Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек на бутлі

Майринк Густав

Шрифт:

Хвіліна мёртвай цішыні, пасля гвалт тысячы галасоў – зала забушавала.

– Што гэта? – Што здарылася?!

Марыянеткі, малпы, музыкі – усё паўскоквала; маскі паўзляталі на сцэну: княгіня, жонка Дарашэ-Кога, голая ляжала на падлозе, прывязаная да сталёвай арматуры. У месцах, дзе шнуркі абвівалі цела, былі сінія падцёкі. У роце тырчаў шаўковы кляп.

Неапісальная жудасць спаралізавала ўсіх у зале.

П’еро, – заверашчаў раптам нейкі голас, – П’еро!

Шалёны, падсвядомы страх – як удар кінжалам кожнаму ў сэрца.

– Дзе прынц?

Падчас агульнай неразбярыхі і вэрхалу перс знік без следу.

Меланхтон ужо стаяў у “мефістофеля” на плячах, пустое – ён не мог падняць накрыўку з бутлі, а невялікі вентыль для паветра быў – закручаны!

– Разбівайце шкло, хутчэй, хутчэй! – Галандскі радца вырваў з рук чырвонага ката сякеру, адным скокам узляцеў на сцэну. Калі пасыпаліся ўдары, зазвінела, як бы ў расколаты звон; жудасны звон. Рэзкія ўдары джыгалі ў шкле, як белыя маланкі, – лязо сякеры сагнулася. Нарэшце – нарэшце… бутля рассыпалася на асколкі. Сярод іх ляжаў, задыхнуўшыся, труп графа дэ Фааста – пальцы ўпіліся ў грудзі.

Над святочнай залай, бязгучна шлопаючы крыллем, нябачна луналі велізарныя птахі жудасці.

123
Поделиться с друзьями: