ЖАНРЫ

Гамсахурдзiя - наш чалавек (на белорусском языке)
Шрифт:

Я адварочваюся ад стойкi й бачу побач са сваiм крэслам нейкага чалавека.

– Эй!
– вясёла крычыць ён.
– Это твоя стула?

– Моя!

– Можно, я заберу?

– Нельзя!

– Спасибо!
– крычыць незнаёмы грамадзянiн Абх.ССР (цi незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлiвы позiрк i, прытулiўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кiруецца ў кiпарысавыя прысады.

На шчасьце, захапiць з сабою маё цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхiнаюся да яго, расьсьцiлаю газэту "Вечерний Тбилиси", кладу побач з партрэтам Гамсахурдзii свой трэцi хачапуры, дзякую Бору й асабiста дарагому прэзыдэнту й пагружаюся ў залацiстую смугу.

Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугiн. За мною горы, за якiмi сядзiць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх.ССР i незалежнае РГ абрастае новымi варыяцыямi: Грузiя ўваходзiць у Абхазiю, СССР выходзiць з Грузii, я выходжу з СССР, СССР выходзiць зь мяне...

Чамусьцi ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным i крохкiм. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваiмi руiнамi. Шукаючы духоўнага апiрышча, я гляджу на фiлiжанку з адбiтым вушкам. Яшчэ iмгненьне, i ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзiўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёнi Дранько-Майсюка.

I тут з залацiстае смугi прыходзiць паратунак. З гэтае смугi колеру разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзiя - наш чалавек.

Каб не забыцца, я пiшу iх на вiльготным пяску буйнымi лiтарамi:

ГАМСАХУРДЗIЯ - НАШ ЧАЛАВЕК.

Праз хвiлiну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, i побач я дапiсваю:

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлiвасьць i надзейнасьць.

– Гамсахурдзiя - наш чалавек, - уголас прамаўляю я, дажоўваючы апошнi кавалак гумовага хачапуры й запiваючы яго апошнiм глытком Боравага цынандалi, у чыiм непаўторным букеце яўна прысутнiчае хлёрка.

Няроўны белы язык хвалi лiжа мой надпiс. На пяску застаецца толькi:

НАШ БЕЛАРУСЬ!

Даволi доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскiм акцэнтам. Потым падымаюся i йду да Боры.

Надыходзiць чульлiвая хвiлiна разьвiтаньня. Я люблю Бору Гальперашвiлi й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусiм кароткi.

– Калi ты прыедзеш у Беларусь, - кажу я, - цябе будуць зваць Гальпяровiч.

Не азiраючыся, каб не пусьцiць скупую мужчынскую сьлязiну, я йду ў авiякасу.

Лiстапад, 1991 г.

123
Поделиться с друзьями: