Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Калі б дзядзьку Джону не было пяцідзесяці і не быў бы ён па праву роднасці адным з важакоў сям'і, ён палічыў бы за лепшае адмовіцца ад пачэснага месца побач з вадзіцелем і з радасцю ўступіў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, і да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе ніякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелі тужліва, і ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзінота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуцці спелі, збіраліся ўсярэдзіне і нарэшце вырываліся вонкі. Тады ён прагна накідваўся на ежу і аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон ці віскі, пакуль не ператвараўся ў бяссільнага паралітыка з чырвонымі слязістымі вачамі, альбо пажадліва распуснічаў з якой-небудзь шлюхай у Салісе. Пра яго расказвалі, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўні і паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель і цэлую гадзіну шумна валтузіўся з трыма абыякавымі жаночымі целамі. Але, чым-небудзь насыціўшыся, дзядзька Джон хадзіў сумны, прысаромлены і, як і раней, адзінокі. Хаваўся ад людзей і стараўся загладзіць сваю віну падарункамі. Крадком забіраўся ў дамы і засоўваў дзецям пад падушкі жавальныя гумкі, сек дровы і не браў за гэта грошай. Раздаваў другім усё, што ў яго было, — сядло, каня, пару новых чаравікаў. Тады нікому не ўдавалася пагаварыць з ім, бо ён уцякаў, а калі сутыкаўся з людзьмі твар у твар, ён сцінаўся і паглядаў на іх спалоханымі вачамі. Смерць жонкі і доўгія месяцы самоты, што настала пасля таго, далі свой плён — згрызоты сумлення і сорам, і адзіноту яго нішто не магло парушыць.

Але было і такое, чаго ён ніяк не мог пазбегнуць. І вось цяпер дзядзька Джон едзе побач з вадзіцелем, бо ён быў адным з галоў сям'і, а сям'ёй трэба кіраваць.

Тры чалавекі, што сядзелі ў кабіне, панура вярталіся дамоў па пыльнай дарозе. Эл, схіліўшыся над рулём, паглядаў то на дарогу, то на прыборны шчыток — сачыў за стрэлкай амперметра, якая падазрона падрыгвала, за індыкатарамі ўзроўню гаручага і нагрэву. І ён у думках адзначаў слабыя месцы ў паводзінах машыны. Прыслухоўваўся да падвывання — можа, у заднім мосце не хапае масла; чуйным вухам сачыў за работай клапанаў. Ён трымаў руку на рычагу пераключэння скорасцей, адчуваючы далонню работу механізма счаплення. Націскаў на педаль — правяраў тармазныя калодкі. Можа, Эл іншы раз і блудзіў, як казёл, але цяпер ён адчуваў сваю вялікую адказнасць — за грузавік, за яго ход, за яго стан. Калі што-небудзь разладзіцца, гэта будзе яго віна, і хоць ніхто не скажа яму і слова папроку, усе, і найперш сам Эл, будуць ведаць, што вінаваты ён. І Эл правяраў машыну, сачыў за ёю, прыслухоўваўся да яе. Твар яго быў сур'ёзны, поўны пачуцця адказнасці. І ўсе паважалі яго і тую адказнасць, з якой ён ставіўся да свайго абавязку. Нават бацька — галава сям'і — з ахвотай узяў бы гаечны ключ і выканаў бы распараджэнні Эла.

Усе на грузавіку былі змораныя. Руці і Ўінфілд стаміліся ад вулічнага тлуму, ад натоўпу, ад вымольвання ў бацькі лакрычных ледзянцоў; яны стаміліся ад таго захаплення, якое выклікаў у іх дзядзька Джон, калі ён употайкі соваў ім у кішэні жавальныя гумкі.

І людзі, што сядзелі побач з вадзіцелем, былі змораныя, узлаваныя і сумныя, бо ім удалося выручыць толькі васемнаццаць даляраў за ўсю рухомасць з фермы — за коней, за фургон, за інвентар і за ўсю мэблю. Васемнаццаць даляраў. Яны наваліліся на скупшчыка, спрачаліся з ім, але адступілі, калі інтарэс яго раптам звяў і ён заявіў, што яму нічога не трэба ні за якую цану. Тады яны зразумелі, што прайгралі, здаліся і атрымалі на два даляры менш, чым скупшчык прапанаваў ім спачатку. І цяпер яны ехалі стомленыя і запалоханыя, бо ім давялося сутыкнуцца з рэчаіснасцю, якую яны не разумелі, і рэчаіснасць гэтая перамагла. Яны ведалі, што запрэжка з фургонам каштуюць куды даражэй. Яны ведалі, што скупшчык выручыць за іх значна больш, але як зрабіць гэта самім, заставалася загадкай. Гандаль быў для іх таямніцай.

Пераводзячы вочы з дарогі на прыборны шчыток, Эл сказаў:

— Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. І адзежа таксама нейкая не такая.

І бацька паясніў:

— Калі я заходзіў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымі. І яны сказалі, што шмат такіх сюды наехала, скупляюць усё, што людзі вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабіць не можам нічога. Можа, трэба было Томі з намі паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.

Джон сказаў:

— Але ж скупшчык і браць нічога не хацеў. Не назад жа цягнуць.

— Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылі, — сказаў бацька. — Скупшчыкі заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з імі справу весці трэба. Маці вельмі засмуціцца. Зазлуе і засмуціцца.

Эл сказаў:

— А калі ты, та, думаеш ехаць?

— Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем і вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень зваліўся. Том добры хлапец.

— Тут адзін казаў, што Том даў падпіску. І быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калі паедзе і пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.

Бацька здрыгануўся:

— Так і сказалі? Як табе здалося — яны ведаюць, што кажуць? Можа, проста трэплюцца?

— Хто іх ведае. Яны гаварылі між сабой, а я не выдаў ім, што ён мой брат. Стаяў побач і слухаў.

Бацька сказаў:

— Божа мой, не думаю, што гэта праўда! Нам без Тома ніяк. Я спытаюся ў яго. Непрыемнасцей і без таго досыць — не хапае яшчэ, каб за намі гналіся. Спадзяюся, гэта няпраўда. Трэба з ім пагаварыць начыстую.

Дзядзька Джон сказаў:

— Том сам ведае, як яму быць.

Усе змоўклі. Грузавік грукатаў па дарозе. Матор барахліў, стукацеў, тармазныя цягі бразгаталі. Колы парыпвалі, як драўляныя, са шчыліны ў каўпачку радыятара струменьчыкам вырывалася пара. За грузавіком віўся чырвоны слуп пылу. Ён з грукатам адолеў апошні пад'ём, калі палова сонечнага дыска яшчэ вісела над рысай гарызонту, і, нырнуўшы ўніз, пад'ехаў да дома, калі сонца зусім схавалася. Тармазы завішчалі, і гук гэты адціснуўся ў Элавым мазгу словамі: «Усё — пракладка паехала».

Руці і Ўінфілд з віскам пералезлі цераз борт і саскочылі на зямлю. Яны крычалі:

— Дзе ён? Дзе Том? — І раптам убачылі яго каля дзвярэй і збянтэжана спыніліся, потым паволі падышлі і нясмела зірнулі на брата.

І калі Том сказаў: — Вітанне, малыя, як справы? — яны адказалі:

— Вітанне! У нас усё добра, — і, стаўшы ўбаку, пачалі разглядаць свайго вялікага брата, які забіў чалавека і сядзеў за гэта ў турме. Ім прыгадалася, як яны гулялі ў турму ў куратніку і ваявалі між сабой за права быць арыштантам.

Коні Рыверс зняў з задняга борта высокую папярэчыну, саскочыў з грузавіка і памог Ружы Сарона злезці; і яна з годнасцю прыняла яго дапамогу і ўсміхнулася сваёй усёведнай, самазадаволенай усмешкай, неяк манерна скрывіўшы куткі губ.

Том сказаў:

— Ды гэта ж Разашарна! А я не ведаў, што ты разам з імі прыедзеш.

— Мы ішлі пеша, — сказала яна. — Машына нас дагнала і падвезла. — І дадала: — Пазнаёмся з Коні, маім мужам. — Яна прамовіла гэта, як велікасвецкая дама.

Том і Коні павіталіся за руку, змерыўшы адзін аднаго позіркам, уважліва прыглядаючыся адзін да аднаго, і засталіся задаволеныя гэтым аглядам. Тады Том сказаў:

— Я бачу, ты часу марна не траціў.

Ружа Сарона апусціла вочы на свой жывот:

— Нічога ты не бачыш, рана яшчэ.

— Мне мама сказала. Калі ж гэта будзе?

— О, не хутка. Зімой, не раней.

Том засмяяўся:

— Значыць, народзіш яго на апельсінавым ранча, га? У беленькім доміку сярод апельсінавых дрэў?

Ружа Сарона памацала жывот абедзвюма рукамі.

— Нічога ты не бачыш, — сказала яна, усміхнуўшыся сваёй самазадаволенай усмешкай, і пайшла ў дом.

Вечар быў спякотны, з захаду ўсё яшчэ напорыста праменілася святло. І, не чакаючы клічу, уся сям'я сабралася каля грузавіка, і сямейны з'езд, сямейная рада пачала сваё паседжанне.

У вэлюме вячэрняга святла чырвоная зямля здавалася празрыстай, быццам яна раздалася ва ўсе бакі, і кожны камень, слуп і будынак набылі аб'ёмнасць і цэльнасць, не прыкметныя воку пры дзённым святле; і ўсе прадметы неяк больш, чым удзень, вылучаліся з астатніх. Слуп быццам стаяў сам па сабе, аддзяліўшыся ад зямлі і ад кукурузных палёў, што рассцілаліся за ім. А кожнае кукурузнае сцябло нібы расло паасобку, не зліваючыся з астатнімі; і касматая вярба стаяла сама па сабе, асобна ад другіх дрэў. Зямля нібы падсвечвала вячэрняе сутонне. Заходняя сцяна шэрага, нефарбаванага дома серабрылася, як месяц. У гэтым святле шэры, зацярушаны пылам грузавік, што стаяў на двары насупраць дзвярэй, прывідна выступаў з прыцемак, быццам у таямнічай далечы стэрэаскопа.

Поделиться с друзьями: