Гронкі гневу
Шрифт:
Мне і майго гора хопіць. Хочацца хоць крышачку забыцца.
І забываешся… калі паверыш таму, што паказваюць у кіно.
І вось яны пажаніліся, і тады ўсё выйшла наверх, і тыя, хто з іх здзекаваўся, таксама пра ўсё даведаліся. Адзін пыхлівы малойчык раней і слова да іх сказаць не хацеў, а тут багацей гэты раптам заяўляецца да яго ў цыліндры, дык той ледзь не ўпаў непрытомны. Ну ледзь не абамлеў. А яшчэ кінахроніку паказвалі, як нямецкія салдаты ногі на маршы высока задзіраюць — смехата адна.
А калі ў каго было хоць трохі грошай, заўсёды можна было выпіць. Раздражненне мінала, па целе цяпло разлівалася. Знікала пачуццё адзіноты, бо цяпер было лёгка засяліць сваё ўяўленне сябрамі, лёгка ворагаў адшукаць і расправіцца з імі. Сядзіць каля канавы, і яму здаецца, што зямля стала мяккая, як пух. Няўдачы ўжо не так крояць душу, і будучыня не навісае так грозна над ім. І голад не падкрадаецца да яго, і ўвесь свет мяккі і ласкавы, і чалавек лёгка дасягае мэты свайго падарожжа. Зоркі надзіва блізкія, неба пяшчотнае. Смерць — прыяцелька, а сон родны брат смерці. Вяртаецца мінулае — дзяўчына са стройнымі нагамі, яна некалі танцавала там, дома… Конь… даўным-даўно… Конь і сядло. Скура на сядле ціснёная. Калі гэта было! Вось пашукаць бы якую-небудзь дзяўчыну, пагаварыць з ёю. Як было б цудоўна! Можа, нават і ноч разам правесці. А як цёпла тут… І зоркі зусім блізка, і смутак і радасць таксама блізка адно ад аднаго, зусім зліліся разам. Вось каб так і застацца п'яным на ўсё астатняе жыццё. Хто кажа, што гэта дрэнна? Хто смее такое сказаць? Прапаведнікі?.. Дык у іх жа ж сваё ап'яненне. Худыя, бясплодныя жанчыны?.. дык адкуль ім, няшчасным, ведаць. Староннікі рэформ?.. але ж яны не ўмеюць угрызацца ў жыццё і нічога пра яго не ведаюць. Не… зоркі цяпер такія блізкія, слаўныя, я парадніўся з усім светам. І ўсё на свеце святое — усё, нават я.
Губны гармонік заўсёды можна насіць з сабой. Выняў з задняй кішэні штаноў, пастукаў аб далонь, каб вытрасці смецце, кішэнную труху, тытунёвую пацяруху, — вось і гатова. На гармоніку ўсё можна — і тоненькі, як у трысняговай дудачцы голас, а вось акорды, а вось мелодыя з акампанементам. Сагнутымі пальцамі мяняеш гучанне, і гукі то стогнуць, то рыдаюць, як у валынкі, то робяцца густымі, глыбокімі, як у аргана, ці пранізлівымі і журботнымі, як у трысняговых дудачак горцаў. Пайграў і зноў схаваў гармонік у кішэню. Ён заўсёды з табой, заўсёды ў цябе ў кішэні. А калі іграеш, вучышся новым прыёмам, новым спосабам змяняць тон далонямі, сціскаеш яго губамі — і ніхто цябе гэтаму не вучыць. Практыкуешся ўсюды, дзе прыйдзецца, — часам дзе-небудзь на адзіноце з сабою ў цяні гарачым поўднем, часам каля сваёй палаткі пасля вячэры, калі жанчыны мыюць посуд. Нага лёгка адбівае такт. Бровы то лезуць угору, то зноў апускаюцца ўніз у лад рытму. А калі і згубіш свой гармонік ці паламаеш яго — бяда невялікая. За чвэрць даляра купіш сабе новы.
Гітара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукі павінны быць мазольныя наросты. На вялікім пальцы правай — арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукі, расцягвай іх, як павук ногі, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.
Скрыня гэтая ў мяне ад бацькі. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне «до». А калі я навучыўся і зайграў на гітары не горш за яго, ён ужо амаль ніколі за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае і такт нагамі адбівае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкінецца на вушак і галавой ківае. «Іграй, кажа, старайся». Добрая гітара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькі на ёй было сыграна песень — мільён, вось і выдзеўблася ўся. Калі-небудзь трэсне і ўваліцца, як яечная шкарлупіна. А паправіць яе, нават крануць нельга — тон страціць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонік. Разам добра выходзіць.
Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Ні ладоў на ёй, ні павучыць няма каму.
Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбіраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа. А я падгледзеў. Вось як ён гэта робіць.
Вішчыць, як вецер, жвавая, нервовая, пранізлівая.
Яна ў мяне не надта каб. Аддаў за яе два даляры. А тут адзін расказваў: ёсць скрыпкі, якім па чатырыста год, гук сакавіты, як віскі. Кажа, цана такім пяцьдзесят-шэсцьдзесят даляраў. Ну што я скажу? Мусіць, маніць. Вісклівая яна ў мяне, старая шэльма. Што вам сыграць? Хочаце танец? Толькі смычок натру каніфоллю. Вось запілікае, ого! За мілю чутно будзе.
Вечарам іграюць усе тры разам — гармонік, скрыпка і гітара. Іграюць кадрылю, б'юць абцасамі людзі падлогу, і тоўстыя гулкія струны гітары пульсуюць, як сэрца, хрыпла гучаць акорды гармоніка, высока забірае і вішчыць скрыпка. Вось зайгралі кадрылю «Куранё», ногі тупаюць па дошках, і цыбаты юнак робіць тры хуткія па, рукі свабодна вісяць уздоўж цела. Яго абступаюць з усіх бакоў, і пачынаецца танец — глухія ўдары падэшваў, давай прыстуквай абцасамі. Круцяцца парамі, абняўшы адно аднаго за талію. Валасы ўпалі на лоб, дыханне перарывістае. А цяпер паварот у другі бок.
Глянь на гэтага тэхасца — даўганогі, ухітраецца на кожным кроку танца чатыры разы чачотку адбіць. У жыцці не бачыў, каб такое вытваралі. Глянь, як ён круціць тую індыянку з племені чэрокі, шчокі ў яе аж гараць, пяткі разам, а наскі паасобку. А дыхае як, грудзі так і ходзяць. Думаеш, ад стомы? Думаеш, запыхалася? Дык я скажу табе, не. У тэхасца валасы звесіліся на вочы, рот разявіўся — прагна хапае ім паветра, а сам чачотку адбівае і ад сваёй індыяначкі ні на крок не адыходзіць.
Скрыпка павісквае, гітара бумкае. Чалавек з губным арганам увесь чырвоны ад натугі. Тэхасец і індыянка дыхаюць цяжка, як замучаныя сабакі, але прытупваюць, скачуць. Старыя стаяць, пляскаюць у далоні. Ледзь прыкметна ўсміхаюцца, адбіваюць такт нагамі.
Памятаю, дома… у школе… даўно ўжо гэта было. Па небе плыве поўня на захад. А мы з ім пайшлі пашпацыраваць… недалёка. Ідзём і маўчым, бо ў абаіх дыханне перахапіла. Ні слова не сказалі. А тут наперадзе сена стажок. Падышлі да яго і ляглі. Бачыла? Гэты тэхасец шмыгнуў са сваёй дзяўчынай у цемру — ніхто, думаюць, не прыкмеціў. О божа! З гэтым тэхасцам і я пайшла б. Хутка ўзыдзе месяц. Я бачыла — яе бацька памкнуўся быў за імі, але вярнуўся. Ён ведае. Восень не спыніш, усё роўна прыйдзе ў свой час, і сок на дрэвах не спыніш. Так і гэта. А месяц ужо хутка ўзыдзе.
Сыграйце яшчэ, сыграйце якую-небудзь старадаўнюю баладу… ну хоць «Як па вуліцах хадзіў я ў Ларэла».
Вогнішча патухла. Ну і хай, не трэба яго зноў распальваць. Неўзабаве месяц узыдзе.
Каля арашальнай канавы на ўсю моц стараўся прапаведнік, і людзі крычалі і лямантавалі. Прапаведнік пахаджваў сярод іх, як тыгр, падсцёбваў сваю паству голасам, і людзі качаліся па зямлі з рыкам і стогнам. Ён прыглядаўся да іх, ацэньваў позіркам, рабіў з імі што хацеў, і калі ўсе яны ў сутаргах валіліся на зямлю, ён падыходзіў да кожнага, нахіляўся, адным махам падымаў з зямлі і з крыкам «Прымі, госпадзі!» кідаў яго ў ваду. І калі ўсе яны стаялі па пояс у вадзе, спалохана пазіраючы на свайго настаўніка, ён падаў на калені на краі канавы і маліўся за іхнія душы, прасіў у бога, каб усе мужчыны і ўсе жанчыны маглі качацца па зямлі з рыканнем і енкам у славу боскую. А людзі ў наскрозь прамоклай адзежы выбіраліся на бераг і вярталіся ў лагер, да сваіх палатак, перамаўляючыся між сабой ціхімі, здушанымі галасамі, а чаравікі ў іх на нагах чмякалі і хлюпалі.
Цяпер мы выратаваныя, казалі яны. Цяпер мы чыстыя, як першы снег. Больш мы ніколі ўжо не будзем грашыць.
А дзеці — напалоханыя, мокрыя — перашэптваліся між сабой:
Цяпер мы выратаваныя. Больш ужо не будзем грашыць.
Добра было б даведацца, якія на свеце бываюць грахі. Я ўсе пераспрабаваў бы.
Вандроўнікі сціпла задавальняліся любой забавай у дарозе.
Раздзел дваццаць чацвёрты
У суботу вечарам у пральні было поўна жанчын. Яны мылі сукенкі — ружовыя з сарпінкі, квяцістыя з паркалю і вешалі іх на сонцы, расцягваючы тканіну рукамі па вяроўцы, каб не моршчыліся. Да полудня жыццё ў лагеры пачало віраваць, людзі заклапочана мітусіліся. Узбуджэнне перадалося і дзецям, і яны шумелі больш чым звычайна. У сярэдзіне дня іх сталі купаць, і па меры таго як іх аднаго за другім вылоўлівалі, утаймоўвалі і вялі мыцца, шум на пляцоўцы для гульняў паступова сціхаў. Да пяці гадзін з дзяцей адскрэблі бруд і наказалі не пэцкацца, і дзеці сноўдаліся па лагеры як адзеравянелыя ў сваім чысценькім адзенні, няшчасныя ад неабходнасці ўсяго асцерагацца.
На вялікай танцавальнай пляцоўцы пад адкрытым небам завіхалася спецыяльная камісія. Кожны абрывак электрычнага проваду ішоў у ход. У пошуках яго абследавалі гарадскую звалку, ізаляцыйную стужку ахвяравалі з кожнай інструментальнай скрынкі. І вось залатаны, зрошчаны з некалькіх кавалкаў провад правялі да танцпляцоўкі, падвесіўшы яго на бутэлечных рыльцах замест фарфоравых ізалятараў. Гэтым вечарам над танцпляцоўкай упершыню загарэлася святло. Да шасці гадзін мужчыны вярнуліся ўжо з працы ці з пошукаў яе, і душавыя запрацавалі з новай сілай. Да сямі паспелі паабедаць, і мужчыны ўбраліся па-святочнаму: свежапамытыя камбінезоны, чыстыя сінія кашулі, а сёй-той нават у добрым чорным гарнітуры. Дзяўчаты прыбраліся ва ўзорыстыя паркалёвыя сукенкі, чысценькія, без ніводнай маршчынкі, заплялі валасы ў косы, перавязалі стужкамі. Жанчыны заклапочана паглядалі на сваіх сямейнікаў і мылі посуд пасля абеду. На танцпляцоўцы струнны аркестр, абкружаны двайной сценкай дзяцей, рэпеціраваў сваю праграму. Усе былі засяроджаныя, усхваляваныя.