць на белай паперы: будаўнiчыя дакументы цi выбарчыя плакаты для тых, што пакаштавалi бычынага прычасця? Калоцяцца сцены, дрыжаць прыступкi, работнiцы выносяць усё новыя стосы, укладваюць iх перад дзвярыма кабiнетаў. Я ляжаў тут наверсе, практыкаваўся ва ўмельстве iснавання, я адчуваў сябе так, нiбы мяне ўсмоктвала сiла цёмнага аэрадынамiчнага тунэлю, каб праз хвiлю выкiнуць мяне — куды? Мяне нёс вiр старажытнае горычы, мяне перанасычала старажытная дарэмнасць; я бачыў дзяцей, што народзяцца ад мяне, вiны, якiя я буду пiць, лякарнi i касцёлы, якiя я буду ставiць — i ўвесь час я чуў, як грудкi зямлi падаюць на маю труну, мяне пераследавалi iх глухiя барабанныя гукi; я чуў спеў накладчыц, фальцоўшчыц i ўпакоўшчыц — нiзкiя i высокiя, салодкiя i грубыя; яны апявалi простыя ўцехi суботняга вечара; спеў гэты даходзiў да мяне, як жалобныя песнi над маёй магiлаю; каханне ў танцавальнай зале, балеснае шчасце над могiлкавым мурам, у асеннiм водары травы — слёзы старых мацярок, звястункi радасцей маладых мацi, меланхолiя сiрочага прытулку, дзе самавiтая маладая дзяўчына вырашыла захаваць цнатлiвасць; але яе таксама спаткала гэтае, спаткала пад час танцаў; балеснае шчасце над могiлкавым мурам, у траве з асеннiм водарам — галасы работнiц, нiбы водачарпальныя каўшы, без супыну апускалiся ў заўсёды тую самую ваду, яны спявалi мне надмагiльны спеў, а грудкi зямлi грукаталi аб маю труну. З-пад прыплюшчаных павекаў я глядзеў на сцены майго кабiнета, паклееныя маiмi эскiзамi: усярэдзiне — велiчны чырванаваты адбiтак плана абацтва Святога Антонiя ў маштабе 1:200; на пярэднiм плане — вёска Штэлiнгер-Гротэ, пасвяцца каровы, бульбянiшча, над якiм узносiцца дым ад вогнiшча; далей абацтва, агромнiстае, у стылi базылiкi; без усяго-ўсякага я скапiраваў раманскiя кафедральныя саборы, строгiя, нiзкiя i цёмныя галерэi-скляпеннi, клаўзура, рэфекторый, бiблiятэка; у сярэдзiне галерэi фiгура святога Антонiя, вялiкi чатырохкутнiк з сельскагаспадарчымi будынкамi; стадолы, хлявы, вазоўнi, уласны млын з пякарняю, ладны дамок для аканома, якi павiнен быў таксама апеквацца пiлiгрымамi; над высокiмi дрэвамi стаялi простыя сталы i крэслы — там можна было з'есцi ўзяты з сабою на дарогу харч, запiваючы маладым вiном альбо пiвам; на даляглядзе — абрысы другога паселiшча, пад назваю Гёрлiнгерс-Штуль; каплiца, могiлкi, чатыры сялянскiя двары, каровы на пашы; з правага боку ланцуг таполяў аддзяляў вытраляваныя кавалкi зямлi, на якiх манахi вырошчвалi вiнаград, дзе раслi капуста i бульба, гароднiна i збожжа; на пасеках збiраўся цудоўны мёд.

Аддадзены дваццаць хвiлiн таму, узамен за распiску, праект з эскiзамi дэталяў i калькуляцыяй; тонкiм пяром я паўпiсваў усе лiчбы i пазiцыi; вачыма, поўнымi бляску, як быццам перада мною стаялi ўжо гатовыя будынкi, я глядзеў на праект — нiбы заглядаў у акно: там стаялi, сагнуўшыся, манахi; пiлiгрымы пiлi маладое вiнаграднае вiно, a тым часам работнiцы спявалi ўнiзе галасамi высокiмi i нiзкiмi, прагна чакаючы вячэрняга адпачынку; пасылалi мне свае жалобныя спевы; я заплюшчыў вочы, адчуў халадок, якi я меў адчуваць толькi праз пяцьдзесят гадоў — як чалавек са зробленай кар'ерай, вакол якога пульсуе жыццё.

Гэтыя чатыры з паловаю тыднi цягнулiся бясконца доўга; усё, што я рабiў, было адпрацавана мною загадзя ў кабiнеце сноў; заставалася толькi ранiшняя iмша, заставалiся гадзiны ад паловы адзiнаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку i два разы словы: "Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель". Калi я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабiўся нiбы спектрам: мiнуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маiм старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якiм я ўручыў толькi што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кiшэнь: распiска была на месцы, рэальна; заўтра ўраннi збярэцца журы i вызначыць, што становiшча змянiлася: з'явiўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварылiся партыi: двое — за Грумпэтэра, двое — за Брэмокеля i адзiн, самы галоўны, самы малады i меншы за ўсiх ростам, абат — за Волерзайна; абат любiў рамантыку; пачнецца гарачая дыскусiя, бо абодва прагныя да хабару члены журы будуць высоўваць самыя важкiя аргументы — з пункту гледжання мастацтва; прыняцце рашэння будзе адкладзена; "гэты маладзён, што ўзяўся немаведама адкуль, паблытаў нам усё"; занепакоеныя члены журы ўбачаць, што мой праект вiдавочна падабаецца абату; ён раз-пораз затрымлiваўся каля маiх эскiзаў, адпiваў з келiха вiно; усё арганiчна ўпiсвалася ў краявiд, а функцыянальнасць чатырохкутнiка гаспадарчай забудовы так выразна вылучалася на фоне строгага чатырохкутнiка галерэяў-скляпенняў i клаўзуры; студня, карчма для пiлiгрымаў — усё яму было даспадобы; абат усмiхнуўся: там ён будзе Primus inter pares; [2] ён ужо ўвайшоў у гэты праект, нiбы ў сваю ўласнасць, старшыняваў у рэфекторыi, сядзеў з хорам, наведваў хворых братоў-манахаў, завiтваў да аканома, каб пакаштаваць вiно, адчуць, як скрозь пальцы сыплюцца хлебныя зярняты — хлеб для яго манахаў i для бедных, зярняты, што выраслi на яго палетках; калi ласка, малады архiтэктар прадугледзеў невялiкае, з дахам, памяшканне для жабракоў, адразу каля брамы; на двары — лаўкi на лета, унутры — крэслы, стол, печка на зiму. "Шаноўныя панове, у мяне няма анiякiх сумненняў, я галасую, без усякага, за гэты — яе гэта яго прозвiшча? — … за фэмелеўскi праект. I прашу звярнуць увагу на кошт будаўнiцтва: на трыста тысяч марак менш за самы танны з трох астатнiх праектаў"; крошкi сургучу з адкрытых ран засыпалi стол, па якiм грукалi кулакамi фахоўцы, распачынаючы спрэчкi: "Паверце нам, вялебны ойча, вельмi часта нехта занiжае суму ў каштарысе, а што Вы будзеце рабiць, калi гэты чалавек за чатыры тыднi перад iнаўгурацыяй прыйдзе да Вас i скажа, што ў яго не хапiла iмпэту? У гэткiх праектах перавышэнне кошту будаўнiцтва на паўмiльёна здараецца нярэдка; паверце дасведчаным людзям. Якi банк паверыць нiкому не вядомаму архiтэктару-пачаткоўцу, хто выкладзе за яго гарантыйную суму? Цi ёсць у яго хоць якая маёмасць?" На маладога абата набягае хваля гучнага смеху: "Маёмасць, згодна з уласным сведчаннем, — восем тысяч марак". Спрэчкi. Разыходзiлiся ўсе раздражнёныя. Прыняцце рашэння было адкладзена на месяц. Хто гэта даў, замацаваўшы ў статуце, гэтаму абстрыжанаму дагала, ледзьве трыццацiгадоваму сялянскаму сыну права рашаючага голасу — гэтак, што справа можа быць вырашана толькi не насуперак яго волi, а згодна з ёй.

2

Першы сярод роўных (лац.).

Званiлi тэлефоны, успацелыя лiстаношы iмчалiся з экспрэс-поштаю ад старшынi зямельнага ўрада да архiбiскупа, ад архiбiскупа да духоўнай семiнарыi, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасцi неаготыкi; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дылiжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталi на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Нiколi не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнiчнага пункту гледжання выдатны, калi браць пад увагу калькуляцыю — трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, — наколькi можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлiвы; толькi цераз мой труп. Труп? Архiбiскуп усмiхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сiвых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты памiж Грумпэтэрам i Брэмокелем, памiж Брэмокелем i Волерзайнам: карыфеi, што былi ворагамi да смерцi, на некалькi дзён зрабiлi перамiр'е, пыталiся адзiн у аднаго ў шыфраваных лiстах i тэлефанаграмах: "Цi кветкавая капуста псуецца?" — гэта павiнна было значыць: "Цi можна адклiкаць абатаў з пасады?" I прыходзiлi адказы, што забiвалi ва ўпор: "Кветкавая капуста не псуецца".

Я ж на чатыры тыднi знiк; якою цiхамiрнаю была мая магiла; зямля абсоўвалася на яе паволi, мякка насыпалася зверху i побач са мною; мяне аглушаў спеў работнiц; лепш за ўсё было нiчога не рабiць, але цяпер я пачну дзейнiчаць, мушу дзейнiчаць, калi яны раскапаюць маю магiлу, здымуць накрыўку з труны i адкiнуць мяне назад, у час, дзе кожны дзень мае найменне, а кожная гадзiна — нейкi абавязак; гульня стане сур'ёзнаю; я не прыносiў ужо прыкладна a другой гадзiне талерку гарохавага супу з маёй маленькай кухнi; я яго ўжо не падаграваў, а еў халодны; мяне не вабiлi нi стравы, нi грошы, нi слава; я любiў гульню, меў патрэбу ў сваёй цыгары i тужыў па жанчыне, па жонцы. Цi стане ёю тая цёмнавалосая зграбная i гожая дзяўчына з тэрасы дома, што насупраць — Ёганна Кiльб? Заўтра яна будзе ведаць маё iмя; цi я знудзiўся проста па якой-небудзь дзяўчыне, альбо — менавiта па ёй? Мне зрабiлася невыносна кантактаваць увесь час з аднымi мужчынамi — усе яны здавалiся мне смешныя: вернiкi i бязбожнiкi, тыя, што расказвалi непрыстойныя показкi, i тыя, якiя дазвалялi сабе слухаць iх, бiльярдысты, лейтэнанты-рэзервiсты, спевакi, прыдзвернiк i кельнеры; я меў iх задосыць, радаваўся хвiлiнам памiж пятай i шостай, тварам работнiц, у адной грамадзе з якiмi я выходзiў праз браму; я любiў пачуццёвасць, напiсаную на iх тварах, што нязломна плацiлi данiну плыннасцi часу; я з найбольшай ахвотаю пайшоў бы з адною з iх на танцы, ляжаў бы з ёю ў асенняй водарнай траве — парваў бы распiску, спынiў бы сваю вялiкую гульню — гэтыя дзяўчаты смяялiся, спявалi, ахвотна елi i пiлi, плакалi i не былi падобныя да тых фальшывых козак, што правакавалi мяне, кватэранаймальнiка, на любошчы, якiя здавалiся iм смелымi. Гэта ўсё яшчэ належала мне — постацi i рэквiзiт; яшчэ мяне слухалiся статысты — у гэты апошнi дзень, калi мне не хацелася халоднага гарохавага супу, а я занадта быў лянiвы, каб яго сабе пагрэць; я хацеў давесцi да канца гульню, якую я выдумаў у нудоце местачковых надвячоркаў, калi я спраўдзiўшы дастатковую колькасць муравальнага раствору, якасць цэглы, вертыкальнасць муроў i аддаўшы перавагу нудоце карчмы перад нудотай канцылярыi — пачаў на маленькiх картках рабiць накiды праекта абацтва.

Поделиться с друзьями: