ЖАНРЫ

Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:

– Я разумею, - супакойваў яе Абуталiп.
– Я ўсё разумею. Але справа ж не ўва мне, што я менавiта такi. Каб жа гэта датычылася толькi мяне. Бог мой, адным жыццём меней, другiм болей. Можна было б i не чапляцца так роспачна. Яны памаўчалi, i потым ён сказаў: "Дзецi нашыя не будуць гэтага ведаць... I на гэта ўся надзея..."

Едыгей асцярожна адышоўся i нячутна вярнуўся ў застолле. Але калi ён увайшоў у дом, яму здалося, што ўсё наўкол паблякла i свята скончылася.

5 студзеня 1953 года ў дзевяць ранiцы на раз'ездзе Баранлы-Буранны зрабiў прыпынак пасажырскi цягнiк, хоць усе пуцi перад iм былi адкрыты i ён мог, як заўсёды, прашугаць без затрымкi. Цягнiк прастаяў усяго паўтары хвiлiны. Гэтага было, мусiць, яму дастаткова. Трое - у чорных хромавых ботах аднолькавага фасону - выйшлi з вагона i пакiравалi адразу ў дзяжурку. Iшлi моўчкi i ўпэўнена, не аглядваючыся па баках, толькi на секунду затрымалiся каля снегавiка. Моўчкi глянулi на фанерны шчыток з надпiсам, на стары аблезлы малахай, што матляўся на снегавiку, i прайшлi ў дзяжурку.

Праз некаторы час з дзвярэй выскачыў начальнiк раз'езда Абiлаў. Ледзь быў не сутыкнуўся са снегавiком. Вылаяўся i паспешлiва пайшоў далей, амаль подбегам, чаго з iм нiколi не здаралася. Хвiлiн праз дзесяць, захаканы, ён ужо вяртаўся назад, ведучы з сабой Абуталiпа Кутыбаева, якога тэрмiнова расшукаў на працы. Абуталiп быў бледны, шапку трымаў у руцэ. Разам з Абiлавым ён увайшоў у дзяжурку. Аднак вельмi хутка выйшаў адтуль у суправаджэннi двух прыезджых у хромавых ботах, i ўсе яны пакiравалi ў барак, дзе жылi Кутыбаевы. Адтуль яны неўзабаве вярнулiся, зноў жа неадступна суправаджаючы Абуталiпа, несучы нейкiя паперы, узятыя ў ягоным доме.

Потым усё сцiхла. Нiхто i не заходзiў у дзяжурнае памяшканне.

Едыгей дазнаўся пра тое, што здарылася, ад Укубалы. Яна прыбегла па даручэнню Абiлава на чацвёрты кiламетр, дзе iшлi на той дзень рамонтныя работы. Адвяла Едыгея ўбок:

– Абуталiпа дапытваюць.

– Хто дапытвае?

– Не ведаю. Нейкiя прыезджыя. Абiлаў наказаў перадаць, што калi не будуць дапытвацца, дык не гаварыць, што на Новы год былi разам з Абуталiпам i Зарыпай.

– А што тут такога?

– Не ведаю. Ён так прасiў сказаць табе. I наказаў табе на дзве гадзiны быць на месцы. У цябе таксама хочуць нешта спытаць, дазнацца пра Абуталiпа.

– А чаго дазнавацца?

– Адкуль я ведаю. Прыйшоў перапалоханы Абiлаў i кажа - так i так. А я ўжо да цябе.

У дзве гадзiны i без таго хадзiў Едыгей дамоў абедаць. Па дарозе, ды i дома ўсё сiлiўся зразумець, што здарылася. Адказу не знаходзiў. Хiба што за мiнулае, за палон? Дык даўно праверылi ўжо. А што яшчэ? Трывожлiва, неспакойна стала на душы. Хлебтануў лыжкi са дзве лапшы i болей не мог. Паглядзеў на гадзiннiк. Без пяцi дзве. Калi наказалi ў дзве, значыцца ў дзве. Выйшаў з дому. Каля дзяжуркi праходжваўся туды-сюды Абiлаў. Варты жалю, прыгнечаны.

– Што здарылася?

– Бяда, бяда, Едыке, - загаварыў Абiлаў, палахлiва пазiраючы на дзверы. Вусны ў яго трымцелi.
– Кутыбаева засадзiлi.

– А за што?

– Нейкую забароненую пiсанiну знайшлi ў яго. Бо ўсё вечарамi нешта пiсаў. Пра гэта ж усе ведаюць. I вось дапiсаўся.

– Дык гэта ён для дзяцей сваiх.

– Не ведаю, не ведаю, для каго. Я нiчога не ведаю. Iдзi, цябе чакаюць.

У начальнiцкiм пакойчыку яго чакаў чалавек прыкладна аднаго ўзросту з iм або маладзей, гадоў пад трыццаць, камлюкаваты, з вялiзнай галавой, коратка пастрыжаны. Мясiсты ладнаваты нос трымцеў ад напружання думкi, ён нешта чытаў. Ён выцер нос хусцiнкай, хмурачы цяжкi высокi лоб. I потым на працягу ўсёй размовы ён увесь час выцiраў гэты свой прыпацелы нос. Ён дастаў з пачка "Казбеку", што ляжаў на стале, вялiзную папяроску, пакруцiў яе, запалiў i, падняўшы на Едыгея, якi стаяў у дзвярах, ясныя, як у пеўня, жаўтаватыя вочы, сказаў коратка:

– Сядай.

Едыгей сеў на табурэт перад сталом.

– Што ж, каб не было нiякiх сумненняў, - сказаў гэты чалавек з вачмi, як у пеўня, i дастаў з нагруднай кiшэнькi нейкiя рудаватыя корачкi, разгарнуў iх i тут жа схаваў, буркнуўшы пры гэтым нешта - можа, сваё прозвiшча.

– Зразумела?
– спытаў ён.

– Зразумела, - вымушаны быў адказаць Едыгей.

– Ну, у такiм выпадку пяройдзем да справы. Кажуць, ты лепшы сябра-таварыш Кутыбаева?

– Магчыма, i так, а што?

– Магчыма, i так, - паўтарыў чалавек, зацягваючыся "казбечынай" i нiбы асэнсоўваючы пачутае.
– Магчыма, i так. Дапусцiм. Зразумела.
– I сказаў раптам з нечаканай усмешкай, з радасным нейкiм задавальненнем, што ўспыхнула ў ягоных выразных вачах: - Ну што, друг харошы, папiсваем?

– Што папiсваем?
– збянтэжыўся Едыгей.

– Пра гэта я хачу ведаць.

– Я не разумею, пра што гаворка.

– Няўжо? Га? А ты падумай!

– Не разумею, пра што вы кажаце.

– А што пiша Кутыбаеў?

– Не ведаю.

– Як не ведаеш? Усе ведаюць, а ты не ведаеш?

– Ведаю, што ён нешта пiша. А што менавiта, адкуль мне ведаць. Якая мне справа? Хочацца чалавеку пiсаць, няхай пiша. Якая мне справа?

– Гэта чаму ж няма справы?
– здзiўлена страпянуўся вiрласты, уталопiўшы ў яго зiркатае вока.
– Значыцца, хто што хоча, няхай i пiша? Гэта ён табе так казаў?

– Нiчога ён мне не казаў.

Але вiрласты не звярнуў увагi на ягоны адказ, ён быў абураны:

– Вось яна: варожая агiтацыя! А ты падумаў, што будзе, калi любы i кожны пачне займацца пiсанiнай? Ты падумаў, што будзе? А потым любы i кожны пачне балбатаць, што яму ў галаву прыйдзе! Так, можа? Адкуль у цябе гэтыя не наскiя iдэi? Не, дарагi, такога мы не дапусцiм. Такая контррэвалюцыя не пройдзе!

Едыгей маўчаў, прыгнечаны i збянтэжаны гэтымi абрынутымi на яго словамi. I надта здзiвiўся, што нiчога наўкол не перамянiлася. Як быццам нiчога не адбывалася. Бачыў праз акно, як прайшоў, мiльгаючы, ташкенцкi цягнiк, i ўявiў сабе на секунду: едуць людзi ў вагонах па сваiх справах, п'юць чай або гарэлку, вядуць размовы i нiкому няма справы, што гэтым часам на раз'ездзе Баранлы-Буранны сядзiць ён перад чалавекам, якi невядома адкуль i чаму тут узяўся, i да вострага болю ў грудзях хацелася яму выскачыць з дзяжуркi, дагнаць той цягнiк, якi толькi што мiльгануўся за акном, i з'ехаць на iм у край-свет, толькi б не быць тут цяпер.

– Ну што? Даходзiць да цябе сутнасць пытання?
– казаў далей вiрласты.

– Даходзiць, даходзiць, - адказаў Едыгей.
– Толькi адно хачу я ведаць. Бо гэта ж для дзяцей сваiх хацеў ён успамiны пiсаць. Як, што было з iм на фронце, у палоне, у партызанах. Што тут благога?

– Для дзяцей!
– усклiкнуў той.
– Ды хто гэтаму паверыць! Хто пiша для дзяцей сваiх, якiм без году тыдзень усяго! Байкi! Вось як дзейнiчае вопытны вораг! Схаваўся ў глушэчы, дзе нiкога i нiчога наўкол, дзе нiхто за iм не сочыць, а сам папiсвае свае ўспамiны!

– Дык захацелася так чалавеку, - запярэчыў Едыгей.
– Захацелася яму сваё слова асабiстае сказаць, думкi свае выказаць, каб дзецi ягоныя чыталi, калi вырастуць.

– Якое яшчэ асабiстае слова! Гэта яшчэ што такое?
– дакорлiва хiтаў галавой, уздыхаў вiрласты.
– Якiя яшчэ думкi свае, што значыць тваё слова. Асабiстае меркаванне, тваё? Не можа быць у цябе асабiстага меркавання! Усё, што на паперы, гэта ўжо не асабiстае слова. Што напiсана пяром, таго не зглумiш тапаром. Бач ты, свае думкi выказваць! Цi не занадта будзе? Вось яны, ягоныя так званыя "партызанскiя сшыткi"! Вось у падзагалоўку - "Днi i ночы ў Югаславii", вось яны!
– Ён кiнуў на стол тры тоўстыя агульныя сшыткi ў цыратовых вокладках.
– Распуста! А ты тут iмкнешся абялiць свайго сябра. А мы яго выкрылi!

Поделиться с друзьями: