Фаўст
Шрифт:
Фаўст (выходзячы да ракі)
Што такое! З-за лістоты, Праз наплыў лясной дрымоты Чую голас нейкай мовы, Замагільны і суровы. Вецер шастае ўначы, Плешчуць хвалі аб карчы.Німфы (Фаўсту)
Там лепшы спачынак Ад спеваў сірэны,— Дзе ў лесе плюскоча Ручай задуменны. Удосталь не меў ты Спакою спакон, А мы табе песняй Навеем тут сон.Фаўст
О, я не сплю! З якой прычыны Наяве сняцца мне жанчыны, Што водзяць вольны карагод? Ці мара гэта, ці ўспаміны З маіх далёкіх юных год? Плывуць у зарасці пад шаты Красуні вабныя, дзяўчаты,— Увасабленне чараўніц. Нібы царыцы ў німбах славы, Чароўны позірк, стан рухавы У яснай чыстасці крыніц. Плывуць у завадзь, дзе патокі Стварылі плёс рачны шырокі; І вось ажыў цяністы гай, Лунае смех, сваволяць віскі, Звініць вада, іскрацца пырскі,— Кіпіць гарэзны вадаграй І разліваецца далёка. Ці ж задаволю гэтым вока? О не! Дапытлівы мой зрок Праз навесь голля, мглу і змрок Царыца надзіць, што на троне Сядзіць у велічнай кароне. Цуд! Дзівосная затока! Пышна, велічна, шырока Па ўлагоджанай вадзе, Шыі выгнуўшы дзяржаўна, Самаўпэўнена і плаўна — Лебедзі — у чарадзе. Іх важак раскінуў крылы, Хвалі гоніць з поўнай сілы — Да царыцы. Чарада, Як па знаку тайнай змовы, Рассыпаецца на ловы — Шумна пеніцца вада. Ад раптоўнае развязкі Дзевы службу, абавязкі Ах! забылі і з вады Без сваёй царыцы з шумам, З крыкам і спалошным тлумам Уцякаюць хто куды.Німфы
Прыкладзіце, сёстры, вушы Да зямлі, да гулкай сушы: Чую — удалечыні Нехта мчыцца на кані І ляціць парой начной З нейкай важнай навіной.Фаўст
То не мара! Хірон жа гэта; Ідзе гара Да Магамета! Імчыць скакун, як на турніры. Магутны ён, адважны ён, Славуты, мудры сын Філіры{180}. Спыніся ж! Памажы, Хірон!Хірон
Чаго табе?Фаўст
Свой бег стрымай!Хірон
Няма калі!Фаўст
Чакай, чакай! Вазьмі з сабой.Хірон
На крыж сядай! Куды ідзеш? Дамчу імкліва Цябе праз рэчку да заліва.Фаўст (сядаючы)
Мне ўсё адно. Удзячны я навек Табе, вялікі чалавек, Высакародны педагог, Што ўзгадаваў для перамог Герояў мужныя кагорты,— Апеты ўжо твой подзвіг горды!Хірон
Які настаўнік? Нават у Палады Ужо ніхто не просіць больш парады, Цяпер і вучань стаў другі, Ён сам управіць Ментару мазгі.{181}Фаўст
Тады ўрачу, які адзін Спазнаў сакрэты ўсіх раслін І немач лечыць, моц дае,— Вітанні выкажу свае!Хірон
О, колісь быў я моцны духам, Умеў залечваць раны сам, Цяпер свой дар аддаў шаптухам, Знахаркам розным і папам.Фаўст
Як муж вялікі, муж бывалы, Не любіш слухаць ты пахвалы І ўсім даруеш без аддачы Свае заслугі, славу, ўдачы.Хірон
І ўладару, і жабраку ты кум — Такі падлізнік і шаркун.Фаўст
Згадзіся сам: багі, героі, дзікуны — З тваёй эпохі ўсе яны; Ты поруч з імі як паўбог Жыў доўга і, вядома, ўведаць мог, Хто з іх, герояў, носьбітаў адвагі, Найболей варты быў тваёй павагі.Хірон
Усе славутыя яны, Элады мужныя сыны: У сіле рук, красе натуры — На першым месцы Дыяскуры; Дзе памагчы, дзе трэба даць парады — Там першынство трымалі Барэяды; Разважнасць, мудрасць, справядлівы чын Увасабляў Язон, пястун жанчын; Арфей сардэчны быў, лагодны, шчыры, Спяваў чароўна, звонка граў на ліры; Ну, а ў Лінкея карабель Не сеў на рыф ні разу і на мель — І ў перамозе, і ў бядзе Было ім добра ў дружнай грамадзе.Фаўст
А Геркулес, чым ён быў адмысловы?Хірон
Не крой мне сэрца. Што тут словы! На жаль, не бачыў я Гермеса, Не бачыў Феба і Арэса, Затое ён, зямны, перада мной — І бог, і волат, і герой! Юнак прыгожы, царскі сын, Заўжды аддана і заўзята Старэйшага ён слухаў брата І найлюбімейшых жанчын. Такога больш не родзіць Гея, І не ўзнясе на неба Гера. Не ўславяць міф і эпапея: Не хопіць фарбаў у Гамера!Фаўст
Такую ты падаў карціну,— Што і мастак не папракне ні ў чым. Намаляваў найлепшага мужчыну, Цяпер чарга найлепшае з жанчын.Хірон
Чаго расхвальваць прыгажосць, Калі ў ёй толькі холад ёсць. Я жыццярадасных жанчын цаню, Люблю за палкасць іх агню. Краса — чаруе толькі вока, Прывабнасць — пранікае ў нас глыбока. Вось так запаланіла і Алена, Калі я вёз яе.Фаўст
Ты вёз?Хірон
Так, вёз!Фаўст
Хіроне! О божа, як спрыяе лёс — Сяджу на тым жа самым троне!Хірон
Як ты цяпер, трымалася за грыву.Фаўст
Паспачувай майму парыву, Намеры ж — чыстыя мае! Хутчэй расказвай, не цягні — Куды і як ты вёз яе?Хірон
Прыгода дзіўная. У тыя дні Яе з палону вырвалі браткі. Хто ж так аддасць ім скарб такі. Разбойнікі за імі наўздагон! Вось тут і дапамог якраз Хірон. Была б мо іншая карціна, Калі б не багны Элеўсіна — Уброд браты, а я з дачкою бостваў Наўпрост балотам ушалёстваў. Уратаваўшыся, яна з пяшчотай Па грыве гладзіла мяне сярдэчна, міла: І я, стары, сабе прызнаўся ўпотай,— Яна маё юнацтва абудзіла.Поделиться с друзьями: