Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзярлiвая птушка
Шрифт:

— Швагрок, будзь добры, памажы ўнесьцi… Яхiмка, ты таксама… — прасiў Пракоп.

На покуцi пад абразамi ў хаце саставiлi дзьве лавы, паклалi сяньнiк i падушку i ўнясьлi нябожчыцу. Росламу, плячыстаму, дабразычлiваму да людзей парабку Лазоўскага Яўхiму ня рупiла ехаць назад. Ён прывязаў ля плоту каня, падкiнуў яму сена, узяўся палiць i гутарыць зь мяйсцовымi.

Кацярына бралася арганiзаваць жанок, каб памыць i апрануць нябожчыцу-сястру. Пракоп раiўся з Алесем, дзе ўзяць дошкаў на дамавiну, каго папрасiць, каб зрабiў яе, хто-б мог выкапаць дол на могiльнiку й iншае. Перад хатай не суцiхаў гоман. Людзi не разыходзiлiся, а яшчэ больш iх прыбывала. Дзялiлiся ўсiмi дробязямi аб трагэдыi ў лесе, прыгадвалi ўсё добрае аб Алене й лiхое аб лясьнiку.

— Калi-б ты, швагрок, — гаварыў Пракоп Алесю, — i твая Кацярына дагледзiлi-б тут усё, дык мне трэба было скочыць да папа, каб заўтра прыйшоў…

— Добра, я тутака буду глядзець, бяжы, — згадзiўся Алесь.

— Ды й Чарнулю трэба было-б падаiць, — прыгадаў Бахмач. Ён убачыў Мiколу, што стаяў ля парогу, мяркуючы, мусiць, дзе цяпер яго мейсца. — Ты падоiш, Мiкола?

Пакуль той здолеў адказаць, выперадзiла яго Кацярынiна дачка Надзя:

— Я, дзядзечка, падаю.

— Добра, дачушка, ты зробiш, — сказала ёй мацi.

Раўнамерны гоман на двары раптам сьцiх. Тыя, што стаялi перад знадворнымi дзьвярмi ў сенцах, выглядалi навонкi.

— Палiцыя прыехала, — пачулася знадворку й перадавалася з адных вуснаў у другiя аж у хату. У галасох чулася трывожная цiкаўнасьць.

— А гэта-ж якi чорт iх прынёс…

Не пасьпеў Алесь даказаць сваё, як у хату, са стрэльбамi на плячох, увайшло двух: адзiн чарнавусы маладжавы Вадзiмскi й другi, пажылы, Мэндлiк.

— Пахвалёны Езус Хрыстос, — сказаў грубым басам Мэндлiк.

Нiхто яму не адказаў. Людзi насьцярожылiся, пiльна сочачы прадстаўнiкоў улады. Пракоп стаяў побач швагры пасярод хаты. Твар ягоны ўсё яшчэ быў ў крывi. Палiцыянты, убачыўшы гэта, зьбянтэжылiся. Глухое маўчаньне нiчога добрага ня весьцiла.

— Пане Бахмач, мы маем да вас пару пытаньняў. Пан Бжончэк замэльдаваў нам у пастарунак палiцыi панствовай, што вы напалi на яго ў лесе й што ён, у вабароне… — пачаў гэтак Мэндлiк гаварыць да Пракопа.

У Бахмача дрыжыкi прабеглi па целе, моцна да болю сьцiснулiся песьцi.

— Вон! — выбухнуў ён голасна, коратка й адрывiста. — Каб вашага сабачага сьледу тут ня было! Жонку забiлi й яшчэ цяпер тутака мне на вочы асьмелiлiся паказацца! Вон!

Здавалася, што прытаiўся ўвесь сьвет, чакаючы далейшага. У гэну хвiлiну Пракоп запраўды быў страшны. Выглядала, што гатовы быў з голымi рукамi кiнуцца на гэтых азброеных нозьбiтаў «владзы панства польскага», душыць iх кляшчамi рук, аж пакуль сьсiнеюць у перадсьмяротных уздрыгах мяккiя панскiя шыi.

Алесь схапiў Пракопа за руку. Бахмач увесь калацiўся.

— Паночкi, цi-ж вы ня вiдзiце, што тут у нас? Уважце хаця нябожчыцу, калi вы ў Бога верыце, — плаксiвым голасам прасiла Кацярына.

— Вон з маёй хаты кажу! — ня сунiмаўся Пракоп.

— Чакай, пане, чакай, — адкрыў рот Вадзiмскi.

— Страляйце й мяне, вы душагубы!

Iз такiмi словамi Пракоп вызвалiўся ад Алесявай рукi й зрабiў крокi два наперад. Вiдаць, што дзеяў, пабуджаны высокiм эмацыянальным напружаньнем, гатовы кiнуцца на Палякоў. Вочы яго, здавалася, набеглi чырваньню. Апроч гэтых двох у чорнай вопратцы, ён нiкога цяпер навокал ня бачыў. Янук сачыў бацьку iзь цiмалай трывогай i — сам аб гэтым ня ведаючы — захапленьнем. Гэта быў зусiм новы чалавек. Цэлы век перад iншымi гнуў сьпiну, цяперака яе выпрастаў, iшоў вялiкi й жахлiвы ў сваёй злосьцi, наважаны за глоткi схапiць нозьбiтаў зьненавiджанага чужога ладу.

Казалi пасьля людзi, што, калi-б у той час з боку палiцыi была якая, хоць найменшая, правакацыя, нiхто Пракопа не ўтрымаў-бы Палiцыянты гэта спасьцераглi й вомiг зразумелi. Яны бяз слова перазiрнулiся, мусiць, узялi пад увагу варожасьць сабранага народу й цiшком пацiснулi за дзьверы. Адно Мэндлiк, азiрнуўшыся, кiнуў цераз плячо:

— За пару дзён, пане Бахмач, прыйдзi на пастарунак. Трэба сьледзтва правесьцi…

Бахмач тросься сярод хаты.

— Каб ты па пекле ракам хадзiў, як я да цябе пайду! — кiпеў ён.

XII

У гэны нядзельны вечар настаяцель дубовiцкае парахвii, да якой належала вёска Лiтоўцы, сьвятар Абухаў прыймаў у сваiм доме гасьцей. Ягоны сусед сьвятар Пцiчкiн прыехаў iз сваёй сьвятаршай рана папаўднi, гадзiнаў пару пасьля набажэнства ў сьвятынi. Часта заглядаў да Абухава Пцiчкiн, а гэты да яго. I ў гэты дзень, як заўсёды, рады былi сустрэцца.

Пасядзелi, пагаманiлi, дзелячыся сьвятарскiмi й сямейнымi навiнамi, пад вечар пайшлi ў царкву, дзе супольна адбарабанiлi вячэрню. Ужо пры выхадзе iзь сьвятынi пачуў сьвятар Абухаў найсьвяжэйшую навiну, прынесеную невядома кiм зь Лiтоўцаў у Дубовiчы, — аб тым, што сяньня ў скарбовым лесе лясьнiк Бжончэк забiў лiтоўскую жанчыну.

Цi раз хвалiўся Абухаў, што ён «заботiлся о своей пастве». Таму й цяпер тую парахвiянку, што перадала яму вестку, умела пацягнуў за язык, каб усю драбязу выпытаць. Дзялiўся пасьля гэтай навiной iз сваёй сьвятаршай i з гасьцямi, а сам адно мяркаваў, што рабiць, калi на хаўтуры яго паклiчуць.

Не ўсьмiхалася сьвятару Абухаву падарожжа для гэтай сваеасаблiвай «заботы о пастве» ў Лiтоўцы. Сваеасаблiвай яно, згодна сьвятаровай лёгiкi, мела быць таму, што тут у два бакi глядзець даводзiлася. Трымаўся той жыцьцёва апраўданае бiблiйнае праўды, што трэба аддаць «цэзарава цэзару, а божае Богу». Тутака-ж, здавалася Абухаву, божыя й цэзаравы iнтарэсы былi ў калiзii. I як тады знайсьцi бясьпечную сярэдзiнку, а калi нельга, то як быць?

Папершае, гэты мужык з кабетай хадзiлi ў лес зьбiраць ягады ў нядзелю. Значыцца, ня толькi сьвятар Абухаў, але самы звычайны сьмяротнiк ведаў, што так рабiць мог адно сьвядомы грэшнiк. Каму як каму, а такiм людзям сьвятар Абухаў нiколi не даваў спуску.

Падругое, тут быў замешаны «цэзар» — значыцца, польская ўлада. Як-нi-як, гэны лясьнiк быў дзяржаўным ураднiкам, сачыў за дзяржаўным майном, выконваў свае абавязкi. Жанчыны, напэўна, дарма не застрэлiў. Мусiць тутака — разважаў далей Абухаў — цi ня сам Бог рукой гэтага лясьнiка пакараў грэшнiка.

Прыйшоўшы да такiх першапачатных, усiм як сонца ясных i незапярэчаных «iсьцiнаў», Абухаў працягваў разважаць далей. Можа, Палякi й нiчога не сказалi-б, калi-б ён, з духоўнага абавязку, паехаў хаваць застрэленую жанчыну. З другога боку — хто iх ведае? Напэўна, касурылiся-б на яго. А таго, каб каму з польскiх ураднiкаў, хаця найменшаму, наступiць на балючы мазоль, сьвятар Абухаў якраз найбольш высьцерагаўся. Ды гэта было прост-напраст жыцьцёва неабходным.

Абухаў ведаў, што парахвiяне яго, як чужнiка, ня любяць. Калi мае сяньня гэтую вялiзарную парахвiю, да якой аж шэсьць вёсак належыць, — такi надта смачны кавалачак на зайздрасьць усiм вакольным сьвятаром — дык гэта, вядома-ж, ня дзякуючы мяйсцовым сялянам. Тутака трэба польскiм уладам у ня меншай меры, чымся царкоўным, дзякаваць за гэта. Дзiва, што гэтым уладам у руку прыяў. Адно апошнi дурак на яго мейсцы йнакш рабiў-бы.

Поделиться с друзьями: