Блiзкасць (на белорусском языке)
Шрифт:
– А як жа ж!
– Ну-у, Люлюшачка!
Рырэта не ведала, што i думаць, але вырашыла, што ва ўсякiм выпадку Люлю трэба падбадзёрыць.
– Як гэта добра, - сказала яна, - якая ж вы смелая.
Ёй хацелася дадаць: "Цяпер вы бачыце, што гэта было зусiм не цяжка". Але яна ўтрымалася. Люлю дазволiла на сябе палюбавацца. На шчоках у яе была чырвань, вочы гарэлi. Яна села, паставiўшы чамадан побач з крэслам. На ёй было шэрае ваўнянае палiто i светла-жоўты пуловер з закручаным каўняром. Але на галаве не было шапкi. Рырэце не падабалася, калi Люлю хадзiла без шапкi, i ў яе адразу ўзнiкла знаёмае пачуццё, у якiм дзiўна спалучалiся i папрок, i паблажлiвая ўсмешка, - Люлю заўсёды яго выклiкала. "Што мне ў ёй падабаецца, падумала Рырэта, - дык гэта яе жыццяздольнасць".
– Умэнт, - сказала Люлю, - я выклала яму ўсё, што было ў мяне на душы. Яго як абухом ударылi.
– Я ўсё апамятацца не магу, - прызналася Рырэта.
– Мiлая Люлю, што гэта на вас найшло? Вы што - iльвiнага мяса аб'елiся? Я ўчора яшчэ ўвечары была гатовая галавой прысягнуцца, што вы яго нiколi не кiнеце.
– Усё праз майго малодшага брата. Проста, калi ён са мной курчыць з сябе начальнiка, дык няхай яшчэ, але я цярпець не магу, калi ён лезе да маiх крэўных.
– А што здарылася?
– Ну, дзе гэты гарсон!
– сказала Люлю, круцячыся на крэсле.
– У гэтым "Саборы" заўсёды - як толькi патрэбны гарсон, дык нiводнага няма. Хто нас абслугоўвае, гэты брунецiк?
– Ён, - сказала Рырэта.
– А ведаеце, што я яго пакарыла?
– Ну? Тады пасцеражыцеся той паненкi з умывальнi, ён увесь час вакол яе круцiцца: ейны залётнiк. Але па-мойму, у яго гэта толькi падстава, каб паглядзець, як жанчыны заходзяць у прыбiральню: калi яны выходзяць, ён заўжды глядзiць iм у вочы, каб увагнаць у чырвань. Дарэчы, я вас на хвiлiнку пакiну, трэба пайсцi затэлефанаваць да П'ера, ну i пыса ў яго будзе! Калi ўбачыце гарсона, папрасiце мне каву з вяршкамi; я ўсяго на хвiлiнку, а потым усё раскажу.
Яна ўстала, ступiла некалькi крокаў i зноў вярнулася да Рырэты.
– Вой, Рырэтачка, я такая шчаслiвая!
– Люлю, дарагая, - прамовiла Рырэта, беручы яе за рукi.
Люлю вызвалiлася i лёгкай хадой перасекла тэрасу. Рырэта правяла яе позiркам. "Нiколi не падумала б, што яна будзе на гэта здольная. А якая радасная, - падумала яна крыху абурана.
– Каб паслухала мяне, дык даўно б ужо так зрабiла. Ва ўсякiм выпадку, усё роўна - усё гэта дзякуючы мне, бо нельга не прызнаць, што я на яе маю вялiкi ўплыў".
Праз колькi iмгненняў Люлю вярнулася.
– П'ер так i сеў, - сказала яна.
– Хацеў, каб я расказала ўсё падрабязна, але я сказала, што потым; дык ён запрасiў мяне папалуднаваць разам. Кажа, можа, заўтрашнiм вечарам ужо з'едзем.
– Якая ж я шчаслiвая, Люлю, - сказала Рырэта.
– Ну, расказвайце ж хутчэй. Гэта вы сёння ноччу ўсё вырашылi?
– Ды ведаеце, нiчога я не вырашала, - сцiпла прамовiла Люлю, - яно неяк само рашылася.
– Яна знервавана пастукала па столiку рукой: "Гарсон! Гарсон! Гэты гарсон мяне давядзе, я хачу кавы".
Рырэта была ўражаная: на месцы Люлю, у такiх важных абставiнах, яна i не падумала б трацiць час дзеля нейкай кавы. Але Люлю проста цуд, нават дзiву даешся, як гэта можна быць такой бесклапотнай, як птушка.
Люлю выбухнула смехам:
– Каб вы бачылi Анрыеву пысу!
– Мне вось цiкава, што пра ўсё гэта скажа вашая мацi, - сур'ёзна прамовiла Рырэта.
– Мая мацi? Яна будзе за-ча-ра-вана, - з упэўненасцю канстатавала Люлю. Ён заўжды быў з ёю няветлiвы. Ведаеце, яна ўжо яго во дзе мела. Увесь час толькi папрокi - я такая, ды я сякая, кепска яна мяне выхавала: маўляў, адразу вiдаць, што мяне выхоўвалi, як у падваротнi. Я нават, ведаеце, калi i зрабiла гэта, дык таксама i дзеля яе.
– Але што ўсё-такi здарылася?
– Ён уляпiў Рабэру поўху.
– Дык значыць, да вас прыходзiў Рабэр?
– Ну я ж кажу: сёння ранiцай. Праходзiў мiма i зайшоў, бо мацi хоча аддаць яго ў вучнi да Гомпеса. Ды я, па-мойму, ужо вам казала. Ну i вось, ён зайшоў, якраз як мы снедалi, а Анры ўзяў ды ўляпiў яму поўху.
– Але за што?
– спытала Рырэта з лёгкаю прыкрасцю. Яна цярпець не магла гэту Люлюiну манеру расказваць.
– Яны пагыркалiся, - нейкiм няпэўным тонам прамовiла Люлю, - а малы не даў сябе ў крыўду. Ён заўсёды яму дае адпор. А тут так i сказаў: "Стары псюк", проста ў твар. Бо Анры назваў яго кепска выхаваным - натуральна, ён жа нiчога новага выдумаць не можа; я там загiналася. Тады Анры ўзяў, устаў - мы снедалi ў вялiкiм пакоi - i як улепiць яму поўху! Я ледзь яго не забiла.
– I тады вы пайшлi?
– Пайшла, - здзiўлена спытала Люлю, - куды?
– Ну, я думала, што тады вы яго i кiнулi. Паслухайце, мiленькая Люлю, трэба расказваць усё па парадку, iначай я нiчога не разумею. Скажыце, спытала яна, адчуўшы нейкае падазрэнне, - а вы сапраўды яго кiнулi? Гэта праўда?
– Ну але ж, я вам ужо цэлую гадзiну тлумачу.
– Добра. Значыць, Анры даў Рабэру поўху. I што пасля?
– А пасля, - сказала Люлю, - я зачынiла яго на балконе, пацеха, так? Ён яшчэ быў у пiжаме. Стаiць там i стукаецца ў шыбу, але ж не адважваецца разбiць - ён жа скупы, як смерць. Я дык на яго месцы ўсё спляжыла б, няхай нават рукi ў кроў бы разбiла. А потым прыперлiся Тэксье. Дык ён пачаў iм усмiхацца - праз акно: маўляў, усё гэта ў нас так, жарты.
Побач праходзiў гарсон, i Люлю злавiла яго за руку.
– Ага, нарэшце, значыць, з'явiлiся? Вас не вельмi патурбуе прынесцi мне кавы з вяршкамi?
Рырэта адчула сябе няёмка i па-змоўнiцку ўсмiхнулася гарсону. Але твар у таго застаўся змрочны, ён толькi пакланiўся з падкрэсленаю дагодлiвасцю, у якой адчуваўся папрок. Рырэта злавалася на Люлю: нiколi не ўмее выбраць правiльнага тону з нiжэйшымi па становiшчы - то вельмi фамiльярная, то, наадварот, занадта патрабавальная i сухая.
Люлю засмяялася.
– Гэта я зноў уявiла Анры, як ён у пiжаме стаiць на балконе i аж трасецца ад холаду. А ведаеце, як мне ўдалося яго зачынiць? Ён быў у пакоi. Рабэр плача, а гэты чытае яму маралi. Ну, я адчынiла акно i кажу: "Анры, ты глядзi, таксi збiла нашу квятнярку!" Гэты падбег да мяне - а ён любiць квятнярку, тая неяк казала яму, што сама швейцарка, дык ён думае, што яна ў яго закаханая. "Дзе?
– кажа.
– Дзе?" А я цiхутка так - раз у пакой i зачынiла дзверы! I крычу яму праз шыбу: "Будзеш ведаць, як рукi распускаць з маiм братам". Цэлую гадзiну трымала яго на балконе, а ён так i перыўся на нас сваiмi вырачанымi вачыма, аж пасiнеў ад гневу. А я яму высуну язык ды частую Рабэра цукеркамi; а пасля прынесла ў пакой свае рэчы i пачала апранацца - перад Рабэрам: я ж ведаю, што ён гэтага цярпець не можа. А Рабэр цалаваў мяне ў рукi, у шыю - як маленькi мужчына; ён наогул цуд; карацей - мы паводзiлi сябе, быццам Анры i няма. За ўсiм гэтым я нават памыцца забылася.
– А той, значыць, так i сядзеў на балконе. Ну, пацеха!
– Рырэта рагатала ад душы.
Раптам Люлю пасур'ёзнела.
– Баюся, як бы ён не прастудзiўся, - сказала яна, перастаўшы смяяцца, калi злуешся, не думаеш.
– I зноў весела дадала: - А як ён нам пагражаў кулакамi - вой!
– i ўсё нешта там балбоча, балбоча, я нават паловы не зразумела, што ён казаў. А потым Рабэр пайшоў, i адразу пазванiлi Тэксье. Я iх запрасiла ў кватэру, дык ён, як iх убачыў, - так i расплыўся ўсмешкай; i так, i сяк ужо перад iмi там выдыгаў, на балконе, а я iм кажу: "Вы паглядзiце на майго мужанька, якi цыпачка; праўда, ён падобны да рыбкi ў акварыуме?" Ну, Тэксье павiталiся з iм, праз шыбу, - яны, вядома, крыху аслупянелi. Але гэтыя ўмеюць трымацца, каб не падаць выгляду.