Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
— Я жыву тут з тых часін, калі адступіў ледавік.
Яна ўсміхалася, і поўны лясных і азёрных пахаў ветрык перабіраў яе вільготныя валасы.
— Нам было забаронена сустракацца з вамі. Але сярод нас былі неслухмянкі, якія кахалі зямных мужчын. Адну з маіх сясцёр людзі назвалі Свіцязянкай...
— Я ведаю. Значыць, вы таксама...
— Не! — хутка сказала яна.— Мы вырашылі адкрыцца людзям. Вы павінны ведаць, што мы ёсць.
— Дзеля чаго?
— Мы паміраем...
Уладзіслаў чуў тонкі водар кветкі з яо караляў. У гожым матавым твары, у невысокай гнуткай постаці, у арабінавых вуснах было столькі нсыцця, што словы пра смерць гучалі жорсткім недарэчным жартам.
— Хіба німфы паміраюць?
— Мы жывём, пакуль чыстыя нашы воды.
У зялёных вачах хавалася туга.
— Вы павінны ведаць,— паўтарыла яна.— Магчыма, тады вы спыніцеся...
Прашумелі крылы, і на яе плячо, не палохаючыся Уладзіслава, апусцілася чорнагаловая чайка. Птушка быццам штосьці сказала дзяўчыне на сваёй мове.
— Мне пара.
— Мы цяпер няхутка ўбачымся,— прамовіў Уладзіслаў.— Я ад'язджаю.
— Я ведаю.
Чаіца сарвалася з яе плечука. Уладзіслаў міжволі глянуў услед птушцы, і, калі праз хвілю яго позірк вярнуўся назад, дзяўчыны ўжо не было, адно з лапушыстага лісця гарлачыкаў нібыта глядзелі сумныя зялёныя вочы.
Прыблюзнілася, вырашыў Уладзіслаў і ўбачыў — а мо гэта толькі здалося яму,— як мяккая хвалька злізнула з мыльцу след маленькай босай нагі.
Назаўтра ён паехаў.
Там, у далёкім горадзе, яму часта, да драбніц, прыгадвалася неверагодная сустрэча ля возера. Аднойчы ён наважыўся распавесці сваю гісторыю суседу па гатэльным нумары, але сусед стаў паглядаць на яго неяк дзіўнавата, і Уладзіслаў мусіў прабачыцца і сказаць, што пажартаваў. Дый яму самому часцей і часцей прыходзіла на думку, што ўсё гэта — і незвычайны тэлефонны званок, і зеленавокая дзяўчына — было толькі прыгожым сном, з тых, што сняцца дзецям ва ўзнагароду за любоў да казак.
Праз год Уладзіслаў вярнуўся.
Раніца, як і тады, была ціхая і сонечная. Прыстоіўшы пад знаёмаю хвояй, ён у думках павітаўся з возерам і спусціўся да затокі.
Рыба бралася горш, чым зазвычай, але цераз пару гадзін у вядзерцы ўжо хапіла б на юшку. Здымаючы новага гарапашнага акунька, Уладзіслаў адчуваў, як замірае ў чаканні сэрца. Ён падымаў вочы, але побач па-ранейшаму нікога не было. Адно возера ляжала перад ім, нейкае абыякавае і адчужанае, і воддаль бязмэтна і тужліва мітусілася над вадою белая чайка.
Ён пакінуў вуды і вядзерца каля затокі і паволі пайшоў прыбярэжнаю сцежкаю ў той бок, дзе паміж нізкіх, парослых незабудкамі і белавокім капытнікам берагоў несла ў возера сваю плынь рэчка. За алешнікам рэчка шырока разлівалася па жвірыстай водмелі, і ён почасту сустракаў там вясковых хлапчукоў, якія лавілі травянымі петлямі зусім маладых дурненькіх шчупачкоў.
Гэты раз малых рыбароў не было. Чамусьці не было відаць і шчупачкоў, што заўсёды грэліся тут у сонечных промнях, адкідваючы на жоўтае дно негустыя цені. Некалькі хвілін Уладзіслаў у задуменні стаяў над нейкай каламутнаю сёння рэчкай. Казка не паўтарылася, значыць, дзяўчына ў зялёным уборы была толькі казкай. I ўсё ж душу вярэдзіла адчуванне, што ён губляе, а мо ўжо назаўсёды страціў штосьці дарагое і незаменнае.
Аднойчы ўвечары ў яго зазваніў тэлефон.
— Уладзіслаў...— пачуўся ў трубцы нягучны жаночы голас, і яго апякла салодкая і трывожная здагадка
— Я слухаю,- таймуючы хваляванне, адказаў ён.
— Уладзіслаў...
– журліва звінелі цёплыя льдзінкі.
— Гэта я! Я прыехаў! Я слухаю!
– крычау ен
— Уладзіслаў... Уладзіслаў... Уладзіслау...
– журботна і манатонна паўтарала трубка адно і тое ж, нібыта занісанае дзесьці на бясконцую магнітафонную стужку слова...
Маўклівы маналог
Ачхі! Ачхі! Выбачайце, шаноўныя. Ачхі! Вось так і ачынаешся кожнае раніцы. Каб ён пражыўся ў апраметнай з самымі зацятымі грэшнікамі! Гэта я пра катар. Ачхі! У якім жа гэта годзе прыстаў ён да мяне, не раўнуючы як святая доказная інквізіцыя да бязвіннае душы? Ачхі! Праклятая чохаўка вытрасла з маёй гарапашнай галавы, нібы зернейкі відуку, усе дарэшты даты. Затое, дзякаваць богу, у якога я не верую з адна тысяча шэсцьсот задаўненага года, усё астатняе ў памяці трымаецца, быццам дзеялася не даўней мінулай нядзелі.
Вось як учора было, бачу праявы таго злашчаснага лета, калі ў наваколлі трывала гэткая сухмень, што ўвачавідкі жоўклі зялёныя сенажаці і пачыналі ўжо людцы паспалітыя загадваць, ці не давядзецца сёлета разгаўляцца грэшным чынам катамі ці кашчавымі сабакамі. I прычыніўся той парою ў нашым касцёле нечуваны цуд. Аднойчы, пачакаўшы, пакуль арганісты ўзяў першы акорд і хор утрапёна зацягнуў «Ave Maria!», заступніца наша маці боская заплакала ў сваім алтары буйнымі, як боб, слязамі. Не дзіва, што падхапіў я тады пякельны катар. Цэлы месяц ні на хвілю не зачыняліся касцельныя дзверы, і скавьтшоў у храме было болей, чымся анёлаў на нябёсах.
Адале скажу вам, шаноўныя, прачуўшы аб наскіх дзівосах ды нагледзеўшыся на збоі вернікаў, што цягнуліся да нас, не стрываў, пусціў слязу Мікола-ўгоднік з праваслаўнай царквы, якая касавурылася на касцёл цераз пляц. А там ва уніяцкім храме Звеставання, што каля торжышча, пачалі прамаўляць падчас ютрані прарокі Захарыя ды Ісайя, і ўсё, кажуць, найчасцей гугнявым голасам бажавольнага Баўтрамея, што жыў за ярам у звярыным мерлагу.
Ведама ж, дакацілася пагудка пра небывалыя падзеі куды след, і разы тры ніштавата прычасціў сухую, як порах, зямельку дождж. А потым жыхары знакамітага нашага места ды сяляне паблізных вёсак і зусім паарлелі, убачыўшы, як папаўзлі з замкавае брамы вазы з соллю і княскія людзі сажань за сажнем сталі густа прысольваць брукаванку ўсцяж возера, паўз фару і да самага віленскага тракту. Зноў заманулася яснавяльможнаму валадару праехацца ўлетку на санках, прамчаць новую каханку на мядзведжай запрэжцы. А людцам паспалітым таксама ўсцеха — да трэцяга калена сабранае солі стане.
Ачхі! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы бачылі святога Пётру, які чхае на музейных наведнікаў?
Ну так, цяпер я экспанат. Але, калі хтосьці з вас скажа: «Sic transie gloria mundi» 1 я запярэчу. Хіба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас шасцёра братоў, а застаўся на свеце адно я. А ці не паважны век мае без малога чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры маскоўскага цара, шведскага караля і французскага імператара ды град нялічаных асколкаў нямецкіх бомб?
Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае прычыны, бо іначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але, відаць, яно не зусім драўлянае, бо такімі вось чыстымі вясновымі ранкамі, калі маладыя сонечныя промні запальваюць пазалоту капітэляў і гзымсаў, а на бельтя сцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсветы вітражоў, я адчуваю, як маё сэрца прачынаецца і дзесьці там, у душы, нараджаецца ціхая музыка...
Ачхі! О жудлівае насланнё Люцыпара! Ачхі! Усё, апошні раз, бо вунь ужо ідзе Алена, як зазвычай, усмешлівая, лёгкая і пекная, што той анёлак.