Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Прыкладна праз паўгадзіны яны выйшлі на вялікую паляну, зарослую верасам. Дзе-нідзе, быццам астраўкі, над ёю ўзвышаліся нетры цісаў, слаба асветленыя пабліскваннем зорак. Хлопчыкі спыніліся і паглядзелі адзін на аднаго.

— Ты стаміўся? — спытаў Дзік.

— Я так стаміўся, — адказаў Мэтчэм, — што хацеў бы легчы і памерці.

— Я чую журчанне ручая, — сказаў Дзік. — Дойдзем да яго і нап'ёмся; мяне мучыць смага.

Мясцовасць прыкметна паніжалася, і, сапраўды, на дне даліны яны знайшлі маленькі бруісты ручаёк, які бег паміж вербамі. Яны ўпалі ніцма на зямлю і, выцягнуўшы губы, удосталь напіліся вады, у якой адбіваліся зоркі.

— Калі мы спускаліся сюды, я бачыў якуюсьці яму, — сказаў Дзік. — Залезем у яе і заснём.

— Ах, як я хачу спаць! — усклікнуў Мэтчэм.

Яма была пясчаная і сухая; галіны кустоў, быццам павець, схіляліся над ёю. Хлопчыкі залезлі ў яму, леглі і моцна прыціснуліся адзін да аднаго, каб сагрэцца; сварка іх была забыта. Сон ахінуў іх, як воблака, і яны мірна заснулі пад расою і зоркамі.

Раздзел VII

Чалавек з закрытым тварам

Яны прачнуліся ў перадсвітальных прыцемках. Птушкі яшчэ не спявалі, а толькі няўпэўнена шчабяталі; і сонца яшчэ не паднялося, але ўвесь усходні край неба быў ахоплены ўрачыстай шматколернай зарой. Галодныя, змучаныя, яны нерухома ляжалі ў салодкай млявасці. І раптам пачулі дзвынканне званочкаў.

— Звоняць! — сказаў Дзік, прыўзнімаючыся. — Няўжо мы так блізка ад Халівуда?

Званочак дзвынкнуў зноў і на гэты раз намнога бліжэй; надтрэснуты гук яго, які парушыў ранішнюю цішыню, ужо не змаўкаў, увесь час набліжаючыся.

— Што гэта? — спытаў Дзік, канчаткова прачынаючыся.

— Хтосьці ідзе, — адказаў Мэтчэм, — і пры кожным яго кроку звініць званочак.

— Я гэта і сам разумею, — сказаў Дзік. — Але хто можа блукаць тут са званочкам? Каму патрэбен званочак у Тэнстолскім лесе? Джон, — дадаў ён, — смейся нада мной, калі хочаш, але мне гэты звон не падабаецца.

— Але, — сказаў Мэтчэм і ўздрыгнуў, — у гэтым звоне ёсць штосьці журботнае. Калі б не світанне…

Але тут званочак зазвінеў намнога мацней і раптам змоўк.

— Можна падумаць, што нехта бег са званочкам, прачытаў «Ойча наш» і з разгону скочыў у ваду, — заўважыў Дзік.

— А цяпер ён зноў ідзе марудна, — дадаў Мэтчэм.

— Не так ужо марудна, Джон, — адказаў Дзік. — Наадварот, ён вельмі шпарка да нас набліжаецца. Або ён уцякае ад кагосьці, або за кімсьці гоніцца сам. Хіба ты не чуеш, што звон з кожным імгненнем усё бліжэй?

— Ён ужо зусім побач, — сказаў Мэтчэм.

Яны стаялі з краю ямы; а паколькі яма была на макаўцы невялікай выспы, яны ўбачылі ўсю паляну да самага лесу. У шэрых ранішніх прыцемках яны выразна адрознівалі белую стужку сцяжынкі, якая праходзіла за нейкіх сто ярдаў ад ямы і перасякала ўсю паляну з усходу на захад. Дзік вымеркаваў, што сцяжынка гэтая, відавочна, павінна была весці ў замак Мот.

Не паспеў ён гэта падумаць, як на сцяжынцы з гушчару лесу з'явіўся чалавек, захутаны ў белае. Ён спыніўся на імгненне, быццам для таго, каб лепш агледзецца; затым, нізка прыгнуўшыся да зямлі, няспешліва рушыў наперад цераз зарослую верасам паляну. Званочак звінеў пры кожным яго кроку. У яго не было твару: белы мяшок, нават без адтулін для вачэй, закрываў усю яго галаву; чалавек гэты намацваў дарогу палкай.

Смяротны жах ахапіў хлопчыкаў.

— Пракажоны! — сказаў Дзік задыхаючыся.

— Яго дотык — смерць, — хваляваўся Мэтчэм. — Уцякайма!

— Навошта ўцякаць? — запярэчыў Дзік. — Хіба ты не бачыш, што ён зусім сляпы? Ён намацвае дарогу палкай. Давай ляжаць і не рухацца; вецер дзьме ад нас да яго, і ён пройдзе міма, не зрабіўшы нам ніякай шкоды. Бедачына! Ён варты жалю, а не страху!

— Я пашкадую яго, калі ён пройдзе, — адказаў Мэтчэм.

Пракажоны быў ужо зусім недалёка ад іх. Узышло сонца і асвяціла яго закрыты твар. Калісьці, да таго як страшная хвароба сагнула яго ў тры пагібелі, гэта, хутчэй за ўсё, быў мажны, рослы мужчына, ды і зараз ён ішоў упэўненай паходкай моцнага чалавека. Злавесны звон званочка, стук палкі, занавешаны твар без вачэй і, галоўнае, усведамленне таго, што ён не толькі асуджаны на смерць і пакуты, але і адвергнуты людзьмі, — усё гэта наганяла на хлопчыкаў жудасную журбу. Чалавек набліжаўся да іх, і з кожным яго крокам яны гублялі мужнасць і сілы.

Параўняўшыся з ямай, ён спыніўся і павярнуў да іх галаву.

— Прасвятая Багародзіца, выратуй мяне! — ледзь чутна прашаптаў Мэтчэм. — Ён нас бачыць!

— Лухта! — адказаў Дзік шэптам. — Ён проста прыслухоўваецца. Ён жа сляпы, дзівак!

Пракажоны глядзеў ці прыслухоўваўся некалькі імгненняў. Потым пабрыў далей, але раптам зноў спыніўся і зноў, здавалася, паглядзеў на хлопчыкаў. Нават Дзік смяротна пабялеў і заплюшчыў вочы, быццам ад аднаго позірку на пракажонага ён мог заразіцца. Але неўзабаве званочак зазвінеў зноў.

Пракажоны дайшоў да канца паляны і знік у гушчары.

— Ён бачыў нас, — сказаў Мэтчэм. — Клянуся, ён нас бачыў!

— Глупства! — запярэчыў Дзік, да якога ўжо вярнулася мужнасць. — Ён нас чуў і, пэўна, вельмі спалохаўся, бядак! Калі б ты быў сляпы, і калі б цябе акружала вечная ноч, ты спыняўся б ад кожнага хрусту сучка пад нагой, ад кожнага піску птушкі.

— Дзік, добры Дзік, ён бачыў нас, — паўтараў Мэтчэм. — Людзі прыслухоўваюцца зусім не так, Дзік. Ён глядзеў, а не слухаў. Ён задумаў штосьці нядобрае. Чуеш, званочак змоўк…

Ён меў рацыю. Званочак больш не звінеў.

— Гэта мне не падабаецца, — сказаў Дзік. — Гэта мне зусім не падабаецца, — паўтарыў ён. — Што ён задумаў? Ідзём хутчэй!

— Ён пайшоў на ўсход, — сказаў Мэтчэм. — Добры Дзік, бяжым прама на захад! Я супакоюся толькі тады, калі павярнуся да гэтага пракажонага спіной і ўцяку ад яго як можна далей.

— Які ж ты баязлівец, Джон! — адказаў Дзік. — Мы ідзём у Халівуд, а каб прыйсці адсюль у Халівуд, трэба ісці на поўнач.

Яны падняліся, перайшлі па каменьчыках цераз ручай і палезлі ўверх па супрацьлеглым схіле яру, які быў вельмі круты і падымаўся да самага ўскрайку лесу. Глеба тут была няроўнай — усюды гарбы і ямы; дрэвы раслі то ў адзіночку, то цэлымі гаямі. Нялёгка было знаходзіць дарогу, хлопчыкі пасоўваліся наперад вельмі марудна. Да таго ж яны былі стомлены ўчарашнімі сваімі прыгодамі, змучаны голадам і з цяжкасцю перастаўлялі ногі, якія грузлі ў пяску.

Раптам з вяршыні выспы яны ўбачылі пракажонага — ён быў за сто футаў ад іх і ішоў ім напярэймы па лагчыне. Званочак яго не звінеў, палка не намацвала дарогі, ён ішоў шпаркай, упэўненай паходкай відушчага чалавека. Праз імгненне ён знік у зарасніках кустоў.

Хлопчыкі адразу схаваліся за кустом жаўтазелю і ляжалі ахопленыя жахам.

— Ён гоніцца за намі, — сказаў Дзік. — Ты заўважыў, як ён прыціснуў язычок званочка рукой, каб не звінеў? Хай дапамогуць нам святыя! Супраць заразы мая зброя проста нішто!

— Што яму трэба? — усклікнуў Мэтчэм. — Чаго ён хоча? Ніколі не чуў я, каб пракажоныя кідаліся на людзей проста так, са злосці. Бо і званочак у яго для таго, каб людзі, пачуўшы звон, уцякалі. Дзік, тут штосьці не так…

— Мне ўсё роўна, — прастагнаў Дзік. — Я зусім аслабеў, ногі ў мяне як салома. Хай ратуюць нас святыя!

— Няўжо ты так і будзеш тут ляжаць? — усклікнуў Мэтчэм. — Уцякайма назад, на паляну. Там бяспечней. Там яму не ўдасца падкрасціся да нас незаўважна.

— Я нікуды не пабягу, — сказаў Дзік. — У мяне няма сілы. Будзем спадзявацца, што ён пройдзе міма.

Поделиться с друзьями: