Чарвяк
Шрифт:
— Жанчыны, скажу я табе, гэта незвычайныя людзі! — усклікнуў ён. — Калі прымае яна рашэнне — усё, няхай не трапляюцца на дарозе — ідзе львіца, якая будзе рваць за цябе направа-налева ўсё і ўся. Вось так і гэтая. Падавалася б: ну хто я ёй такі? А мяне толькі закрылі, яна—тут як тут: на наступны ж дзень адчыняюцца ў хаце дзверы і кажа мне начальнік “кічы”: “Выходзь, прыйшлі да цябе!” Я падумаў, следак мо які. Заводзяць у пакой, а там—яна! Ты прыкідваеш?!
Я не адказваў—прыкінуць было цяжка нават відаўшым віды. Дзёня распавядаў далей:
— Кідаецца на шыю мне, плача: “Дзянісанька, вырвемся!”, “Буду чакаць!”, “Жыць не магу!” Я такі шакаваны быў… Мамка яшчэ не паспела зразумець, дзе я і што, а гэтая імгненна! І ўзялася яна па поўнае праграме: год і перадачы цягала, і мамку маю падтрымоўвала, і па сведках бегала, і па следаках — усё даказвала: “Вы ж ведаеце, ён невінаваты!” Падняла на ногі нават сваю маці. А ейная маці, ведаеш хто?
— Хто?
— Пракурорша!—крыкнуў Дзяніс і патрос рукою ў паветры.—І пракурорша, каторая мяне на малалетку закрывала!
— Во ты выдаеш…—уразіўся я такім паваротам і запытаў: —А тая што, з якой распісвацца меліся, кіданула?
— Яна, —сябар мой уздыхнуў, —апынулася, што была цяжарная.
— Н-да… проста нейкая санта-барбара.
— Так, Дзімон, але я потым даведаўся. Яна, відаць, не магла дараваць мне здраду, ды ўжо сувязі са мною не шукала. Бацькі ёй кажуць: “Рабі аборт!”, але яна не зважаючы ні на што, адмовілася. Дык, падумай ты сабе, выгналі з дому!
— Час ад часу не лягчэй,—уздыхнуў і я—усё ж, падобна было болей на тыповую трагедыю па-савецку.—І што?
— Нарадзіла усё-ткі. Потым выйшла замуж, за вайскоўца, харошага хлопца—я яго ведаю—сына ваенных таксама. Нарадзіўся ў іх яшчэ адзін дзіцёнак. Урэшце, і ейныя бацькі шчаслівыя, і ягоныя.
— Рэдкі выпадак…
— Дзякаваць Богу, Ён уладкаваў.
— Ну а Віка?—мяне ўжо вельмі цікавіў працяг турэмнага раману — такога сімвалічнага для нашага веку.
— Віка вяла за мяне няроўны бой да самага прысуду. А потым зляпіў я з ёю расход, — выдаў Дзяніс трагічную канцоўку ўзнёслага аповеду, але зрабіў гэта даволі спакойным тонам.
Я ўтаропіўся ў сябра—мне хацелася, каб усё завершылася каханнем “да смерці” —і са здзіўленнем запытаў:
— Навошта?
— Да ты што, Дзімон…—махнуў рукой Дзёня.—Маладая дзеўка, усё жыццё наперадзе, а тут я— і “дванаццатка”… Ды як падумаў я таксама: сядзі і потым заганяйся: дзе яна? з кім?.. І я адпісаў ёй з “кічы”, што ўсё, сканчваем гэтую любоўна-турэмную рамантыку. Так бы, ведаеш, мо і не асмеліўся б, але быў у аднаго чэла гераін, і мы пару дзён—“у саплях”, ну вось я вырашыў і яе вызваліць, і сябе. Віка, праўда, доўга не згаджалася; матуля яе вельмі палюбіла і наракала на мяне потым, што дурань я такі-сякі…Але што вырашана, тое вырашана, — завершыў Дзяніс скрыгатнуўшы сківіцамі.
— Ну ты чэл канкрэтны…—уражана прамармытаў я.
— Нядаўна замуж выйшла, — працягваў прыхільнік радыкальных рашэнняў, — але ў нас добрыя адносіны: піша мне, падтрымоўвае, нават дапамагае маёй матулі перадачы збіраць… хаця і прайшло столькі год, ды яшчэ пасля таго, як я яе выправадзіў. Можаш сабе ўявіць, які чалавек?
На гэтае пытанне можна было толькі паківаць галавою—я і мог сабе ўявіць, бо прыклады — і іх шмат — перад намі, і не мог, бо розумам чалавечым такое спасцігнуць нельга.
