Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Грот афаліны

Мисько Павел Андреевич

Шрифт:

2

Першы, каго ўбачыў Радж, выдыбаўшы з вады на мыс Кіпцюра, быў Гуга. Хлапчына, мабыць, разгубіўся, убачыўшы тры аднолькава адзетыя фігуры ў чорных, з жоўтымі палосамі па баках гідракасцюмах, з аранжавымі балонамі за плячыма. Усе амаль адначасова паўсталі з вады. Завагаўся, да каторага кінуцца? І толькі як Радж сцягнуў з твару маску, падаўся да яго, ухапіўся за акваланг — памагчы зняць, данесці да дэльфінарыя.

— Ты не мне… Во ёй памажы, калі хочацца, — Радж кіўнуў на трэцяга, самага меншага па росту падводнага падарожніка — дзяўчыну. Рукі ў тае былі занятыя, у кожнай трымала па адломку карала, белага і ружовага. Касцюм ёй быў вялікі, і на нагах разбухлі, абвіслі складкі — набрала вады.

Гуга памог дзяўчыне зняць з сябе акваланг, уздзеў рамянямі сабе на левую руку, пачакаў, пакуль Радж адшпіліць і здзярэ з ног ласты. А ў гэты час трэці спадарожнік памог сваёй напарніцы вызваліцца ад ластаў, і ўсе пайшлі да галоўнай арэны. Маладая пара ішла да будынка паперадзе, ногі яны ставілі яшчэ няўпэўнена. Малады чалавек ішоў угнута, не здымаючы акваланга, у руках нёс свае і дзяўчыніны маскі і ласты, палкі з завостранымі металічнымі шпянямі — штокі ад акул. Ішлі ўсе і стоена маўчалі. Раджу была не ў навіну ашаломленасць падводных падарожнікаў. Яны ўсё яшчэ былі думкамі там, у глыбінях мора, не маглі ніяк ачомацца ад таго неверагоднага, што ўбачылі і адчулі пад вадою.

— Душ — першыя дзверы злева, не забылі? — напомніў Радж па-англійску. Маладыя людзі, не азіраючыся, паківалі галовамі ў знак згоды.

— Адкуль яны? — паціху спытаў Гуга, ідучы побач з Раджам.

— Аўстралійцы. Мядовы месяц у падарожжы праводзяць… — гэтак жа паціху адказаў Радж, а ўголас дабавіў па-англійску: — Акваланг пакіньце на лаўцы, касцюмы — у душавой.

— Гууд, — на гэты раз турыст коратка зірнуў на Раджа.

Прайшлі трохі моўчкі, голы пясок скончыўся, пачаліся кусты і дрэвы, ад дарожкі іх аддзялялі дугі з бамбукавых папруцін, уторкнутых у зямлю канцамі.

— Ты ўжо ўсё парабіў? — спытаў Радж, скідаючы акваланг на лаўку каля зеляніны. Такіх лавак стаяла тры, кожная хавалася пад навіссю магнолій, у санцапёк тут было ўтульна.

— Яшчэ дэльфінаў дакарміць трэба і «рэзідэнцыю» Судзіра прыбраць. Вялікім панам стаў, патрабуе, каб кожны дзень пыл выціраў, як і ў кабінеце Крафта… Зачыніўся з нейкім амерыканцам ці англічанінам. Чаркі звінелі…

— Ого! Гэта на яго не падобна.

— Я падмятаў пад вышкаю, дык праганяе. Ці каб не пыліў, ці каб не падслухаў нічога… Ага, ледзь не забыўся: пра цябе зямляк пытаўся. Злез з трыбун, мабыць, глядзеў прадстаўленне… Не спадабаўся ён мне: вочкі бегаюць, як у злодзея, галавою круціць.

— Пуол?!

— Не называўся, а маё імя выпытаў. Усё цікавіўся, хто тут працуе, як завуць. Пытаў, па колькі тэнісак мы маем з эмблемаю, ці можна іх дзе-небудзь купіць.

— Цікавіўся тэніскамі?! От яно што… І хто б мог падумаць!.. Няўжо ён… — здзівіўся ўголас.

— Ты пра што? — у вачах Гугі ўсё-такі адбілася непаразуменне, нават спалох.

— Нічога, нічога… Гэта я, мабыць, стаміўся сёння. Ледзь вытурыў турыстаў на бераг. Паветра канчаецца, а ім усё мала: яшчэ гэта, яшчэ тое, яшчэ сюды во… — Радж расшмаргнуў на грудзях «маланку», расхінуў камзол-рубашку, выставіў рукі: — Памажы зняць.

Гуга сцягваў камзол, і рукавы закасваліся, выварочваліся наверх жоўтым.

— Ніяк не ўяўляю, як касцюм памагае пад вадою. У яго ж усё роўна набіраецца вады.

— Трохі набіраецца. Але тая, што набіраецца, цяплее ад цела, а свежая амаль не паступае. Зусім без касцюма апруцянееш, — сказаў Радж.

— Чым ты мыеш знутры? Я дык парашком… Мо памагчы табе?

— Я сам… Ты аквалангі толькі паразбірай. Не казаў зямляк гэты… ці прыйдзе яшчэ?

— Не казаў. Мабыць, прыйдзе.

Гуга паразнімаў на лаўцы аквалангі, расклаў часткі.

— Ну — дзякую, браце, — Раджу хацелася пабыць аднаму, падумаць над усім. Але Гуга не адыходзіў.

— Ведаеш… — прыцішыў ён голас да шэпту. — Я трохі пачуў, пра што Судзір з тым гаворыць. Пра дэльфінаў гаварылі… Але па-англійску, то я мала зразумеў. Госць штосьці назаве, нейкую лічбу, а Судзір: «Ноў, ноў, ноў…» — і сваю лічбу. Таргуюцца пра нешта… А яшчэ ведаеш, адкуль добра чуваць, што ў «рэзідэнцыі» робіцца? З душавой, адтуль, дзе шафачкі стаяць.

Радж паспеў сказаць: «Ціка-ава!..» — і ўбачыў, што з таго боку да басейна падыходзяць Малу і Пуол, у земляка ў руках нейкі газетны загортак. Гуга прашаптаў: «Той самы…» — і пайшоў да дэльфінаў — дакармліваць.

Радж адшпіліў з правай лыткі ножны з крысам, пачаў хутка скатваць з сябе штаны, прысеў на лаўку. Пакуль Малу і Пуол перабіраліся цераз гарбаты мосцік, ён стаяў ужо ў адных плаўках. Малу падняў руку, вітаючы Раджа, і павярнуў да Гугі.

— Здароў, дружа мой! — нібыта ўзрадаваўся Раджу Пуол, працягнуў руку.

— Здароў,— стрымана падаў руку і Радж, пранікліва зірнуўшы яму ў вочы. Пуол адразу адвёў позірк, паглядзеў на Гугу. І зноў адвярнуўся да Раджа, зрабіў прыветлівы выраз твару.

— Харашыня ў цябе тут. Работка па блату!

— А што ты разумееш у маёй рабоце, што ведаеш пра яе? Нічога… Дык і з вывадамі не спяшайся.

— Па блату, па блату… Мне б такую работку! Ты б закінуў за мяне слоўца перад містэрам… містэрам… як яго…

— Крафтам… Няма чаго закідваць, бо браць ён нікога не збіраецца. Кажы адразу, што хацеў, бо ў мяне яшчэ многа работы.

— Перастань моршчыцца, як сушаная копра. А мо зубы баляць? Забыў хіба, што мы сябрамі былі?

— Не крывадушнічай. Ніколі мы сябрамі не былі.

— А я да цябе з усёй душою. Заўсёды! Нам і цяпер трэба трымацца адзін аднаго. Хоць і не на Біргусе мы, параскідала нас, як ветрам… Зойдзем давай куды, пасядзім, пагаворым пра жыццё-быццё.

— Разбагацеў?

— Г-гы… І кепскі каваль можа добрую рэч выкаваць, — ён разгарнуў газету і паляпаў бумажнікам па далоні.— Для сябра мне нічога не шкада.

— На крадзеныя я не прывык.

— Фу, якія ў цябе словы нейкія… Проста памог аднаму таўстасуму патраціць грошы. Тут у вас такія магчымасці — у-у-у!.. Дык і ты памажы мне ад гэтых грошай пазбавіцца, а то сілы ў аднаго не хопіць.

«Мяккая ў цябе цыноўка, а спаць — бакі намуляеш», — не верыў Радж у яго добрыя намеры.

— Сядай… — паказаў на лаўку, — і чакай. Мне трэба памыць касцюмы яшчэ, павесіць сушыць. — Радж пайшоў са сваім гідракасцюмам у душавую. Ужо з сярэдзіны праз акенца ў дзвярах убачыў, як Пуол тут жа кінуўся да ножнаў з крысам. «Аг-га…» — мармытнуў Радж. А Пуол выцягнуў кінжал, узважыў у руках, палюбаваўся лязом, з ляскам загнаў на месца, асцярожна паклаў, сеў на лаўку, закінуў нагу на нагу, а рукі ўроскід на спінцы, падбародак угору…

Поделиться с друзьями: