Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Калі іншага выйсця няма. Іначай падступіць да глоткі і неадкладна задушыць гнеў.

— Хадзем, — сказала Сташка спалохана. — Хадзем адсюль. Унь туды.

Мы мінулі замак, мосцік і селі, каб не было відаць ні муроў, ні вежаў. Пад старадаўнімі ліпамі, у густой і свежай зялёнай траве.

— А той няхрышчаны, — бязгучна сказаў ксёндз. — Пагубленая душа.

— Пагубленая. Для зямлі і сонца.

— Смертная душа.

— Так. Гэтая — сапраўды смертная.

— І няма, мабыць, больш смяротнага граху за гэты, — апусціўшы галаву, сказаў ксёндз.

— Так. І помсты яму няма. І няма яму адплаты.

— Няма адплаты? — Галава раптам ускінулася. — Няма адплаты?!

Вочы ягоныя былі не такія, як заўсёды. Вар'яцкія, амаль аблуканыя вочы.

— Уставайце. Хадземце са мной… Вы можаце ісці на раскоп, Станіслава.

Ён ішоў наперадзе так, што я, чалавек з шырокім крокам, ледзь-ледзь паспяваў за ім.

— Раней бы. Раней, — мармытаў ён. — Праўда, што гэты, Высоцкі, выдаў тады, у Кладна?

— Так.

— То ж бо мне здавалася, падобны… Не даў веры… Не сам адплачу.

І зноў мармытанне:

— Цяпер позна што-небудзь мяняць. Жыццё пройдзена.

— Ніколі не позна.

— І потым, добрым можна быць амаль паўсюль. Няўжо вы думаеце, што такі ксёндз, як я, горшы за такое быдла, як Альшанскі князь, нягледзячы на ягоныя тытулы, на багацце?… Не… Не…

Ён падбягаў да касцёла:

— А я думаў, фундатар. А я думаў, амаль святы. Двойчы здраднік. Забойца столькіх жывых. Забойца дваіх гэтых. Забойца неўміручай душы.

Шалёна кінуў позірк на мяне.

— Няма адплаты? Няма адплаты? Хадзем са мной. Пачакай, навалач.

Што гэта было за аблічча?! Аблічча старадаўніх прарокаў. Прыгожае застрашлівай і смертаноснай прыгажосцю, якая ўжо ні на што не пакідала спадзяванняў.

Ён зайшоў у невялічкі пярэдні пакой, уласна адгароджаны куток між унутранымі і вонкавымі дзвярыма Мультанавай вартоўні, і выйшаў адтуль з ломам, які перадаў мне. Сам ён па-ранейшаму трымаў у руках кірку і брудны лантух ці посцілку, скручаную ў нейкі бязладны, хаатычны спосаб.

— Вось. Мяркую, хопіць.

Зялёны паўзмрок — праз лістоту — ліўся ў ніжнія вокны касцёла. І чыстае, нічым не зацененае святло ў верхнія вокны. У снапах гэтага святла скакалі рэдкія пылінкі. У левым нефе маці божая на іконе, мяркуючы па ўсім, пэндзля Ромера, плыла між аблокаў, узняўшы вочы ад грэшнай зямлі, ад усяго, што нарабілі на ёй людзі, і ад надмагільнага помніка князя Альшанскага.

Адзіны прамень з верхняга акна падаў на твар з зеленаватага мармуру і нібы ажыўляў яго. Шырокае мужнае аблічча, пры жыцці, мабыць, нібы з металу кутае, пахмурыя густыя бровы, рассыпаная грыва валасоў.

І гэтая складка ў цвёрда сціснутых вуснах. Цяпер я разумеў, чаму мне не хацелася падчас першай сустрэчы звязвацца з гэтым чалавекам пры жыцці. Бо я ведаў, што ён у гэтым жыцці нарабіў.

І не цвёрдасць была ў гэтым прыкусе, а нялюдская жорсткасць і пэўная сабе да канца здрадлівасць.

Хлуснёю была рука, што ляжала на эфесе мяча.

— Якая на Евангеллі ляжала, — нібы адказваючы маім думкам, сказаў ксёндз.

Я апамятацца не паспеў, як рука Жыховіча маланкападобна ўзвілася ў паветра.

А пасля ён нанёс скрышальны цёс кіркаю па гэтай мармуровай трупна-зеленаватай руцэ. Мармур пырснуў кавалкамі ва ўсе бакі. Я ледзь паспеў перахапіць руку айца Леанарда перад другім цёсам. У аблічча, якое так нагадвала мне штосьці. Аблічча, акрэсленае, адмечанае ў сваёй беспрынцыповасці і бяздушнасці нібы самой эпохай. Дый ці адной ягонай эпохай.

Счарсцвелы, бязлітасны, цмочы твар.

Мне ледзь удалося справіцца з ім. Бо ў сваім узбуджэнні і агрэсіўнасці ён нібы набыў сілу добрых дзесяцёх чалавек. І, мабыць, з дзесяццю мог бы даць сабе рады. Я забыў, як гэты стан завецца медыкамі. Афект? Не, ёсць іншае слова.

Але ўсё ж мне пашанцавала ўтаймаваць гэты выбух несамавітай сілы.

А я падумаў, як працавалі б вось гэтыя яго сялянскія, звыклыя да працы, жылаватыя рукі. Падумаў зусім у духу аднаго з нашых паэтаў.

— Пабойцеся бога, — ускрыкнуў я, дужаючыся з ксяндзом.

Але ён ужо звяў. На месца вулканічнага ўсплёску ненатуральнай сілы прыйшло заспакаенне. Як заўсёды ў такіх выпадках.

— Што вы робіце? — ужо цішэй сказаў я. — Гэта ж каштоўнасць.

— Каштоўнасць не будзе горшая ад невялічкай выбоіны… І нават цікавей будуць на яе глядзець разявакі.

Ён пайшоў у нейкі закутак левага нефа і спыніўся перад абабітай кутым жалезам дзверцай. Дастаў з кішэні вялікі ключ. Адамкнуў дзверы, якія падаліся з лёгкім рыпеннем, адкрыўшы вачам сходы, што збягалі ўніз.

Ён не запрасіў мяне з сабою, але і не гнаў. Таму я таксама стаў спускацца на невялікай адлегласці за ім. Ён крочыў, нібы яго вёў нехта, і ўсё мармытаў:

— Ачысціць… Прэч… Прэч.

З усіх саркафагаў адзін быў з таго ж мармуру, колерам амаль як зеленаваты нефрыт. Крышка на ім была далоні ў дзве таўшчынёй і, відаць, цяжкая. І акурат пад гэтую крышку ксёндз загнаў востры з аднаго канца, нібы заточаны, лом.

— Вось табе і падважнік.

— Паб'яце.

— Нічога. Гэта не жыццё чалавечае разбіць. Памажыце.

Мы наляглі з усёй сілы. Урэшце крышка паддалася і адсунулася сантыметраў на трыццаць-сорак. Я ўсё яшчэ не разумеў, што ён збіраецца рабіць.

— Яшчэ. Яшчэ. Шкада, што не раскалашмаціў хаця б мармуровую морду.

Святло з чатырох невялічкіх акенцаў, што наўкос, зверху ўніз, вялі ў сутарэнне, падала на яго суровы, раптоўна нібы падсохлы твар.

— Я даб'юся, каб яе выкінулі адсюль, гэтую мардасіну, — у яго зноў быў выгляд шалёнага: фанатычны рот і вялізныя, вадка бліскучыя вочы. — І без таго колькі часу паветра паганіў. Слуп веры. Заснавальнік храмаў, фундатар касцёлаў. Антыхрыст!

— Спыніцеся, — толькі тут здагадаўся я. — Не трэба. Гэта ж апаганьванне праху.

— Так, — ён вадзіў сашклянелымі вачыма, — смяротная кара за смяротнасць… Забойства адной душы… з трох. Так, апаганьванне праху. Толькі думаецца мне, што гэта рэдкі выпадак, калі паганец той, хто не апаганіць прах. Такі прах! Не месца тут гэтаму калу. О пане мой, Езус!

Ён рассцілаў на падлозе радзюгу.

— Я ведаў дагэтуль адзіны выпадак такога ўздаяння, такой адплаты. Прах Мартынава*… Адплата боская… Закон… Не думаў, што другі выпадак тут, што мне давядзецца ўздаваць.

Поделиться с друзьями: