Эльф
Шрифт:
— Якім чынам? — ўва мне прачнулася цікаўнасьць.
— А ты іх спытай.
— Слухаю вас, маладыя людзі, — зьвярнуўся я да дзяцей.
– Я ўжо казаў і паўтараю яшчэ раз, што я ні ў чым не вінаваты. Я быў наверсе і маляваў, — абурана заявіў Арся.
– Ты старэйшы і ў наш адсутнасьць адказваеш за малодшага брата, а таксама за ягоныя ўчынкі. Мы накшталт гэтага ўжо размаўлялі! – пагасіла ягонае абурэньне жонка.
Я сеў за стол насупраць Жэнькі.
– Расказвай, прыяцель.
– Ануча вісела на цьвіку і сама загарэлася, – прабурчэў мой малодшы сын.
– А цьвік дзе быў? У сьцяне?
– Ага.
– А ануча першапачаткова ў гаражы?
– Ага?
– І як яна апынулася на цьвіку? Ды і адкуль там зьявіўся гэты цьвік?
– Я забіў і павесіў.
– Чаму ж яна загарэлася?
– Ня ведаю. Сама ўспыхнула.
Вось такі ў мяне негаваркі малодшы сын. Кожны раз даводзілася прыкладаць некаторы высілак, каб атрымаць ад яго неабходную інфармацыю. Калі ён лічыў, што адказ на пытаньне відавочны і ляжыць на паверхні, ягонае маўчаньне было непахісным.
У працэсе «допыту» я высьвятліў, што ад нуды Жэнька вырашыў выплавіць сабе новую цацку, выліўшы расплаўленую пластмасу ў гумовага зайца, у якога ён папярэдне абрэзаў ніжнюю частку са сьвістком. Для гэтага, недалёка ад хлява Жэнька разьвёў вогнішча і збудаваў імправізаваны ачаг з кавалкаў цэглы, якія знайшоў за гаражом. На цэглу паставіў вялікую бляшанку з-пад салідолу і набіў яе старымі паламанымі пластмасавымі цацкамі, якія папярэдне здрабніў малатком. Для таго, каб зьняць банку, калі енае зьмесьціва расплавіцца, і пры гэтым не апячыся, ён спачатку хацеў скарыстаць кухонны ручнік, але, зайшоўшы на кухню і зірнуўшы на яго, зразумеў, што перапэцкае ручнік у сажу і тады лупцоўкі яму сапраўды не пазбегнуць. Падумаўшы трохі, Жэнька не знайшоў нічога лепшага, як выцягнуць з скрыні для рызьзя, якая стаяла у гаражы, вялікую прамасленую анучу.
Вось тут і зьявіўся цьвік у сьцяне хлява – адзінага збудаваньня ў двары, складзенага з бярвеньня, а не з цэглы, бо трэба ж было на нешта павесіць анучу, каб яна была пад рукой,ды і малатком ён спраўляўся някепска. Да няшчасьця і цалкам заканамерна, працэс вырабу цацкі пайшоў ня так, як запланаваў Жэнька. У пэўны момант зьмесьціва банкі з-пад салідолу, дасягнуўшы неабходнай тэмпературы, ўспыхнула. Женька кінуўся да анучы, каб зь яе дапамогай зьняць гарачую банку і выратаваць матэрыял для будучага зайца ад зьнішчэньня, але зачапіў у спешцы цэглу нагой і перакуліў расплаўленую масу ў агонь. Полымя, атрымаўшы вялікую порцыю прасьвяднай ежы, разгарэлася з новай сілай, а ад павелічэлай тэмпературы, нагрэтая сонцам і вогнішчам прамасленая ануча ўспыхнула гіганцкай паходняй.
Ратуючы становішча, Жэнька сарваў анучу з цьвіка і пачаў трэсьці ёю, каб зьбіць полымя, але, замест таго, каб згаснуць, палаючая ануча, нібы жывая, абматала яму руку да локця. На ягонае шчасьце, Жэнька быў бяз майкі, у адных шортах і адкараскаўся толькі апёкамі рукі, а не успыхнуў сам. Своечасова падасьпела з рынку жонка. Яна схапіла сына ў бярэмя, кінулася да бочкі з дажджавой вадой, што стаяла на рагу адрыны, і цалкам запхнула ў яе сына, бо са спалоху ёй здалося, што полымя агарнула Жэньку з галавы да ног.
Да зьдзіўленьня ўсіх і ў першую чаргу самога вінаватага, Жэнька адкараскаўся лёгкімі апёкамі правага перадплечча. Апёкі былі настолькі нязначнымі, што перапалоханая жонка нават не выклікала хуткую дапамогу, а сама наклала на апёкі тампоны прасякнутыя аблепіхавым маслам і убінтавала руку, з-за чаго забінтаваная рука глядзелася нашмат жудасней, чым да накладаньня бінтоў. У гэты момант зьявіўся я.
Дайшла чарга да Арсена.
– Мама права, кажучы, што ты ў адказе за ўчынкі брата, калі вы дома адны. Мне здаецца, што я размаўляў з табой на гэтую тэму пасьля таго, як мы пераехалі ў гэты дом і адмовіліся ад паслуг няні. Ты ўжо амаль паўналетні па законах Рымскай Рэспублікі, — я ўсьміхнуўся сыну, але мая ўсьмешка не прыбрала хмурнага выразу зь ягонага твару.
– А ў галаў ў семнаццаць гадоў надыходзіла частковае паўналецьце, а поўнае, як у вікінгаў і спартанцаў, толькі ў дваццаць, – панура прамовіў Арся.
– Ты забываеш, сын, што Галія пры Цэзару стала часткай Рымскай Рэспублікі, таму, на яе распаўсюджваліся рымскія законы, – я быў задаволены, што Арсень самастойна шукаў дадатковыя зьвесткі па Рыме і Галіі, бо гэта азначала, што яго кранула мая гісторыя пра двух братоў. Аднак, у сілу сурьёзнасьці размовы, я, вядома, не падаў выгляду.
– Усё роўна я яшчэ дзіця! – Арсень яшчэ больш надзьмуў вусны.
— Ты, безумоўна, дзіця, але ты разам з тым старэйшы брат і старэйшы сын. Як старэйшы, ты зьяўляешся кіраўніком дома ў нашу адсутнасьць, таму частка нашых абавязкаў па нагляду за Жэнькай аўтаматычна перацякаюць на цябе. Спадзяюся, што ты нарэшце зразумееш гэта, тады мы зможам і далей пакідаць вас дома ўдваіх. У адваротным выпадку маме, калі яна зноў зьбярэцца на рынак ці ў краму, прыйдзецца браць вас з сабой. А гэта, як ты ведаеш, далёка ня весела.
— Добра, тат, але ты і Геньчыка адчытай, каб памятаў.
— Абавязкова, сын …
Школа Кезона была першай глядыятарскай школай, якая зьявілася ў Рыме. Яна была заснавана ягоным продкам і з тых часоў перадавалася па спадчыне старэйшаму з сыноў. Кезон, нягледзячы на сваю скнарлівасьць, быў клапатлівым і руплівым гаспадаром і ніколі не эканоміў на сваіх байцах. Глядыятары, адчуваючы ягоную ўвагу і клопат, ставіліся да Кезону з павагай. Ім нават не прыходзіла ў галаву, што яны для Кезона былі маёмасьцю, з дапамогай якой ён здабываў для сябе карысьць і прыбытак. Кезон клапаціўся аб глядыятарах гэтак жа, як добры прадавец клапоціцца аб прылаўку, а добры цырульнік пра брытву і нажніцы. На Арса ён глядзеў гэтак жа, нягледзячы на тое, што хлапчук дастаўся яму бясплатна, ды яшчэ з указаньнем даць яму памерці як мага хутчэй. Нягледзячы на дзёрзкасьць характару і жаноцкасьць твару, які ня ведаў брытвы, гэты малады гал спадабаўся Кезону. Ён бачыў у ім патэнцыял, і яму зусім не хацелася расставацца з хлопцам, не атрымаўшы ад яго максімальнай выгады.