Гадзiна памяцi (на белорусском языке)
Шрифт:
Перш былi толькi завуаляваныя заўвагi, якiя перайшлi ў больш адкрытыя абмеркаваннi, нягледзячы на ўсе мае спробы адвесцi размову ад гэтай тэмы. Потым пачалiся лiсты - доўгiя, накрэмзаныя алоўкам пасланнi на яе iмя, здавалася б, звычайныя любоўныя лiсты, але нават ад iх выгляду патыхала разбэшчанасцю, непрыстойнасць у iх паступова ператваралася ў бессаромнасць. Але нiводны лiст не быў адасланы па пошце або нейкiм iншым чынам дастаўлены ёй; ён перш аддаваўся мне, а потым трапляў у дасье Джэкi, якое паспела за гэты час стаць даволi аб'ёмiстым. Больш таго, Джэкi не рабiў нiякiх спроб асабiстага зблiжэння з Лiндай, можа, таму, што я сурова папярэдзiў яго супраць любых такiх спроб.
Я папярэдзiў таксама Лiнду, але больш ускосна. Як бы мiж iншым сказаў, што, здаецца, апошнiм часам з'явiлася шмат злачынцаў, што нападаюць на жанчын, дадаўшы крыху з гумарам:
– Але я не думаю, што Эд кiдае цябе адну на доўгi час, Лiнда.
Яна засмяялася ў адказ.
– Я б сказала, што не кiдае. Эд дома кожны вечар. Я ўвесь час гавару яму, што не дзеля таго выходзiла замуж, каб увесь час быць адной.
Гэта мяне супакоiла. Паколькi дома яна знаходзiлася пад аховай мужа, а на рабоце - пад маiм пiльным вокам, я не лiчыў, што Лiнда знаходзiлася ў якой-небудзь канкрэтнай небяспецы, нават калi выявiцца, што Джэкi шалёны вар'ят. Я ж па-ранейшаму быў упэўнены, што ён iстэроiдны фантазiйнiк, падвоеная асоба, якая жыве ў летуценным свеце юнацкiх iмкненняў i спантаннай маны.
Потым нейкi час здавалася, што адбылося сапраўднае паляпшэнне. Джэкi зноў адчуў жаданне, каб яму дапамаглi. Хоць ён сядзеў са збянтэжаным выглядам i неахвотна iшоў на размову, але тое, што я гаварыў, слухаў уважлiва. Ён, як i раней, хутка прымаў канчатковыя рашэннi палепшыць свае паводзiны, але цяпер, як мне здавалася, большасць iх выконваў. Прызнаўся, што бязмэтна блукае ноччу па вулiцах горада, але ўжо без актаў дробнага вандалiзму. А таксама, што па-ранейшаму адчуваў шалёныя позвы, але цяпер, як ён заявiў са змрочным гонарам, перамагаў iх. Але самым значным было тое, што ён не гаварыў так часта, як раней, пра Лiнду i больш не пiсаў ёй эратычныя лiсты.
Упершыню я пачаў верыць, што настаў паваротны момант i што Джэкi хутка будзе пры сваiм розуме.
У адзiн чацвер ён прыйшоў у вельмi ўзрушаным стане. Вiдаць, паўгадзiны ён моўчкi круцiўся ў вялiкiм скураным крэсле, нават не гледзячы ў мой бок. За ўвесь час ён толькi раз выкрыкнуў:
– Паскудная распуснiца - што б з ёй нi здарылася, яна гэта заслужыла!
Я iнстынктыўна здагадаўся, каго ён меў на ўвазе, але вырашыў упэўнiцца.
– Лiнда?
– Ну, я ўсё бачу. Учора вечарам, праз акно яе дома, яна i гэта тупая жывёла, за якога яна выйшла замуж, цалуюцца, абдымаюцца, дурацца - не хапiла нават прыстойнасцi апусцiць шторы.
– Джэкi, ты абяцаў...
– Ад гэтага робiцца моташна.
– Ад злосцi ён сцiснуў кулакi.
– Скача па пакоi ў адных майтках, а гэты iдыёт сядзiць i лыбiцца, а ўвесь гэты час на яго месцы павiнен быў быць я.
– I дадаў недарэчы: - А на вячэру ў iх быў бiфштэкс.
Я панура слухаў, як Джэкi ўсё больш юшыўся, пераказваючы кожную непрыемную падрабязнасць таго, што рабiлi Лiнда i яе муж. Ён праседзеў цэлы вечар на кукiшках на пажарнай лесвiцы каля iх кватэры, назiраючы i слухаючы, што рабiлася за вокнамi. Нарэшце я перабiў яго.
Здавалася, ён не пачуў маёй заўвагi.
– На станiку, злева - сэрца з карункаў. Нiчога больш прыгожага я не бачыў - такое прыгожае, што хацелася сарваць.
– Джэкi, паслухай! Час спынiцца!
– Я нiчога не зрабiў.
– Ён хiтравата паглядзеў на мяне.
– Чаго гэта вы так хвалюецеся?
– Тое, што ты зрабiў, было даволi гнюсна, - адказаў я са злосцю. Я вымушаны быў прыкласцi намаганнi, каб супакоiцца.
– Ты ж разумны чалавек, Джэкi, i ведаеш, чым канчаюцца такiя паводзiны. Я паверыў, што мы разам з табой зможам вырашыць твае праблемы. Але яшчэ некалькi такiх учынкаў - i я буду вымушаны звярнуцца па дапамогу збоку.
Ён устаў i нахiлiўся нада мной, неяк дзiўна ўтаропiўшыся ў мой твар.
– Але я не думаю, што вы сапраўды хочаце мяне вылечыць, доктар. Я думаю, што вы хутчэй мною цешыцеся.
Сказаўшы гэта, ён пайшоў.
Я праседзеў рэштку адведзенай на яго вiзiт гадзiны, утаропiўшыся ў тэлефон i вырашаючы для сябе, цi трэба патэлефанаваць палiцыi i тым самым палажыць канец усёй гэтай справе. Але я не мог прымусiць сябе ўзяць слухаўку. Яшчэ адна сустрэча, вырашыў я, i я буду ведаць дакладна. Да таго ж я быў абсалютна ўпэўнены, не маючы на гэта падстаў, што Джэкi вернецца.
Ён вярнуўся ў звычайны час, у наступны чацвер, спакойны i самаўпэўнены. Я таксама iмкнуўся схаваць сваю нервовасць.
– Джэкi, ты думаў пра нашу папярэднюю размову?
– спытаў я.
Ён усмiхнуўся, абышоў стол i спынiўся, схiлiўшыся нада мной.
– Ну, зразумела.
– Тады, я мяркую, ты прыйшоў да якога-небудзь рашэння.
– Так, я канчаткова вырашыў. Я збiраюся выправiцца пасля гэтага.
– Пасля гэтага?
– Ад таго, што я глядзеў на яго знiзу ўверх, у мяне пачало ламаць шыю.
– Пасля чаго?
– Пасля таго як я займуся Лiндай. Вось што мне было патрэбна ўвесь час выгнаць з сябе нячысты дух. I тады я змагу стаць добрым раз i назаўсёды.
– У яго звонкiм голасе чулася палёгка i хлапчуковая захопленасць.
– Гэта такi просты спосаб лячэння.
Я з цяжкасцю мог гаварыць, пачуўшы такую фантастычную прапанову.
– Джэкi, - прашаптаў я, - ты памыляешся. Як ты мог нават падумаць...
– Усяго толькi адзiн апошнi дрэнны ўчынак, - аб'явiў ён. У кутку яго рота блiснула слiна.
– Вось тады ўсё будзе скончана. Вы ведаеце, што я мушу гэта зрабiць, доктар. Таму паклiчце яе сюды i дазвольце мне гэта здзейснiць.
– Ён пачаў расшпiльваць кашулю.
– Не!
– крыкнуў я.
– Справа заходзiць занадта далёка! Сядай i падумай, наколькi гэта ўсё немагчыма!
– Але гэта будзе так проста. Я мацнейшы за яе, гэтак жа як я мацнейшы за вас. I, акрамя нас, тут нiкога больш няма.
Тое, што ён сказаў, была праўда. У гэты момант уладаром быў Джэкi. Але я ўсё ж звярнуўся да яго з апошнiм заклiкам.
– Джэкi, ты хоць бы падумаў, што можаш зрабiць самому сабе! Падумай аб вынiках! Падумай, што яны зробяць з табой!
– Мне трэба атрымаць спакой, - урачыста сказаў ён.
– Яны зразумеюць гэта, калi я iм усё раскажу. Так, паглядзiм - куды я паклаў гэту пешню для лёду?
Я адчуў, што не магу зварухнуцца з месца. Нiбы скрозь тонкую заслону туману я бачыў, як ён выцягнуў шуфляду шафы для дакумантаў i пачаў там корпацца, шукаючы пешню для лёду. Я дакладна зразумеў, што ён хоча зрабiць, але не меў сiлы яму перашкодзiць. Нiбыта ў страшным сне, я быў пазбаўлены волi. Над усiм уладарыў Джэкi. Я ўбачыў, як ён нацiскае кнопку званка, каб паклiкаць Лiнду, i падрыхтаваўся быць сведкам жахлiвай сцэны, што павiнна была вось-вось адбыцца.
Дзверы адчынiлiся, i ў кабiнет зайшла яна з усмешкай на твары i ў белай унiформе - нiбыта iлюстрацыя да паняцця фiзiчнага здароўя i нармальнай псiхiкi.