Дзярлiвая птушка
Шрифт:
— Як-жа-ж гэта ты будзеш так дзень у дзень такi сьвет дарогi, часта па мокрадзi й непагадзi, аж у Гацi шлёпаць. дура ты бярозавая? — сварылася Макатунiха. — Гэта табе жартачкi цi што? Падумаць толька добра, што яны табе параiлi, разумнiкi гэнкiя! Лацьвей iм, чужога гора нi знаючы! А яны цябе абуюць, надзенуць можа, га?
Дуня ня ведала, што адказаць. Пры гэным матчыным вытыканьнi цяжкай жыцьцёвай беспрасьвецiцы ейныя спадзяваньнi на навуку, як прыгожыя мыльныя бурбалкi, — покалiся. Прыгадалiся цяпер словы дзядзькi Андрэя аб тым, што, падвучыўшыся, можна сьмялей на шырокi сьвет зiрнуць, у людзi паказацца, з галечы й смуроду вылезьцi. Няўжо-ж усё яно так i застанецца ў марах?
I тут, як дабраславенства зь неба, на дапамогу прыйшла цётчына навука аб зельлi, грыбах i ягадах. Дуня ўхапiлася за гэта так сквапна, як галодны за акраец хлеба. Калi-ж скончыла чатырохгодку, вясной употайку ад iншых вясковых дзяцей зьбегала ў Гацi, дзе прынялi яе ў пятую клясу. Пасьля пачала ўвiхацца, як працавiтая мурашка, ля зёлак, грыбоў i ягадаў.
Кiвалi галовамi й надзiвiцца не маглi вясковыя людзi з гэтага маладога й мiзэрнага падлетка, што зусiм непадобнай да iншых у сям'i расла. Дуня-ж даўгаязыкiм кабетам не давярала, а таму й аб сваiм аблюбаваным занятку мала з кiм гаварыла. Пабойвалася, мусiць, каб iншыя наперад не забеглi ды зёлак ня вызьбiралi. Дарэмна. Нават калi сяброўку сваю Клаву да гэтага карыснага занятку намовiла, калi ўсе пра гэна даведалiся, нiхто навыперадкi ня кiнуўся. Праца гэтая нялёккая была, хоць зельля навокал для ўсiх магло быць удосталь.
Зарабiла дзяўчына за лета на абутак i вопратку, ды й мацi яшчэ колькi залатоўкаў дала. Паправiлася, папрыгажэла з выгляду, падрасла, стала больш зараднай, набралася сьмеласьцi й пэўнасьцi ў сваiх сiлах. Зь нецярплiвасьцю чакала таго часу, калi пачуе ў Гацях першы школьны званок.
VIII
Ганарыўся Янук, што трапiў у пятую клясу. Што там нi кажы, а дзеткi зь Лiтоўцаў за межы чатырохгодкi рэдка калi ступалi. Хлопцы за плуг i касу, дзяўчаты-ж за серп i прасьнiцу бралiся. Далейшае як на даланi вiдаць было.
— Мой дзед араў, бацька араў i ты араць будзеш, — казаў падрастаючаму сыну цi адзiн непiсьменны, цяжкай працай i горам змораны селянiн. Гэтыя словы былi не накiраваньнем у жыцьцё, а прыгаворам. Хто-ж гэта з маладых асьмелiцца такому ўжо выпрабаванаму, традыцыйнаму сiвабародаму цьверджаньню, што пры прадзедах, дзядох i бацькох права грамадзянства здабыло, запярэчыць, або — ня дай Божа — яшчэ й наўсуперак пайсьцi?
Адылi вось такi, як iльга сказаць, апошнi з апошнiх пастушок Янук наважыў не паводле гэнага ўцёртага ўзору ў будучыню сабе дарогу пракладаць. Калi-б ужо й давялося араць, дык што-ж, няхай сабе. Але чаго-ж сьпяшацца? Араць-жа таксама можна йнакш, чымся iншыя аралi дагэтуль, — значыцца, больш iз розумам, не рабiць агрэхаў, каб спарнеў плён на нiве.
Мо, ня так выразна й акрэсьлена й не ў такой пэрспэктыве разважаў пра сваю цяпершчыну й будучыню Янук. Рачэй, адчуваў тое падсьведама, бо вучыцца бег прост-напрост напралом, маючы ненасытную прагнасьць пазнаньня навакольнага й далейшага сьвету.
Вага першага кроку ягонага ў гацкай сямiгодцы падрасла яшчэ, калi ўявiў сабе, што гэта ён цяпер адзiн з цэлай вёскi, адважны й прадпрыемлiвы, што наважыўся далей, чымся iншыя, па няходжанай сьцежцы ступiць. Нават дзецi лiтоўскiх багатыроў, не гаворачы аб доктаравых, аб якiх казаў стары Бахмач, што «не твайго носа-палоса», i тыя вунь не асьмелiлiся.
Iз добрым настроем i вынiкаючай з гэтага бадзёрасьцю, хоць не бяз пэўнай трывогi перад новай местачковай школай i незнаёмымi настаўнiкамi, сьпяшыў Янук у першы дзень новага школьнага году ў гацкую сямiгодку. Лазоўскi зьлiтаваўся, адпусьцiў пастушка раней, каб мог пачаць навуку разам зь iншымi дзеткамi.
Iшоў нацянькi праз скарбовы лес. Было тут цяпер суха й вельмi прыгожа. Цiмала чаго цiкавага можна было ўбачыць па дарозе ў багацьцi лясное прыроды. Праўда, вясной цi зiмой тут было мокра, лiтоўскiя ў Гацi гасьцiнцам або чыгункай хадзiлi.
Ужо падыходзячы пад мястэчка, воддаль на польнай сьцяжыне асачыў ён малую дзявочую фiгурку. Ня мог здалёк распазнаць, хто гэта быў. Якое-ж было Янукова зьдзiўленьне, калi, прыйшоўшы ў школу, на калiдоры сустрэў не каго iншага, а Дуню Макатунiшку.
— Ты што тутака робiш?! — сур'ёзна й быццам ласку робячы, што наагул сваёй увагай яе ўдастоiў, гаркнуў на дзяўчыну. Нават вопратка на ёй — новенькiя чаравiкi, шкарпэты, андарак, блюзка, хусьцiнка — зьдзiвiла пастуха.
— Тое, што й ты! — адсекла Дуня. Голас, няйнакш, выклiкаў яго на паядынак. Здалося Януку, што кпiлi зь яго блакiтныя, як васiлькi, вочы, быццам гаворачы: «Ты думаў, што ты адзiн такi ўвiшны гэрой? А от i я за цябе ня горшая!»
— Ты… ты…, - пачаў Янук iз такiм зьдзiўленьнем, што раптам мову адняло. У малой Бахмачовай галаве паўстаў пэўны хаос. Зачырванеўся. Мусiць, калi-б у лiпенi саджалка на аселiцы ягонага бацькi пакрылася ў пагодны дзень лёдам, то ня быў-бы гэтак зьдзiўлены, як цяпер, пабачыўшы ў гацкай сямiгодцы Макатунiшку. Зьбянтэжаны, ён павярнуўся й адыйшоўся, ды паглядаў на бакi, цi хто ня бачыў, што ён дзяўчыну ведае.
Усё было ў гэны дзень новае й неспадзяванае. Самых настаўнiкаў вучыць пятую клясу прыходзiла аж тры. Для Янука навiна гэта была не абы якая, было над чым падумаць. Але ў галаве ягонай адбывалася зусiм нешта iншае. Вунь у другiм радку на задняй лаўцы сядзела Макатунiшка. Янук часта касурыўся ў гэны бок.
Здавалася-б, што Янук i Дуня ў гэтым асяродзьдзi зь вялiкай перавагай сынкоў i дачушак розных паноў i падпанкаў мусiлi быць натуральнымi сябрамi. Хлапец ня здольны быў гэта адразу ўсьведамiць. Наадварот, ён думаў аб тым, што рабiць, каб гэта дзяўчына анi заўтра, анi пасьля сюды нагой ня ступiла. «Што-ж гэта скажа Стась, Уладзiк, Алёша, цi iншыя вясковыя хлопцы, як толькi дачуюцца, што яна ў гэту школу разам са мной ходзiць? — турбаваўся Янук. Яны-ж так сьмiяцца будуць, што праходу па вулiцы ня будзiць».
I ўжо ўяўляў, як гоняцца за iм хлопцы, асаблiва-ж тыя, што ягонай навуцы зайздросьцяць, выдумляюць мянушкi й небылiцы, бесьперапынна, як назойлiвыя сабакi, зьвягаюць. Якi сорам будзе, як разьнясуць-разьдзьмуюць: хоць ты на вочы людзям не паказвайся.
Янук зiрнуў iзноў у дзяўчынiн бок i чырванеўся ад злосьцi. Дуня сядзела спакойна, слухала настаўнiка, як быццам гэта ўсё так i быць мае, што яна ў пятую клясу побач яго, Янука, належыць. «Глянь ты на яе! Iж ты якая брыдота! Iншыя дзяўчаткi — дык паўбiраныя як лялькi, а яна такая нейкая простая й нiкудышняя каля iх», — думаў малы Бахмач. У гэны момант забыўся, што нiжнiя зрэбныя штаны яму скуру ледзь не да крывi кастрыцай па дарозе ў школу нацерлi, што ў старой сiняй кужэльнай кашулi папрацiраныя на локцях рукавы як сiта прасьвечвалiся, што адно новымi ботамi мог-бы пахвалiцца, калi-б, панюхаўшы сьмярдзючы дзёгаць, панскiя дзеткi сваiмi далiкатнымi насамi не круцiлi й ад яго нi адварочвалiся. Мацi, як на тую злосьць, зусiм новыя й неабношаныя штаны споднiя дала, каб яны прапалi. Так смылiць нацёртая скура, проста ступiць баiсься. Але тая першая думка — «як-бы што зрабiць, каб нага ейная тут болi нi ступiла» — усёроўна верх трымала.
Дуня трымалася ад Янука воддаль. Як забытая ўсiмi сiрата, стаяла яна падчас перапынку на калiдоры пры сьцяне, сочачы iншых дзяўчатак-шчабятушак, што шпацыравалi парамi цi тройкамi. Яны гаманiлi гулкiмi галасамi, залiвалiся буйным сьмехам. Калiдор быў паўнюсенькi, бо на дварэ ймжыў дожджык. Дзяўчына чулася ў гэтым новым асяродзьдзi зусiм дзiка. Мяркавала, што ў лiку вучняў павiнна быць якая вясковая дзяўчына, з каторай можна будзе пасябраваць, а таму пiльна ўглядалася ў твары й на вопратку. А Янук усё касурыўся на яе зь недалёкага кута.