Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Быў. Ёсць. Буду

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Дуб

Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай Ён узвыашўся, як над морам траў. І кожны жолуд, як радок вялікі, Для сонца новы парастак раджаў. І вось цяпер, калі яго быліны Жывуць у жылах кожнага, як кроў, З яго драўніны цяжкай робяць клінні Для пачынаючых мужнець дубоў. А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі, Іх важна вучыць, - мудрасці нібы: "Што ж, дошкі будуць, - гэта ўсё нічога, Для гэтага ж існуюць дубы". Забыў свае змаганні і быліны, Забыў свае пакуты на зямлі, - Таму, што першыя свае галіны Не так, як ён, нашчадкі павялі. І ён глядзіць на іх, бы з мёртвай вежы, Не разумее іх святыя сны... А будучыня парасткам належыць, Бо на дубах былых растуць яны. Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе, Бо іх карэнням глыб зямлі працяць, Бо іншыя яны, бо сем стагоддзяў Лес глебу рыхтаваў для іх жыцця... ...Стаіць над здзірванелай сцежкай згубы, Нібыта ўсім, што з ім было ў жыцці, Ўвасобіў да канца "ідэю дуба" І больш дубам няма чаго расці.

"Вецер ужо i лiстотай не кружыць..."

Вецер ужо і лістотай не кружыць, Золкі, начны вылізвае брук. І лету на змену прыходзіць сцюжа, І сон на змену пяшчоце рук. І што абдымаць цябе ззаду за грудзі, Лавіць нагою выгіб сцягна, Калі замест песні вясенняй будзе Зіма, забыццё і здрада сна? І як мне не гладзіць цябе з трапятаннем, І як мне не плакаць ад гора ў сне, Калі ты кожным сваім дыханнем Нібы адрываешся ад мяне.

"Вёслы мае разрываюць ноч..."

Вёслы мае разрываюць ноч Чорнай азёрнай вады. Іскра агню мне міргае: "Не збоч І прыплыві сюды". І ўяўляюцца ў з'явах асенняй тугі Валасы, цеплыня грудзей... А ў затоках дрыжаць і дрыжаць сітнягі Ў бясконцай асенняй вадзе. Ветравей, ты падзьмі над няўтульнай вадой, Панясі над прадоннем начным, Каб хутчэй у абдымках каханай маёй Я прачнуўся ў ложку маім.

"І тады закахалася хмара..."

І тады закахалася хмара... У паплавы, ад расы прамяністыя, І ва ўсю Беларусь маю чыстую, Ў мары бору, ў палёў абшары. І заплакала ад кахання, І слязою чыстай абмыла Ўсе абшары зямлі маёй мілай, Ўсе калыскі яе і магілы, Ўсе змярканні яе і світанні. І пад птушак зялёны гоман Нарадзіліся для абшараў, - Плод кахання бору і хмары, - Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Наследаванне Байрану

Ты апусціла стрэлы вей - І гэта, як на снег вайны, На саван бітвы ў снах завей Бязгучна селі груганы. На веі слёзы наплылі - І гэта, быццам па вясне, Як брама райскае зямлі, Праз дождж вясёлка ззяе мне. Па ўсёй каханай старане З блакітных сноў спадае дождж - І гэта, - здаючыся мне, - Ты ўсмешку дорыш мне усё ж. І адышла зіма трывог, І ўстаў з нябёс герояў строй... І зноў ёсць май, і зноў ёсць бой, І зноў ёсць свет, і ў свеце бог. І свет - не пустка мне з табой. І бог - не пастка мне з табой.

"Закувала зязюля ў лесе празрыста-зялёным..."

Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным... Божа мой! Колькі год яшчэ жыць нам з табою і жыць! Ранак ціхай вясны! Ранак светлых пяшчотных палонаў! Ранак вечных спатканняў на роснай і цёплай, пахучай мяжы! І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню, І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі у цёплым тумане, Над гаямі, дзе... Так нечакана прыгасла зязюлі куванне. Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.

"Ў бездарожжа для тых, каму шчасцiць..."

Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць, Дагарае ўначы маё сэрца... Ты дала мне імгненнае шчасце, Я табе даў за гэта - бяссмерце. І калі ты падзякаю, болем Азарыла мне прорвы сусвету, Я сказаў: "Больш, напэўна, ніколі Мы на свеце не ўбачымся гэтым". І табе - хай нас людзі рассудзяць - Я зайздроснай аддзякую доляй: Ты - ніколі - мяне не забудзеш, Ты мяне не пабачыш - ніколі. Ў ноч самоты, і ў цемры магілы Будзе смага адна тваёй доляй: Ты забыць мяне будзеш не ў сілах, І са мною... ніколі. Ніколі.

"Над полем месяц двухрогі..."

Над полем месяц двухрогі, А мне ў цішыні палявой Адна пралягла дарога: Да вокан любай маёй. Яна кахае другога, І як ні падай да ног Убранага кветкамі бога, - Ён не ўратуе, бог. Свяшчэннікі ўсёй паднябёснай Кахання не вымаляць мне. А суцешаць хіба што сосны І роднага неба свінец. Каб глядзеў я ў вочы іконе, Як у вочы лепшай з дзяўчын, - Узялі б мяне ў божае лона, Ўзвялі ў апостальскі чын. Каб бегаў я ў божую хату Так, як пад хату тваю, - Мяне б серафімы крылатыя Жывым пасялілі ў раю. 

"Данеслi добрыя людзi..."

Данеслі добрыя людзі (А я спакойны чамусь), Што жыццё пачало паскудзіць Былому Каханню майму. Колькі ж годных яна абсмяяла! Колькі чыстых на сметнік звяла! Піравала яна, гуляла, Ў божы рай па трупах ішла. Гэта толькі пачатак гісторыі: Будзе ёй яшчэ на зямлі Безвыходней куды і горай... Так, як мне праз яе калісь. Сёння плачуць слязой яе вочы. Заўтра - кроў яна з іх пралье... Але гэта не я ёй адплочваю. Гэта лёс ёй спаўна аддае. Б'е за шчасце маё, і за мукі, І за ўсё, што аддаў сатане... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Але, божа, анёл ці гадзюка - Ўсё ж была яна часткай мяне. Твой закон, і права, і сіла, І таму не малю за сябе... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Бог даруй, бог - цябе памілуй, Хай сабе і ў смяротнай журбе.

Стары певень

Жабруюць хаты. Штук дваццаць даўно, Сорак восем сляпых звіў бур'ян пятлёй, І ўрэшце адзін павадыр: акно, А за ім жывое святло. Забітая кожная з хат, як труна, Вёска вымерла. Ў ёй толькі хлюпам звярэць. І жыве там бабулька адным-адна... Котка. Певень. І пяць курэй. Ноччу мулка. І шэпча яна ў невідно: "Не паспее тройчы"... І вось у туман Загарлае певень, што доўжыцца ноч. І чакае. Адказу няма. І сыноў, і суседзяў ёй трызніцца крок, Як жывы, неадчэпны падман... Загарлае певень, што чэзне змрок - А хору ў адказ - няма. Хто ў тайзе, хто ў стэпе. Свой гай парадзеў, А калі ўрэшце прыйдзе драма, Загарлае певень, што блізкі дзень - І хоць бы хто падтрымаў. Калі хвошча залева на ўвесь небакрай, Калі спіць пад снягамі трава, Гэты певень вартуе наш родны край. А вы? Ці не ганьба вам?

Ворыва на валах

Я гэта бачыў сам, хоць адышло: Ў апошні, можа, раз на белым свеце Ішлі быкі і ворыва плыло, А зверху - хмары, чырвань, сінь і вецер... Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх, За імі йльсняныя ў адвалах межы... Як старажытныя князі, быкі Маю радзіму на кавалкі рэжуць. З нябачнае лагчыны йдуць яны Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў, На ўзгорак, велічны, як шар зямны, Бы два паўмесяцы, ўсплываюць рогі. Заплюшчу вочы - і перада мной Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй, І рэжуць свет нарожнаю бранёй, І капыты - бы край мой папіраюць. Бялкі ў крыві, а капыты - ў гразі. І ўсё здаецца мне: нарогам-зборояй Быкі, як старажытныя князі, Маю радзіму на кавалкі крояць. Ў смяротны час - няхай прайшлі гады - Ў маё апошняе сальюцца слова, І сэрца раздзяруць на дзве паловы Аблокаў барва, сінь, трывожны дым, Радзімы твар, і горды, і суровы.
Поделиться с друзьями: