Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Добры дзень, мая Шыпшына

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

— Ой, у мяне ж настойка ёсць. Вішнёвы сок.

На засланым ільняной сурвэтай століку з'явілася паўпляшкі абяцанага пітва.

Зрабіўшы маленькі глыток, Віктар адкінуўся ў крэсла. У гэтай неакрэсленасці хавалася нешта зваблівае, што не хацелася парушаць роспытамі — дый ці мае ён права лезці ў чужую душу?

— Вашай бібліятэцы можна пазайздросціць...

Не-не, яе заслугі тут амаль няма. Гэта мама, яна проста такі ўлюбёная ў кнігі.

Заняты кавай, ён думаў, што пакінуць знаёмства без працягу будзе велізарным глупствам. Чаго вартая адна бібліятэка! Аднак праз хвіліну яго не пазбаўлены летуценнасці настрой выпетраўся, як першыя кроплі дажджу на гарачым асфальце.

Віта, нібы раптам нешта ўспомніўшы, здрыганулася. З яе шчок збег нясмелы румянец, на твар лягла знаёмая ўжо адлучанасць, і ў памяці Віктара ўсплыла брыдкая гісторыя з часоў студэнцтва, калі аднаго разу ў парку маладая жанчына, якую ён упершыню бачыў, прапанавала яму «Майстра і Маргарыту», і ён пайшоў за ёю, нібы малы, якому паказалі цукерку, а потым...

Віктар ненавідзеў ролю цацкі ў чужых руках, і з успамінам прыйшла халодная зласлівасць. Не дапіўшы кавы, ён шматзначна зірнуў на гадзіннік і падняўся.

Віта ўздрыгнула і ледзь не выпусціла з тонкіх пальцаў філіжанкі.

— Прашу вас, застаньцеся... Калі ласка... Я баюся...— Яна ўмольна прыціснула рукі да грудзей, і Віктар, зразумеўшы, што памыляецца, апусціўся ў крэсла,

Але што тут усё-ткі, чорт на яго, робіцца? Са сцяны, якая на момант і сапраўды здалася старадаўняю муроўкай, не раўнуючы дзе-небудзь у Мірскім замку, змрочна і кпліва вырачыла на яго пустыя вачніцы вясёленькая, крывавага колеру маска накшталт тых, што накладаюць перад рытуальнымі танцамі дзікуны. Нечакана палез у голаў прачытаны нядаўна дэтэктыў з сярэднявечным скарбам і таямнічымі забойствамі. Віктар у думках зарагатаў: «Ну, малойча, хутка на прыём да псіхіятра. Маскі спалохаўся! Ды на Камароўцы і такіх — па дзве штукі на душу насельніцтва». Аднак загадкавасць, якая спярша забаўляла, пачынала ўсё больш раздражняць.

— Вы каго-небудзь чакаеце?

— Не... Праўдзівей чакаю... так-так, чакаю...— прамовіла Віта і, намагаючыся ўсміхнуцца, хутка спытала:

— А дзе вы працуеце?

Ён рэстаўратар?! О, ёй так цікава! Ён абавязкова павінен расказаць пра сваю работу.

— Калі ласка...— цяпер усмешка была натуральнай.

Віктар згадзіўся адно з ветлівасці, бо і ў пытанні і ў просьбе чулася няшчырасць, але, як звычайна з ім здаралася, неўпрыкмет захапіўся і ўжо на хвалі своеасаблівага натхнення гаварыў пра замак, што рэстаўруецца паводле яго праекта, пра будучы музей, чытаў міні-лекцыю аб беларускай готыцы і беларускім рэнесансе, наракаў, што бракуе дахоўкі і яе даводзіцца збіраць па старых будынках... На люстраных баках самавараў, энергічна жэстыкулюючы і пабліскваючы бялкамі вачэй, пахаджваў туды-сюды смешны чорнабароды чалавек з выцягнутай, бы груша, галавой і кароценькімі спічастымі ножкамі. I раптам ліліпут застыў на месцы. Віктар адчуў, што яго словы — гэта тыя славутыя цвікі, якія забіваюць у вату. Ён асекся з цяжкай прыкрасцю і крыўдай ад таго, што адкрыў запаветнае раўнадушнаму чалавеку, які проста знайшоў элементарны сродак чорт ведае навошта затрымаць яго.

Віта была недзе далёка, але запанавалае ў пакоі маўчанне нарэшце абудзіла яе.

— Я слухаю, слухаю...— Яна вінавата і жаласна ўсміхалася.— А над чым вы працуеце цяпер?

У яго тэрміновы праект. Архітэктурнае рашэнне дарогі да мемарыяла народнага паэта. Яму заўтра а пятай падымацца. Красамоўны позірк на гадзіннік, стрэлкі якога падкрадаліся да дзесяці.

Яна спалатнела і, схапіўшыся за поручні крэсла, падалася да Віктара.

— Я прашу вас... прашу... Я ведаю, вы не кінеце мяне...

— Я не зусім разумею...— сумеўся ён.

Я... У мяне... мама... памірае... у бальніцы...— Яна кусала вусны, роспачна змагаючыся са слязамі.— Доктар сказаў... некалькі тыдняў... Я не магу... У мяне больш нікога няма...

— Ну, не трэба, не трэба...— Віктар правёў рукой па дрыготкім плечуку.— Медыкі таксама памыляюцца. У мяне дзед, напрыклад... Летась хаваць збіраліся, а ён нядаўна на паляванні дзіка заваліў...

Ён выдумляў яшчэ нешта накшталт таго, аднак у яе вачах зеўрала гэткая бездань безнадзейнасці, што спадзяванні на памылку медыкаў былі дарэмныя.

— Я не магу спаць. Мне здаецца, на кухні нехта ёсць. Я баюся звар'яцець. Не пакідайце мяне адну! Малю вас! — У ёй было штосьці ад загнанага зайчаня, якое ў адчаі кідаецца ў ногі чалавеку.

Віктар у роздуме пазвоньваў лыжачкай аб філіжанку.

Заетацца з Вітай? Ён уявіў, як жонка, спачатку стрымліваючыся, сваім настаўніцкім голасам чаканіць: «Ты не ўмееш хлусіць. Можаш не вяртацца зусім». Затым — кінутая трубка, слёзы, валідол, у суседнім пакоі прачынаецца і плача маленькая Алеся... Толькі не гэта.

Запрасіць Віту да сябе? Таксама істэрыка, добра яшчэ, калі ціхая, таксама валідол і, што самае жахлівае, назаўтра — ніякай работы. Не, менавіта цяпер яму найменш патрэбны гэтыя меладрамы.

— Разумееце, Віта,— ён стараўся гаварыць як мага далікатней,— начаваць у вас я не магу. Некаторым дастаюцца раўнівыя жонкі...— Ён развёў рукамі.— Што, калі я правяду вас да знаёмых? Альбо запросім каго-небудзь сюды. У мінулыя ночы з вамі нехта быў? Так?

— Прыходзіла Сяброўка.

— Ёй можна пазваніць?

— Можна, але яна паехала на выхадныя да бацькоў.

У яго ледзь не вырвалася: «Віншую вас з сяброўкай!»

— А суседзі?

— Яны зусім чужыя людзі.

— Зразумела. Яшчэ?

Яна сказала нумар, Віктар пазваніў і доўга слухаў абыякавыя гудкі.

— У іх малое хварэе. Напэўна, нанач тэлефон адключылі.

Ён зноў набраў нумар і налічыў дзесяць доўгіх гудкоў.

— Яшчэ хто-небудзь ёсць?

Яна задумалася, і гэта абяцала мала добрага. I тут

Віктар ляпнуў сябе па лбе: Мечык! Канечне, Мечык, іхні кавалер з аднапакаёўкай.

— Віта! — урачыста, не таймуючы радасці, абвясціў ён.— Мы ідзём да майго сябра. Ён халасцяк, так што ўсялякія эксцэсы выключаюцца.

Калі яна паслухмяна сабралася, Віктар, адчуўшы на момант ніякаватасць, папрасіў начытаць Маптэня і схаваў том у дыпламатку.

На дварэ бадзёрліва браўся марозік. Па-над шматпавярховымі камяніцамі плавала крутая срэбная долька маладзіка. Усё ўладжвалася, і думкі ўсцешана павярнулі да праекта.

Музыка стане ля валуна пад дубамі. Нядрэнна: танюткае хлапчанё з жалейкаю побач з масіўнымі аб'ёмамі. А на камені варта выбіць тое чатырохрадкоўе...

З Мечыкавага акна прытульна лілося нязыркае зялёнае святло.

— Яго завуць Мечыслаў,— сказаў Віктар.— Можаце верыць яму, як мне.

Адчыняць не спяшаліся. Ён другі раз пазваніў іхнім сяброўскім кодам і супакойліва ўсміхнуўся Віце. За дзвярыма пачуліся асцярожныя крокі.

Мечык, даўгі, спартыўнага крою чарнявы хлопец у махровым халаце і ў пантофлях на босую нагу, уталопіўся у візітантаў з цэлай вясёлкай пачуццяў.

— Пардон, я негліжэ...— прамармытаў ён, не адступаючы з парога. Вясёлка ўвачавідкі гасла, пакідаючы на паглядным, з раскошнымі вусамі твары збянтэжанасць і сяк-так прыхаваную прыкрасць. З глыбіні кватэры інтымна наплывала музыка. Бліскучы план гарэў сінім агнём, але Віктар яшчэ песціў надзею.

Поделиться с друзьями: