Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Лiсiца павярнулася i патрухала прэч. Раз-два азiрнуўшыся, яна прапала ў цеменi.
Пакуль Едыгей здаў змену, пакуль яны з Доўгiм Эдыльбаем пагаварылi пра Казангапа, паўздыхалi, на Баранлы-Буранны прыбыло яшчэ колькi цягнiкоў. I калi, вызвалiўшыся ад усiх гэтых спраў, Едыгей пайшоў дамоў, успомнiў дарогай, што забыў тады нагадаць жонцы, дакладней, параiцца, як жа быць, дочкам сваiм ды зяцям паведамiць пра смерць Казангапа цi не трэба? Дзве замужнiя дочкi Едыгея жылi зусiм у другiм баку - пад Кзыл-Ардой. Старэйшая ў рысаводчым саўгасе, муж яе трактарыст. Малодшая жыла спачатку на станцыi пад Казалiнскiм, потым пераехала з сям'ёй блiжэй да сястры, у той жа саўгас, муж яе рабiў шафёрам. I хаця Казангап не даводзiўся iм сваяком, на пахаваннi якога абавязкова трэба быць, Едыгей лiчыў, што Казангап быў iм даражэй, чым любы сваяк. Дочкi нарадзiлiся пры iм у Баранлы-Буранным. Тут выраслi, вучылiся ў школе, у станцыйным iнтэрнаце ў Кумбеле, куды адвозiлi iх па чарзе то сам Едыгей, то Казангап. Успомнiў дзяўчынак. Успомнiў, як на канiкулы цi з канiкул вазiлi iх верхам на вярблюдзе. Малодшая спераду, бацька пасярэдзiне, старэйшая ззаду - i паехалi ўсе ўтраiх. Гадзiны тры, а зiмой дык i болей, жвавым трухам бег Каранар ад Баранлы-Бураннага да Кумбеля. А калi Едыгей не меў часу, адвозiў iх Казангап. Ён быў iм нiбы бацька. Едыгей рашыў, што ранiцай трэба даць iм тэлеграму, а там як здолеюць... Але няхай ведаюць, што няма ўжо старога Казангапа.
Потым ён iшоў i думаў пра тое, што ранiцай найперш трэба прыгнаць з выпасу свайго Каранара, бо патрэбны будзе. Памерцi не проста, а пахаваць чалавека як мае быць на гэтым свеце таксама не проста... Выяўляецца заўжды, што таго няма, гэтага няма, што ўсё трэба здабываць спешна, пачынаючы ад жалобных убораў i канчаючы дрывамi для памiнак.
Менавiта ў той момант у паветры нешта калыхнулася, нагадала, як было гэта на фронце, аддалены ўдар магутнай выбуховай хвалi, i зямля здрыганулася пад нагамi. I ён убачыў проста перад сабой, як далёка ў стэпе, у тым баку, дзе быў, як ён думаў, саразекскi касмадром, нешта ўзляцела ў неба, усё паўзучы ўгору вогненным смерчам. I знiякавеў - у космас уздымалася ракета. Такога ён яшчэ нiколi не бачыў. Ён ведаў, як усе саразекцы, пра iснаванне касмадрома Сары-Азек-I, было гэта адсюль у кiламетрах сарака цi меней, ведаў, што туды перакiнута асобная чыгуначная лiнiя ад станцыi Тагрэк-Там, i расказвалi нават, што ў тым баку стэпу ўзнiк вялiкi горад з вялiкiмi крамамi, многа разоў чуў па радыё, у размовах, чытаў у газетах пра касманаўтаў, пра касмiчныя палёты. Усё гэта адбывалася недзе паблiзу, ва ўсякiм выпадку на канцэрце самадзейнасцi ў абласным горадзе, дзе жыў Сабiтжан, а горад быў куды далей - нам паўтары сутак язды цягнiком, - дзятва хорам спявала песеньку пра тое, што яны самыя шчаслiвыя дзецi на свеце, таму што дзядзькi касманаўты лятуць у космас з iхняй зямлi, але таму, што ўсё наўкол аэрадрома лiчылася закрытай зонай, Едыгей, жывучы не так далёка ад тых мясцiн, здавальняўся тым, пра што дазнаваўся выпадкам. I вось упершыню бачыў увачавiдкi, як iмклiва ўзнiмалася, неспакойна палымнеючы, асвятляючы акругу трапяткiм святлом, касмiчная ракета ў цёмную, зорную высь. Едыгею стала не па сабе - няўжо ў тым пламеннi сядзiць чалавек? Адзiн цi два? I чаму, пастаянна жывучы тут, ён нiколi раней не бачыў, як ракета ўзлятала, бо колькi ўжо ляталi ў космас, з лiку саб'ешся. Можа, тыя разы караблi адляталi ўдзень? А гэты чаму рвануў ноччу? Спешка якая цi так прызначана? А можа, ён узнiмаецца ноччу, а там адразу трапляе ў дзень? Сабiтжан неяк расказваў, быццам сам там быў, што ў космасе кожныя паўгадзiны ноч змяняе дзень. Трэба параспытаць у Сабiтжана. Ён усё ведае. Надта ж яму хочацца рабiць выгляд, што ўсё ведае, што ён не абы-якi, а самавiты чалавек. У абласным горадзе, бач, робiць. Але не задаваўся б. Навошта? Хто ты ёсць, тым i будзь. "Я з тым быў, з гэтым быў, я яму тое цi гэта сказаў". А Доўгi Эдыльбай расказваў - зайшоў ён неяк да яго на службу. Толькi i бегае, кажа, наш Сабiтжан ад тэлефона да дзвярэй кабiнета ў прыёмнай, толькi паспявае: "Слухаюся, Альжапар Кахармонавiч! Так, Альжапар Кахармонавiч" - i гэтак далей. А той, кажа, сядзiць там у кабiнеце i ўсё кнопкi нацiскае. Так i не пагаварылi памiж сабой толкам. Вось такi ён, кажа, наш зямляк баранлiнскi. Ды бог з iм, такi ўжо ёсць. Шкада толькi Казангапа. Ён жа надта перажываў за сына. Да апошнiх дзён не казаў пра яго нiчога благога. Пераехаў быў у горад да яго жыць, сам жа прасiў, а што выйшла... Ну, гэта ўжо другое.
З такiмi думкамi бавiў Едыгей тую ноч, калi ўбачыў першы раз касмiчную ракету. Доўга сачыў ён за гэтым цудам. I калi вогненны карабель, якi ўсё меншаў, праглынула чорная бездань, ён пакруцiў галавой i пайшоў, несучы ў душы дзiўныя, супярэчлiвыя пачуццi. Захапляючыся ўбачаным, ён у той час разумеў, што яму гэта старонняя справа, хоць i выклiкала яна здзiўленне i нават страх. Успомнiлася разам з тым чамусьцi лiсiца, што прыбягала да чыгункi. Як чулася ёй, калi зашапацеў гэты смерч у небе? Не ведала, мусiць, куды сябе падзець...
Але сам жа ён, Буранны Едыгей, сведка начнога ўзлёту ракеты ў космас, не падазраваў, ды i не мог ён ведаць пра тое, што то быў экстранны, аварыйны вылет касмiчнага карабля з касманаўтам - без усялякiх урачыстасцей, журналiстаў i рапартаў, у сувязi з надзвычайным здарэннем на касмiчнай станцыi "Парытэт", што знаходзiлася ўжо больш як паўтара года на арбiце паводле сумеснай амерыкана-савецкай праграмы, што звалася "Трамплiн". Адкуль Едыгею было ведаць пра ўсё гэта. Не падазраваў ён i пра тое, што гэтая падзея будзе тычыцца i яго, ягонага жыцця, i не проста з выпадку самай цеснай сувязi чалавека i чалавецтва ў iх агульным значэннi, а самым канкрэтным i непасрэдным чынам. Тым больш не ведаў ён i не мог думаць, што колькi часу пасля ўслед за караблём, што стартаваў з Сары-Азека, на другiм канцы планеты, у Невадзе, узняўся з касмадрома амерыканскi карабель з той жа задачай, на тую ж станцыю "Парытэт", на тую ж арбiту "Трамплiн", толькi са зваротным ходам кружэння.
Караблi былi тэрмiнова пасланы ў космас па камандзе, якая паступiла з навукова-даследчага авiяносца "Канвенцыя", што з'яўляўся плавучай базай Аб'яднанага савецка-амерыканскага цэнтра ўпраўлення праграмы "Дэмiвург".
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў раёне свайго пастаяннага месцазнаходжання - у Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявуцкiх астравоў, у квадраце прыкладна на аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока да Сан-Францыска. Аб'яднаны цэнтр упраўлення - Абцэнупр - у гэты час напружана сачыў за выхадам абодвух караблёў на арбiту "Трамплiн". Пакуль усё iшло паспяхова. Наперадзе былi манеўры па стыкоўцы з комплексам "Парытэт". Задача была найскладанейшая, стыкоўка павiнна была адбывацца не паслядоўна, адна следам за другой з неабходным iнтэрвалам чарговасцi, а адначасова, абсалютна сiнхронна, з двух розных падыходаў да станцыi. "Парытэт" не рэагаваў на сiгналы Абцэнупра з "Канвенцыi" ўжо больш за дванаццаць гадзiн, не рэагаваў ён i на сiгналы караблёў, што iшлi да яго на стыкоўку... Належала высветлiць, што адбылося з экiпажам "Парытэта".
II
Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Узбоч чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу. У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Ад раз'езда Баранлы-Бураннага да спадчынных найманскiх могiлак Ана-Бейiт было прынамсi кiламетраў трыццаць убок ад чыгункi, ды i то пры ўмове, калi дарога была напрасткi, наўздагад па саразеках. Калi ж не рызыкаваць, каб не заблудзiцца выпадкам у стэпе, дык лепш ехаць звычайнай каляiнай, што ўсцяж чыгункi, але тады адлегласць да могiлак яшчэ пабольшае, давядзецца даваць добрага гаку да павароткi ад Кыйсысайскай падзi на Ана-Бейiт. Iншай дарогi няма. Вось i выходзiць у лепшым выпадку трыццаць вёрст у адзiн канец ды столькi ж у другi. Але акрамя самога Едыгея нiхто з цяперашнiх баранлiнцаў дакладна не ведаў, як туды дабрацца, хоць i чулi пра той старадаўнi Бейiт, пра якi расказвалi ўсялякiя гiсторыi, цi то праўду цi байкi, але самiм не даводзiлася там быць. Нагоды такой не было. За многiя гады гэта быў першы выпадак у Баранлы-Буранным, прыдарожным пасёлку з васьмi дамоў, калi памёр чалавек i мелася быць пахаванне. Да гэтага колькi гадоў таму, калi нечакана памерла дзяўчынка ад грудной задухi, бацькi павезлi яе хаваць да сябе на радзiму, ва Ўральскую вобласць. А жонка Казангапава, старая Букей, ляжала на станцыйных могiлках у Кумбеле - памерла некалi ў мясцовай бальнiцы, ну i вырашылi тады на станцыi i пахаваць. Везцi нябожчыцу ў Баранлы-Буранны не мела сэнсу. А Кумбель - самая вялiкая станцыя ў Сары-Азеках, да таго ж дачка Айзада жыве там ды зяць, няхай i няўдалiца, п'янтос, але ўсё ж свой чалавек. За магiлкай, маўляў, прыглядаць будуць. Але тады жывы быў Казангап, ён сам рашаў, як яму што рабiць.
А цяпер думалi-меркавалi, як быць.
Едыгей, аднак, настаяў на сваiм.
– Ды кiньце вы нявартае гаварыць, - сарамацiў ён маладых.
– Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейiце, там, дзе продкi ляжаць. Там, дзе наказваў сам нябожчык. Давайце ад слоў да справы пяройдзем, рыхтавацца будзем. Дарога няблiзкая. Заўтра як раней з месца рушым...
Усе разумелi - Едыгей меў права прыняць рашэнне. На тым i пагадзiлiся. Праўда, Сабiтжан спрабаваў быў пярэчыць. Падаспеў ён у той дзень спадарожным таварняком, пасажырскiя цягнiкi тут не затрымлiвалiся. I тое, што прыехаў на пахаванне бацькi, хоць i не ведаў, жывы яшчэ той цi не, ужо адно гэта расчулiла i нават узрадавала Едыгея. I былi хвiлiны, калi яны абнялiся i плакалi, пародненыя адным горам i адною скрухай. Едыгей потым дзiвiўся самому сабе. Прыцiскаючы Сабiтжана да грудзей i плачучы, ён не мог справiцца з сабой, усё гаварыў, усхлiпваючы: "Добра, што ты прыехаў, родненькi, добра, што прыехаў!" - нiбыта ягоны прыезд мог падняць Казангапа. I чаму Едыгей так расплакаўся, сам не мог зразумець, нiколi з iм такога не здаралася. Доўга яны плакалi на двары, ля дзвярэй асiрацелай мазанкi. Нешта падзейнiчала на Едыгея. Успомнiлася, што Сабiтжан вырас на ягоных вачах, хлапчуком быў, любiмцам бацькавым быў, вазiлi яго вучыцца ў Кумбельскую школу-iнтэрнат для дзяцей чыгуначнiкаў, як выпадаў вольны час, наязджалi праведаць - то спадарожным саставам, то верхам на вярблюдах. Як ён там у iнтэрнаце, цi не пакрыўдзiў хто, цi не нарабiў чаго брыдкага, ды як вучыцца, ды што кажуць пра яго настаўнiкi... А на канiкулах колькi разоў, захутаўшы ў кажух, везлi верхам па снежных саразеках, у мароз ды завiруху, каб толькi не спазнiўся на заняткi.
Эх, беззваротныя днi! I ўсё гэта адышло, сплыло, як сон. I вось цяпер стаiць дарослы чалавек, толькi збольшага нагадваючы таго, якiм ён быў у маленстве - вiрласты i ўсмешлiвы, а цяпер у акулярах, у расплюшчаным капелюшы, пры пакамечаным гальштуку. Працуе ў абласным горадзе i надта хоча здавацца самавiтым, адказным работнiкам, а жыццё такая штука, што не так i проста выйсцi ў начальнiкi, як ён сам неаднойчы казаў, асаблiва калi няма падтрымкi добрай цi знаёмства або сваяцтва, а хто ён - сын нейкага Казангапа з нейкага раз'езда Баранлы-Бураннага. Няшчасны гэткi. А цяпер i такога бацькi няма, самы няварты бацька, але жывы, у тысячу разоў лепш за славутага мёртвага.
А потым слёзы сунялiся. Перайшлi да размоў, да справы. I тут выявiлася, што сынок дарагi ды вучоны не хаваць прыехаў бацьку, а так, дзеля прылiку, каб адбыць рату, прысыпаць зямлёй збольшага i як хутчэй назад. Пачаў ён неяк так выказвацца - навошта, маўляў, перцiся ў такую далеч на Ана-Бейiт, наўкол вунь колькi вольнага месца - бязлюдны стэп Сары-Азек ад самога парога i да самага краю свету. Можна выкапаць магiлу дзе-небудзь непадалёк, на ўзгорачку якiм, узбоч той жа чыгункi, няхай ляжыць сабе стары абходчык ды чуе, як цягнiкi бягуць перагонам, на якiм ён прарабiў усё жыццё. Прыгадаў нават дзеля выпадку прымаўку даўнюю: пазбавiцца ад мёртвага можна толькi закапаўшы яго. Навошта марудзiць, навошта мудраваць, цi не ўсё роўна, дзе ляжаць, - тут чым хутчэй, тым лепей.
Разважаў ён такiм чынам, а сам нiбы апраўдваўся, што справы тэрмiновыя ды важныя чакаюць яго на рабоце, што часу мала, а начальству клопату няма да таго, далёка цi блiзка тут могiлкi, на працу загадана з'явiцца ў такi дзень, у такую пару - i ўсё. Начальства гэта начальства, а горад гэта горад...
Едыгей назваў сябе ў душы старым дурнем. Сорамна i шкада стала, што плакаў наўзрыд, расчулены сустрэчай з гэтым во нiбыта сынам нябожчыка Казангапа. Едыгей узняўся з месца, сядзелi яны чалавек пяць на старых шпалах, перанесеных пад лаву да сцяны, i яму каштавала нямала сiл, каб стрываць, не нагаварыць пры людзях у такi дзень чаго крыўднага i абразлiвага. Шанаваў памяць Казангапа. Сказаў:
– Месца тут дык хапае, гэта праўда. Толькi чамусьцi людзi не закопваюць сваiх блiзкiх дзе папала. Не так сабе, вiдаць. А так хiба ж зямлi шкада каму?
– I змоўк, i яго моўчкi слухалi баранлiнцы.
– Рашайце, думайце, а я пайду па справах.
I пайшоў з камянелым, суровым тварам далей ад граху. Бровы сышлiся на пераноссi. Рашучы ён быў, гарачы - буранным празвалi яго яшчэ i за тое, што характарам быў мянушцы ўровень. Во i цяпер, каб быў з Сабiтжанам адзiн на адзiн, сказаў бы бессаромнiку ў вочы ўсё, чаго заслугоўваў. Каб запомнiў на ўсё жыццё! Ды не хацелася да бабскiх размоў прычыняцца. Тыя вунь потайкам: прыехаў, маўляў, сынок хаваць бацьку, як у госцi. З пустымi рукамi ў кiшэнях. Хоць бы пачак чаю прывёз, не кажучы пра што iншае. Ды i жонка магла б прыехаць, паплакаць разам з усiмi - чаму не? Нi сораму, нi сумлення. Калi стары заможны быў - пара дойных вярблюдзiц, авечак з ягнятамi больш за дзесятак - такi ён трэба быў. Тады i нявестка наязджала, пакуль не дабiлася, каб усё прадаў. Забрала старога нiбы да сябе, а як машыну купiлi, не патрэбны стаў стары. Цяпер i носа не пакажа. Хацелi былi кабеты пра тое сказаць, ды стары не дазволiў. Не ўздумайце ў такi дзень, ды i не вашая гэта справа.