Зэк і жанчына — самая загадкавая, дзіўная і неспасцігальная сфера турэмнага жыцця (а можа быць і ўсяго жыцця пад нябёсамі). І якіх толькі лёсаў не сустрэнеш! Яму даюць “25-ку” за забойства палюбоўніцы, з якою ён паралельна жыў, а яна даруе ўсё, выбіваецца з апошняе моцы, але збірае перадачы, ездзіць на спатканні… піша, плача, свята чакае.
А колькі едуць у зону браць шлюб з зэкам, каторага ведаюць толькі па некалькіх лістах перапіскі ці двух-трох забароненых размовах па мабільніку?.. Не спыняе нічога: ні кот у меху, ні калючы дрот вакол месца жыхарства абранніка, ні 5, 10…25 год, якія гэтаму кату-абранніку пад аховаю аўчарак трэба пражыць. І гэтак жа свята будзе плакаць, пісаць, ездзіць і … чакаць, чакаць, чакаць. Уявіць жа, каб на гэтую ахвяру душы быў здольны мужчына — ніяк нельга. Не, такое,канешне, мусіць недзе быць, але я пакуль не бачыў.
А нават такое часам сустрэнеш, калі выправоджвае яе зэк (ці вызваліць жадае, як Дзёня, ці найграўся кот з гэтаю мышкаю і палюе ўжо на іншую), а яна шчэ ўмольвае і спадзяецца.
Не, розумам чалавечым такое спасцігнуць нельга, такое можна спасцігнуць толькі душою.
— А цяпер пішашся з якою?—запытаў я пасля хвіліннага маўчання.
Дзяніс усміхнуўся і ўсцешана адказаў:
— Пішуся, ёсць адна дзяўчына, Марыя. У Ельску жыве, ведаеш?
— Ведаю, — кіўнуў я, узгадваючы адну з двух сваіх малых радзімаў. — А як пазнаёміліся?
— Адрас даў яе стрыечны брат, з якім я тут разам год на пекарні працаваў, а цяпер ён ужо на свабодзе.
— І што, пра адносіны не размаўлялі яшчэ?
— Размаўлялі, я ёй напісаў пра сваё бачанне сям’і, пра веру. Яна ва ўсім згодна,але са шлюбам мы вырашылі пачакаць.
— Чакаць? — даўся дзіву я. — Табе колькі яшчэ сядзець, Дзёня?
— Восем. Да званка. Гады два мо і “адкушу”.
— Во, восем! Ці шэсць —у лепшым выпадку. І ты кажаш: чакаць? Ну вось я, амаль два адчакаў і што?—прыгадваў я свой досвед. —Адарві—і выкінь! А ты збіраешся восем год зарыць. Калі ёсць пэўнасць, трэба рабіць адразу. А калі няма… — я пранікліва паглядзеў на сябра, — дык мо лепш ні ёй не тлуміць розум, ні сабе?..
Перад самым абедам заляскаў ля маёй каморкі ключнік і, адчыніўшы дзверы, прамовіў:
— Пайшлі.
— Куды? — я начапіў феску і ўскочыў ў туфлі.
— Там убачыш,—быццам бы інтрыгуючы, адказаў кантралёр.
На волі такога кшталту адказ сапраўды можа інтрыгаваць, але ў турме — толькі напружваць. І як не пераймацца? Ідзеш і не ведаеш куды: да любімага чалавека, каторы прыехаў на спатканне ці — да следака,каторы прыпёрся падшыць на цябе яшчэ пару паказанняў. Пасля шматлікіх паўтораў, эмоцыі, пры руху ў невядомасць, прытупляююцца, але не тое, каб зусім ужо — хаця б трошку, але сэрца будзе адбіваць усхвалявана: тух-тух, тух-тух, тух-тух — а раптам убачу зараз каханую? — думае яно.
Мяне прывялі ў суседні, прылеплены будынак. На прадоле ізалятара з аднога боку месцяцца камеры ШІЗА і ПКТ, а з другога стаіць драўляны прамавугольны стол, які выкарыстоўвае повар падчас кармёжкі камер. Цяпер жа на ім стаяла тыповая торба “у клетачку”, сімвал двух катэгорыяў чаўнакоў у нашым сацыялізме — тых, што возяць у іх па рынках свой тавар, і тых, што цягаюць у іх па этапах усю сваю маёмасць. Ля кешара гаманілі рэжымнік і дзве маладыя жанчынкі — бландзінка і брунэтка — супрацоўніцы з г.зв. “свіданак” — пакояў для каротка- і доўгатэрміновых сустрэчаў зэкаў з роднымі.