Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:

І яшчэ я зразумеў, якія незлічоныя дзесяцігоддзі праляцелі над зямлёю з тых часоў, калі гэта жанчына сядзела перад жывапісцам. Дзе яны зараз, усе гэтыя людзі з гарачай крывёю і палкімі жаданнямі, колькі стагоддзяў прагрукацела па іх спарахнелых касцях?

Я адчуваў, як вецер гэтых стагоддзяў праляцеў за маёй спіною і ўзняў валасы на маёй галаве.

І яшчэ я адчуў, што ў гэтым доме стаіць холад, жахлівы холад, якога не выгнаць нават камінамі, што гараць дзень і ноч.

Вялізныя змрочныя залы з траскучым паркетам, змрок па кутах, вечная пройма, пах пылу і мышэй і холад, такі холад, што стыне сэрца, холад, настоены стагоддзямі, холад адзінага маярату вялізнага, збяднелага, амаль вымерлага за апошнія гады роду.

О, які гэта быў холад! Каб пазнейшых нашых дэкадэнтаў, якія апявалі занядбаныя панскія замкі, пакінуць тут хоць бы на ноч, яны хутка запрасіліся б на траву, на цёплае сонейка.

Пацук смела перабег па дыяганалі залу. Мяне перасмыкнула. Я зноў павярнуўся да партрэтаў. Але пазнейшыя партрэты былі таксама іншымі. У мужчын нейкі галодны незадаволены выгляд, вочы, як у старых селадонаў, на вуснах незразумелая тонкая і непрыемная з'едлівасць. І жанчыны іншыя: вусны занадта пажадлівыя, позірк манерны і жорсткі. І відавочна слабелі рукі: за белай скурай як у мужчын, так і ў жанчын бачны былі блакітныя жылкі. Плечы ставалі вузкімі і пададзенымі наперад, хоць юрлівасць нават мацнела ў выразе твараў.

Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў.

Мне было цяжка, непрыемна глядзець на гэта. І зноў гэта пачуццё пранізлівага незразумелага холаду…

Я не пачуў крокаў за спіною, як быццам той, хто падышоў, плыў у паветры. Мне раптам проста здалося, што нехта глядзіць мне ў спіну. Тады я, прыцягнуты гэтым позіркам, павярнуўся. Жанчына стаяла за маёй спіною і пытальна глядзела на мяне, схіліўшы галаву. Я быў прыгаломшаны. Мне здалося, нібы той партрэт, які толькі што размаўляў са мною, раптам ажыў і жанчына, што стаяла тут, за маёй спіной, сышла з яго.

Не ведаю нават, што між імі было агульнага? Тая, на партрэце (я паглядзеў на яго і пабачыў, што ён на месцы), была, відаць, высокая, добра сфармаваная, з вялікім запасам жыццёвых сіл, вясёлая і моцная, прыгожая самка. А гэта — проста заморак.

І ўсё ж падабенства было, тое звышпадабенства, якое прымушае нас пазнаваць у натоўпе двух зусім не падобных братоў: брунета і бландзіна. Не, нават большае. У іх былі зусім аднолькавыя валасы, нос той самай формы, той самы разрэз рота і тыя самыя белыя роўныя зубы. І, акрамя гэтага, яшчэ тое агульнае падабенства ў выразе твару, нешта радавое, спрадвечнае.

І ўсё ж такой непрыемнай асобы мне яшчэ не даводзілася бачыць. Усё тое самае, і ўсё — не тое. Маленькая ростам, худзенькая, танюткая, як галінка, з амаль неразвітымі клубамі і ўбогімі грудзямі, з блакітнымі жылкамі на шыі і руках, у якіх зусім, здавалася, не было крыві, — яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы.

Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны затрапезны кукіш на патыліцы?

Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы застыглы выраз.

«Небарака, д'ябальскі непрыгожая», — з жалем падумаў я і апусціў вочы.

Я ведаю шмат жанчын, якія да самай труны не даравалі б мне гэтых апушчаных вачэй, але гэтая, відаць, прызвычаілася бачыць штосьці нядобрае на тварах усіх людзей, якіх сустракала: яна зусім не звярнула на гэта ўвагі.

Не ведаю, ці хацела яна паднесці руку да маіх вуснаў, ці проста працягнула яе для рукапаціскання на англійскі манер, а можа, рука проста здрыганулася, але я ўзяў яе кволыя пальчыкі і пачціва паднёс іх да вуснаў. Можа, я нават затрымаў іх даўжэй, чым трэба было: я ж быў павінен трошкі выкупіць гэты грэх апушчаных вачэй.

Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны — не, нават дзіцёнка — з'явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае.

Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў?

…Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю.

— Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская.

— Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец…

— Я ведаю, — вельмі спакойна сказала яна, — купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць… высока… непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.

Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.

Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.

— І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней.

— Дзе? — шчыра здзівіўся я.

— Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно.

Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне — адвечны рэаліст — супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.

Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.

Поделиться с друзьями: