Галасы на вадзе (на белорусском языке)
Шрифт:
Хударлявая, з бледна-шэрым тварам i рэдзенькiмi сiвымi валасамi, яна неяк сарамлiва ступiла некалькi крокаў насустрач i ўсмiхнулася. На нейкае iмгненне вочы яе загарэлiся жывым агеньчыкам i тут жа згаслi.
– Ну, здароў быў, Мiкола!..
– Вечар добры, Стэфа, - як мог лагодна прамовiў я i пацiснуў халодную жылiстую руку.
– Як жывеш, хвалiся. Табе сёлета, здаецца, пяцьдзесят стукнула?
– Зайшоў бы калi, пацiкавiўся. Цi дарогу забыўся?
– не адказваючы на пытанне, загаварыла яна.
– Баюся, што зноў сабаку спусцiце, шляхта недаткнентая!
– жартаўлiва адказаў я, ведаючы, што ў нашым узросце нiякiх сардэчных ран ужо не кранеш.
Стэфа засмяялася i махнула рукою:
– Ах, няма ўжо нi шляхты, нi тых сабак...
– i раптам спахмурнеўшы: - Цяпер во, чалавеча, людзi, як сабакi сталi... Жартачкi - сто гусей перадушыў, iдал.
Яна з усёй шчырасцю i мацярынскай любоўю гаварыла пра Лiду, якую я выратаваў ад "iдала".
– Ты вярнуў мне дачку, Мiкола... Я ж была згубiла яе.
– Як гэта?
– Паспрачалiся мы з-за таго лайдака Станiслава. Пойдзеш, кажу, за яго - не называй маткай... Дык яна, бач, пакрыўдзiлася i збегла з хаты да Iвана. Плакала, казаў той... А цяпер памiрылiся. Усё цябе ўспамiнае дзень пры днi... Зайшоў бы, га?
– Не кiнулi сваiх шляхецкiх прывычак аддаваць замуж не за таго, каго выбiрае сэрца? Успомнi, Стэфа, сябе, - асцярожна намякнуў я.
– Ты ж сам засцярог яе, Мiкола... Мне Лiда ўсё расказала. Усё - разумееш?
Я разумеў. Глядзеў на Стэфу i думаў: "Засцерагчы дзяцей хiба не наш святы абавязак?"
– Сёння зайду, суседачка, - сказаў я на развiтанне. Потым доўга глядзеў ёй услед. Калi тое было, што яна iшла ад мяне, а я вось гэтак глядзеў ёй услед i слёзы засцiлалi вочы?
I здалося, што згубiў я сваю маладосць i сваё першае каханне толькi сёння...
1959 г.