Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця жанчыны
Шрифт:
– Дзе вы жывяце?
– У мяне няма кватэры... Я толькі ўвечары прыехаў з Ніцы... да мяне нельга...
Апошнія словы я зразумела не адразу. Толькі пазней мне стала ясна, што ён прымаў мяне за... какотку, за адну з тых жанчын, якія гуртам бадзяюцца ўночы каля казіно, спадзеючыся вывудзіць грошы ў шчаслівага гульца або ў п'янага. Дый што мог ён яшчэ падумаць - бо толькі цяпер, калі я гэта вам расказваю, я адчуваю ўсю неверагоднасць і фантастычнасць майго становішча; сапраўды, бесцырымоннасць, з якою я адарвала яго ад лаўкі і пацягнула за сабою, зусім не адпавядала паводзінам прыстойнай жанчыны. Але пра гэта я тады не падумала; толькі пазней, занадта позна здагадалася пра яго жудасную памылку. Бо іначай я ніколі б не вымавіла тых слоў, якія маглі адно павялічыць непаразуменне. Я ж сказала:
– Тады трэба наняць пакой у гатэлі. Тут вам нельга заставацца. Вам трэба дзе-небудзь знайсці прытулак.
Тут толькі я зразумела ягоную непрыемную мне памылку, бо ён нават не павярнуўся да мяне, а неяк насмешліва адказаў:
– Не, мне не трэба пакой, мне наогул нічога не трэба. Не турбуйся, з мяне нічога не выціснеш. Ты звярнулася не ў адрас, у мяне няма грошай.
Гэта было сказана з такою жахліваю абыякавасцю; гэты прамоклы, ушчэнт спустошаны чалавек стаяў як нежывы, бяссільна прыхіліўся да сцяны, і я не паспела нават дробязна, па-дурному пакрыўдзіцца, настолькі моцна я была ашаломлена. Мною авалодала пачуццё, якое ўзнікла ў першы момант, калі ён, хістаючыся, выйшаў з залы, і не пакідала ўсю апошнюю фантастычна недарэчную гадзіну: жывая істота, юная, дыхаючая, асуджаная на смерць, і я павінна выратаваць яе. Я падышла бліжэй.
– Не турбуйцеся за грошы, хадземце. Тут вам нельга заставацца, я як-небудзь уладкую вас. Не турбуйцеся ні пра што. Толькі хадземце хутчэй.
Ён павярнуў галаву - дождж глуха барабаніў навокал, і з вадасцёкавай рыны да нашых ног збягала вада, - і я зразумела, што ён упершыню спрабуе разглядзець мой твар у цемры. Ён паварушыўся, мусіць, паволі прачынаючыся ад свае летаргіі.
– Ну, як хочаш, - здаўся ён нарэшце.
– Мне ўсё роўна... Зрэшты, чаму б і не пайсці? Пойдзем.
Я раскрыла парасон, ён падышоў бліжэй і ўзяў мяне пад руку. Гэтая раптоўная фамільярнасць была мне непрыемная, яна нават спалохала мяне, сэрца сціснулася ад страху. Але я не асмелілася абарваць яго, бо калі б я цяпер адштурхнула яго, ён бы загінуў і ўсе мае намаганні прапалі б дарма. Мы прайшлі некалькі крокаў, якія аддзялялі нас ад казіно. Тут толькі я падумала: як жа мне быць з ім далей? Лепш за ўсё, хутка прыйшло мне ў галаву, завезці яго ў які-небудзь гатэль і сунуць у руку грошы, каб ён мог пераначаваць і заўтра паехаць дадому; што будзе далей - я нават не думала. Да казіно раз-пораз пад'язджалі экіпажы, я паклікала адзін, і мы селі. Калі вазак спытаўся, куды ехаць, я спачатку не ведала, што адказаць. Я разумела, што майго прамоклага да ніткі спадарожніка не прымуць у дарагім гатэлі, і была настолькі нявопытная ў такіх справах, што, не падумаўшы пра двухсэнсавасць становішча, крыкнула:
– У які-небудзь гатэль прасцей.
Вазак, які ўвесь час быў пад дажджом, абыякава пагнаў коней. Мой сусед не гаварыў ні слова; колы грукаталі, і дождж шалёна барабаніў у шкло; зачыненая ў гэтай цеснай, падобнай на труну скрыні, я адчувала сябе так, быццам везла нябожчыка. Я старалася сабрацца з думкамі, знайсці словы, каб перарваць дзіўнае, цяжкае маўчанне, але мне нічога не прыходзіла ў галаву. Праз некалькі хвілін экіпаж спыніўся; я выйшла першая, і, пакуль мой спадарожнік машынальна, нібы спрасонку, зачыняў дзверцы, я расплацілася. Мы апынуліся каля пад'езда маленькага незнаёмага гатэля; вузенькая шкляная павець бараніла нас ад дажджу, які з шалёнаю ўпартасцю рваў і крэмзаў непраглядную цемру.
Мой незнаёмы спадарожнік, нібы знясілены ад цяжару свайго цела, прыхінуўся да сцяны; вада капала з яго мокрага капелюша і змятай адзежы. Як тапелец, якога толькі што выцягнулі з вады і яшчэ не апрытомнілі, стаяў ён там, і каля ног утварыўся ручай вады, якая сцякала з яго. Ён нават не спрабаваў атрэсціся, зняць капялюш, з якога кроплі падалі на твар і на лоб. Ён стаяў, абыякавы да ўсяго, і я нават апісаць вам не магу, як уразіў мяне гэты надлом.
Але цяпер трэба было нешта зрабіць. Я апусціла руку ў сумачку.
– Вось вам сто франкаў, - сказала я, - вазьміце сабе пакой, а раніцаю едзьце назад у Ніцу.
Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
– Я назірала за вамі ў зале, - сказала я, заўважыўшы, што ён вагаецца.
– Я ведаю, што вы ўсё прайгралі, і баюся, што вы збіраецеся зрабіць глупства. І зусім не сорамна прымаць дапамогу... Вось, вазьміце!
Але ён адвёў маю руку з нечаканай сілай.
– Ты малайчына, - сказаў ён, - але не кідай грошы на вецер. Мне ўжо нішто не паможа. Буду я спаць сёння ўначы ці не - гэта не мае значэння. Заўтра ўсё роўна канец. Мне ўжо не дапамагчы.
– Не, вы павінны ўзяць, - настойвала я.
– Заўтра вы будзеце думаць інакш. А пакуль што падыміцеся наверх і добра выспіцеся. Удзень вам усё здасца ў іншым святле.
Але калі я яшчэ раз працягнула яму грошы, ён амаль злосна адштурхнуў маю руку.
– Пакінь, - паўтарыў ён глуха, - няма сэнсу. Лепш я зраблю гэта на вуліцы, чым крывёю пэцкаць людзям пакой. Сотня франкаў мяне не выратуе, дый тысяча таксама. Я ўсё роўна заўтра зноў пайшоў бы ў казіно гуляць, пакуль не спусціў бы ўсё. Навошта пачынаць спачатку? З мяне хопіць.
– Вы не можаце сабе ўявіць, як глыбока пранікаў мне ў душу яго глухі голас. Падумайце толькі: побач з вамі стаіць, дыхае, жыве прыгожы малады чалавек, і вы ведаеце, што, калі не напружыць усіх сіл, гэты юнак, які цяпер думае, гаворыць, дыхае, праз дзве гадзіны будзе трупам. І тут мяне ахапіла шалёнае, гарачае жаданне перамагчы гэтае бяссэнсавае супраціўленне. Я схапіла яго за руку:
– Досыць глупства! Вы зараз падымецеся наверх і возьмеце пакой, а заўтра раніцаю я завязу вас на станцыю. Вы павінны паехаць адсюль, вы павінны заўтра ж паехаць дадому, і я не супакоюся, пакуль не ўбачу вас у вагоне з білетам у руках. У вашым узросце не кідаюцца жыццём з-за пройгрышу некалькіх соцень або тысяч франкаў. Гэта баязлівасць, істэрыя, недарэчная злосць і раздражненне. Заўтра вы самі прызнаеце, што я маю рацыю.
– Заўтра!
– паўтарыў ён з дзіўнай змрочнай іроніяй.
– Заўтра! Каб ты ведала, дзе я буду заўтра! Каб сам я гэта ведаў, - гэта нават мне цікава. Не, ідзі сабе дадому, мілая, не турбуйся і не кідай грошы на вецер.
Але я не збіралася паддавацца. Мною авалодала нейкая апантанасць, нейкае шаленства. Я моцна схапіла яго за руку і сунула ў яе банкноту.
– Вы возьмеце грошы і зараз жа пойдзеце наверх!
– З гэтымі словамі я рашуча падышла да званка.
– Вось так, цяпер я пазваніла, зараз выйдзе парцье, вы падымецеся і ляжаце спаць. Заўтра раніцаю, роўна ў дзевяць, я чакаю вас тут і завяду на станцыю. Не клапаціцеся болей ні пра што, я ўсё зраблю, каб вы маглі дабрацца дадому. А цяпер ідзіце, вам трэба выспацца, не думайце болей нічога!
У тую ж хвіліну шчоўкнуў замок, і дзверы адчыніліся.
– Пойдзем, - раптам рашуча сказаў мой спадарожнік цвёрдым, моцным і злосным тонам, і я адчула, як яго пальцы жалезнаю хваткаю сціснулі мне руку. Я спалохалася. Я так страшна спалохалася, што мяне быццам аглушыла, ударыла маланкаю, у галаве памутнела... Я хацела супраціўляцца, вырвацца... але воля мая была паралізавана... і я... вы мяне зразумееце... я... не магла ж я змагацца з гэтым чужым мне чалавекам - мне было сорамна перад парцье, які стаяў у дзвярах і чакаў, калі мы ўвойдзем. І вось... вось я апынулася ў гатэлі; я хацела штосьці сказаць, растлумачыць, але не магла вымавіць ні слова; на маёй руцэ цяжка і ўладарна ляжала яго рука... я цьмяна ўсведамляла, што ён вядзе мяне па лесвіцы... бразнуў ключ...
І я апынулася адна з гэтым чужым чалавекам, у чужым пакоі, у нейкім гатэлі, назвы якога я не ведаю і да гэтага дня.
Місіс К. зноў змоўкла і раптам устала з крэсла. Відаць, голас здрадзіў ёй. Яна падышла да акна, некалькі хвілін моўчкі глядзела на вуліцу ці, можа, проста стаяла, прыціснуўшыся лбом да халоднага шкла; я не асмельваўся зірнуць на яе, мне было цяжка бачыць старую жанчыну такою ўсхваляванаю, і я сядзеў, не варушыўся, не задаваў пытанняў, не гаварыў ні слова і чакаў. Нарэшце яна супакоілася, вярнулася да крэсла і зноў села насупраць.