Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:

– Якi яшчэ гарант?
– незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбiрацца на бераг, стараючыся iсцi нешырокiмi крокамi i па прамой лiнii.

– Прывiтанне, землячок!
– сцiснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка.

– Добры дзень, Клёнiк, - цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцiнюк.

Ад прылiву ўдзячнасцi, нават любовi да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як i належыць мужчыне. Спытаў:

– I калi мы паляцiм назад на Зямлю? Плазмоiды ж абяцалi, што паспiм, адпачнем i адразу паляцiм. Значыць, адпраўляемся заўтра?

– Не спяшайся, жыхар не нашай планеты, - цвёрда, амаль сурова прагучала ў iх над галовамi. Яны ўбачылi вялiзны зялёны шар, якi паважна выплываў з купы iншых, значна меншых.

– Не трэба спяшацца, - лагаднеючы, казаў шар.
– Ты правiльна пачуў словы: "...паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля". Усё гэта так. Але на нашым Вары ноч доўжыцца каля сарака васьмi зямных гадзiн. А наконт адпачынку... Што такое адпачынак? Можна адпачыць з паўгадзiны пасля палёту, або, як у вас, пасля пешаходнай прагулкi. Добра папрацаваўшы зiмою (на нашай планеце таксама выпадае снег), можна адпачываць усё лета. А лета на планеце Вар умяшчаецца ў трыста песень свяшчэннай птушкi кранг. Кранг жа, да вашага ведама, зямляне, на адну сваю песню адводзiць адну ноч, i такiм чынам...

– Дык вы хочаце сказаць, што мы можам прабыць у вас... вашымi гасцямi трыста дзён i трыста начэй?
– пачырванеўшы ад гневу, рашуча перарвала маналог зялёнага плазмоiда Вера Хрысцiнюк.

– Усё можа быць, жыхарка не нашай планеты, - шматзначна прамовiў таўстун i, на ўсялякi выпадак, узвiўся крыху вышэй.

– Што ж гэта такое?
– пляснула рукамi Вера.
– Запрашаюць на абсалютна невядомую планету, прыкiдваюцца джэнтльменамi, гаспадарамi свайго чэснага слова, а завозяць людзей на задворкi Галактыкi, як у нейкую турму.

Пры слове "задворкi" плазмоiды абурана i ўзбуджана зашыпелi.

– Не трэба, панове, - iранiчна ўсмiхнулася Хрысцiнюк.
– У мяне на планеце Зямля ёсць цудоўны электрычны чайнiк, i ён таксама, калi нагрэецца, шыпiць. Радаслаў Алесевiч, - павярнулася яна да Буслейкi, - вы, як мужчына, як прадстаўнiк усiх мужчын Зямлi, павiнны абаранiць нашага юнага сябра Клёна Дубровiча i мяне, слабую жанчыну, ад гэтага нахабства, ад гэтага, можна сказаць, мiжпланетнага шантажу. Праз тры днi я павiнна быць у сваiм iнстытуце. Разумееце? Мы праводзiм вельмi важны, можна сказаць найважнейшы навуковы эксперымент, i калi мяне не будзе...

Яна з iмпэтам трагiчнай актрысы заламала прыгожыя белыя рукi. Плазмоiды зацiхлi i, адчувалася, з лёгкiм страхам i надзвычайнай цiкаўнасцю сачылi за ёй.

Радаслаў для салiднасцi адкашляўся.

– Я мяркую, - суха сказаў ён, - я абсалютна ўпэўнены, што паважаная Старая Цывiлiзацыя, якая жадае заключыць вечны мiр з людзьмi планеты Зямля, даставiць нас дадому, - ён у роздуме зморшчыў загарэлы лоб, - праз тры днi, роўна праз тры днi гасцявання на цудоўнай i непаўторнай планеце Вар.

– Якi вы малайчына! Якi дыпламат!
– зачаравана пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк.
– За адну-аднюсенькую секунду знайшлi мудрае кампрамiснае рашэнне. Шэдаўральна!

Слова "шэдаўральна" для тых людзей, якiя больш-менш ведалi рамантычную натуру Веры, азначала, што з гэтага моманту яна закахала'ся ў стрэсаператара Радаслава Буслейку. Яе нават называлi "жанчына-вулкан" за такую рысу характару.

– I ўсё ж я хачу як мага хутчэй быць на Зямлi, - упарта сказаў Клён. Там мяне мама з бацькам чакаюць.

Радаслаў уважлiва паглядзеў на яго.

– Гэта вельмi добра, што чакаюць. Але ж мы ў гасцях, i гаспадары будуць рашаць, у якi дзень мы на развiтанне памахаем iм ручкай.

– Я як чалавек, - горда вымавiў Клён, - як жыхар планеты Зямля, магу сам, - разумееце?
– сам распараджацца сваiм лёсам. Гэта маё неад'емнае права. Дзеля гэтага мае i вашы продкi дадумалiся да такой мудрай штукенцыi, як ВЭП.

– Чалавек?
– Буслейка злёгку ўсмiхнуўся.
– Што ж, i ты - чалавек, i мы з Верай - чалавекi. Але паслухай, дарагi Клён, адну просценькую прытчу. Неяк спытаў фiлосаф Арыстоцель у фiлосафа Платона: "Што такое чалавек?" - "Гэта iстота, - адазаў Платон, - якая прама стаiць на дзвюх нагах, не пакрыта нi шэрсцю, нi пухам i валодае зычным голасам". На тым яны i разышлiся. А праз нейкi час Арыстоцель прынёс абскубанага жывога пеўня, кiнуў пад ногi Платону i сказаў: "Бяры свайго чалавека, Платон". Вось так.

Вера Хрысцiнюк весела засмяялася. Клён, наадварот, пазмрачнеў, сцiснуў губы, пасля некаторай паўзы раздражнёна спытаў:

– Дык павашаму атрымлiваецца, што я певень?

– Ты што?
– паляпаў яго на плячы Радаслаў.
– Ты, Клён, самы стопрацэнтны чалавек - чалавек з вялiкай лiтары, як раней любiлi пiсаць белетрысты. Надышла ноч. На планеце Вар не бывае таго пераходнага часу сутак, якi зямляне называюць вечарам. Неба адразу зрабiлася густа-зялёным, быццам Iнклiна са старадаўняй бутэлькi. Перасталi лётаць, селi ў свае гнёзды крангi. Узняўся парывiсты, даволi халодны вецер. Ён тут дзьме толькi ўначы.

– Дзе ж начуюць плазмоiды?
– задумлiва сказаў Радаслаў Буслейка, бо наўкол, куды нi скiруй вока, не стаяла нiякiх будынкаў. Толькi купкi тулураў, дрэў, у якiх фасфарычна свяцiлася кара, былi раскiданы ў безжыццёвай зялёнапясчанай пустынi.

Нiбы адказваючы на пытанне стрэсаператара, пачулася звонкае шчоўканне расчынiлiся дзесяткi металiчных люкаў. Ручайкамi пабег па закрыўках пясок.

– Значыць, яны жывуць у зямлi, у норах, - разгублена прамовiў Клён, спынiўшыся перад адным з такiх люкаў.

– Не спяшайся з абагульненнямi, малады чалавек, - паправiў яго Радаслаў.
– У нашым разуменнi нара - гэта тое месца, якое насяляюць звяры або змеi цi берагавыя птушкi. Але ў дадзеным выпадку мы маем справу з высокаразвiтай цывiлiзацыяй, i я не думаю, каб плазмоiды называлi сваё жытло нарою. Пэўна ж, у iх маецца нейкi iншы назоў.

– Ну няхай гэта будзе палац, - iранiчна сказаў Клён.

Ён не паспеў нiчога дадаць, бо раптоўна моцны парыў ветру ўцягнуў, усмактаў iх усiх у люк. Там была абсалютная цемра.

– Дзе вы, Радаслаў? Дайце мне руку, - войкнула Вера.

Яны апынулiся ў эластычным, не надта шырокiм i не надта вузкiм, а якраз па чалавечай фiгуры, рукаве, падобным на той, пры дапамозе якога ратуюцца ў час пажару людзi з ахопленых полымем высокiх паверхаў. Пад цяжарам уласных целаў усе заслiзгалi ўнiз. Гэтае нястрымнае падзенне доўжылася хвiлiны тры-чатыры. Калi ўзнялiся на ногi, то ўбачылi светлую шарападобную залу дыяметрам каля пятнаццацi метраў, падобную на жылы адсек касмiчнага карабля. Не мелася нiякай мэблi - хоць бы крэсла, хоць бы канапка. Адно пад столлю вiселi тры гамакi.

Поделиться с друзьями: