Дахавік Казік
Шрифт:
Казік націснуў пімпачку дамафона.
– Хто там? – данеслася пытанне.
Дахавік прыўзняўся на дыбачках і крыкнуў у мікрафон:
– Гэта мы! Перапісчыкі!
«Пілім-пілім», – раздаўся гук, і дзверы адчыніліся.
Перапісчыкі падняліся на другі паверх і пазванілі ў дзверы кватэры. Ім адчыніла гаспадыня – мажная пані ў фартуху.
– Заходзьце, калі ласка, – амаль дзявочым голасам прапанавала гаспадыня.
Перапісчыкі зайшлі ў вітальню. І тут раптоўна… Раптоўна прагучаў хрыпаты голас:
– Усім заставацца на месцы! Гэта рабаўніцтва!
Хрыпаты голас належыў лысаму бамбізу, у руках ён трымаў вялізны пісталет.
– Я сказаў, рабаўніцтва! – нядобра паўтарыў лысы.
Пачуўшы гэта, гаспадыня і Юзік сінхронна згубілі прытомнасць. Плюх! – грукнуўся на падлогу Юзік. Ба-бах! – а гэта гаспадыня.
Казік нечакана для сябе ўпіўся зубамі ў руку лысаму рабаўніку. Сківіцы сціснуліся, быццам у бультэр'ера, і толькі пасля гэтага Казік услед за Юзікам і гаспадыняй страціў прытомнасць. Рабаўнік, які не чакаў такога развіцьця падзей, упусціў пісталет і заскуголіў ад болю:
– А-а-ааа!!!!
Але Казікавы зубы ўчапіліся моцна.
Тут Карына імгненна прадубліравала Казікаў укус кантрольным дзяўбком у лоб лысага. Бамбіза узвыў ад болевага шоку і, знепрытоміўшы, таксама грукнуўся на падлогу. Справа была скончана.
Калі паліцыя, выкліканая суседзямі, увалілася ў кватэру, на падлозе ляжалі чатыры непрытомныя целы, і толькі варона Карына пераможна махала крыламі, выгукваючы пры гэтым:
– Кар-р! Кар-р-р!!!
Інспектар паліцыі зірнуў на нерухомага бандыта і радасна сказаў:
– Знаёмы твар!
Як выявілася, гэта быў жулік па мянушцы Глобус, аб’яўлены Інтэрполам у міжнародны вышук. Глобус займаўся рабункам цацак і дзіцячых кніжак. Доўгі шлейф злачынстваў цягнуўся за ім па цэлай Еўропе. Сотні дзяўчынак і хлапчукоў засталіся праз бандыта без улюбёных цацак. Нават пісталет у Глобуса быў вадзяным. Ён яго адабраў у беднага іспанскага хлопчыка. І толькі дзякуючы Казіку і Юзіку з Карынай удалося пакласці канец Глобусавым злачынствам.
На наступны дзень у будынку гарадской паліцыі шэф паліцыі у прысутнасці бургамістра горада і шматлікіх гасцей ўзнагародзіў Казіка, Юзіка і Карыну значкамі «Ганаровы паліцыянт», а прадстаўнік Інтэрпола абвясціў аб прэміі ў 500 талераў для герояў.
Цяпер тэлевізар быў дакладна ў Казікавай кішэні.
Пасля кароткай ночы прыйшла звычайная летняя раніца. На вуліцах і завулках лянотна пазяхалі каты. Горад яшчэ спаў, і толькі дворнікі шкрабалі сваімі дзеркачамі па бруку. Шурх-шур-р-х, шух-х-шух, неслася з усіх бакоў у празрыстай ранішнай цішы. Раз-пораз пад вокнамі старых камяніц павольна прапаўзалі першыя тралейбусы з нешматлікімі заспанымі гарунамі-пасажырамі.
Дахавік Казік салодка соп у сваім маленькім ложку, які стаяў на гарышчы стогадовага дому ля такога ж стогадовага коміна. На антэнных кабелях, што аблытвалі бэлькі, быццам павуцінне, віселі Казікавы штонікі і сурдут. Дахавік сніў каляровы сон, у якім ён падарожнічаў з аднаго даху на другі па чароўнай вясёлцы, нібыта па мосце. Вясёлка выгіналася велізарнай дугой па-над горадам, і з яе гарба адкрываўся шыкоўны краявід. Казік сядзеў на вясёлцы і глядзеў уніз, на чырвоныя, зялёныя і шэрыя дахі, на тэлевежу, якая сваім шпілем даставала амаль да вясёлкі, на рэчку, што з вышыні здавалася тоненькай стужкай, на зеляніну дрэў. Побач з Казікам праплывалі белыя пухавікі-аблачынкі…
Сон быў такі цудоўны, што Казіку нават не хацелася прачынацца. Але спрацаваў таймер тэлевізара, і гарышча ахутала бадзёрая музыка ранішняй тэлегімнастыкі. На экране сімпатычныя дзяўчаты выраблялі складаныя па. Казік хацеў быў паляжаць яшчэ пад коўдрай, але яго ногі самі сабою пачалі торгацца ў рытме музыкі. Хоцькі-няхоцькі, давялося падымацца і для парадку зрабіць некалькі простых рухаў, каб ногі і рукі супакоіліся. Пазаймаўшыся, дахавік памыўся, паснедаў кавай і булачкай з маслам, пачысціў зубы. Потым ён падняўся па драбінках на дах і сеў з краю, звесіўшы ножкі.
Пасля сняданку ўсе адпачываюць па-рознаму: адны чытаюць газету, іншыя глядзяць тэлевізар, а вось Казік любіў сядзець на краі даху і нічога не рабіць. Проста сядзець і глядзець навокал. Перад Казікам расцілалася цудоўная панарама горада: стромкія чырвоныя дахі старых камяніц, мудрагелістыя флюгеры, алоўкі хмарачосаў. Вунь праз некалькі дамоў стаіць былая воданапорная вежа, немаведама калі пераробленая ў звычайны жылы дом. А вунь відаць белая званіца касцёла Святога Францішка. Знаёмы краявід.
У доме насупраць ужо амаль усе прачнуліся. Праз адчыненыя вокны можна было пабачыць, чым у гэты час займаюцца жыхары. Казік кінуў позірк на другі паверх. Ён разгледзеў дзяўчынку Паўлінку, якая снедала на кухні. Побач, каля пліты, завіхалася яе матуля. Паўліна лыжкай корпалася ў талерцы і асцярожна касавурылася на маці – мяркуючы па ўсім, есці Паўлінцы не хацелася. Нарэшце матуля выйшла з кухні. Дзяўчынка імгненна падхапілася, падбегла да акна і выліла змесціва талеркі на вуліцу.
«Снайперка» – падумаў Казік, калі манная каша (а ў талерцы была менавіта манная каша) вылілася на пана, якога собіла ў гэты момант праходзіць пад акном. Маленькі сабачка-таксяня, якога выгульваў пан, тут жа стаў аблізваць калашыны гаспадара. А Паўліна ізноў хуценька апынулася за сталом, ужо з пустой талеркай. Абліты пан у разгубленасці стаяў на тратуары і задзёршы галаву глядзеў угору…
Тут на гарышчы зазвінеў Казікаў тэлефончык, і дахавік мусіў перапыніць назіранне, так і не даведаўшыся, чым усё скончыцца. Тэлефанаваў сябар Юзік.
Прывітанне, гультай! – са смехам прамовіў Юзік.
Ад гультая чую, – парыраваў Казік. – Як маешся, што чуваць у
свеце?
– У свеце крызіс і нестабільнасць. Еўра падае, даляр расце, – паведаміў Юзік.
– Я тут на абмене грошай трохі нажыўся, дык можа, куды-небудзь за горад выедзем – адпачнём, грошы распусцім? Тым больш заўтра Купалле.
– А што, давай, – узрадваўся Казік, – толькі трэба з сабой і Карыну ўзяць. А то старая ўжо забылася, калі на прыродзе была.
– Згода.
Дахавікі дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцай на аўтобусным вакзале…
Калі Казік дабраўся а дзявятай да аўтавакзала, Юзік і Карына ўжо чакалі яго ля цэнтральнага ўвахода. Юзік быў з заплечнікам, у якім было паўнютка ўсялякай смакаты.
– Ну што, пайду квіткі купляць, – паведаміў Казік.
– Мне не трэба, – сказала Карына, – я прынцыпова езджу без квітка.
– Вольнаму воля, – прамовіў Казік і пайшоў па квіткі для сябе і для Юзіка.
Пачынала прыпякаць. На трэцяй пляцоўцы, ад якой адпраўляўся аўтобус, набралася багата народу. Падышоў аўтобус, і пасажыры пачалі заходзіць у расчыненыя дзверы. Але Карына, апярэдзіўшы ўсіх, улезла ў салон самая першая і, ускочыўшы на месца каля акна, пракаркала дахавікам:
– Хутчэй да мяне!
Сябры ўселіся побач з Карынай. Псс-с! Дзверы зачыніліся, і аўтобус пакаціў за горад. На першым жа загарадным прыпынку ў аўтобус зайшла кантралёрка і пачала правяраць квіткі ў пасажыраў. Кантралёрка брала квіток, глядзела дату і нумар рэйса і шчоўкала кампосцерам. Падышоўшы да сяброў, яна праверыла квіткі ў Казіка і Юзіка, потым звярнулася да Карыны: