Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Герастрат (на белорусском языке)

Сартр Жан-Поль

Шрифт:

Каб памiж намi была толькi гэтая рознiца ў гусце, далiбог, я б вам не дакучаў. Але ж усё паварочваецца так, нiбы на вас ляжыць нейкая боская ласка, а ў мяне яе наогул няма. Я вольны любiць цi не любiць гамара па-амерыканску, аднак калi я не люблю людзей - я астатнi нягоднiк i мне няма месца пад сонцам. Яны захапiлi сабе ўвесь сэнс жыцця. Спадзяюся, вы разумееце, што я хачу сказаць. Ужо трыццаць тры гады я паўсюль натыкаюся на зачыненыя дзверы, над якiмi напiсана: "Ходу няма ўсiм, хто не гуманiст". Усё, за што б я нi браўся, я вымушаны быў пакiнуць; i заўсёды можна было выбiраць нешта адно: або гэта былi бясплённыя i асуджаныя на правал намаганнi, або рана цi позна яны мусiлi зноў жа абярнуцца iм на карысць. Тыя думкi, якiя я не адрасаваў непасрэдна iм, - я быў проста няздольны iх выказаць, не мог iх сфармуляваць, i яны так i заставалiся ўва мне, як нейкае невыразнае арганiчнае варушэнне. Усё, чым бы я нi карыстаўся, - я адчуваў, што яно не маё - гэта iх; словы, напрыклад: я хацеў бы мець свае словы, мае. Але ж тыя, што ёсць у мяне, ужо я не ведаю колькi разоў былi зацухмоленыя ў свядомасцi iншых, яны самi выстройвалiся ў маёй галаве такiм жа парадкам, як прызвычаiлiся гэта рабiць у другiх, - i я не без прыкрасцi карыстаюся iмi, калi пiшу вам гэта пiсьмо. Але гэты ўжо раз астатнi. Я вам кажу: трэба любiць людзей, iначай гэта ўсё роўна, што каб яны дазволiлi вам халтурыць. А я не хачу халтурыць. Я зараз вазьму рэвальвер, выйду на вулiцу i пагляджу, цi можна нешта зрабiць супраць iх. Бывайце, пане. Можа так здарыцца, што я сустрэну i вас. У такiм выпадку вы нiколi не даведаецеся, з якой асалодай я пушчу вам кулю ў лоб. Калi ж мы не сустрэнемся - i гэта найбольш верагодны выпадак, - пачытайце заўтрашнiя газеты. Там вы ўбачыце, што нехта, на iмя Поль Iльбэр, у прыступе лютасцi забiў на бульвары Эдгара Кiнэ пяць мiнакоў. Але вам лепш, чым каму, вядома, чаго вартая наша прэса. А значыць, вы зразумееце, што я нiякi не "люты". Наадварот, я вельмi спакойны i прашу вас, пане, запэўнiцца ў маiх найлепшых пачуццях.

Поль Iльбэр".

Я ўсунуў сто два лiсты ў сто два канверты i напiсаў на канвертах адрасы ста двух французскiх пiсьменнiкаў. Потым паклаў усё ў шуфляду ў маiм стале, разам з шасцю блокамi марак.

Наступныя два тыднi я амаль не выходзiў i ўсяго сябе прысвяцiў клопату аб злачынстве. Я глядзеўся часам у люстра i з прыемнасцю адзначаў перамены ў сваiм аблiччы. Вочы ў мяне павялiчылiся, яны праглыналi ўвесь твар. Пад акулярамi яны здавалiся чорнымi, мяккiмi, i я прымушаў iх круцiцца, як дзве планеты. Прыгожыя вочы артыста i забойцы. Але пасля забойства, як я меркаваў, ува мне павiнны адбыцца яшчэ глыбейшыя змены. Я некалi бачыў здымкi дзвюх прыгожых дзяўчат, служанак, што забiлi i абрабавалi сваiх гаспадынь. Я бачыў iх здымкi да таго i пасля. Да таго - iх твары над гафтаванымi каўнерчыкамi былi падобныя на дзве цнатлiвыя кветкi. Ад iх павявала гiгiенай i прываблiваю чысцiнёй. Валасы былi сцiпла завiтыя ў аднолькавыя хвалiстыя кудзеркi. Але яшчэ болей пераканаўчае, чым завiтыя кудзеркi, чым каўнерчыкi i тыповы выгляд, з якiм сядзяць на прыёме ў фатографа, было iх сястрынскае падабенства падабенства настолькi незвычайнае, што ў вочы адразу кiдалiся iх крэўныя сувязi i адзiны роднасны корань. Пасля - iх аблiччы ўспыхвалi, як пажар. На iх голых шыях ужо ляжаў цень блiзкай сякеры. Паўсюль - зморшчыны, жудасныя зморшчыны страху i нянавiсцi, i глыбокiя складкi, як дзiркi ўва плоцi, нiбыта па твары прайшоў пазурамi шалёны звер. I вочы, тыя самыя: вялiзныя, чорныя, бяздонныя вочы - як у мяне. Але цяпер ужо яны былi непадобныя. На кожнай па-свойму адбiўся ўспамiн пра агульнае лiхадзейства. "Калi ўжо такое злачынства, - падумаў я, - дзе найбольшая доля належыць выпадку, здольна так перайначыць гэтыя сiроцкiя твары - чаго ж тады можна чакаць ад злачынства, якое цалкам задумана i арганiзавана мной?" Яно завалодае мною цалкам i перакроiць ува мне ўсю занадта чалавечую брыдкасць... Злачынства рассякае жыццё таго, хто яго ўтварыў, напалам. Напэўна, бываюць хвiлiны, калi здаецца, што лепш адступiць, але яно - тут, у вас за спiнай, яно загароджвае дарогу назад, як чорны, блiскучы мiнерал.

Мне патрэбна была гадзiна, болей я не прасiў, - адна гадзiна, каб нацешыцца сваiм лiхадзействам, каб адчуць яго страшэнны цяжар. I я зраблю ўсё, каб яна ў мяне была: экзекуцыю я вырашыў здзейснiць у самым пачатку вулiцы Адэсы. Я скарыстаюся панiкай i паспею ўцячы, пакуль яны будуць падбiраць свае трупы. Дзеля гэтага мне трэба будзе перабегчы на другi бок бульвара Эдгара Кiнэ i адразу павярнуць на вулiцу Дэлямбр. Каб дабегчы да дзвярэй свайго дома, мне хопiць трыццацi секунд. Тыя, хто будзе за мною гнацца, будуць у гэты момант яшчэ на бульвары Эдгара Кiнэ, яны страцяць мой след, i, каб зноў на яго напасцi, iм яўна спатрэбiцца не менш за гадзiну. Я iх буду чакаць у сябе i, як толькi пачую грукат у дзверы, перазараджу рэвальвер i стрэлю сабе ў рот.

Цяпер я дазволiў сабе крыху раскашаваць; я дамовiўся з карчмаром на вулiцы Вавэн, i ён, уранку i ўвечары, пасылаў мне розныя смачныя стравы. Пасыльны званiў, але я не падыходзiў да дзвярэй, i толькi счакаўшы колькi хвiлiн, крыху адчыняў iх i бачыў пакiнуты на пляцоўцы доўгi кош з поўнымi талеркамi, над якiмi падымалася пара.

27 кастрычнiка, а шостай гадзiне вечара, у мяне заставалася семнаццаць з паловай франкаў. Я ўзяў рэвальвер, пачак з пiсьмамi i выйшаў. Дзверы я паклапацiўся не зачыняць, каб пасля, калi зраблю сваю справу, як мага хутчэй вярнуцца дадому. Адчуваў я сябе нядобра: у мяне стылi рукi, у галаве пульсавала кроў i ў вачах свярбела. Я паўзiраўся вакол, убачыў вiтрыны, гасцiнiцу "Эколь", канцылярскую лаўку, дзе звычайна купляў алоўкi, - i нiчога не пазнаў. "На якой гэта я вулiцы?" - спытаў я ў сябе. На бульвары Манпарнас быў натоўп. Людзi штурхалi мяне, пынялi, бiлi локцямi i ўдаралi плячыма. Мяне несла i гайдала чалавечая плынь, але мне не ставала сiлы праслiзнуць памiж iмi. Раптам я, нiбы збоку, убачыў сябе ў гэтым натоўпе - я быў такi мiзэрны, такi страшэнна самотны. Як бы яны маглi зрабiць мне балюча, каб захацелi! Мне было страшна ад таго, што ў кiшэнi ў мяне рэвальвер. Мне здавалася, што зараз яны здагадаюцца, што ў мяне там. Яны паглядзяць на мяне строгiм вокам i потым, нiбы з жартаўлiвым абурэннем, скажуць: "Ай-ай-ай... што ж гэта вы..." - i ўчэпяцца сваiмi чалавечымi лапамi. Лiнчаваць! Яны будуць падкiдаць мяне над галовамi, i я буду зноў ападаць iм на рукi, як лялька. Я палiчыў, што будзе разумней адкласцi выкананне плана на заўтра. Я пайшоў абедаць у кавярню "Пад купалам", што каштавала мне шаснаццаць франкаў восемдзесят. Семдзесят сантымаў, якiя ў мяне заставалiся, я выкiнуў у ручай.

Наступныя тры днi я заставаўся ў сваiм пакоi, нiчога не еў i не спаў. Я зачынiў усе аканiцы i не адважваўся нi запалiць электрычнасцi, нi падысцi да акна. У панядзелак нехта працяжна пазванiў мне ў дзверы. Я затаiў дыханне i крыху счакаў. Праз хвiлiну пазванiлi зноў. Я на дыбачках падышоў да дзвярэй i прыпаў да замочнай шчылiны вокам. Мне ўдалося разгледзець толькi кавалак чорнай тканiны i гузiк. Тып пазванiў яшчэ i спусцiўся па лесвiцы: я так i не ведаю, хто гэта быў. Уначы мне снiлiся незвычайныя свежыя сны, пальмы, цякла вада, па-над нейкiм купалам раскiнулася фiялетавае неба. Смагi ў мяне не было - час ад часу я пiў з-пад крана над ракавiнай. Але мне вельмi хацелася есцi. Апроч таго, мне зноў прымроiлася тая чарнявая шлюха. Гэта было ў нейкiм замку, якi я нiбы збудаваў сабе на Чорных Плато, за дваццаць вёрст ад блiжэйшых вёсак. Яна была голая, i мы былi абсалютна адны. Прыгражаючы рэвальверам, я прымусiў яе стаць на каленi i загадаў бегаць на карачках; потым прывязаў да слупа i пасля доўгiх тлумачэнняў, што зараз буду рабiць, зрашацiў яе кулямi. Гэты сон настолькi мяне ўсхваляваў, што я мусiў здаволiцца. Потым я нерухома ляжаў у змроку, i ў галаве ў мяне было пуста. Мэбля раптам пачала рыпець. Была пятая гадзiна ранiцы. Я аддаў бы, здавалася, усё, каб пакiнуць гэты пакой, але не мог выйсцi на вулiцу, бо там былi людзi.

Настаў дзень. Есцi ўжо не хацелася, але цяпер чамусьцi я пачаў пацець: кашуля на мне была ўся мокрая. На дварэ ззяла сонца. I тады мне падумалася: "У зачыненым з усiх бакоў пакоi Ён зашыўся ў змроку. Вось ужо тры днi, як Ён не есць i не спiць. Нехта званiў у дзверы, але Ён не адчынiў. А хутка Ён выйдзе на вулiцу i заб'е". Я выклiкаў у самога сябе страх. А шостай гадзiне вечара вярнуўся голад. Я шалеў ад злосцi, як сляпы натыкаўся паўсюль на мэблю, потым запалiў святло ў пакоях, у кухнi i ў прыбiральнi, пачаў спяваць на ўсю глотку, вымыў рукi i выйшаў. Мне спатрэбiлiся добрыя дзве хвiлiны, каб закiнуць у скрынку ўсе пiсьмы. Я соваў iх пачкамi па дзесяць штук. Некалькi канвертаў, вiдаць, папсавалiся. Потым я прайшоў па бульвары Манпарнас i апынуўся на вулiцы Адэсы. Спынiўшыся каля люстра на нейкай крамцы, што гандлявала кашулямi, я ўбачыў свой твар i падумаў: "Гэта будзе сённяшнiм вечарам".

Я стаў ля пачатку вулiцы Адэсы, непадалёк ад газавага лiхтара, i пачаў чакаць. Мiма прайшлi дзве жанчыны. Яны трымалi адна адну пад ручку, i бландзiнка казала:

– Яны завесiлi дыванамi ўсе вокны, а паказ рабiлi самi ж з тамтэйшай знацi.

– Яны там усе што - галота?
– спытала другая.

– Не трэба быць галотай, каб пагадзiцца на працу, за якую штодзень плацяць па пяць луiдораў.

– Пяць луiдораў?
– прамовiла брунетка, уражаная сумай. I, праходзячы каля мяне, дадала: - Дый iм, напэўна, было забаўна пахадзiць у строях сваiх продкаў.

Яны пайшлi далей. Мне было холадна, але па целе ручаямi лiў пот. Праз пэўны час я заўважыў, што да мяне наблiжаюцца тры мужчыны; я даў iм прайсцi: мне трэба было шасцярых. Той, што iшоў злева, зiрнуў на мяне i шчоўкнуў языком. Я адвёў вочы.

У сем гадзiн пяць хвiлiн з бульвара Эдгара Кiнэ адна за адной выйшлi дзве групкi. Спераду iшлi мужчына з жонкай i двума дзецьмi. За iмi - тры старыя кабеты. Я ступiў наперад. Жанчына, вiдаць, вельмi злавалася, яна ўвесь час тузала хлопчыка за руку. Мужчына прамовiў цягучым голасам:

– Як ужо ён мне абрыдзеў, гэты смаркач.

Сэрца ў мяне бiлася так моцна, што нават балелi рукi. Я рушыў яшчэ крыху наперад i знерухомеў, спынiўшыся перад iмi. Праходзячы, мужчына сказаў:

– Прабачце.

Тут я ўспомнiў, што зачынiў дзверы ў кватэру, i мне зрабiлася прыкра: цяпер давядзецца трацiць каштоўны час, каб iх адчынiць. Людзi прайшлi. Я павярнуўся i машынальна рушыў за iмi. Але страляць мне ўжо не хацелася. Хутка яны згубiлiся на бульвары ў натоўпе. Я стаў i абаперся спiнаю аб сцяну. Я чуў, як прабiла восем гадзiн, потым дзевяць. Я стаяў i паўтараў сам сабе: "Навошта забiваць усiх гэтых людзей, калi яны i так ужо мёртвыя". Мяне разбiраў смех. Падбег нейкi сабака i пачаў абнюхваць мне ногi.

Побач прайшоў тоўсты мужчына, тады я схамянуўся i пайшоў следам за iм. Я глядзеў на тлустую складку ў яго на патылiцы, якраз памiж капелюшом i каўнерам плашча. Мужчына крыху хiстаўся з боку на бок i шумна дыхаў. Выгляд у яго быў каржакаваты. Я выняў рэвальвер: ён блiшчаў i пёк холадам пальцы, мне агiдна было на яго глядзець. Я ўжо не вельмi добра памятаў, што з iм мушу рабiць. Я пазiраў то на рэвальвер, то на мужчынаў карак. Складка на карку ўсмiхалася мне, як усмешлiвы кплiвы рот. Я думаў, цi не выкiнуць рэвальвер у рышток.

Раптам тып павярнуўся i раздражнёна зiрнуў на мяне. Я крыху адступiў назад.

– Я хацеў у вас... спытаць...

Мне здалося, што ён мяне не слухае. Ён глядзеў мне на рукi. Перамагаючы сябе, я закончыў:

– Вы не можаце мне сказаць, дзе вулiца Гетэ?

У яго быў мясiсты твар, вусны дрыжалi. Ён не адказаў. I працягнуў руку. Я адступiў яшчэ i сказаў:

– Я хацеў...

У гэты момант я зразумеў, што зараз пачну крычаць. Я не хацеў: i выпусцiў яму тры кулi ў жывот. Ён упаў з нейкiм iдыёцкiм выглядам на каленi, i яго галава скацiлася на левае плячо.

Поделиться с друзьями: