Чалавек, які ўмеў рабіць цуды
Шрифт:
М-р Фатэрынгей выслухаў пярэчанні.
– Не разумею, што перашкаджае нам зрабіць гэта, пакуль яна спіць.
М-р Мэйдыг крыху пасупраціўляўся і ўрэшце саступіў. М-р Фатэрынгей загадаў, і, бадай, без ранейшай ужо разняволенасці двое джэнтльмэнаў вярнуліся да ежы. М-р Мэйдыг шмат гаварыў пра змены ў сваёй аканомцы, якія ён спадзяваўся ўбачыць заўтра, з такім аптымізмам, які нават на бяседны розум м-ра Фатэрынгея здаваўся крыху ненатуральным і занадта бурным, калі наверсе пачаўся бязладны шум. Яны абмяняліся запытальнымі позіркамі, і м-р Мэйдыг спешна пакінуў пакой. М-р Фатэрынгей пачуў, як той кліча гаспадыню, а пасля яго крокі наверх да яе.
Праз нейкую хвіліну пастар вярнуўся, ён ішоў лёгка, і яго твар свяціўся.
– Дзівосна! – сказаў ён, – і кранальна! Надзвычай кранальна!
Ён пачаў хадзіць па дыванку.
– Пакаянне – якое кранальнае пакаянне – скрозь шчыліну ў дзвярах. Бедная жанчына! Такая дзівосная перамена! Яна ўстала. Яна, мусіць, зараз жа ўстала. Яна прачнулася, каб раскалаціць бутэльку брэндзі, якую трымала ў куфэрку. І каб паспавядацца ў гэтым!.. Але гэта дае – гэта адкрывае нам – дзівоснае бачанне нашых магчымасцяў. Калі мы змаглі зрабіць такую цудоўную змену ў ёй…
– Магчымасці, відаць, неабмежаваныя, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што да містэра Ўінча…
– Абсалютна неабмежаваныя, – стоячы на дыванку, м-р Мэйдыг адмахнуўся ад праблемы з Ўінчам і выказаў шэраг цудоўных прапановаў – прапановаў, якія ён прыдумаў, пакуль хадзіў.
Што гэта былі за прапановы, для нашай гісторыі неістотна. Дастаткова сказаць, што яны былі ў духу бязмежнай шчодрасці, той шчодрасці, якую называюць паабедзеннай. Дастаткова сказаць таксама, што праблема Ўінча засталася нявырашанай. Няма патрэбы тлумачыць, як далёка заходзіў той шэраг. У ім планаваліся дзіўныя змены. Глыбокая ноч заспела м-ра Мэйдыга і м-ра Фатэрынгея, калі яны беглі халодным рынкавым пляцам пад спакойным месяцам у магічным экстазе: рухавы і ўзрушаны м-р Мэйдыг ды маленькі, даўно не голены м-р Фатэрынгей, які ўжо больш не саромеўся сваёй сілы. Яны выправілі кожнага п’яніцу ў Парламенцкім раёне, ператварылі ўсё піва і ўвесь алкаголь у ваду (м-р Мэйдыг здолеў пераканаць у гэтым м-ра Фатэрынгея). Пасля яны значна палепшылі чыгуначную інфраструктуру ва ўсёй мясцовасці, асушылі Фліндэрскае балота, палепшылі глебу на Гары Аднаго Дрэва і вылечылі бародаўку вікарыю. І яны збіраліся прыдумаць, што можна зрабіць з пашкоджанай паляй Паўднёвага моста.
– Заўтра, – задыхаўся м-р Мэйдыг, – гэта будзе зусім іншае месца. Як жа ўсе здзівяцца, як яны будуць удзячныя, – і якраз у гэты момант царкоўны гадзіннік прабіў тры.
– Паслухайце, – сказаў м-р Фатэрынгей, – ужо тры гадзіны! Мне трэба вяртацца. Трэба на працу да васьмі. І акрамя таго, місіс Ўімс…
– Мы толькі пачынаем, – сказаў м-р Мэйдыг, поўны асалоды ад неабмежаванай улады. – Мы толькі пачынаем. Падумайце, колькі добрага мы робім. Калі людзі прачнуцца…
– Але… – пачаў пярэчыць м-р Фатэрынгей.
М-р Мэйдыг раптам схапіў яго за руку. Яго вочы выглядалі яркімі і дзікімі.
– Мой дарагі друг, – сказаў ён, – няма куды спяшацца. Глядзіце, – ён паказаў на месяц у зеніце, – Ісус Наваў!
– Ісус Наваў? – перапытаў м-р Фатэрынгей.
– Ісус Наваў, – паўтарыў м-р Мэйдыг. – Чаму не? Спыніце яго.
М-р Фатэрынгей паглядзеў на месяц.
– Ён крыху завялікі, – сказаў ён пасля паўзы.
– Дык і што? – спытаў м-р Мэйдыг. – Вядома, ён не спыніцца. Трэба спыніць рух Зямлі, разумееце. Тады час спыніцца. Мы гэтым не зробім шкоды.
– Хм! – сказаў м-р Фатэрынгей. – Ну, – уздыхнуў ён, – я паспрабую. Зараз!
Ён зашпіліў пінжак і звярнуўся да жывой планеты з нахабнай самаўпэўненасцю, вартай яго сілаў.
– Перастань круціцца, калі ласка, – папрасіў м-р Фатэрынгей.
І ў той жа момант ён ужо кулём ляцеў у паветры з хуткасцю дзесяткаў міляў у мінуту. Нягледзячы на ўсе тыя незлічоныя перавароты, якія ён штосекунду рабіў, ён паспеў падумаць. Дзівосная рэч думка – часам марудная, як цячэнне смалы, а часам вокамгненная, як святло. Ён за секунду пасьпеў падумаць і пажадаць:
– Хачу апусціцца жывым і здаровым. Што б ні адбылося далей, апусці мяне жывым і здаровым.
Ён пажадаў гэтага вельмі своечасова, бо ягоная вопратка, нагрэтая хуткім рухам скрозь паветра, ужо пачала падсмальвацца. Ён апусціўся з моцным, але абсалютна бясшкодным ударам у тое, што аказалася кучай свежавывернутай зямлі. Вялізная глыба з муру і металу, якая дзіўна нагадвала гадзіннікавую вежу ў цэнтры рынкавага пляцу, ударылася аб зямлю каля яго, адскочыла рыкашэтам над яго галавой і разляцелася на муроўку, цэглу і цэмент, нібы ўзарваная бомба. Нейкая карова наляцела на адзін з большых абломкаў, і яе расплюшчыла, як яйка. Адбыўся ўдар, у параўнанні з якім грукат ад усіх наймацнейшых удараў у яго жыцці здаваўся гукам ад падзення пёрка, а за ім яшчэ шэраг меншых удараў. Вялізны вецер роў на зямлі і ў небе, так што ён ледзь мог прыўзняць галаву, каб агледзецца. Нейкі час ён быў занадта задыханы і здзіўлены, нават каб зразумець, дзе ён знаходзіцца або што здарылася. І першым яго рухам была спроба памацаць галаву, каб пераканацца, што валасы, якія развяваліся на ветры, былі яшчэ на месцы.
– Госпадзе! – задыхаўся м-р Фатэрынгей, ледзь гаворачы за ветрам, – я ледзь выратаваўся! Што здарылася? Бура, гром. А ўсяго хвіліну таму была цудоўная ноч. Гэта Мэйдыг падгаварыў мяне гэта зрабіць. Які вецер! Яшчэ пару такіх жартаў, і я абавязкова патраплю ў нешта жудаснае!..
Дзе Мэйдыг?
У якім жудасным хаосе ўсё!
Ён агледзеў сябе, наколькі гэта дазваляў яго пінжак, які трапятаў на ветры. Усё сапраўды выглядала скрайне дзіўна.
– Ну, хоць з небам усё ў парадку, – сказаў м-р Фатэрынгей. – І гэта, здаецца, адзінае, што ў парадку. Хаця падобна, што нават адтуль набліжаецца жахлівы шторм. Але месяц на небе. Такі самы, як і хвіліну таму. Светлы, як дзень. А ўсё астатняе… Дзе вёска? Дзе – дзе ўсё? Чаму ўвогуле ўзняўся такі вецер? Я не прасіў ветру.
М-р Фатэрынгей безвынікова паспрабаваў падняцца на ногі, але пасля першай няўдалай спробы, вырашыў далей трымацца рачком. З-пад фалдаў пінжака, якія развяваліся над яго галавой, ён аглядаў асветленую месяцам прастору з падветранага боку.
– Адбылося нешта дрэннае, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што, Бог яго ведае.
Нічога не было відаць у асветленай белым святлом пыльнай імгле, якая неслася наперадзе вісклівай буры, адны толькі вывернутыя масы зямлі і кучы свежых руінаў, без дрэваў, без дамоў, без знаёмых абрысаў, толькі бязладная пустэча, якая таксама ўрэшце знікала ў цемры пад вірам калонаў і транспарантаў, бліскавіц і грымотаў буры, якая няўмольна набліжалася. Каля яго ў шаравата-сінім святле вылучалася нешта, што раней магло быць вязам – расплюшчаная маса стрэмак, якія трапяталі ад галінак да кораня, – а далей з пераблытанай кучы паўставала скручаная маса жалезных бэлек, у якой адгадваўся мост.
Рэч у тым, што, калі м-р Фатэрынгей спыніў кручэнне цэлай планеты, ён не зрабіў ніякіх указанняў адносна рухомых аб’ектаў на яе паверхні. А Зямля круціцца з такой хуткасцю, што паверхня на яе экватары рухаецца значна хутчэй за тысячу міляў у гадзіну, а ў нашых шыротах – менш чым у два разы павольней. Таму вёска, і м-р Мэйдыг, і м-р Фатэрынгей, і ўсё астатняе рэзка рванула наперад з хуткасцю каля дзевяці міляў у секунду, інакш кажучы, значна хутчэй, чым калі б імі стрэлілі з гарматы. І кожны чалавек, кожная жывая істота, кожны дом і кожнае дрэва – увесь вядомы нам свет – быў гэткім чынам падхоплены, расплюшчаны і цалкам знішчаны. Вось і ўсё.
Гэтага м-р Фатэрынгей, канечне, у поўнай меры не ўсведамляў. Але ён зразумеў, што ягоны цуд пацярпеў няўдачу, і ад гэтага адчуў вялізную агіду да цудаў. Цяпер ён быў у цемры, бо хмары згрувасціліся і перакрылі месяц, які толькі што быў відаць, а паветра напоўнілася мігатлівымі, бурлівымі, ускаламучанымі аблокамі друзу. Незвычайнае завыванне ветру і вады напоўніла зямлю і неба, і ўглядаючыся з-пад далоні супраць ветру скрозь пыл і град, ён убачыў у гульні маланак велічэзную сцяну вады, якая ішла на яго.